Вы тут

(Не)канферэнцыя для школьных настаўнікаў «EdCamp Belarus—2020» пройдзе 10–11 кастрычніка


Каля 400 педагогаў з усёй Беларусі збяруцца разам у Мінску, каб абмеркаваць выклікі сучаснасці і іх уплыў на школьную адукацыю, даведацца ад замежных экспертаў пра досвед і найлепшыя адукацыйныя практыкі іншых краін, і, канешне, каб абмяняцца ўласнымі ідэямі і напрацоўкамі. Невыпадкова месэдж «EdCamp Belarus–2020»  —  «Найлепшыя практыкі — у кожным класе краіны». 


EdCamp (Education Camp) — гэта міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася сярод настаўнікаў ЗША і распаўсюдзілася па ўсім свеце. Мэтай педагагічнай (не)канферэнцыі з’яўляецца стварэнне нефармальнай творчай пляцоўкі для школьных настаўнікаў па абмене ідэямі, вопытам і далейшым супрацоўніцтве для прафесійнага росту. 

Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства немагчыма быць ізаляваным ад свету і не заўважаць новых актуальных тэндэнцый у адукацыйнай сферы. Настаўнікі вымушаны адпавядаць патрабаванням часу, яны маюць патрэбу ў развіцці і прафесійнай самарэалізацыі. Таму ў гэтым годзе ў цэнтры ўвагі будуць супрацоўніцтва, развіццё кампетэнцый 4К (крытычнага мыслення, крэатыўнасці, камунікацыі і кааперацыі) і адукацыя ў духу глабальнай грамадзянскасці. Апошняя заклікана падрыхтаваць вучняў да таго, каб яны бралі на сябе актыўную ролю ў дачыненні да глабальных праблем і іх вырашэння, а таксама ўносілі апераджальны ўклад у пабудову больш мірнага, талерантнага, інклюзіўнага і бяспечнага свету.

Трэба заўважыць, што EdCamp мае ўнікальны фармат. (Не)канферэнцыя падпарадкоўваецца закону «аб дзвюх нагах»: яе праграма загадзя невядомая, удзельніцы і ўдзельнікі самастойна вызначаюць ход мерапрыемства і далучаюцца да той дыскусіі, якая цікавая менавіта ім, праграма фактычна ствараецца разам, зыходзячы з інтарэсаў кожнага. 

Візітнай карткай педагагічнай (не)канферэнцыі з’яўляецца Кірмаш педагагічных ідэй. У кожнага з ахвотных будзе 60 секунд, каб прэзентаваць сваю ідэю. Затым педагогі  прагаласуюць за найбольш цікавыя з іх.

Усе могуць быць як спікерамі, так і слухачамі. Могуць агучыць праблему і шляхі яе вырашэння, зыходзячы з уласнага досведу, правесці майстар-клас, а могуць проста прагаласаваць за тое, што хочуць пачуць. Галоўны прынцып — «дай, калі можаш, вазьмі — калі хочаш». 

Тры гады запар педагагічныя (не)канферэнцыі праходзілі з нязменным аншлагам. Летась EdCamp Belarus сабраў больш за 250 настаўнікаў з розных куткоў Беларусі. Удзел у (не)канфэрэнцыі ўзялі эксперты з Вялікабрытаніі, Чэхіі, Польшчы, Японіі і Украіны, а беларускія настаўнікі прадставілі каля 80 майстар-класаў і ўласных напрацовак.

Хтосьці трапна параўнаў ЕdСаmр з наркотыкам, ад якога немагчыма адмовіцца. Хтосьці назваў яго настаўніцкім кіслародам, які дапамагае выжываць. Эфект нефармальнай сустрэчы актыўных настаўнікаў у тым, што яна натхняе, пасля яе хочацца працаваць па-новаму, творча, актыўна, плённа і ў сучасным фармаце. Ёсць і так званы эфект доўгага хваста, калі пасля завяршэння ЕdСаmр абмеркаванне сучасных адукацыйных тэндэнцый працягваецца ўжо непасрэдна ва ўстановах адукацыі, ідэі ўкараняюцца і ўвасабляюцца ў штодзённых уроках, педагогі не чакаюць спрыяльных умоў, а дзейнічаюць тут і цяпер…

Арганізатарам галоўнай педагагічнай падзеі года выступае Інфармацыйна-кансультацыйная ўстанова падтрымкі настаўніцкіх ініцыятыў «ЭдКэмп». 

Удзел у педагагічнай канферэнцыі бясплатны, але рэгістрацыя на сайце edcamp.by абавязковая.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота арганізатараў EdCamp Belarus

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.