Вы тут

Лес і вуліцы Кузьмы Чорнага


Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае…» — згадваў пра Цімкавічы Кузьма Чорны. Вёску ў Капыльскім раёне, дзе прайшло маленства, юнацтва, дзе адбывалася сталенне, пісьменнік лічыў другой сваёй радзімай.

 Каб стаць беларускім Дастаеўскім (як яго часта называюць прыхільнікі) і адлюстраваць у  творах нацыянальны характар, патрэбна было спачатку ўвабраць яго ў сваю душу, прасякнуцца духам родных мясцін, зліцца з імі на ўзроўні падсвядомасці, што і адбывалася ў родных Міколу Цімкавічах, куды сям’я пераехала ў 1908 годзе з  вёскі Боркі. Недалёка знаходзіцца і Скіп’еўскі лес, які даў назву аднаму з твораў пісьменніка. У гэтым лесе Мікола бываў дзіцём разам са сваім улюбёным выхавальнікам — дзедам па маці Міхалам Парыбкам. Казалі, што ў дзеда было мастацкае светаадчуванне, ён любіў займацца з дзецьмі, быў цудоўным апавядальнікам і многаму ўнука навучыў. Менавіта вулічная мянушка дзеда і стала потым псеўданімам пісьменніка: Чорны.


Дзед і ўнук: пераемнасць

Цяпер у Цімкавічах знаходзіцца Літаратурны музей Кузьмы Чорнага, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Экспазіцыя музея пісьменніка аднавілася ў 2015 годзе.

А ўвогуле гэта адна з найстарэйшых музейных устаноў: створана яна была да дня нараджэння творцы ў 1964 годзе, месцілася ў спецыяльна збудаваным пад яе памяшканні побач са школай, мела статус школьнага музея. Тады яшчэ былі жывыя многія сучаснікі Кузьмы Чорнага. Да іх звярталіся стваральнікі музея, запісвалі ўспаміны. Так, аднымі з самых цікавых сталі згадкі не толькі пра пісьменніка, але і пра яго бацькоў.

Нядаўна на аснове гэтых успамінаў сумесна з тэлеканалам АНТ стварылі тэматычны праект пра жыццё і творчасць пісьменніка, першымі запісалі перадачы пра маці і пра бацьку Міколы Раманоўскага (такім было сапраўднае імя творцы).

Калі адкрываўся школьны музей, кожную залу замацавалі за кімсьці з вучняў, школьнікі і праводзілі экскурсіі (сярод якіх, дарэчы, была і Людміла Ніжэвіч, якая цяпер з’яўляецца загадчыкам Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага). Усе вітрыны зроблены рукамі настаўнікаў і навучэнцаў.

У 1993 годзе музей набыў статус дзяржаўнага. Навуковую канцэпцыю распрацавала Лідзія Макарэвіч, а мастацкае ўвасабленне зрабіў мастак Генадзь Чысты. У аснову навуковай канцэпцыі леглі ўспаміны літаратараў, архіўныя звесткі, матэрыялы з іншых музеяў, у тым ліку Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Нядаўна фонды музея Чоргана папоўніліся каштоўным экспанатам: былы дырэктар слуцкай навучальнай установы Мікалай Хілько перадаў ліст і паштоўку Кузьмы Чорнага да яго сваякоў.

На базе музейнай установы сумесна з дзяржаўнымі навучальнымі і іншымі ўстановамі пастаянна арганізоўваюцца праекты, скіраваныя на тое, каб захаваць спадчыну Кузьмы Чорнага і, галоўнае, прыцягнуць да вывучэння творчасці пісьменніка школьнікаў, зацікавіць ёй усіх, спрыяць папулярызацыі асобы пісьменніка, якой, перакананая Л.  Ніжэвіч, беларусы павінны ганарыцца... Праводзяцца конкурсы малюнкаў, арганізоўваюцца перасоўныя выстаўкі. А якраз у дзень нараджэння пісьменніка сумесна з дзіцячай школай мастацтваў адбыўся плэнер «Кузьма Чорны і Капыльская вуліца». Загадчык музея пастаянна выкладае і на сваёй старонцы ў папулярных сацыяльных сетках выступленні дзіцячых мастацкіх калектываў, прысвечаныя вывучэнню спадчыны пісьменніка, запісы інсцэніровак твораў К. Чорнага. Можна паслухаць і вершы, адрасаваныя памяці пісьменніка, у выкананні вучняў: іх уласныя і аўтарскія. Сабрала Л. Ніжэвіч у асобную рубрыку і выказванні пра Кузьму Чорнага яго сучаснікаў і калег па пяры, некаторыя з іх хочацца прадставіць і на старонках выдання:

«Чорны быў вялікі псіхолаг, ён жа быў і гісторык. Ён умеў разгарнуць апавяданне не толькі з пункту гледжання гістарычных падзей, але і з пункту гледжання росту чалавека ў часе. І яшчэ адна цудоўная якасць была ў  Кузьмы Чорнага. Думаў ён сінтэтычна. І пейзаж, і абставіны, у якіх дзейнічаюць героі, і гістарычныя падзеі да таго арганізаваны, што адчуваеш і час, і асоб, і ўсю эпоху. Мне нават здаецца, што і колер, і музыку можна адчуць у Чорнага».

(Заір Азгур «Пра людзей, якім я ўдзячны»)

«Выходзячы пасля работы з рэдакцыі, Чорны вешаў загнуты кіёк на балясіну сходаў. Грукаючы акутым канцом на прыступках, кій ляцеў уніз, а Чорны наўздзіў хутка і спрытна тупаў услед і заўжды паспяваў падхапіць яго ў апошнім пралёце. Гэта не ўдавалася нават маладзейшым.

— Цельпухі, бегаць не можаце! — казаў Чорны».

(Максім Лужанін «Невычэрпны талент»)

«Пачатак сапраўднага майго сяброўства з Кузьмой Чорным прыпадае на 1918—19 гады, калі я вучыўся ў Цімкавіцкім гарадскім вучылішчы. У цёплы вясенні дзень мы бралі вуды і, мінаючы цяністы парк, спускаліся з пахілага пагорка ўніз, да люстранога возера. Там адвязвалі човен і плылі ў зараслі рачулкі Мажы, туды, дзе ў зацішных пратоках вяліся дзябёлыя краснапёркі і ліні. Лавілася ці не лавілася рыба, а размова ішла пра тое, што не ўсім лёгка жывецца на свеце».

(Мікола Хведаровіч «Вялікі мастак прозы»)

Кузьма Чорны з паэткай-маладнякоўкай Ідай Чырвань (сапр. Зінаіда Кобрык) і невядомымі. 1925 г.

Яшчэ і музыкант, і мастак...

Ёсць перакананне, пацверджанае прыкладамі з жыцця, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Так, Кузьма Чорны ўмеў граць на балалайцы, фізгармоніі і піяніне. Піяніна, якое памятае яго рукі, цяпер знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Там жа сярод экспанатаў — і патэфон, на якім пісьменнік любіў слухаць музыку і спевы. Захаваліся згадкі аб тым, што калі ў вёсцы пад вокнамі хаты К. Чорнага з’яўляўся катрыншчык са сваім інструментам, то, узнагароджаны за сваё рамяство, не адыходзіў, пакуль не выканае ледзь не ўвесь рэпертуар.

Калі ж катрыншчык ішоў далей, Кузьма Чорны сам спяваў толькі што пачутыя песні. І спяваў вельмі добра, гэта таксама быў адзін з любімых яго заняткаў.

А яшчэ пісьменнік выдатна маляваў, ілюстраваў свае творы. Віртуальную выстаўку яго малюнкаў можна паглядзець на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Праект падрыхтаваны ў межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання «Маладняк» сумесна з Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага і прымеркаваны да 120-годдзя пісьменніка.

Фота Яны Будовіч

 Не так даўно фасад аднаго з дамоў па сталічнай вуліцы, названай імем пісьменніка, упрыгожыла графіці — выява Кузьмы Чорнага. Позірк пісьменніка скіраваны нібыта адначасова і ў свет сваіх мар, і на тыя вулкі і алеі, па якіх ён калісьці хадзіў, з якімі дзяліў і радасць, і смутак...

Яна БУДОВІЧ

Архіўныя фота прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.

Выбар рэдакцыі

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.