29 кастрычніка, чацвер

Вы тут

У старажытным мястэчку Дзівін Кобрынскага раёна аграрыі Брэстчыны адсвяткавалі Дажынкі


Шматлікія госці, асабліва тыя, хто даўнавата не быў тут, здзіўляліся таму, як расквітнеў пасёлак, папрыгажэлі вуліцы і завулкі, памяняліся агароджы, фасады будынкаў. Дадаць сюды прыгажосць гандлёвых і выставачных павільёнаў, мноства самадзейных артыстаў у стракатых касцюмах, музыку, песні ды сотні святочна апранутых людзей... «Такога фэсту Дзівін дакладна не ведаў апошнія гадоў пяцьдзясят», — сказала стараста вёскі Ніна Клачковіч.


Сапраўды, на добраўпарадкаванне вёскі, паляпшэнне сацыяльна-культурных аб'ектаў з розных крыніц было выдаткавана больш за 12 мільёнаў рублёў. Мадэрнізаваныя ўчастковая бальніца і сярэдняя школа, адрамантаваныя яслі-садок і Дом культуры. Сучасны выгляд набылі дарогі, вуліцы, парк. Пабудаваны і рэканструяваны інжынерныя сеткі, сталі больш прывабныя двары. Адным словам, Дзівін сустрэў абласны фестываль працаўнікоў вёскі ва ўсім харастве. Па традыцыі ўрачыстая частка Дажынак пачалася з шэсця перадавікоў. На гэты раз лепшымі камбайнерамі прызнаныя Пётр Мартынюк з сельгаспрадпрыемства «Айчына» Пружанскага раёна, Андрэй Дзянішчык з «Жарабковічаў» Ляхавіцкага раёна, Аляксандр Кіндрук з Сяргеем Ільючыкам з «Дварэцкага» Лунінецкага раёна. Апошнія, дарэчы, трэці год запар становяцца пераможцамі абласнога спаборніцтва.

— Вобласць чарговы раз пацвердзіла статус развітога аграрнага рэгіёна, сабрана больш за мільён тон збожжа, — адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС. — Складнікаў важкага ўраджаю шмат. Былі захаваныя аптымальныя тэрміны сяўбы. Больш чым у два разы павялічылі плошчы гібрыднага жыта як прадуктыўнай культуры. Гэтым разам амаль у шэсць разоў пашырылі плошчу грачыхі, што дазволіць забяспечыць насельніцтва грэчкай уласнай вытворчасці. Вельмі важна, што земляробы забяспечылі тэхналагічны догляд пасеваў. Падрыхтавалі тэхніку і збожжасушыльную гаспадарку: ва ўборцы было задзейнічана 1400 камбайнаў, больш за дзве тысячы грузавых аўтамабіляў, 410 збожжасушыльных комплексаў. Хоць сёлета жніво пачалі на паўтара тыдня пазней, ураджай сабралі хутка і якасна.

Такім чынам агульны валавы збор зерня склаў амаль мільён 350 тысяч тон, што на 12 працэнтаў больш, чым летась. З кожнага гектара сабралі 39,6 цэнтнера збожжа, што на чатыры цэнтнеры больш за леташні паказчык, заўважыў губернатар.

Як заўсёды, цэнтральнай падзеяй фестывалю стала ўшанаванне пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю. Лепшымі ў гэтым годзе прызнаныя Іванаўскі, Пружанскі, Камянецкі раёны. Сярод сельгасарганізацый першае месца — у гаспадарак «Ляхавіцкае-Агра» Іванаўскага раёна і «Радастаўскае» Драгічынскага раёна.

...Між тым фестываль працягваўся. Шмат у гэты дзень было ўзнагарод, а яшчэ больш — шчырых цікавых ўсмешак, сустрэч. На розных пляцоўках ішлі канцэрты. Людзі гулялі па вуліцах з сем'ямі, частаваліся, рабілі пакупкі. На фестывалі адзначылася і маларыцкая легенда ткацтва Сцепаніда Сцепанюк. 84-гадовая майстрыха не ўседзела дома — прыехала ў Дзівін і паказвала людзям, як на кроснах тчэцца палатно з узорамі. «Люблю святы, люблю людзей, вось і еду» — сказала народны майстар з Дарапеевіч.

Пагуляў 550-гадовы Дзівін, пасвяткаваў. Застануцца ўражанні і здымкі на памяць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: З хлебам і песняй

Выбар рэдакцыі

Культура

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Беларускі акадэмік працаваў грузчыкам у порце і падарыў Мінску трамвай.

Грамадства

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». 

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.