Вы тут

Старшыня Хоцімскага райвыканкама пра падрыхтоўку да «Дажынак»


Хоцімск па сваіх характарыстыках павінен наблізіцца да статусу горада. Ад райцэнтра да Магілёва каля 200 кіламетраў, Мінск яшчэ далей — не наездзішся. Людзі павінны атрымаць на месцы ўсё, што вабіць іх у горадзе — добрыя дарогі, добраўпарадкаванае жыллё, месцы для адпачынку і вольнага часу. Так лічыць старшыня Хоцімскага райвыканкама Геворг Мелканян. Ён запрасіў праехацца па населеным пункце і асабіста паказаў басейн «Каскад», дзе работы ўжо на завяршальным этапе. Сапраўды вельмі зручны і прыгожы аб’ект. Я нават па-добраму пазайздросціла хоцімчанам. Тут і вялікі басейн для дарослых, і дзіцячы. Гэта якраз тое, чаго не хапала Хоцімску, і кіраўнік раёна абяцае прымеркаваць адкрыццё да Дня ведаў — 1 Верасня. У цудоўны святочны дзень раён атрымае самы пажаданы падарунак. І не апошні. Нягледзячы на тое, што Геворг Мелканян на пасадзе старшыні райвыканкама зусім нядаўна, у яго шмат планаў і праектаў. І ён ахвотна падзяліўся некаторымі з іх з чытачамі «Звязды».


Фота аўтара

— Як я ўжо сказаў, мы будзем імкнуцца да статусу горада, — падкрэсліў Геворг Гарнікавіч. — У ходзе падрыхтоўкі Хоцімска да абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ўжо многае што зроблена. Работы пачаліся яшчэ летась, як толькі стала вядома, што свята адбудзецца ў нас. Рабіліся праекты, агучвалася, якім бачыцца ў будучым райцэнтр, чаго яму не хапае. Хочацца, каб ён называўся не «гарадскі пасёлак», а менавіта «горад». Мы да гэтага імкнёмся. Нам не хапала басейна, сучасных Дома культуры і бальніцы. І мы прынялі рашэнне ўсё гэта зрабіць. Басейн практычна пабудаваны, даводзіцца да ладу Дом культуры, бальніцу чакае вялікая рэканструкцыя. Плюс вядзецца добраўпарадкаванне населенага пункта — будуюцца новыя дарогі, тратуары, вуліцы ўпрыгожваюцца кветкавымі кампазіцыямі. Будзе завезена 15 малых архітэктурных формаў. Розныя арганізацыі і прадпрыемствы вобласці робяць для нас такі падарунак. Кожны прадставіць сваю галіну ў выглядзе якой-небудзь кампазіцыі.

Пасля басейна дзесьці бліжэй да кастрычніка здадзім Дом культуры. І будзем працягваць займацца бальніцай, бо прынята рашэнне мадэрнізаваць яе цалкам. А заадно купіць найноўшае абсталяванне. Каб не атрымалася, што мы зрабілі толькі фасад, а ўнутры ўсё як было, так і засталося. Там таксама ўсё павінна быць на ўзроўні.

Налета будзем працягваць ствараць аб’екты для заняткаў спортам і культурнага адпачынку. Прывядзём у парадак адкрытую танцпляцоўку ў парку, за сродкі мясцовага бюджэту зробім крыты амфітэатр, каб летам было дзе выступаць. Стары ўжо не будзе ўпісвацца ў новы выгляд Хоцімска. Трэба будзе рэканструяваць стадыён, які сёння не адпавядае сучасным параметрам. З-за гэтага мы не можам запрасіць да сябе ніводнай каманды па футболе — сорамна. Няма ні нармальнага футбольнага поля, ні стадыёна. Існуе даручэнне губернатара, каб у кожным раёне была футбольная каманда, і мы маем намер ствараць умовы для гэтага. Акцэнт робім на аздараўленне нашага насельніцтва, моладзі. Асабістым прыкладам спрабуем задаць імпульс падрастаючаму пакаленню. Арганізоўваем спаборніцтвы з удзелам супрацоўнікаў райвыканкама і мясцовых арганізацый. Трэба адцягнуць моладзь ад інтэрнэту, звярнуць яе ўвагу, што жыццё нашмат багацейшае, чым тое, што прапануе ім тэлефон. Праводзіць час з сябрамі на свежым паветры больш прыемна і карысна.

— Шмат хто ведае, што вы самі — заўзяты спартсмен. Любіце футбол, іншыя гульнявыя віды спорту. А па армрэслінгу вам наогул няма роўных.

— Сапраўды, я вельмі люблю спорт (усміхаецца). І спрабую прывіць гэтую любоў насельніцтву. Вы б бачылі, якая тут барацьба ідзе, якія страсці, эмоцыі кіпяць. У мінулым месяцы кожны тыдзень праходзілі спаборніцтвы па футболе паміж арганізацыямі раёна. Адбыўся футбольны таварыскі матч паміж камандамі Хоцімска і Касцюковіч. Да гэтага месячнік па валейболе праводзілі, раённы турзлёт арганізавалі, добраахвотныя дружыны ў нас спаборнічалі. Пятніца, субота, нядзеля для Хоцімска — спартыўныя дні. У жніўні будзем спаборнічаць па рыбалцы. А яшчэ гуляць у шахматы-шашкі. Народ павінен быць задзейнічаны. У спарткомплексе і на стадыёне жыццё пастаянна б’е крыніцай. Зімой установім хакейную пляцоўку на стадыёне, абсталяванне ўжо закуплена, да сезона зманціруем. Мы адкрылі дзве спартыўныя пляцоўкі — па вуліцы Зялёнай і Ленінскай. 1 Верасня будзе адкрыта яшчэ адна — Прэзідэнцкая. Будуецца новае пажарнае дэпо, дзе таксама будзе пабудаваны футбольны стадыён са штучным пакрыццём. Атрымаецца цэлых два на Хоцімск. Яшчэ не ў кожным горадзе такое ёсць. Планы ў нас маштабныя. Каб можна было жыць і не адчуваць, што ты нешта там захацеў і гэтага няма. Усё будзе.

Не забываем і пра народныя святы — Яблычны Спас, Мядовы, Арэхавы. У нас шмат мерапрыемстваў, якія нацэленыя на згуртаванне і сумеснае баўленне часу. І людзі з задавальненнем адгукаюцца. На Купалле сабралася, напэўна, тысяча людзей. Сёлета адзначаем 130 гадоў нашага храма ў гонар Святой Тройцы. У першую нядзелю кастрычніка плануем правесці фестываль звону.

— Дарэчы, вы зусім малады кіраўнік, нават 34 гадоў няма. Напэўна, лёгка знаходзіце агульную мову з моладдзю.

— Так. Я таксама зусім нядаўна перажываў тыя складанасці, з якімі яны сутыкаюцца, і вельмі іх разумею. Я прадбачу тое, што іх чакае заўтра, і стараюся са свайго боку загадзя прыняць меры. І ім лёгка са мной гаварыць, бо ў нас адна мова. Штомесячна праводзім сустрэчы з маладымі спецыялістамі, па іх просьбе быў устаноўлены дадатковы працоўны дзень у хоцімскай піцэрыі. Цяпер яна працуе пяць дзён на тыдзень.

— Сёння ад кожнага раёна чакаюць па праекце. Што можа прапанаваць Хоцімск?

— Плануем зрабіць рыбгас. Прыязджалі прадстаўнікі рыбгаса «Лахва», каб прыглядзецца да месца. Рэалізацыя праекта запланаваная на 2024–2025 гады. Плануецца стварыць 30 працоўных месцаў з вытворчасцю рыбы каштоўных парод да тысячы тон у год. Вельмі сур’ёзнае будзе прадпрыемства. Наогул асноўная наша сённяшняя праблема — людскія рэсурсы. Моладзі мала, нягледзячы на тое, што тут ёсць працоўныя месцы і магчымасці нашмат большыя, чым у любым абласным цэнтры. Тут цябе хутчэй заўважаць, калі ты на нешта здольны. І дадуць магчымасць падняцца яшчэ вышэй. А ў вялікім горадзе можна згубіцца сярод масы. Таму мы працуем над замацаваннем маладых спецыялістаў, спрабуем зрабіць для іх умовы. Пытаемся, чаго ім не хапае. Работа па замацаванні кадраў пастаўлена вельмі сур’ёзна. 41 малады спецыяліст прыходзіць да нас сёлета, і за кожным з іх замацаваны кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, улада, у тым ліку я. Мы павінны стварыць для іх умовы, як для сваіх дзяцей. І я гэта жорстка кантралюю. Жыллё — асноўная ўмова. Кафэ, Дом культуры, басейн, парк атракцыёнаў — усё гэта з разлікам на моладзь. Сёння, на жаль, мала запатрабаваны наш прафесійны каледж, дзе рыхтуюць патрэбных народнай гаспадарцы машыністаў, трактарыстаў, электрагазазваршчыкаў. Гэта ж нашы самыя дэфіцытныя кадры. Таму мы робім усё, каб захаваць тую ўстанову. Матэрыяльная база там адна, напэўна, з найлепшых у вобласці.

— Шмат якія раёны Магілёўскай вобласці сельскагаспадарчыя, Хоцімскі — не выключэнне. Якая ёсць дынаміка?

— Па сельскай гаспадарцы нам даведзена заданне 107%. На канец ліпеня тэмп росту да мінулага года склаў 98%, але з усёй упэўненасцю магу сказаць, што да канца года заданне выканаем. Нават сёння ўраджай рапсу, які мы ўбралі, перавышае леташні ў пяць разоў. Ёсць рост па надоях малака. Вельмі дапамагае ў рабоце праграма развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Станоўчы вынік дала тэхніка, якая сюды прыйшла, узараныя дадатковыя землі, якія гадамі не ўцягваліся ў севазварот. Дынаміка ў сельскай гаспадарцы станоўчая, але яшчэ далёкая ад ідэальнай. Хоцімскі льнозавод з’яўляецца адным з валаўтваральных для раёна, плошча льну была павялічана ў параўнанні з мінулым годам на сто гектараў і склала 1220 гектараў. Чакаем атрымаць дадатковы даход.

Найбольш паспяховыя прадпрыемствы нашага раёна — льнозавод, «Жылкамгас», ПМК-276 і «Бабулін падворак». Там сярэдні заробак больш за тысячу рублёў. А самыя прыбытковыя раённыя арганізацыі — «Белтэлекам» і райгаз, у іх сярэдняя зарплата вышэй за дзве тысячы рублёў. На жаль, моладзь па-ранейшаму шукае работу ў Расіі. Хоцімскі раён — самы аддалены і мясцовае насельніцтва чакае да сябе большай увагі. Калі нас аб’явілі сталіцай абласных «Дажынак», адчуўся ўздым. Наогул Хоцімшчына — край вялікіх магчымасцяў. Мы жывём на скрыжаванні трох рачулак. Адных толькі мастоў у Хоцімску тры. І сонейка ў нас узыходзіць раней, чым дзе, мы ж самыя ўсходнія. Ёсць мара ўпрыгожыць увесь Хоцімск ружамі. Гэтыя кветкі не толькі радуюць вока, але і ствараюць настрой. Убачыце, гэта будзе сапраўдная Венецыя!

Нэлі ЗІГУЛЯ

г. п. Хоцімск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.