Заслужанага артыста Беларусі Станіслава Трыфанава называюць барытонам № 1 Вялікага тэатра. Гэта праўда, што на ім трымаецца амаль увесь рэпертуар. Ён выдатны ў кожным вобразе, ці гэта князь Ігар, Тоніа, Галандзец, ці Рыгалета або Эскамільа. А які моцны вобраз Кізгайлы ў оперы Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда», за работу ў якой Станіслаў Трыфанаў і яго калегі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі! Яго жонка Дзіяна — таксама салістка беларускага Вялікага. Зрэшты, размаўляць мы будзем пра сямейнае жыццё артыстаў.
— Як адбылося ваша знаёмства?
Станіслаў Трыфанаў: — Мы пазнаёміліся на ўступных іспытах у Адэскую кансерваторыю. Як потым высветлілася з размоў, убачылі адно аднаго яшчэ раней. А не пазнаёміцца не маглі, таму што вучыліся на адным курсе. Дзіначка, думаю, раскажа пра гэта цікавей...
Дзіяна Трыфанава: — Калі справа дайшла да эцюдаў, загадчыца кафедры Галіна Анатолеўна Паліванава, дзякуй ёй за гэта, сказала: «Вось там учора дзяўчынка была, давайце мы яе цяпер сюды паклічам, Раманенка Дзіяну». Мяне шукалі па калідорах і класах, сказалі, маўляў, цябе тэрмінова выклікаюць. Мяне папрасілі скласці кампанію непасрэдна Стасу, нягледзячы на тое што я ў чарзе студэнтаў стаяла далёка не побач з ім. Вось там, на сцэне, нас і пазнаёмілі.
— Ці доўгі быў цукерачна-букетны перыяд?
С. Т.: — У нас не цукерачна-букетны, а музычна-драматычны перыяд быў. Мы неяк адразу адчулі, што знаходзімся на адной хвалі, перш за ўсё гэта датычыцца творчасці. Вельмі шмат займаліся ў опернай студыі: вакал, акцёрскае майстэрства. Гэта значыць, акрамя чалавечай сімпатыі, у нас былі і ёсць агульныя творчыя інтарэсы. Пажаніліся мы праз два гады пасля нашага знаёмства. Думаю, што перыяд заляцанняў, узаемнай цікавасці ў нас яшчэ не скончыўся. Мы ў добрых адносінах. Не ўяўляю, як можа скончыцца цукерачна-букетны перыяд. Што тады? Асобныя рахункі ў рэстаране?
— Як вы ставіцеся да вопыту сумеснага жыцця да рэгістрацыі шлюбу?
С. Т. — Шчыра кажучы, мне здаецца, што гэта дрэнна. Калі сыходзяцца маладыя людзі і пачынаюць суіснаваць разам, то заканчваецца салодкая любата спатканняў і пачынаецца жыццё. Жыццё як прыцірка характараў. І людзі, ужо звязаныя шлюбам, то-бок рашэннем, што сумеснае жыццё будзе доўгае, шукаюць і знаходзяць у сабе сілы, каб навучыцца быць разам, навучыцца трываць недахопы, дараваць нейкія негатыўныя моманты, якія ёсць у кожнага чалавека. І мне здаецца, толькі шлюб, адказнасць за будучыню стымулюе такія паводзіны. Інакш жа людзі жывуць разам паўгода-год, зноў мяняюць партнёра, а за гэты час збіраюцца нейкія крыўды, фарміруецца прадузятасць, і вось так з'яўляюцца адзінокія людзі ва ўзросце.
Кажуць, што першыя тры гады шлюбу ён і яна правяраюць адно аднаго, назапашваюць сямейны імунітэт, гэта значыць ім трэба перахварэць на ўсе хваробы росту: пасварыцца, пляснуць дзвярыма, калі гэта людзі з характарам, сысці жыць да мамы. Адразу абмоўлюся, што ў нас такога не было, неяк усё ішло гладка без пераходных перыядаў.
І потым, адносіны без дакументальна аформленых абавязацельстваў недазваляльныя ў дачыненні да жанчыны. Таму што жанчына, як бы яна сябе ні паводзіла, ні стымулявала мужчыну ў яго імкненні да свабоды, шукае абароны. І шлюб для яе — у першую чаргу момант душэўнага спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
— Тое, што ў сям'і два чалавекі маюць адну прафесію і служаць у адным тэатры, мае больш плюсаў ці мінусаў у жыцці па-за сцэнай?
С. Т. — У нас абодвух гэта першы шлюб, таму іншага вопыту няма. Але я думаю, што плюсюў, калі людзі адной творчай прафесіі ствараюць сям'ю, больш. Ні адзін чалавек, які не выходзіў на сцэну, не разумее нашых перажыванняў, нашых душэўных выдаткаў, нашай спецыфікі. Растлумачыць гэта немагчыма, а дзівацтваў у артыстаў, у спевакоў шмат. Таму мне здаецца, што лепшы шлюб з калегай. Яшчэ ёсць такі момант: важна, каб цябе хтосьці чуў з боку, таму што спявак не вельмі чуе, што ён выдае вонкі. Калі цябе слухае блізкі чалавек, ты можаш разлічваць на шчырасць, на сумленнасць. Так што плюсоў больш, у любым выпадку.
Д. Т. — Мінусаў у тым, што людзі працуюць разам, не бачу. Мы ж не сядзім у адным пакоі офіса. Хоць працуем у адным калектыве, але ў нас могуць быць рэпетыцыі ў розны час, у розных памяшканнях, з рознымі дырыжорамі і рознымі партнёрамі па сцэне. Нас гэта толькі ўзбагачае. Я бачу мінусы, калі людзі не разумеюць адно аднаго ў сваіх прафесійных сферах. Напрыклад, у нашай сакурсніцы па кансерваторыі муж быў марак, і ён здзіўляўся, чаму яна ходзіць на спектаклі з рознымі складамі артыстаў.
— Нешта не згадаю, каб у адным спектаклі ўдалося паслухаць вас абодвух...
С. Т.: — Ведаеце, у дзень вялікага спектакля трэба, каб цябе нехта падтрымаў, каб узяў на сябе ўсё, што вакол адбываецца, калі спеваку не да гэтага. Трэба разумець, што ён знаходзіцца трохі ў неадэкваце, нейкія рэчы робіць незразумелыя, не чуе, што вы кажаце яму, увогуле паводзіць сябе так... цікава. Таму дрэнна, калі абодва знаходзяцца ў такім стане. Добра, калі адзін дапаможа, падрыхтуе ўсё, а другі пойдзе і вельмі добра і прыгожа праспявае спектакль. Мы гэта даўно для сябе вырашылі. І калі пераехалі ў Мінск, толькі аднойчы разам спявалі ў оперы «Баль-маскарад».
— Як так атрымалася, што вы жылі і працавалі ў Адэсе, а старэйшую дачку Дзіяна нарадзіла ў Беларусі?
С. Т. — Адэса — горад спецыфічны, там зімой холадна, летам горача, часта няма гарачай вады. Мы былі маладымі людзьмі і здавольваліся забяспечаным тэатрам мінімалізмам у побыце. Але для маленькага дзіцяці такія ўмовы мала падыходзілі. Ну і медыцына была, скажам так, вельмі платная, якой мы, да таго ж, не зусім давяралі. Мая мама жыла ў Гродне, Дзіна бачыла, што тут у плане медыцыны ўсё значна лепш. Нават не думаю, што я быў ініцыятарам, мне здаецца, гэта было рашэнне Дзіны.
Дзіяна Трыфанава
Д. Т. — У Стаса ў той год было запланавана вельмі шмат гастроляў з Адэскай і з Кішынёўскай операй. Ён тры месяцы павінен быў спяваць у Англіі, паўтара — у Іспаніі. Так атрымлівалася, што я надоўга заставалася фактычна адна. А ў Гродне я і Жэнечка былі побач з нашай любімай бабуляй. Пры першай магчымасці Стас прыязджаў да нас. Не ўпэўненая, што цяпер я зрабіла б так, бо фактычна два гады мы жылі ў расстанні. Але тады так складваліся абставіны, і, лічу, мы добра пражылі той няпросты перыяд. Вядома, вялікі дзякуй маёй выдатнай свякрусе, якая акружыла мяне і Жэнечку любоўю і клопатам. Усё было выдатна. Я закахалася ў Гродна і тады ж палюбіла Беларусь, нават падумала пра тое, што добра было б застацца тут жыць.
— Колькі гадоў розніцы паміж вашымі дзецьмі?
С. Т. — У нас двое цудоўных дзяцей. Старэйшая дачка — Жэнечка, ёй 15 гадоў, — і сын Мірон, якому 5 гадоў. Дзеці ў нас з'явіліся з вялікім перапынкам, вядома, гэта зусім новыя адчуванні. І гэта звязана не толькі з розніцай ва ўзросце, але і з тым, што яны зусім розныя людзі. Усё гэта непаўторна. Дзеці — вельмі вялікая гама эмоцый і пачуццяў. Нашы дзеці вучацца сябраваць, вучацца жыць разам і знаходзіць агульную мову, гэта выдатна.
Д. Т. — Так склалася, што мы ніколі не былі маладымі бацькамі, у нас заўсёды быў усвядомлены падыход да бацькоўства. Пажаніліся мы ў 23 гады, а наша старэйшая дачка з'явілася на свет, калі нам было па 32. Гэта ўжо не такія маладыя, бестурботныя людзі, у нас усё было па-сур'ёзнаму. У нашым выпадку, думаю, цікавая не розніца ва ўзросце дзяцей, а тое, што іх стала двое. З другім дзіцем лягчэй, таму што ёсць вопыт. Ты ўжо да нечага ставішся спакайней, разумееш, што трэба больш давяраць дзіцяці. Жэнечка вельмі прасіла ў нас браціка ці сястрычку, дарэчы, ёй было ўсё роўна хто, галоўнае, каб быў. Праўда, яшчэ раней яна прасіла сабаку. Мы здзейснілі ўсе яе мары. Вялікае шчасце, што ўсе нашы мары — агульныя.
— Ці можна сказаць пра вашых дзяцей, што яны выраслі за кулісамі?
С. Т. — Яны, вядома, людзі тэатральныя. Жэня была часткай тэатра, брала ўдзел у спектаклях «Яўгеній Анегін», «Чароўная флейта». Цяпер ужо Міроша ўваходзіць у той узрост, калі бывае ў тэатры. Яго ўсе песцяць, усе любяць. У нас ёсць «чароўны пакой», у якім спачатку вырасла Жэнечка. Так яго называюць дзеці, а наогул гэта пакой рэквізіту, у якім захоўваюцца пісталеты, шпагі, кароны і яшчэ шмат усяго цікавага. Таму дзеці там з задавальненнем бавяць час.
Д. Т. — Жэнечка скончыла музычную школу і ўжо 11 гадоў з'яўляецца ўдзельнікам узорнага калектыву народнага танца. У яе сваё актыўнае творчае жыццё, якому мы рады і заўсёды падтрымліваем Жэню ва ўсіх яе пачынаннях. Што датычыцца малодшага сына, то ён, што мяне здзіўляе, імкнецца да матэматыкі. Мы ходзім на падрыхтоўчыя заняткі да школы, і ён там сябе вельмі добра праяўляе. Мірон не так часта бывае ў тэатры, як у свой час Жэня, таму што, на жаль, у мяне цяпер менш работы. Сын ужо сказаў нам, што яму падабаецца спяваць у хоры, так што цікавасць да музыкі ў яго таксама праяўляецца.
— Як у вашай сям'і прынята распараджацца фінансамі?
Д. Т. — Вельмі проста. Я аплачваю ўсе бытавыя пытанні: кватэра, інтэрнэт, садок, заняткі дзяцей. На гэта сыходзіць амаль уся мая зарплата. Усё астатняе — я ведаю, што ў нас у доме будзе. Я ніколі не гляджу разліковы лісток Стаса. У нас зарплаты штомесяц вар'іруюцца ў залежнасці ад занятасці ў спектаклях. У прынцыпе, мы прагаворваем, што нам трэба набыць, але сур'ёзнай хатняй бухгалтэрыі не вядзём, проста не прыдатныя да гэтага.
— А як размеркаваны бытавыя клопаты? Вось калі няма настрою займацца хатнімі справамі, гэта вырастае ў праблему?
С. Т. — Быт у асноўным на Дзіне. Мне здаецца, гэта такі нармальны сямейны ўклад, калі дом трымаецца на жонцы. А мы ўсе на падхваце. Нават Міроша ўжо можа выканаць невялікія просьбы: запісаць паказанні лічыльніка, вынесці смецце. Ён ужо некалькі разоў мыў посуд, стоячы на прыстаўным зэдліку. Вось так агульнымі намаганнямі спраўляемся, і праблем на глебе побыту, на шчасце, не ўзнікае.
Д. Т. — Усё неяк адбылося само сабой. А потым я прачытала недзе, і мне гэтая думка вельмі спадабалася: кожны павінен займацца тым, што ён любіць, а не па прынцыпе: ты абавязаны. Мой муж вельмі любіць рабіць пакупкі. У яго выдатна атрымліваецца, ён ведае, што, дзе, у якой краме набыць. Я яму цалкам давяраю і вельмі ўдзячная Стасу, што ён узяў на сябе гэтыя клопаты. Мы з дзецьмі ведаем, што тата ідзе ў краму і купіць усё самае лепшае.
Я — сава, і раніцай пакуль яшчэ прыйду ў тонус... А Стас — наадварот, жаўрук. Дык вось, сняданак у сям'і ёсць, і мы за гэта вельмі любім нашага тату. А што датычыцца абедаў і вячэр — гэта мой клопат, гатую я ад душы, з задавальненнем. Вельмі добра, калі кожны робіць тое, што любіць, што не ў цяжар. Калі Стас бачыць, што я стамілася, ён усё возьме на сябе.
— Як праводзіце адпачынак?
С. Т. — Дзіначка адэсітка, я таксама люблю мора, тут нашы густы цалкам супадаюць. Наогул для нас адпачынак асацыюецца з морам. Сёлета, падобна на тое, мы нікуды не зможам з'ехаць у адпачынак...
Д. Т. — Мора і сонца для мяне проста неабходныя. Стасік шмат гадоў пражыў у Адэсе, і таму кожны год мы адпраўляемся туды. Едзем недзе на месяц, здымаем лецішча. Такі цудоўны адпачынак — мора, садавіна, сустрэчы з роднымі і сябрамі. Для нас гэта месца аднаўлення сіл. Былі ў нас вылазкі на папулярныя курорты. Так, там усё ўключана, можа, гэта і нядрэнна, але хочацца паспрабаваць якую-небудзь мясцовую экзотыку, а не хадзіць тры разы на дзень у адзін і той жа рэстаран. Мы, дарэчы, ніколі не ездзілі ў адпачынак толькі ўдваіх. Пакуль жылі ў Адэсе, не прыходзіла ў галаву некуды ехаць. А потым — заўсёды з дзеткамі. Было так, што Стас ішоў з Жэнечкай на дыскатэку, а я з Міронам у калясцы гуляла па беразе мора. А потым раптам наша старэйшая дачка адпускае нас з татам удваіх пагуляць, сама прыглядае за брацікам.
— Хутка ўжо чвэрць стагоддзя, як вы разам. Адзін з вашых калег сказаў, маўляў, Трыфанавы як маладажоны: усё яшчэ глядзяць адно на аднаго закаханымі вачыма. Як удаецца захаваць свежасць пачуццяў?
Д. Т. — Нашай сям'і ў кастрычніку споўніцца 25 гадоў! У нас не ўзнікаюць сітуацыі, каб мы былі ў канфлікце. Наогул не ўяўляю, як можна ў канфлікце, у канфрантацыі жыць. Наш шлюб заснаваны на ўзаемным інтарэсе, узаемнай павазе, на глыбокім сваяцтве нашых душ, светапоглядаў і любові. Мы людзі адной фармацыі, мы рана пазнаёміліся і фактычна разам сфарміраваліся. Мы стараемся адно аднаго падтрымліваць, дапамагаць, таму што мы дарагія адно аднаму, і гэта выдана.
С. Т. — У нас адны інтарэсы, мы займаемся адной вельмі прыгожай, светлай справай. Мы з жонкай глядзім у адным напрамку. Нам ніколі не бывае сумна адно з адным. Мы вельмі блізкія людзі. Нам проста добра, калі мы разам. У гэтым мы лішні раз пераканаліся на каранціне. Нельга сказаць, што ён быў вельмі жорсткі, мы маглі некуды выйсці, тым не менш заўсёды былі разам дома. І мы выдатна правялі гэты час. Вядома, ужо хочацца працаваць і спяваць, але гэта не значыць, што мы стаміліся адно ад аднаго або ад дзяцей.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?