Вы тут

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры


У Гродне падчас святкавання Дня Незалежнасцi прадстаўлены габелен, якi выткалi спецыяльна да 75-годдзя Вялiкай Перамогi. Работа вялася на працягу пяцi месяцаў, i ў вынiку атрымалася даволi вялiкае палатно памерам 1,5 на 2 метры. Ажыццявiла гэты праект творчая група ў складзе мастака Яўгена Шунейкi i ткачых Алены Шунейкi i Юлii Барадзiной.


Першае, што кiдаецца ў вочы, — гэта яркiя фарбы. Яны асаблiва зiхацяць па контуры палатна. Гэта элементы беларускага арнамента, птушкi, васiлькi, папараць. Вядома, прыцягвае ўвагу цэнтральны вобраз — Мацi-Беларусi. Яна трымае на руках маленькага хлопчыка, якi гатовы выпусцiць у палёт птушку. Паступова позiрк пераходзiць на iншыя фрагменты, якiх нямала. Кампазiцыйна габелен падзелены на тры часткi. Першая складзена з двух фрагментаў, на адным з якiх — воiны-вызвалiцелi, на другiм — партызаны. Гэта тыя, хто здабываў перамогу ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. Другая частка сiмвалiзуе сучаснае жыццё, тут прысутнiчаюць прадстаўнiкi самых розных прафесiй. На трэцяй можна знайсцi адметныя аб'екты ўсiх абласных цэнтраў i горада Мiнска.

— Яркiя фарбы — гэта такая задумка, — расказвае ткачыха Алена Шунейка. — Праўда, на кардоне яны былi не такiя яркiя, але мы так падабралi нiткi, каб было прыгожа. Каб адчувалася радасць, што мы вытрымалi, перамаглi, адбудавалi нашу краiну i пойдзем далей у будучыню.

Як паведамiлi аўтары, раней у ткацкiх выявах наўрад цi былi зваршчыкi альбо айцiшнiкi. А на гэтым палатне яны ёсць. I, канешне, земляробы, будаўнiкi, навукоўцы i дзеячы культуры. Нечакана, можна сказаць, у апошнi момант, мастак дабавiў вобраз ваеннай медсястры.

— Яўген Шунейка прыехаў з гатовым эскiзам, мы разгаварылiся. I я расказала, што мая прабабуля, Марыя Фёдараўна Барадзiна, ветэран вайны, была медыцынскай сястрой. Так з'явiлася на палатне медыцынская ваенная медсястра, хоць на самiм эскiзе яе не было. А на палатне ўжо ёсць. Для мяне гэта было вельмi сiмвалiчна. Я сама ткала гэтую частку з вобразам сваёй бабулi, — з хваляваннем паведамiла маладая ткачыха Юлiя Барадзiна. — Гэта маё першае палатно, i калi мяне запрасiлi ўдзельнiчаць у прекце, я з радасцю згадзiлася.

А вось для Яўгена Шунейкi i яго сястры Алены  ткацтва — справа сямейная, прычым не аднаго пакалення. Iх бацька, Фелiкс Шунейка, у 50-я гады мiнулага стагоддзя быў вядомы майстар на Гродзеншчыне. Ён не толькi сам ткаў, але i шукаў па вёсках ткачых, каб папулярызаваць гэтае рамяство. Дарэчы, у сучасным габелене значная частка нiтак, якiя некалi фарбаваў Фелiкс Шунейка. А яшчэ ён удасканалiў ткацкi станок пад вертыкальныя габелены. На традыцыйным станку аснова кладзецца гарызантальна, так ткуць посцiлкi альбо ходнiкi цi ручнiкi. Для габеленаў зручней вертыкальнае ткацтва, бо адразу вiдаць, як кладзецца ўзор.

Сюжэт гродзенскага габелена прапанаваў Яўген Шунейка, якi таксама ўмее добра ткаць, а зараз з'яўляецца прафесарам кафедры гiсторыi i тэорыi мастацтва Беларускай акадэмii мастацтваў. А яго сястра са сваёй вучанiцай увасобiлi праект у жыццё. Праўда, раней вялiкiя габелены ткалi ў шэсць рук, гродзенкi працавалi ў чатыры рукi i свой твор у тэхнiцы пераборнага ткацтва выканалi за 151 дзень. Кажуць, што гэта надзвычай рэкордны тэрмiн.

— Наш габелен назвалi «Гiсторыi жывая нiць». Бо гiсторыя — гэта падмурак свядомасцi чалавека. Мы ўдзячныя людзям, якiя здабывалi Перамогу. А мы павiнны гэтую незалежнасць захаваць. Захаваць традыцыi, культуру, каб свет ведаў, што жывуць такiя працавiтыя беларусы, зычлiвыя, якiя любяць свой край, сваю мову, свае каранi. Менавiта гэта мы iмкнулiся перадаць праз палатно, — агучвае сваё бачанне твора вопытная ткачыха.

Алена займаецца ткацтвам больш за 40 гадоў, i гэта не першы яе вялiкi габелен. Адзiн з iх — «Вясна ў Прынёманнi» — упрыгожвае фае абласнога метадычнага цэнтра. Майстрыха пераасэнсоўвае мясцовыя традыцыi i стварае свае арыгiнальныя сюжэты i кампазiцыi, дзе можна ўбачыць i помнiкi архiтэктуры, i сюжэты на духоўную тэму, i пейзажы. Тэхнiка ўнiкальных габеленаў Алены Шунейкi ў традыцыі падвойнага i пераборнага аднабаковага ткацтва з'яўляецца элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны i ўнесена ў спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусi. I гэта далёка не адзiны такi прыклад.

Як расказала дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасцi Алена Мурэня, у спiс носьбiтаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўнесена белаўзорыстае ткацтва Панямоння, якое ўзнавiлi i захоўваюць у Лiдскiм раёне. Традыцыйныя ткацкiя тэхнiкi шматкаляровых пакрывалаў i дываноў развiваюць у аграгарадку Пагародна Ваўкавыскага раёна. Падвойныя цi гродзенскiя дываны распаўсюджваюць майстры з вёскi Гудзевiчы Мастоўскага раёна. У спiсе спадчыны таксама простае двухнiтовае ткацтва Ваўкавыскага раёна — у такой тэхнiцы стваралi ўнiверсальны вiд тканiны, з якой калiсьцi шылi адзенне, ткалi ручнiкi, палавiкi i посцiлкi.

Што да новага габелена «Гiсторыi жывая нiць», ён будзе вандраваць па Беларусi i выстаўляцца ў музеях цi iншых культурных установах.

Маргарыта УШКЕВIЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Перамаглi, адбудавалi нашу краiну i крочым далей у будучыню...»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.