Вы тут

Шлях, значны для паэзіі


Яшчэ на пачатку літаратурнай дзейнасці ў вершы, што адкрываў першую кнігу, Васіль Зуёнак агучыў сваё наканаванне, прадчуванне асаблівай сваёй місіі ў Слове — злучыць мінулае з будучыняй: «Бо ўсіх пачаткаў я — працяг // І ўсіх працягаў я — пачатак».


Фота Кастуся Дробава.

Ва ўсіх даведніках днём нараджэння паэта пазначаны 3 чэрвеня 1935 года. Але на самай справе сялянская сям’я Васіля і Куліны Зуёнкаў у вёсцы Мачулішча па тым часе Халопеніцкага раёна парадавалася дзіцяці 3  ліпеня. Блытаніна з дакументамі — звычайная для даваеннага часу з’ява. Калі будучы пісьменнік атрымліваў пасведчанне аб нараджэнні, камісія з трох жанчын, якая вырашала, ці адпавядае рэальны ўзрост чалавека заяўленаму году нараджэння, дату пазначала з  дакладнасцю да паўгоддзя. Запісалі: 1-е паўгоддзе 1935 года. Пры атрыманні пашпарта дату нараджэння запісвалі са слоў асобы. Васіль Зуёнак гаворыць: «3 ліпеня». У яго запыталі: «Як жа ліпеня, калі гэта ўжо 2-е паўгоддзе, а ў пасведчанні пазначана 1-е?» Што рабіць? Параілі: «А вы перасуньце на месяц, будзе 3-га чэрвеня». З тых часоў творца адзначае два дні нараджэння: афіцыйны і сямейны...

Адметнасцю творчага пошуку пісьменніка з’яўляецца яго надзвычайная патрабавальнасць да сябе і да Слова. Калі першы верш ён надрукаваў у 1952 годзе (у раёнцы), то першы зборнік лірыкі выйшаў больш чым праз дзесяцігоддзе — толькі ў 1966-м. У чым прычына такога працяглага маўчання? Васіль Зуёнак патлумачыў: тады ў модзе былі «трафарэтныя», неперажытыя вершы. «Адчуў: гэта — не маё, чужое мне...» Але дапытлівая, патрабавальная муза ўвасобілася ў іншым: як супрацоўнік рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі» Васіль Зуёнак шмат пісаў для дзяцей. Дзіцячыя публіцыстычныя матэрыялы былі і захапляльнымі, і ішлі ад душы. Пацвярджэннем з’яўляецца кніга нарысаў і замалёвак «Любіць прыроду — любіць Радзіму».

Цяпер творца зусім не шкадуе, што не спяшаўся тады з выданнем: «Затое кнігу вершаў “Крэсіва” заўважыў Уладзімір Караткевіч, напісаў на яе рэцэнзію, чым ганаруся», — успамінае В. Зуёнак. «Перад намі паэт. Паэт Шлях, значны для паэзіі адметны, свежы, паэт са сваім зрокам, са сваім адкрытым гукам жыцця слыхам і адкрытым болю і любві сэрцам», — значылася ў рэцэнзіі на кнігу вершаў В. Зуёнка «Крэсіва».

Васіль Зуёнак з цеплынёй і радасцю згадвае сяброўства з Уладзімірам Караткевічам, адзначае: «Ён быў вельмі дакладным, у яго творах кожнае слова, кожны знак прыпынку былі на сваім месцы. А тут у  яго фразу з рэцэнзіі (працытаваную вышэй.  — Заўв. аўтара), відаць, з-за карэктарскага недагляду (ці звышпільнасці) трапіла лішняя коска, якая сэнсава разбіла выказванне на часткі (паміж словамі “жыцця” і “слыхам”. — Заўв. аўтара)...» Па просьбе В. Зуёнка ў пазнейшых цытаваннях і выданні новага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча коску прыбралі.

Дарэчы, ці не ўсе пазнейшыя крытыкі з лёгкай рукі Караткевіча, ужо і не злічыць колькі разоў, цытавалі верш Зуёнка з яго першага зборніка «***Ніхто не пачуў: // Яблык упаў дасвеццем...».

Праблемна-тэматычныя абсягі паэзіі Васіля Зуёнка надзвычай шырокія: ад вясковай хаты ў «ільняной старонцы» да касмічных прастораў, ад побыту звычайнага чалавека з яго халопеніцкай яблыняй і  мазолістымі рукамі да лёсу нацыі з яе трагедыямі, ад маленькай былінкі ці кнігаўкі да «галактычных» філасофскіх праблем, ад гістарычных нетраў да праекцый у будучыню. Вобразы і матывы, раскрытыя ў першым зборніку, за доўгі творчы шлях набылі яшчэ глыбейшае раскрыццё, эмацыянальнае напаўненне і мастацкае напружанне. На творчым рахунку аўтара больш ад дзясятка зборнікаў паэзіі, ёсць гумар, літаратурна-крытычныя артыкулы, шмат кніг для дзяцей, мноства перакладаў, узнагароды прэміямі, у  тым ліку Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы (1982) за паэму «Маўчанне травы». Як пісьменнік падкрэсліў у размове, на агульначалавечыя матывы ён выйшаў праз асабістае. Не варта спрабаваць казаць ад імя ўсіх, — перакананы творца. «Лепш сказаць пра тое, што хвалюе цябе...»

З цікавасцю сочыць Васіль Зуёнак за публікацыямі маладзейшых калег па пяры, якія прыйшлі ў літаратуру ў 1980—1990-х гадах. Радуецца, калі бачыць развіццё і ўдасканальванне. А вось матывы і вобразы паэзіі апошняга пятнаццацігоддзя, лічыць творца, яшчэ толькі адкрываюць тую старонку, якая ў заходніх паэтаў даўно перагорнута. Туманныя і неканкрэтныя сентэнцыі, якімі перапоўнены творы маладых, не заўсёды да душы. «За радком Ясеніна, Блока ці Багдановіча бачыш канкрэтнага чалавека. Які ідзе па вуголлі, — перакананы юбіляр. — А многія радкі цяперашніх маладзёнаў як быццам усе аднолькавыя, нагадваюць агульна-туманнае пляценне. Але для якой мэты? Калі, напрыклад, павук пляце павуціну, то ён мае мэту злавіць муху... Тут жа мэтай павінна быць раскрыццё сваёй душы, а не адарванае ад жыцця філасофстваванне...» Гэтая сітуацыя, на думку пісьменніка, з’яўляецца вынікам таго, што ў маладых няма дастаткова моцнага грунту. Трэба верыць сабе і пісаць пра ўласныя трывогі. Гэта шлях, які будзе значны для паэзіі...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.