Гэта ўнiкальны вопыт для Беларусi па стварэннi суб'екта iнавацыйнай дзейнасцi пры ўдзеле свабоднай эканамiчнай зоны. Поўная назва маштабнага гомельскага iнвестпраекта — «Рэканструкцыя комплексу капiтальных пабудоў для стварэння i развiцця навукова-тэхналагiчнага парка РУСП «Агенцтва развiцця i садзейнiчання iнвестыцыям». Ён рэалiзуецца на тэрыторыi СЭЗ «Гомель-Ратон», а iнiцыятарам стварэння тэхнапарка выступiў Гомельскi аблвыканкам.За аснову ўзятая канцэпцыя расiйскага iнавацыйнага цэнтра «Сколкава».
Галоўная iдэя тэхнапарка — стварэнне ўмоў для арганiзацыi, развiцця i дзейнасцi iнавацыйных прадпрыемстваў, вытворчасцi запатрабаваных на сучасным рынку тавараў i паслуг, умацаванне партнёрскiх адносiн памiж органамi ўлады, навукi, бiзнесу i адукацыi.
Праект прадугледжвае рэканструкцыю вытворчых памяшканняў i адмiнiстрацыйна-бытавых карпусоў, якiя ўваходзiлi ў склад былога завода «Карал». Цяпер паступова змяняецца архiтэктурна-планiровачнае рашэнне завадскiх будынкаў i iх функцыянальнае выкарыстанне.
Першая чарга першага пускавога модуля, так званага «Модуля В», — гэта адноўленыя памяшканнi агульнай плошчай больш як 2,3 тысячы «квадратаў». Тут прадугледжаны зоны з розным функцыяналам: офiсныя, вытворча-лабараторныя i дапаможныя памяшканнi. Створаны цэнтр прататыпавання i 3D-мадэлявання, якi дапаможа выкарыстоўваць лiчбавыя тэхналогii не толькi ў вытворчасцi, але i ў медыцыне. Цэнтральны вылiчальны комплекс на базе двух высокапрадукцыйных сервераў здольны забяспечыць патрэбы не толькi самога тэхнапарка, але i iншых арганiзацый Гомеля.
Падчас урачыстага адкрыцця аб'екта старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адзначыў, што тэхнапарк стане важным пунктам апоры для развiцця эканомiкi не толькi гэтага рэгiёна, але i краiны ў цэлым:
— Тут будуць акумулявацца распрацоўкi перспектыўных маладых навукоўцаў i iнавацыйных стартапаў. У тэхнапарка ўжо ёсць пагадненнi аб супрацоўнiцтве з ВНУ i ўстановамi аховы здароўя, распачынаюць дзейнасць першыя рэзiдэнты, — заявiў кiраўнiк вобласцi. — Прыцягваючы фiнансавыя i iнтэлектуальныя рэсурсы, тэхнапаркi з'яўляюцца драйверам эканамiчнага i сацыяльнага развiцця рэгiёнаў.
Праект i асноўны аб'ём будаўнiча-мантажных работ выканалi гомельскiя архiтэктары i будаўнiкi. З улiкам карэкцiровак першапачатковага праекта было сэканомлена больш за 300 тысяч рублёў.
Сярод тых, хто ўжо выказаў жаданне стаць рэзiдэнтам гомельскага тэхнапарка, — кампанiя «Iнтэкс i К». Падчас адкрыцця першага пускавога модуля яны прэзентавалi распрацоўкi па павышэннi бяспекi эксплуатацыi цягнiкоў.
Гомельская абласная клiнiчная бальнiца дагавор аб супрацоўнiцтве з тэхнапаркам заключыла яшчэ ў сакавiку сёлета. Ва ўстанове створана сучасная лячэбная база, вядуцца распрацоўкi новых матэрыялаў, якiя выкарыстоўваюцца пры выкананнi высокатэхналагiчных аперацый.
Актыўна супрацоўнiчаць з тэхнапаркам плануюць таксама вышэйшыя навучальныя ўстановы рэгiёна.
Мiж тым у перспектыве першы модуль злучаць галерэяй з суседнiм «Модулем А». Яго плошча больш за сем тысяч квадратных метраў. Увод у эксплуатацыю запланаваны на наступны год.
«Модуль А» — гэта шасцiпавярховы будынак, якi цяпер у стадыi рэканструкцыi. У iм размесцяцца каворкiнг-цэнтр, канферэнц-зала, перагаворныя пакоi, офiсы i фуд-корты, тэрыторыi для адпачынку i паркоўка. У перспектыве таксама плануецца стварыць дзiцячы тэхнапарк.
Кiраўнiк адмiнiстрацыi СЭЗ «Гомель-Ратон» Антанiна Яжова спадзяецца, што тэхнапарк стане своеасаблiвым магнiтам для прыцягнення iнвестыцый у iнавацыйныя праекты, якiя рэалiзуюцца ў тым лiку ў рамках СЭЗ, паспрыяе стварэнню новых бiзнес-рашэнняў, а галоўнае — дапаможа таленавiтым i амбiцыйным людзям рэалiзаваць свае iдэi.
Iнвестпраект па будаўнiцтве тэхнапарка ўключаны ў Дзяржаўную праграму iнавацыйнага развiцця Беларусi на 2016—2020 гады. Фiнансаванне ажыццяўляецца пераважна з iнавацыйнага фонду Гомельскай вобласцi, а таксама з рэспублiканскага цэнтралiзаванага iнавацыйнага фонду i фонду развiцця СЭЗ «Гомель-Ратон». Стваральнiкi тэхнапарка ўпэўнены, што маштабны бiзнес-комплекс павысiць прывабнасць Гомеля для прадпрымальнiцтва, а самому абласному цэнтру ў перспектыве дазволiць разгрузiць цэнтральную частку горада ад мноства офiсаў i аўтатранспарту.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/tehnapark
[4] https://zviazda.by/be/tags/karal
[5] https://zviazda.by/be/tags/gomel