Вы тут

Боты найлепшаму дворніку і 200 грамаў выратавальніку мастоў


Унікальныя архіўныя дакументы прэзентуе на сваёй афіцыйнай старонцы deputat-grodno.by і Тэлеграм-канале Гродзенскі гарадскі Савет дэпутатаў.


Амаль усе яны друкуюцца ўпершыню, бо раней сустрэць у шырокім доступе дакументы пераможных 1944—45-х гадоў, няпростых 1950-х, стваральных 1960-х было немагчыма. Тое, што захоўвалася ў архівах, цяпер становіцца здабыткам грамадства. А нагода для гэтага дастаткова сур'ёзная — сёлета гарсавет адзначае сваё 80-годдзе. Напярэдадні юбілею мы зазірнулі ў архівы і знайшлі шмат цікавых фактаў, якія тычацца жыцця абласнога цэнтра і дзейнасці гарадскога Савета дэпутатаў на працягу васьмі дзясяткаў гадоў. Цяпер пазнаёміцца з цікавымі фактамі можа кожны ахвотны.

Першыя выбары ў мясцовыя Саветы на тэрыторыі Гродзенскай вобласці адбыліся 15 снежня 1940 года, і ўжо 21 снежня прайшло першае пасяджэнне. У той час склад гарсавета быў шматлікі — ён налічваў 320 чалавек. Крыху пазней колькасць народных абраннікаў скарацілася да 250. Трэба сказаць, што ў цяперашні час у склад гарсавета ўваходзяць 30 чалавек. Але зараз не пра гэта: сёння мы пазнаёмімся з невядомай раней часткай гісторыі Гродна.

Працоўны ўдзел кожнага

Факты з жыцця горада публікуюцца ў трох раздзелах: «Пераможныя 1944—45 гады», «Цікавыя факты» і «Цытаты ў гісторыі». Апошні, дарэчы, датычыцца выказванняў славутых гродзенцаў. Напрыклад, таварыш Шубік, тагачасны загадчык гарадскога аддзела аховы здароўя Гарсавета працоўных, заклікаў: «Хопіць адносіць усялякую бяздзейнасць на кошт вайны». Казаў ён гэта ў 1946-м і, безумоўна, рацыю меў...

Дарэчы, пра наступствы ваеннага ліхалецця. Усе першыя рашэнні, якія ёсць зараз на сайце, адносяцца да першых пераможных гадоў. У гарсавеце адзначаюць, што далейшыя перыяды з жыцця горада будуць з'яўляцца тут паступова кожны тыдзень: маўляў, сачыце за нашай старонкай, падпісвайцеся на наш тэлеграм-канал і не пашкадуеце. І сапраўды, цікавінак тут дастаткова! Адным з першых надрукавана рашэнне, згодна з якім у лютым 1945-га спецыялістам, што працавалі на рэканструкцыі мастоў цераз Нёман, выдаваўся абед і 200 грамаў гарэлкі штодзень на чалавека за кошт гарвыканкама. Стратэгічныя аб'екты патрабавалі адпаведных падыходаў, як бачым. Дарэчы, такіх спецыялістаў было 15 чалавек.

Трэба сказаць, што ў 1944-м рашэннем выканкама Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных было прынята рашэнне «Аб аднаўленні горада Гродна і працоўным удзеле насельніцтва ва ўзнаўленні горада», згодна з якім замацоўваліся працоўныя нормы для ўсіх працаздольных гродзенцаў. Яны павінны былі акрамя выканання сваіх непасрэдных абавязкаў зрабіць унёсак у справу аднаўлення горада з руін. Так, для рабочых і служачых з 8-гадзінным рабочым днём і вольнанаёмнага складу вайсковых часцей гэтая норма складала 30 гадзін на месяц, для рабочых і служачых з падоўжаным днём, студэнтаў і навучэнцаў — 15 гадзін, для грамадзян, што не працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях — 60 гадзін на месяц. Працаваць на разборы зруйнаваных вайной будынкаў, завалаў гродзенцы павінны былі ў свой вольны ад работы і вучобы час, пачынаючы з суботы 17 снежня 1944-га. Перапынак рабіўся толькі на зімовы сезон, і з 1 красавіка наступнага года працоўны ўдзел у работах па аднаўленні горада пасля Айчыннай вайны працягнуўся з новым імпэтам.

Ушанаваць усіх, хто дапамагаў ва ўзнаўленні горада, павінна была Дошка гонару, якую вырашылі ўсталяваць у сакавіку 1945-га.

Яшчэ адзін абавязак для гродзенцаў быў замацаваны адпаведным рашэннем восенню 1944 года — усеагульная абавязковая падрыхтоўка насельніцтва да супрацьпаветранай і супрацьпажарнай абароны ўсіх дарослых грамадян ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў.

Важнай старонкай у гісторыі горада з'яўляюцца і падыходы да адукацыйнага працэсу. Так, у 1945-м у Гродне арганізуецца першая пасля вайны вячэрняя школа рабочай моладзі, у якой навучаліся 137 чалавек. Дзейнічалі і звычайныя школы, вынікі работы якіх за першае паўгоддзе падвялі на выканкаме ў лістападзе таго ж года. Сумна, але факт: 1238 школьнікаў з 4251 — фактычна кожны трэці — былі непаспяховыя ў вучобе (ці ж не разборка завалаў таму віной?). Галоўнымі праблемнымі прадметамі для навучання аказаліся руская і беларуская мовы. Дрэнна было і з выкладаннем ваеннай падрыхтоўкі. Вырашылі разгарнуць і ўзмацніць у горадзе праграму «ўсевобуча».

Сукенка за работу

Утрымліваць горад у парадку і чысціні ва ўсе часы дапамагалі дворнікі. Заахвоціць іх на добрасумленную работу павінен быў гарадскі конкурс, які аб'явілі ў 1945-м і сёння назвалі б «Найлепшы ў прафесіі». Што ў гэтым цікавага, спытаеце вы? Адкажу — матэрыяльныя стымулы. У якасці прэмій найлепшым дворнікам рашэннем былі прапісаны не грошы, як гэта зрабілі б цяпер, а... звычайныя з сённяшняга пункту гледжання рэчы: першая прэмія — боты, другая — паліто, трэцяя — касцюм, чацвёртая — шаўковая сукенка.

Сярод цікавых фактаў з гісторыі — адносіны да флоры і фаўны горада. Яшчэ ў кастрычніку 1944-га замацоўваецца адказнасць за псаванне драўняных і дэкаратыўных насаджэнняў у выглядзе штрафу да 100 рублёў ці прымусовых работ да двух тыдняў. У чэрвені 1945-га забаронены «выпас жывёлы ў парках, скверах і на вуліцах Гродна». Што датычыцца хатніх гадаванцаў, то рашэннем ад 25 верасня гэтага ж года выканкам Гарсавета дэпутатаў працоўных вырашае абавязаць усіх гараджан, якія ўтрымліваюць сабак, незалежна ад пароды, да 10 кастрычніка (звярніце ўвагу — менш за месяц адводзіцца на выкананне рашэння. — Аўт.) зарэгістраваць іх у камунальным аддзеле гарвыканкама, атрымаць рэгістрацыйныя даведкі і нумары для хвастатых.

У жніўні—верасні 1944 года быў адноўлены гадавальнік зялёных насаджэнняў горада. Працягам гэтай работы можна лічыць 15 тысяч дрэў, якія высадзілі ў абласным цэнтры ўвесну 1946-га.

«Цаглінка» і відовішчы!

Што датычыцца першага пункта — у лістападзе 1945-га агульная вага выпечанага за дзень хлеба складала 13 тон. Набыць яго можна было выключна па харчовых картках, а не колькі заўгодна. Для развозу духмяных «цаглінак» па горадзе патрэбна была тона бензіну штомесяц, у гэтым працэсе таксама былі задзейнічаны шэсць коней, якія ўтрымліваліся на хлебакамбінаце. Дарэчы, правіламі вулічнага руху ў Гродне было замацавана, што пры рабоце ў галалёдзіцу коні павінны былі мець падковы з шыпамі. Дапоўніць уражанне аб транспартнай тэматыцы дапаможа адпаведнае рашэнне, якое было прынята ў 1945-м, — яно абмяжоўвала максімальную хуткасць любога транспарту ў Гродне 25 кіламетрамі ў гадзіну, а па вуліцы Сацыялістычнай дазвалялася і таго менш — 15 кіламетраў!

Відовішчная ж частка адрадзілася летам 1944-га: дзеля правядзення культурна-масавай і выхаваўчай работы сярод гараджан прымаецца рашэнне аб аднаўленні работы кінатэатраў «Чырвоная зорка» і «Трэці Інтэрнацыянал». Прычым электраэнергіяй іх павінен быў забяспечыць піўзавод. Гродзенцы ведаюць: сёння і мясцовы піўзавод, і «Інтэрнацыянал» ужо сталі гісторыяй, а вось «Чырвоная зорка» — вельмі запатрабаваны кінатэатр у сучаснага гледача.

Вольга АНУФРЫЕВА

(Працяг будзе)

Загаловак у газеце: Не хлебам адзіным...

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.