Вы тут

110 гадоў таму 17 верасня нарадзілася першы старшыня Вярхоўнага Савета БССР Надзея Грэкава


У гісторыі любой краіны ёсць нямала яскравых, таленавітых жанчын, справы якіх служаць прыкладам для пераймання, яны з'яўляюцца гонарам для сваіх дзяржаў. Для Беларусі, СССР такой яскравай асобай была Надзея Рыгораўна Грэкава, першы старшыня Вярхоўнага Савета БССР, адзіная жанчына ў палітычнай гісторыі Савецкага Саюза, абраная на такі высокі пост на ўсенародных выбарах у 1938 годзе. Выконвала яна гэтыя абавязкі 9 гадоў і з'яўлялася па Канстытуцыі фактычна кіраўніком рэспублікі. Пры гэтым Грэкава адначасова з'яўлялася сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі па прамысловасці.


Пас­ля рэгістрацыі шлю­бу ге­не­рал-пал­коў­нік Мі­ха­іл Ма­лі­нін і стар­шы­ня Вяр­хоў­на­га Са­ве­та БССР На­дзея Грэ­ка­ва. 3 мая 1944 го­да.

«Блаславіў» асабіста Сталін

Гэта быў факт, беспрэцэдэнтны не толькі для СССР, але і для Еўропы. Грэкава ўступала ў вялікую палітыку зусім маладой. Ёй было ўсяго 28 гадоў, яна з рабочых, з Ляхаўкі, мінскай ускраіны. За плячыма — прафесіянальна-тэхнічная школа швейнікаў, работа на мінскай швейнай фабрыцы «Кастрычнік», аўтарытэт і выбранне старшынёй Цэнтральнага Камітэта саюза швейнікаў, у які ўваходзіла больш за 17 тысяч чалавек. На пасаду старшыні Вярхоўнага Савета БССР яе «блаславіў» асабіста Сталін. Панцеляймон Панамарэнка, першы сакратар ЦК КП(б)Б, раней чым уносіць кандыдатуру Надзеі Рыгораўны на такую высокую пасаду, вырашыў абмеркаваць яе з Генеральным сакратаром ЦК ВКП(Б) — надта смелай была прапанова. Сталін кандыдатуру ўхваліў, парэкамендаваў толькі змяніць прозвішча з Грэк на Грэкаву. «Няхай усе ведаюць, што ў БССР узначальвае вярхоўны орган улады жанчына. Прозвішча Грэк няясна вызначае, жанчына гэта ці мужчына, а Грэкава — зразумела, што жанчына».

На першай сесіі Грэкаву адзінагалосна абралі старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Тады ж былі прынятыя важныя для рэспублікі дакументы, якія замацоўвалі пастанову аб тэрытарыяльных зменах, што ўносіліся ў Канстытуцыю БССР. Насельніцтва з 1,6 мільёна жыхароў павялічвалася да 6 мільёнаў 122 тысяч, пасля таго, як у 1926 годзе ў склад БССР былі вернуты ўсходне-беларускія землі.

У той жа час у сістэму дзяржаўнага кіравання разам з Грэкавай уступалі такія ж маладыя, як і яна, кіраўнікі, многія з якіх у далейшым стануць палітычнымі фігурамі, і з іх імёнамі будуць асацыіравацца цэлыя перыяды гісторыі СССР — Андрэй Грамыка, Леанід Брэжнеў, Аляксей Касыгін, Мікалай Байбакоў, Панцеляймон Панамарэнка і іншыя. Многім няма і 30. І можна было б сказаць, што наступаў час маладых, калі б не адно «але»: крывавы тэрор 1930-х гадоў, які літаральна выкасіў партыйныя арганізацыі абласцей, рэспублік, а з імі і многіх кіраўнікоў. На долю Грэкавай прыйшоўся, відаць, самы складаны перыяд савецкай гісторыі — 30—50-х гадоў, калі стваралася фактычна з нуля прамысловасць, фарміравалася сістэма кіравання, нарошчваўся культурны патэнцыял рэспублікі і практычна перманентна ішлі рэпрэсіі. Надзея Рыгораўна не толькі курыравала флагманы эканомікі на той перыяд — Аршанскі льнокамбінат і «Асінторф», якія былі на кантролі ЦК. Асноўная ўвага аддавалася мясцовай прамысловасці, горадаўтваральным прадпрыемствам у малых гарадах. Многія пасля сталі брэндамі рэспублікі: Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, Быхаўскі агароднінакансервавы, Добрушская папяровая фабрыка і іншыя. Гэта дазволіла стварыць рабочыя месцы, істотна скараціць беспрацоўе. Змянялася і Ляхаўка — за кошт аб'яднання невялікіх прадпрыемстваў у адно створаны скурзавод «Бальшавік», «Энергія», дражджавы завод «Чырвоная зара», прадмесце Мінска станавілася развітым прамысловым раёнам. Пры гэтым патрапіць у жорны рэпрэсій было рэальнасцю таго часу. Па ўспамінах старэйшай дачкі Грэкавай, у кватэры заўсёды стаяў чамаданчык на выпадак арышту, а пасля работы яны з Панамарэнкам часта дамоў не ішлі, а гулялі па Мінску да раніцы: арыштаваць маглі ў любы момант, але здавалася, што днём гэта не так страшна.

Вось толькі некаторыя вытрымкі з «Запіскі сакратара ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкі кіраўніку Упраўлення кадраў ЦК ВКП(б) Г. Малянкову аб шкодніцтве ў кіраўніцтве рэспублікі. 3 ліпеня 1939 года»: «...у канцы 1937-га і пачатку 1938 года былі выключаны з партыі і па правакацыйных матэрыялах арыштаваны кіраўнікі партарганізацый: Бялыніцкага, Рудзенскага, Сенненскага, Бярэзінскага, Чэрвеньскага, Сіроцінскага, Кармянскага і шэрагу іншых раёнаў, ...выключаны з партыі і зняты з работы 24 сакратары райкамаў, 33 сакратары райкамаў партыі былі зняты з накладаннем розных партыйных спагнанняў, каля 35 сакратароў райкамаў былі арыштаваны, ...зняты з работы і арыштаваны каля 50 старшынь райвыканкамаў».

Н. Грэ­ка­ва з дэ­ле­га­та­мі ХVІІІ з'ез­да ВКП(б) (7-я зле­ва ў пер­шым ра­дзе),  сярод якіх і І. В. Сталін (у цэнтры першага рада). 1939 год.

Грэкава ж спрабавала разабрацца, дзе праўда, а дзе даносы. Лісты ёй ішлі адусюль, і ў народзе іх называлі «слязніцамі». Пра давер сведчыў надпіс на канверце — замест адраса проста «Цёці Грэкавай», «Мінск, Грэкавай». Яна давала даручэнні самому Лаўрэнцію Цанаве. Як гэта яго раздражняла — адказы ён павінен быў накіроўваць на адрас нейкай жанчыны, ды яшчэ такой маладой. І людзей нярэдка апраўдвалі. Яна магла напрамую звярнуцца да Берыі, напрыклад, калі даносы датычыліся таго ж Панамарэнкі, і да меркавання баларускай партыйнай арганізацыі прыслухоўваліся. Гэта былі не проста ўчынкі, але і вялікая рызыка.

1939 год Грэкава назвала самым страшным у сваім жыцці. ХVІІІ з'езд партыі асудзіў рэпрэсіі, і, здавалася, наступае новы перыяд. Грэкава, яго дэлегат, магла сама пераканацца ў гэтым, калі асабіста Сталін прыняў удзел у яе лёсе. Ішло галасаванне па складзе Цэнтральнай рэвізійнай камісіі ЦК ВКП(б): Берыя, Будзённы, Варашылаў... Нечакана Сталін папрасіў слова. Надзея Рыгораўна ўспамінала: «Сталін заўсёды гаварыў ціха. Ён падышоў да трыбуны і сказаў: «Я прапаную дапоўніць спіс — увесці ў склад Рэвізійнай камісіі таварыша Грэкаву». Пачуўшы з вуснаў Сталіна такую прапанову, я ледзь не ўпала з крэсла. Пасля ў маёй галаве пранеслася, што гэта не пра мяне ён гаворыць, а пра кагосьці з падобным на маё прозвішчам. Заўважыўшы маю збянтэжанасць, Сталін рукой паказаў на месца, дзе я сядзела з Панамарэнкам, і сказаў: «Як, таварышы з Беларусі? Не пярэчыце?» Пасля завяршэння з'езда дэлегатаў папярэдзілі пра фатаграфаванне. Надзея Рыгораўна, пабегла ў цырульню рабіць прычоску, а тут высвятляецца, што Іосіф Вісарыёнавіч ужо выехаў і фатаграфаванне ссоўваецца, у зале спешна расстаўляюць крэслы, збіраюцца дэлегаты, па Грэкаву ў цырульню тэрмінова адправілі ад'ютанта. Сталін прыбыў, яму дакладваюць, што сабраліся ўсе, акрамя Грэкавай, і асцярожна дадаюць, што яна... у цырульні. Сталін да сітуацыі аднёсся з разуменнем. Прапанаваў усім рассаджвацца і пачакаць таварыша Грэкаву. Сама ж яна (нават цяжка ўявіць яе стан у такі момант!) паспрабавала незаўважна зайсці ў залу і ўладкавацца ў апошнім радзе. Але Сталін павярнуўся ў яе бок і запрасіў у першы рад.

Надзея Рыгораўна разбурала многія стэрэатыпы аб дзелавой жанчыне. Модныя перавагі таго часу: чырвоная хустка, скуранка — вопратка, якую гісторыкі моды пасля назавуць стылем канструктывізму. Ва ўсім прастата, лаканічнасць, гэткі шарм па-пралетарску. Да яго распрацоўкі былі прыцягнуты вядомыя мастакі і нават скульптары, над ім працавала сама Вера Мухіна, аўтар знакамітай скульптуры «Рабочы і калгасніца». Грэкава ж фарміравала свой стыль, гэта дзелавы касцюм, пра неабходнасць якога тады спрачаліся, але з элементамі, якія падкрэсліваюць жаноцкасць, — элегантны шалік, карункі, брошка.

На мі­тын­гу ў Мін­ску з на­го­ды ўз'яд­нан­ня з За­ход­няй Бе­ла­рус­сю. Стар­шы­ня Вяр­хоў­на­га Са­ве­та БССР На­дзея Грэ­ка­ва і пер­шы сак­ра­тар ЦК КП(б)Б Пан­це­ляй­мон Па­на­ма­рэн­ка. 1939 год.

«Куды паставіць памежны слуп?»

Але за прывабным вобразам стаяла жанчына з моцным характарам, якой давялося вырашаць далёка не жаночыя праблемы. Адны толькі пытанні эканомікі пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР патрабавалі неверагодных намаганняў — тэрыторыя рэспублікі павялічвалася са 125,5 тысячы кв. км да 225,7, а колькасць насельніцтва вырасла ў два разы і склала 10 мільёнаў 200 тысяч чалавек. Гэта спачатку ўсё эмацыянальна: сесія Вярхоўнага Савета, дэлегаты ад усіх рэгіёнаў Заходняй Беларусі, яскравыя асобы, выступленні. Але не абышлося і без кур'ёзаў. «На трыбуну ўздымаецца вядомы ваеначальнік, — успамінала Надзея Рыгораўна. — У руках яго памежны слуп. Заканчваючы прамову, ён звярнуўся да мяне са словамі: «Таварыш старшыня Вярхоўнага Савета БССР, мяжа перанесена, куды загадаеце паставіць памежны слуп?» Вось так нумар. Я спачатку разгубілася вельмі, але пасля сабралася і стала даваць тлумачэнні. А работа сесіі трансліравалася па цэнтральным радыё. Таварыш сваю прамову скончыў яшчэ і лозунгамі: «Даеш Варшаву! Даеш Берлін! І заўтра ўрэжамся мы ў Рым!» Не прайшло і пяці хвілін, як Панамарэнку тэрмінова з прэзідыума выклікалі да тэлефона, званіў асабіста Сталін, які строга спытаў: «Што ў вас там адбываецца на сесіі? (Гэта супала з заключэннем дагавора СССР і Германіі аб ненападзенні.) Чаму такія заклікі?» Давялося даваць тлумачэнні».

Сітуацыю разрадзіла выступленне сакратара Мінскага абкама партыі, які вырашыў выступаць на беларускай мове. Тэкст быў надрукаваны. Літары рускія, але, не ведаючы беларускай мовы, ён няправільна пачаў ставіць націск: «Беларускі народ 20 гадоў жыў пад прымусам». У зале раздаўся смех. Суцішаць зал зноў давялося Грэкавай. Пасля Матвеева так і празвалі — «прымус».

У эканоміцы было ўсё не так гладка — і супрацьстаянне, і непрыманне насельніцтвам шэрагу непапулярных мер новай улады, і сабатаж. Усё, што датычылася Заходняй Беларусі, — на кантролі асабіста Сталіна. Шыфроўкі, запіскі, многа даручэнняў наўпрост Грэкавай, сярод іх аб пераходзе на савецкую валюту, аб непапулярных мерах па нацыяналізацыі прамысловых прадпрыемстваў, а яшчэ банкі, чыгунка, медустановы, школы. Меры прымаліся аператыўна, але не ўсё рэгулявалася жорсткімі рэзалюцыямі. Напрыклад, пасля вызвалення Брэста мэр горада, паляк, закрыў доступ да ўсіх баз харчавання і заявіў, што ў горадзе няма ні хлеба, ні мяса, ніякіх харчовых запасаў. Сабралі тэміновае пасяджэнне, усе выдатна разумелі, што такога быць не магло, для размовы запрасілі мэра. На польскай мове ён здзекліва заяўляў, што заваявальнікам ні хлеба, ні мяса, ні вады не дасць. Перакладчык перакладаў не з яго слоў, а сам прыдумваў адказы, маўляў, хочам дапамагчы, але ўсе фонды і рэсурсы выдаткаваныя, рады б, але не можам». Але Грэкава добра ведала польскую мову, таму пасля чарговых «тлумачэнняў наконт складанай сітуацыі» папрасіла зрабіць перапынак, падчас якога сказала Панамарэнку, што з іх проста здзекуюцца. Можна толькі ўявіць стан палякаў, калі Грэкава па-польску ўсё растлумачыла даволі даходліва. Хутка былі адкрыты ўсе крамы, базы, склады, паступова нармалізавалася жыццё.

На пры­ёме ў шта­бе Гру­пы са­вец­кіх аку­па­цый­ных вой­скаў у Гер­ма­ніі (зле­ва на­пра­ва): ге­не­рал-пал­коў­нік М. Ма­лі­нін з жон­кай Н. Грэ­ка­вай, Мар­шал Са­вец­ка­га Са­ю­за Г. Жу­каў. Бер­лін, ліс­та­пад 1945 го­да.

Узнагароды везла пад абстрэлам

Суровыя выпрабаванні прынесла вайна. Грэкава — сакратар Казанскага гаркама партыі. Як кавалі перамогу ў тыле, сведчаць прыклады. 19 ліпеня ў Казані ў яе адбылася першая сустрэча з акадэмікам Ота Шмітам, вядомым палярнікам, якому была даручана эвакуацыя навуковых устаноў, 23 ліпеня Казань ужо сустракала першыя эшалоны з людзьмі, абсталяваннем, а гэта 33 навуковыя ўстановы, 5 тысяч навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук СССР з сем'ямі, сярод іх 39 акадэмікаў, 44 члены-карэспандэнты, 17 НДІ з Масквы, Ленінграда, Прэзідыума Акадэміі навук СССР, Акадэміі навук Беларусі.

Ігар Курчатаў менавіта ў Казані пачынае работы па ядзернай праграме «Уран», па стварэнні ўранавай бомбы. І тут жа асабістыя праблемы, якія давялося вырашаць неадкладна, — сыпны тыф, які зваліў Курчатава пасля прыбыцця ў Казань. Сяргей Каралёў, Сяргей Вавілаў, які працаваў у Казані над стварэннем аптычных прыбораў для ўсіх відаў узбраення, Пётр Капіца — гэта далёка не поўны пералік выдатных вучоных, у вырашэнні праблем якіх непасрэдны ўдзел прымаў гаркам партыі. Да таго ж толькі ў кастрычніку ў Казань былі эвакуяваны адразу тры маторныя заводы з Варонежа і Масквы. Фронт меў вострую патрэбу ва ўзбраенні, людзі працавалі на знос. Толькі на адным Казанскім авіязаводзе № 22 за перыяд з 1941 да 1945 года было пастаўлена на крыло 10 174 самалётаў Пе-2, значыць, па 6 такіх баявых машын у суткі. Што датычыцца прадпрыемстваў, эвакуяваных з Беларусі, то ў жніўні—верасні 1941 года ўступіла ў строй 15 заводаў і фабрык. У кастрычніку—лістападзе — яшчэ 20. Да лета 1942 года абаронную прадукцыю выдавалі ўжо калектывы больш чым 70 беларускіх заводаў і фабрык. А яшчэ трэба вырашаць, як... накарміць сланоў, мартышак цырка Дурава, эвакуяванага ў Казань, на якіх харчовых картак не выпісалі, як размясціць тэатр аперэты, якога ў спісах на эвакуацыю не было. Давялося задзейнічаць рэзерв НКУС, артыстаў размясцілі ў ведамасным Доме культуры.

А яшчэ пастаянныя кантакты з беларусамі: арганізацыя сесіі Акадэміі навук у Казані, калі вучоных давялося збіраць па ўсім Саюзе, сувязь з паэтам Янкам Купалам, збор сродкаў для беларускіх партызан. Жыхары Казані прынялі рашэнне на працягу месяца працаваць на дзве гадзіны даўжэй і на атрыманыя сродкі купіць неабходныя для партызан рэчы — шапкі, целагрэйкі, валёнкі. Сама ж Грэкава імкнулася ў рэспубліку, і ў яе з'явілася такая магчымасць.

Як старшыня Вярхоўнага Савета БССР яна накіравалася на акупаваную тэрыторыю разам са старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Наталевічам і старшынёй Саўнаркама БССР Былінскім, каб асабіста ўручыць урадавыя ўзнагароды партызанам Суражскай зоны, хоць гэта можна было зрабіць і ў Крамлі. Да Калінінскага фронту ў іх распараджэнні быў транспарт, але гэта не ратавала ад абстрэлаў, налётаў фашысцкіх самалётаў. «У вялікіх трывогах і хваляваннях за захаванасць давераных нам узнагародных дакументаў і ўрадавых узнагарод мы дабраліся да размяшчэння штаба Калінінскага фронту», — успамінала Грэкава. Адтуль з правадніком у глыбокі тыл уначы, дзе паўзком, дзе лежачы ў яры, чакалі, калі пройдуць нямецкія калоны. У вёсцы Дабрыніна, дзе сабраліся работнікі Віцебскага абкама партыі, героі-партызаны Суражскай зямлі, ім былі ўручаны ўзнагароды. Першым з яе рук сваю першую ўзнагароду атрымаў Мінай Шмыроў (легендарны бацька Мінай). Надзея Рыгораўна чатыры разы хадзіла за лінію фронту, і кожны раз гэта была неймаверная рызыка.

У лістападзе 1943 года пасля вызвалення Гомеля Надзея Грэкава на чале ўрадавай камісіі вярталася ў Беларусь. Неабходна было не толькі ацаніць шкоду, але і пачаць аднаўленчыя работы, а яшчэ падрыхтоўку да сесіі Вярхоўнага Савета, першай на вызваленай тэрыторыі, якой надавалася асаблівае значэнне. Да пасады старшыні Вярхоўнага Савета БССР дадалася яшчэ адна — намеснік старшыні СНК. Гэтыя абавязкі яна выконвала да сакавіка 1947 года, фактычна ў самы складаны для рэспублікі час, калі ўсё рабілася па гарачых слядах, калі першай даводзілася ўваходзіць у спалены горад, у пакінуты фашыстамі канцлагер «Азарычы», аператыўна вырашаць задачы. Тады ж у штабе Беларускага фронту прагучаў тэлефонны званок са Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Званіў асабіста Сталін. Размова яго з камандуючым Ракасоўскім датычылася аказання дапамогі беларускай урадавай дэлегацыі ў падрыхтоўцы сесіі. У канцы Іосіф Вісарыёнавіч як бы незнарок дадаў: «Грэкава не замужам, а ў цябе начальнік штаба Малінін — удавец». З першым даручэннем усё было зразумела. А як быць з выкананнем другога? Для пачатку Малініна прызначылі адказным за аказанне дапамогі па падрыхтоўцы сесіі. Сам ён не мог зразумець, чаму, бо для гэтага існуе цэлы палітаддзел фронту, ды і як жа падрыхтоўка наступальнай аперацыі? Але ўсё змяніла першая сустрэча, Грэкава зрабіла на яго ўраганнае ўражанне, падрыхтоўкай сесіі ён зацікавіўся, пра што далажылі Ракасоўскаму, як і пра тое, што Малінін ёй не спадабаўся. Шлях да сэрца жанчыны аказаўся больш складаны, чым распрацоўка стратэгічнай аперацыі. Было ўсё: і прыгожы раман у лістах, і разгубленасць, і сітуацыя, калі здавалі нервы. У сакавіку 1944 года сесія прайшла паспяхова. Трансляцыю слухалі на фронце, у партызанскіх атрадах, яна несла надзею на хуткую перамогу. На ёй было прынята рашэнне аб стварэнні Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР. Упершыню пачаў работу і Народны камісарыят абароны Беларускай ССР. А Ракасоўскаму і члену Ваеннага савета Цялегіну пачалі дакладваць, што Малінін некуды перыядычна адлучаецца з размяшчэння штаба фронту. 3 мая 1944 года быў зарэгістраваны шлюб.

Каханне, кар'ера, рэпрэсіі...

А каханне, падобнае на сон, Надзея Рыгораўна і Малінін пранеслі праз гады. Пасля рэгістрацыі шлюбу, яны раз'ехаліся па розных напрамках: перад кожным стаялі складаныя задачы. Для Міхаіла Сяргеевіча пачалася наступальная аперацыя, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Баграціён», для Грэкавай — гэта аднаўленне рэспублікі. Яшчэ ішла вайна. Аднаўлялі краіну неймавернымі намаганнямі: не было практычна спецыялістаў, проста людзей, калі ў ЦК ішлі тэлеграмы пра тое, што ў некаторых вёсках засталося па некалькі чалавек, і гэта ва ўмовах, калі гітлераўцы працягвалі здзяйсняць налёты, у сталіцы дзейнічалі ўзброеныя групы немцаў, якія не паспелі пакінуць горад, і тых, хто спецыяльна быў пакінуты для арганізацыі дыверсій. Пра сітуацыю можна меркаваць па запісцы Панамарэнкі на імя Малянкова і Берыі: «Мушу паведаміць, што будынак Дома ўрада ў Мінску два разы падпальваўся і быў выпадак пранікнення ў будынак ЦК тэрарыстычных элементаў. З прычыны засмечанасці варожымі элементамі і нямецкімі агентамі, наяўнасці бандытызму ў шэрагу раёнаў, а таксама перакідвання немцамі на тэрыторыю Беларусі тэрарыстычных груп, у выніку выпадкаў, калі праведзены тэрарыстычныя акты ў адносінах партыйных і савецкіх работнікаў, прашу дазволіць 6-му аддзелу НКУС узмацніць ахову».

Першыя пасяджэнні ўрада недзе выклікаюць здзіўленне, вакол разруха, а на парадку дня пытанні кінастудыі, «Аб аднаўленні дзейнасці Акадэміі навук і Белдзяржуніверсітэта», «Аб аднаўленні дзейнасці Саюза савецкіх кампазітараў і пісьменнікаў», «Аб аднаўленні і рабоце тэатраў Беларусі» і «Аб аднаўленні музеяў, бібліятэк, выдавецтваў». На кантролі ў Грэкавай пытанні і культуры, і эканомікі, і збор матэрыялаў аб злачынствах супраць чалавецтва. А сітуацыя ў горадзе страшная, вось толькі некаторыя вытрымкі з пратаколаў: «Цалкам дэзарганізавана санітарная ачыстка і каналізацыя», «знішчана камунальная гаспадарка, выведзена са строю водаправодная сетка, узарваныя рэзервуары і напорныя вежы», а гэта немінучы шлях да эпідэміі. «Цалкам спынены гарадскі транспарт, гарадскога жылля знішчана больш за 70 працэнтаў». У першыя месяцы было зроблена немагчымае: у ліпені 1944 года аднавіў работу прыборабудаўнічы завод, у жніўні — мотарамонтны, восенню — аўтазборачны, з 1946-га — аўтамабільны, у лістападзе — Мінскі кіслародны завод «Тэрмапласт»...

Малінін у Берліне, ён — кіраўнік штаба акупацыйных войскаў у Германіі. Грэкава пры першай магчымасці прыязджала на некалькі дзён, была відавочцам закулісся многіх падзей: падрыхтоўкі Патсдамскай канферэнцыі, змены вектара адносін яшчэ нядаўніх саюзнікаў, і таго, як вядомыя палкаводцы радаваліся Перамозе. Жукаў часта ладзіў вечарыны ў сябе дома, у той час ён усміхаўся і быў вясёлым, гасцінным, іграў на гармоніку, часам спяваў. Такім яго больш не бачылі ніколі. Малінін, які меў прыемны барытон, дуэтам выконваў арыі з артыстамі Вялікага тэатра Беларусі, якіх запрасілі ў Берлін на першыя пасляваенныя гастролі.

Калі Малінін рабіў усё, каб у рэспубліку аператыўна па рэпарацыях дастаўлялася абсталяванне для прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі, за што Панамарэнка называў яго «наш беларускі зяць», Надзея Рыгораўна з Германіі прывозіла ўзоры тканін, нітак, так неабходнага шырспажыву, кандытарскіх вырабаў, апошнія часопісы мод. З 1947-га — яна міністр харчовай прамысловасці БССР, і зноў складаны ўчастак, калі трэба было пераадольваць голад, фактычна ствараць галіну з чыстага ліста. Многія навінкі харчовай прамысловасці былі падгледжаны ў гэты час. Знакамітая двухпавярховая скрынка для прысмакаў, шакаладныя бутэлечкі, яскравыя абгорткі, абсталяванне для іх друку. І ўсё гэта на фоне новага вітка рэпрэсій. У Беларусі працуе камісія парткантролю ЦК на чале з Мацвеем Шкіратавым — у спустошанай рэспубліцы шукалі карупцыю, якая атрымала назву «каровіна справа», калі скаціну, атрыманую па рэпарацыі, выдзелілі ў тым ліку і міністрам, кіраўнікам абласцей і раёнаў — страшэнны дэфіцыт па тых часах давялося вяртаць. Паказальным у гэтым плане было студзеньскае пасяджэнне ЦК Кампартыі Беларусі 1946 года, калі Панамарэнка зрабіў разнос яго членам, што «папрыбіраліся ў барахло з гуманітарнай дапамогі».

Для Надзеі Рыгораўны гэта быў адказны перыяд — удзел у перагаворах у Празе, калі ішла барацьба за саюзнікаў, якія не прамінулі гандлявацца за эканамічныя прэферэнцыі, толькі Чэхаславакія мела 60 % эканомікі, арыентаванай на Захад, і краіну патрабавалася ўтрымаць прывабнымі прапановамі, а Грэкава мела вопыт перагаворшчыка. Выступленне ў Парыжы на французскай мове і аўтарытэт, навядзенне мастоў праз міжнародны жаночы рух. Але яе імклівая кар'ера не давала некаторым спакою. Яе і Малініна не чапалі ні ў 30-х, ні ў 40-х, але Грэкава разумела, што не існуе недатыкальных, калі ў пачатку 50-х пачаўся новы віток рэпрэсій. Каб адвесці бяду ад сям'і, ад Малініна, героя вайны, начальніка штаба пяці франтоў, які прымаў удзел у распрацоўцы асноўных бітваў вайны — пад Масквой, Курска-Арлоўскай, «Баграціён», Вісла-Одэрскай, Берлінскай, Надзея Рыгораўна сама падала ў адстаўку. Падстава — такая папулярная пры змяшчэнні непажаданых — па стане здароўя.

Але Надзея Рыгораўна яшчэ доўгія гады заставалася ў страі, праводзіла вялікую грамадскую работу сумесна з Усесаюзным саветам ветэранаў, з кіраўніцтвам Беларусі, пра што сведчаць шматлікія падзячныя лісты, тэлеграмы ад Машэрава, Кісялёва, Кавалёва і іншых, першага Прэзідэнта ўжо незалежнай Беларусі. Надзея Грэкава адносілася да людзей з моцным унутраным стрыжнем, якія не пасавалі перад абставінамі, цяжкасцямі, працавалі на карысць краіны і яе дабрабыту.

Наталля ГОЛУБЕВА, кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: Святло Надзеі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.