Вы тут

Нашы грамадзяне павінны мець камфортныя ўмовы для працы і жыцця ў любым кутку Беларусі


Квітнеючая краіна — тая, у якой жыхару любога рэгіёна жывецца добра: ёсць праца, годны заробак, добрая інфраструктура, адукацыя і медыцынскае абслугоўванне на дастатковым узроўні, экалагічная бяспека. Менавіта на гэта накіравана даручэнне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стварыць у кожным рэгіёне невялікую вытворчасць, якая не будзе адцягваць кадры з сельскай гаспадаркі і разам з тым надасць раёну устойлівасць у яго развіцці, забяспечыць людзей працоўнымі месцамі, а бюджэт — падатковымі адлічэннямі. Пра тое, як выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы, наша размова з першым намеснікам міністра эканомікі Юрыем Чабатаром.


— У найбліжэйшыя тры гады ў нашай краіне ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» плануецца рэалізаваць як мінімум адзін інвестпраект у кожным раёне. Але сёння мы бачым, што колькасць такіх праектаў расце. Якія рэгіёны аказаліся найбольш актыўнымі і найбольш прывабнымі для інвестыцый?

— Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку адным з прыярытэтаў вызначаны моцныя рэгіёны. Па сутнасці, гэта азначае, што нашы грамадзяне павінны мець камфортныя ўмовы для працы і жыцця ў любым кутку Беларусі.

Для дасягнення пастаўленай мэты ўрадам вядзецца праактыўная інвестыцыйная палітыка. Мы інвестуем у будаўніцтва жылля, развіццё сацыяльнай, камунальнай і транспартнай інфраструктуры, стварэнне ў рэгіёнах новых высокатэхналагічных вытворчасцяў і мадэрнізацыю дзеючых прадпрыемстваў.

У рамках канцэпцыі «Адзін раён — адзін праект» галоўнай задачай ставіўся рост эканамічнага дабрабыту кожнага раёна, забеспячэнне дадатковай занятасці, фарміраванне свайго роду «кропак росту» ў кожным рэгіёне.

Выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы «Адзін раён — адзін праект», Мінэканомікі сумесна з галіновымі рэгулятарамі, мясцовымі органамі ўлады, прадстаўнікамі рэальнага сектара, навуковай супольнасці праведзена вялікая работа па фарміраванні пула вытворчых праектаў.

Яе вынікам стала рэалізацыя на першапачатковым этапе 156 інвестпраектаў агульным коштам каля 6,5 мільярда рублёў, што дазволіць стварыць каля 9 тысяч новых працоўных месцаў.

У авангардзе — Мінская вобласць: у 23 рэгіёнах рэалізоўваецца 46 праектаў на агульную суму 1,4 мільярда рублёў. Многія з іх — у гарадах «80 тыс. плюс» і гарадах-спадарожніках. Гэта заканамерна: тут і развітая інфраструктура, і дастатковая забяспечанасць кваліфікаванымі кадрамі. Лідары па колькасці праектаў, які рэалізоўваюцца, — Дзяржынскі раён (5 праектаў), Барысаўскі, Смалявіцкі, Салігорскі раёны (па 4 праекты), Капыльскі, Крупскі і Любанскі раёны (па 3 праекты).

Інвестыцыйная работа ў рэгіёнах вядзецца пастаянна: адны праекты сёлета завяршаюцца, адначасова пачынаюцца новыя. Цяпер якраз вядзецца работа па дапаўненні новымі праектамі.

— Якія фактары ўлічваліся пры фарміраванні інвестпраектаў? Які галіновы пул праектаў?

— Праекты прапаноўваліся з улікам існуючай спецыялізацыі раёнаў, іх патэнцыялу і «кропак росту», а таксама максімальнага выкарыстання ў вытворчасці мясцовых рэсурсаў. Стаяла задача вырабляць запатрабаваныя як на ўнутраным, так і на знешніх рынках віды прадукцыі.

Усяму папярэднічаў аналіз патэнцыялу рэгіёнаў: дэталёва вывучалася наяўнасць працоўных рэсурсаў у раёнах, якія кампетэнцыі ёсць у канкрэтных прадпрыемстваў, а таксама сыравінная база і пляцоўкі для арганізацыі вытворчасці.

Далей вывучаўся попыт на прадукцыю на ўнутраным рынку з акцэнтам на імпартазамяшчэнне, а затым запланаваная да вытворчасці прадукцыя ацэньвалася з пункту гледжання канкурэнтаздольнасці па цане і якасці.

І, нарэшце, быў прааналізаваны агульнаэканамічны эфект ад такой вытворчасці для рэгіёнаў, яе ўплыў на ўзровень занятасці, а таксама экспартны патэнцыял.

Толькі прайшоўшы ўвесь гэты шлях, ініцыятыва магла трапіць у пул, трансфармуючыся ў канкрэтны інвестпраект.

У разрэзе галін пул выглядае наступным чынам. Больш за чвэрць праектаў рэалізоўваецца ў сферы вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Яшчэ чвэрць — гэта металургія, вытворчасць машын і абсталявання. Практычна кожная пятая бізнес-ініцыятыва звязана з дрэваапрацоўкай, а кожны дзясяты праект рэалізоўваецца ў сферы фармацэўтыкі.

— Якія асноўныя пытанні ўзнікаюць пры іх рэалізацыі і як яны вырашаюцца?

— Важна адзначыць, што кожны праект курыруе асабіста старшыня гар(рай)выканкама. Распрацаваны планы-графікі іх рэалізацыі, зацверджаныя кіраўнікамі аблвыканкамаў (Мінгарвыканкама), якія знаходзяцца на пастаянным кантролі мясцовых органаў улады. Мінэканомікі таксама ажыццяўляе маніторынг выканання інвестпраектаў з выездам на месцы.

Але маніторынг праектаў зводзіцца не толькі да кантролю іх рэалізацыі. Інвестары, людзі на месцах адчуваюць на сабе ўвагу з боку дзяржавы — гатоўнасць прыйсці на дапамогу і падтрымаць імкненне да далейшага развіцця.

Такі падыход дае магчымасць аператыўна выяўляць праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе рэалізацыі праекта, і ў выпадку неабходнасці прымаць адпаведныя меры, у тым ліку на ўзроўні ўрада.

Практыка паказвае, што найбольш частае пытанне, якое ўзнікае пры рэалізацыі інвестыцыйных ініцыятыў, — гэта крыніцы фінансавання. І яно вырашаецца. Найбольш перспектыўныя праекты, накіраваныя на развіццё рэгіёнаў і імпартазамяшчэнне, могуць атрымаць крэдытную падтрымку на выгадных умовах ад Банка развіцця і банкаў-партнёраў. На сёння банкамі прынята рашэнне аб крэдытаванні 30 інвестыцыйных праектаў на суму больш за 900 мільёнаў рублёў.

Яшчэ адно актуальнае пытанне пры рэалізацыі ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» — гэта кадравы патэнцыял. Сёння недастаткова стварыць высокатэхналагічнае прадпрыемства. Неабходна ўжо на этапе будаўніцтва дакладна разумець, ці дастатковы ўзровень кваліфікацыі ў тых супрацоўнікаў, хто туды прыйдзе працаваць. Тут і цяпер праблемы недахопу вузкіх спецыялістаў вырашаем, накіроўваючы работнікаў на профільнае навучанне і перападрыхтоўку. Таксама практыкуецца перавод на высокатэхналагічныя вытворчасці найбольш падрыхтаваных супрацоўнікаў са штата арганізацый.

Сумесна з Міністэрствам адукацыі адпрацоўваем пытанне сістэмнай падрыхтоўкі спецыялістаў па новых спецыяльнасцях.

— Восем праектаў сёлета ўжо завершана. Рэалізацыя якой колькасці чакаецца да канца года? Што гэта за праекты і пра які эфект ад іх ужо можна казаць?

— У студзені — жніўні 2023 года рэалізавана 8 праектаў, створана 180 працоўных месцаў. Да канца года завершым яшчэ 26. Агульны аб’ём інвестыцый на бягучы год перавысіць 260 мільёнаў рублёў.

Больш за палову з гэтых праектаў сканцэнтраваны ў апрацоўчай прамысловасці — вытворчасці прадуктаў харчавання, дрэваапрацоўцы, выпуску і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.

Эканамічны і сацыяльны эфекты відавочныя: ствараюцца новыя працоўныя месцы, растуць даходы насельніцтва, а на ўнутраным рынку з’явіцца больш высокатэхналагічнай прадукцыі, вырабленай з мясцовай сыравіны, адпаведна, стане больш шырокі асартымент айчынных тавараў на паліцах крам.

З прадуктаў харчавання будзе забяспечаны выпуск сыроў з белай і блакітнай цвіллю, мяккай карамелі, сухога малака, харчовых араматызатараў, значна пашырыцца асартымент замарожанай садавінагародніннай і ягаднай прадукцыі.

Павялічыцца вытворчасць піламатэрыялаў, мэблі (у тым ліку па індывідуальных заказах). У галіне фармацэўтыкі з’явяцца новыя лекі на аснове рэкамбінантных тэхналогій і фракцыянавання плазмы крыві. У будаўніцтве — перлітавыя панэлі, фібрацэментная чарапіца. Будуць выпускацца і асобныя віды інавацыйнай прадукцыі — помпы з кампазітных матэрыялаў, складаныя 3D-ліццёвыя формы, робататэхнічныя комплексы для прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці.

Яшчэ адзін важны аспект — да 50 працэнтаў усёй запланаванай да выпуску прадукцыі мае высокі экспартны патэнцыял на рынках Расійскай Федэрацыі, СНД і ЕАЭС.

Неабходна адзначыць і шэраг значных для рэгіёнаў інфраструктурных праектаў экалагічнай накіраванасці, якія рэалізоўваюцца ў рамках даручэння «Адзін раён — адзін праект».

Сярод іх — будаўніцтва комплексу па паглыбленай перапрацоўцы зношаных шын і гуматэхнічных вырабаў у Наваполацку, будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода для Бабруйска, будаўніцтва электрастанцыі на аднаўляльных крыніцах энергіі ў Быхаве.

Такія праекты садзейнічаюць зніжэнню экалагічнай нагрузкі, гарантаванню энергетычнай бяспекі краіны.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.