Вы тут

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць


Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк? «Стаiм роўна, закрылi рот, на мяне глядзiм, поўная цiшыня, а цяпер цiхенька садзiмся». Маленькiм вучням давядзецца даведацца, што, для таго каб размаўляць, трэба падняць руку, а замест прывiтання трэба моўчкi ўстаць. Ты хочаш пасядзець i падумаць, але ў гэты момант гучыць званок i ўсе павiнны выйсцi з класа. А iншаму, наадварот, трэба падчас урока пахадзiць, але ўставаць з-за парты катэгарычна нельга. У школе ўсё ўсур'ёз i надоўга — на цэлых адзiнаццаць гадоў! I твае iндывiдуальныя патрэбы i асаблiвасцi характару там мала каго цiкавяць. А школьныя адзнакi? Класiк гуманнай педагогiкi Шалва Аманашвiлi параўнаў iх з вiнтоўкай, нацэленай у лоб дзiцяцi. Якой павiнна быць матывацыя: унутранай цi знешняй? Уласнай цi прымусовай? Цi патрэбныя ўвогуле ў школе адзнакi? Хто выступае галоўным заказчыкам адукацыi: дзяржава цi бацькi? Гэтыя i многiя iншыя пытаннi аказалiся ў цэнтры ўвагi ўдзельнiкаў 3-й канферэнцыi па альтэрнатыўнай адукацыi.


Пошук альтэрнатывы

— Я лiчу, што ў нашай краiне права рэалiзоўваць гуманнае навучанне дзяцей у тым фармаце, якi мы, бацькi, лiчым патрэбным, — абмежаванае, — разважае арганiзатар i настаўнiк сямейных класаў Любоў БАРКУН. — Адзiная магчымасць — гэта арганiзаваць дзiцяцi навучанне па iндывiдуальным плане, але аднаго толькi жадання перайсцi на сямейнае выхаванне будзе недастаткова. Ёсць пэўны пералiк прычын, па якiх гэта магчыма зрабiць, прычым яны павiнны быць вельмi важкiя. Табе могуць проста адмовiць, таму трэба быць настойлiвым. У вынiку, на мой погляд, сям'я ў нас не можа выступаць паўнавартасным заказчыкам адукацыi.

— Калi няма даверу да школы, то ты пачынаеш шукаць нейкiя альтэрнатыўныя спосабы, — канстатуе заснавальнiк i дырэктар адукацыйнага цэнтра Astra Global, блогер, мацi дзяцей, якiя навучаюцца дома, Наталля
БОГДАН. — Мы аддалi дачку ў першы клас звычайнай школы, але яна хадзiла туды са слязамi. Я чула, як з ёй там размаўляюць, — з такiмi iнтанацыямi i такiм стаўленнем яна дома нiколi не сустракалася, i для яе гэта быў магутны стрэс. Таму нам давялося яе адтуль забраць. Я ўпэўнена, што школа павiнна забяспечыць не толькi пэўны ўзровень адукацыi, але i спрыяльную псiхалагiчную атмасферу, бо нясе адказнасць i за псiхiчны стан дзяцей у тым лiку. Цяпер я ўзяла адказнасць за навучанне сваiх дзяцей на сябе: гэта вялiкая нагрузка па пошуку педагогаў, з якiмi ў дзяцей будзе паразуменне ды добры кантакт, па матывацыi iх да навучання. Я хачу, каб дзецям было цiкава вучыцца, а школе ўласцiвая канцэнтрацыя на другасных i нейкiх знешнiх крытэрыях: там важна, як аформлена твая работа, колькi клетачак ты адступiў. Трэба ўлiчваць, у якiм свеце мы жывём. Можа, уменне друкаваць на камп'ютары сёння важнейшае, чым уменне пiсаць прыгожым почыркам?

Пад бацькоўскiм прэсiнгам

— З глабальнага пункту погляду заказчыкам павiнна быць усё ж такi дзяржава, але яна павiнна быць заказчыкам i прыватнай адукацыi ў тым лiку, заахвочваць разнастайнасць, любыя формы адукацыi, уключаючы i хатняе навучанне, — падкрэслiвае выкладчык англiйскай i французскай моў, заснавальнiк дзвюх моўных школ, член Грамадскага кансультацыйнага савета пры Мiнiстэрстве адукацыi Андрэй ГРЫГОР'ЕЎ. — I ў школе павiнна быць добра арганiзаваная прафарыентацыйная работа, прычым яна павiнна весцiся з пятага да дзявятага класа, каб два апошнiя школьныя гады падлетак мог прысвяцiць таму, што яму насамрэч па душы i чым ён хоча далей займацца. Напрыклад, у Англii дзецям даюць магчымасць прыслухацца да сябе, i бацькi там у выбар сваiх дзяцей не ўмешваюцца. А ў нас назiраецца зусiм iншая сiтуацыя — дзецi выбiраюць прафесiю пад цiскам дарослых, а потым прыносяць iм дыплом i кажуць: «Ты хацеў — дык атрымай». Вiна бацькоў у тым, што яны самi вельмi часта тармозяць сваiх дзяцей у iх памкненнях. Таму ў нас зусiм не рэдкасць, калi адзiнаццацiкласнiкi не ведаюць, у якой прафесii яны сябе бачаць. Ты хочаш быць музыкантам, але бацькi кажуць: «Спачатку атрымай нармальную адукацыю, якая цябе пракормiць. Iдзi папрацуй, напрыклад, бухгалтарам...»

— А пачынаецца ўсё прыкладна з паўтара гадоў, калi мацi пытаецца ў дзiцяцi: «А якую ты хочаш кашу? Аўсяную? А я ўжо гатую табе рысавую...» Потым у прыёмнай камiсii ВНУ абiтурыенту працягваюць бланк для запаўнення, а мацi яго выхоплiвае i кажа: «Дай я сама запоўню, а то ты ўсё сапсуеш». I вось пад такiм бацькоўскiм прэсiнгам даволi цяжка самавызначацца, — кажа сузаснавальнiк прыватнай установы адукацыi — сярэдняй школы LuCh, Акадэмii крэатыўных тэхналогiй для дзяўчат IT Princess, дырэктар Асацыяцыi «Адукацыя для будучынi» Валянцiна ЧЭКАН. — У многiх бацькоў дзейнiчае ўстаноўка кшталту: калi я не датанцавала, то ты датанцуеш, калi я не здзейснiў сваю мару, яе здзейснiш ты. Дзiця не павiнна рэалiзоўваць нашы амбiцыi. Нельга навязваць яму прафесiю, густы, ацэнкi, а трэба даць прайсцi свой шлях i пражыць сваё жыццё.

I цiкаўнасць узнiкае толькi тады, калi ёсць свабода выбару i свабода самавыяўлення. Да мяне прыводзяць дзяўчыну i кажуць: «Ёй 15 гадоў, i яна нiчога не хоча. Валянцiна, ну зрабiце што-небудзь, каб яна захацела...» Я ў яе пытаюся: «Што ты хочаш?» Адказвае: «Хачу маляваць». — «А мацi што хоча?» — «Каб я стала юрыстам».

Мяркую, што нельга аспрэчваць права бацькоў быць заказчыкамi адукацыi. Праўда, у мяне напрошваецца аналогiя. Калi нам аказалi няякасную паслугу цi зрабiлi гэта нясвоечасова, мы ж не маўчым, ведаем, куды можна паскардзiцца. А што адбываецца ў адукацыi? Цi насамрэч яна ў нас бясплатная? Напрыклад, я як мацi дачкi што навучалася ў дзяржаўнай школе, лiчу, што ў бацькоў ёсць два шляхi. Па-першае, ты павiнен максiмальна ўнiкаць у тое, што адбываецца з тваiм дзiцем у школе, а па-другое, патрабуецца пэўная бацькоўская смеласць, каб у выпадку неабходнасцi сваё дзiця абаранiць. Мы вельмi многiя паслугi аплачваем двойчы. Спачатку са сваiх падаткаў, а потым яшчэ раз са сваёй кiшэнi.

Калi мая дачка вывучае за ўласныя грошы iнтэрнэт-маркетынг тры гады без наяўнасцi iнтэрнэту ў вучэбнай аўдыторыi, то цi атрымаю я таго спецыялiста, якi мне патрэбны на выхадзе? За што я плачу? Калiсьцi даведалася, што ў Аўстралii грамадзяне атрымлiваюць напрыканцы года доўгi чэк-справаздачу пра тое, куды былi накiраваныя iх падаткi. Напрыклад, за iх заасфальтавалi 20 метраў дарогi побач з гiпермаркетам, набылi 48 кнiг у бiблiятэку i гэтак далей. Мне таксама хацелася б ведаць: а куды iдуць мае падаткi? Можа, лепш мне яшчэ з моманту нараджэння дзiцяцi iх адкладваць у скарбонку, бо потым усё роўна давядзецца плацiць за адукацыю?

Забяспечыць разнастайнасць

— Асабiста я з боку бацькоўскай супольнасцi не бачу адукацыйнага заказу, — канстатуе прыватны настаўнiк матэматыкi, кансультант па пытаннях адукацыi Ягор ДАЎГАЛЕВЕЦ. — Напрыклад, калi да мяне звяртаюцца як да прыватнага настаўнiка або ў рамках нейкiх школьных праектаў, то звычайна пытаюцца: «Колькi каштуе? Калi вы працуеце? I дзе вы знаходзiцеся?» Але нiхто не пытаецца: «Чым вы адрознiваецеся, што вы нам можаце прапанаваць?» Усе пытаннi звычайна зводзяцца да грашовага складнiка.

Мне сучасныя дзецi надзвычай цiкавыя, таму што яны жывыя i вельмi сапраўдныя. I ў iх ёсць матывацыя, але тое, што прапануе наша сiстэма адукацыi, iм зусiм нецiкавае. На мой погляд, наша Мiнiстэрства адукацыi павiнна адказваць толькi за верхнi ўзровень: за кааперацыю, сусветную камунiкацыю, за пошук i аналiз усяго новага, што з'яўляецца на сусветным адукацыйным рынку, яго адаптацыю пад нашы рэалii, накiраванне педагогаў на мiжнародныя канферэнцыi. Мiнiстэрства павiнна дапамагаць зрабiць сiстэму адукацыi разнастайнай, каб былi розныя формы i выбар школ. У кожнай будзе свая ўнiкальная прапанова, каб бацькi насамрэч маглi выбiраць. А вось ствараць разнастайнасць — гэта ўжо зона нашай з вамi адказнасцi.

— Па маiх назiраннях, прапанова з боку адукатараў сёння апярэджвае попыт з боку бацькоў. Мы вывучаем розныя сусветныя трэнды, iмкнёмся ад iх не адставаць. Я рэалiзую розныя адукацыйныя праекты i сутыкаюся з тым, што апошнiя пяць гадоў да нас прыходзяць
бацькi, якiя абсалютна не маюць уяўлення пра тое, а што ж яны чакаюць ад адукацыi. Суцэльны белы аркуш па гэтай тэме. I калi я запрашу бацькоў на Дзень адчыненых  дзвярэй, каб пазнаёмiцца блiжэй з адукацыйнай канцэпцыяй маёй школы, то энтузiязму з iх боку дакладна не сустрэну, — кажа Валянцiна Чэкан. — I мушу заўважыць, што прыватная адукацыя не заўсёды азначае якасць. Гэта можа быць проста гiсторыя пра грошы. У школе могуць добра кармiць, там ёсць басейн, у класе сядзiць значна менш вучняў, дзецям выкладаюцца некалькi замежных моў, але адукацыйнай канцэпцыi ў гэтай установы адукацыi няма.

Трэба спрабаваць усё

— Кожнае дзiця з нараджэння матываванае на развiццё, на спазнанне свету, таму вельмi важна яго ў гэтым падтрымаць, — разважае псiхолаг, мацi чатырох дзяцей, кiраўнiк адукацыйнага клуба гуманнай педагогiкi «Разумная сямейка» Алеся ТАЛПЕКА-МАХАТАЕВА. — Я падзяляю думку Шалвы Аманашвiлi, якi кажа, што трэба зрабiць усё, каб дзiцяцi не хацелася «вiсець» на дошцы гонару ў школе, не было жадання выдзелiцца i ўзвысiцца над iншымi за кошт сваiх адзнак. Гэта ў прынцыпе не вельмi ўдалы стымул для жыцця. Мы павiнны спаборнiчаць самi з сабой, рухацца наперад праз iнтарэс, а не праз мiжасобасную канкурэнцыю. «Ваша дзiця нiчога на ўроку не хоча рабiць. Разбярыцеся», — кажа настаўнiк бацькам. Прабачце, але цi iх гэта праблема? Цi ўсё ж такi зацiкавiць, захапiць сваiм прадметам — гэта задача настаўнiка? Звычайна педагогi iдуць да вучняў са сваiм прадметам у руках, а трэба разам з вучнямi iсцi да прадмета.

— Калi да мяне прыходзяць бацькi са скаргай на страту матывацыi i пытаннем, як яе вярнуць, я разумею, што размова iдзе зусiм не пра матывацыю. Проста дзiця вымушана рабiць у школе тое, што яму нецiкава, i, як яно думае, не патрэбна. Сапраўдная матывацыя ў яго можа прарывацца ў выглядзе адмовы ад таго, што мы яму навязваем, i гэта праяўляецца ў бунце, — звяртае ўвагу бацькоў псiхолаг Веранiка МIХАЛКА.

— Каб зразумець, што я хачу, трэба спрабаваць усё. Iнакш адкуль ты можаш даведацца, што табе падабаецца хiмiя, калi ты ёй не займаўся? — дадае псiхолаг Зоя НАВАРА. — Думаю, праблема ў тым, што ў школе ты проста не можаш адмовiцца ад таго, што табе нецiкава. Дарэчы, матывацыя ад мацi кшталту «я буду табой ганарыцца» таксама можа працаваць некаторы час. Але патрэбная не толькi знешняя, але i ўнутраная матывацыя. Словы «табе гэта ў жыццi спатрэбiцца» не працуюць: час iдзе, а аб'ём незапатрабаваных ведаў павялiчваецца. Такое адтэрмiнаванае чаканне цягне за сабой развiццё неўрозу. А аргументы кшталту «я лепш ведаю, ты павiнен слухаць мяне, таму што я старэйшая» i ўвогуле не працуюць.

— А яшчэ матывацыя дзiцяцi можа ўвогуле не перасякацца са школьнымi дысцыплiнамi, — кажа настаўнiк фiзiкi i iнфарматыкi, STEM-педагог Аксана АКУНЕВIЧ. — Мне вельмi iмпануе, што ў беларускiх школах укараняецца тэхналогiя актыўнай ацэнкi, калi дзiця параўноўваюць не з iншымi, а з самiм сабой, вучань ставiць мэты i рушыць да iх. I зваротная сувязь, якую забяспечвае настаўнiк, — гэта не iнструмент пакарання. Але ў нашым грамадстве, на жаль, пакуль пануе культ адзнакi.

— Школьныя адзнакi ўключаюць не толькi ацэнку ведаў, але i ацэнку тваёй асобы. Вось цi хацелi б мы, дарослыя, каб нас ацэньвалi без нашага запыту? А дзяцей у школе ацэньваюць штодня: табе — «васьмёрка», а табе — «пяцёрка». I нават пахвала — гэта таксама iнструмент ацэньвання, — кажа Веранiка Мiхалка. — I ёсць страх, што наступным разам ты можаш аказацца недастойны пахвалы. А што, калi мы перафарматуем ацэньванне дзяцей пад iх запыт? Я разумею, што гэта рэвалюцыйны падыход, але чаму б i не?

— Усе мы баiмся памыляцца: i дарослыя, i дзецi. I з гэтым трэба штосьцi рабiць, — падкрэслiвае Зоя Навара. — Дазваляйце памыляцца сабе i сваiм дзецям, быць неiдэальнымi! Гэта не проста патрэбна, а яшчэ карысна i цiкава.

— Без памылак нельга рухацца наперад. А спатыкнуцца можна i на роўнай дарозе, — дапаўняе Алеся Талпека-Махатаева.

Надзея НIКАЛАЕВА.

Загаловак у газеце: Без памылак нельга рухацца наперад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.