Вы тут

Першая чарга тэхнапарка «Карал» адкрылася ў Гомелi


Гэта ўнiкальны вопыт для Беларусi па стварэннi суб'екта iнавацыйнай дзейнасцi пры ўдзеле свабоднай эканамiчнай зоны. Поўная назва маштабнага гомельскага iнвестпраекта — «Рэканструкцыя комплексу капiтальных пабудоў для стварэння i развiцця навукова-тэхналагiчнага парка РУСП «Агенцтва развiцця i садзейнiчання iнвестыцыям». Ён рэалiзуецца на тэрыторыi СЭЗ «Гомель-Ратон», а iнiцыятарам стварэння тэхнапарка выступiў Гомельскi аблвыканкам.За аснову ўзятая канцэпцыя расiйскага iнавацыйнага цэнтра «Сколкава».


 БелТА.

Галоўная iдэя тэхнапарка — стварэнне ўмоў для арганiзацыi, развiцця i дзейнасцi iнавацыйных прадпрыемстваў, вытворчасцi запатрабаваных на сучасным рынку тавараў i паслуг, умацаванне партнёрскiх адносiн памiж органамi ўлады, навукi, бiзнесу i адукацыi.

Праект прадугледжвае рэканструкцыю вытворчых памяшканняў i адмiнiстрацыйна-бытавых карпусоў, якiя ўваходзiлi ў склад былога завода «Карал». Цяпер паступова змяняецца архiтэктурна-планiровачнае рашэнне завадскiх будынкаў i iх функцыянальнае выкарыстанне.

Першая чарга першага пускавога модуля, так званага «Модуля В», — гэта адноўленыя памяшканнi агульнай плошчай больш як 2,3 тысячы «квадратаў». Тут прадугледжаны зоны з розным функцыяналам: офiсныя, вытворча-лабараторныя i дапаможныя памяшканнi. Створаны цэнтр прататыпавання i 3D-мадэлявання, якi дапаможа выкарыстоўваць лiчбавыя тэхналогii не толькi ў вытворчасцi, але i ў медыцыне. Цэнтральны вылiчальны комплекс на базе двух высокапрадукцыйных сервераў здольны забяспечыць патрэбы не толькi самога тэхнапарка, але i iншых арганiзацый Гомеля.

Падчас урачыстага адкрыцця аб'екта старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адзначыў, што тэхнапарк стане важным пунктам апоры для развiцця эканомiкi не толькi гэтага рэгiёна, але i краiны ў цэлым:

— Тут будуць акумулявацца распрацоўкi перспектыўных маладых навукоўцаў i iнавацыйных стартапаў. У тэхнапарка ўжо ёсць пагадненнi аб супрацоўнiцтве з ВНУ i ўстановамi аховы здароўя, распачынаюць дзейнасць першыя рэзiдэнты, — заявiў кiраўнiк вобласцi. — Прыцягваючы фiнансавыя i iнтэлектуальныя рэсурсы, тэхнапаркi з'яўляюцца драйверам эканамiчнага i сацыяльнага развiцця рэгiёнаў.

Праект i асноўны аб'ём будаўнiча-мантажных работ выканалi гомельскiя архiтэктары i будаўнiкi. З улiкам карэкцiровак першапачатковага праекта было сэканомлена больш за 300 тысяч рублёў.

Сярод тых, хто ўжо выказаў жаданне стаць рэзiдэнтам гомельскага тэхнапарка, — кампанiя «Iнтэкс i К». Падчас адкрыцця першага пускавога модуля яны прэзентавалi распрацоўкi па павышэннi бяспекi эксплуатацыi цягнiкоў.

Гомельская абласная клiнiчная бальнiца дагавор аб супрацоўнiцтве з тэхнапаркам заключыла яшчэ ў сакавiку сёлета. Ва ўстанове створана сучасная лячэбная база, вядуцца распрацоўкi новых матэрыялаў, якiя выкарыстоўваюцца пры выкананнi высокатэхналагiчных аперацый.

Актыўна супрацоўнiчаць з тэхнапаркам плануюць таксама вышэйшыя навучальныя ўстановы рэгiёна.

Мiж тым у перспектыве першы модуль злучаць галерэяй з суседнiм «Модулем А». Яго плошча больш за сем тысяч квадратных метраў. Увод у эксплуатацыю запланаваны на наступны год.

«Модуль А» — гэта шасцiпавярховы будынак, якi цяпер у стадыi рэканструкцыi. У iм размесцяцца каворкiнг-цэнтр, канферэнц-зала, перагаворныя пакоi, офiсы i фуд-корты, тэрыторыi для адпачынку i паркоўка. У перспектыве таксама плануецца стварыць дзiцячы тэхнапарк.

Кiраўнiк адмiнiстрацыi СЭЗ «Гомель-Ратон» Антанiна Яжова спадзяецца, што тэхнапарк стане своеасаблiвым магнiтам для прыцягнення iнвестыцый у iнавацыйныя праекты, якiя рэалiзуюцца ў тым лiку ў рамках СЭЗ, паспрыяе стварэнню новых бiзнес-рашэнняў, а галоўнае — дапаможа таленавiтым i амбiцыйным людзям рэалiзаваць свае iдэi.

Iнвестпраект па будаўнiцтве тэхнапарка ўключаны ў Дзяржаўную праграму iнавацыйнага развiцця Беларусi на 2016—2020 гады. Фiнансаванне ажыццяўляецца пераважна з iнавацыйнага фонду Гомельскай вобласцi, а таксама з рэспублiканскага цэнтралiзаванага iнавацыйнага фонду i фонду развiцця СЭЗ «Гомель-Ратон». Стваральнiкi тэхнапарка ўпэўнены, што маштабны бiзнес-комплекс павысiць прывабнасць Гомеля для прадпрымальнiцтва, а самому абласному цэнтру ў перспектыве дазволiць разгрузiць цэнтральную частку горада ад мноства офiсаў i аўтатранспарту.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: На ўзор «Сколкава»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.