Вы тут

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19


Запушчаная 26 сакавіка кампанія па дапамозе медыкам ByCovid19 перарасла ў буйны «антыкаранавірусны» рух, які аб’ядноўвае вялікую колькасць ініцыятыў па ўсёй Беларусі. Валанцёры адразу ж адгукнуліся на просьбу медыкаў аб дапамозе і дастаўлялі сродкі індывідуальнай аховы ў розныя гарачыя кропкі. Напрыклад, першая дапамога віцебскім урачам прыйшла менавіта ад іх.


Дзякуючы аператыўнаму рэагаванню на самыя розныя патрэбы і ўменню вырашаць многія складаныя пытанні на працягу сутак ці нават некалькіх гадзін, яны змаглі спрацаваць у тым ліку і на прафілактыку распаўсюджвання небяспечнай інфекцыі. І нягледзячы на тое, што сёння валанцёрскі рух спраўляецца ўжо з вялікай колькасцю задач, адной з самых галоўных па-ранейшаму застаецца прадухіліць заражэнне медыкаў.

Нашы карэспандэнты завіталі ў штаб ByCovid19, які размясціўся ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», па Кастрычніцкай вуліцы. Тут збіраецца, размяркоўваецца па пасылках і развозіцца па ўсёй Беларусі тое, што ўдаецца закупіць у Мінску ці падчас буйных аптовых паставак. Часта звычайныя людзі прыносяць сюды прадукты ў завадской упакоўцы (гэта неабходнае патрабаванне, каб прадухіліць распаўсюджванне інфекцыі) для перадачы іх урачам, як маленькага знаку ўвагі і падзякі за складаную і небяспечную працу.

Валанцёр Даніла Гаркавы кіруе адгрузкамі. Чарговая партыя рэспіратараў ідзе на Віцебск. Даставіць каштоўную перадачу дапамагае Пётр Квач, які ў гэты дзень па справах едзе ў патрэбным кірунку.

Пасля валанцёры загружаюць спанбондам мікрааўтобус, які кіруецца ў Салігорск.

— У нас у Тэлеграме ёсць чат транспартных валанцёраў, куды закідваем пэўныя задачы. Сёння ў ім больш за 250 чалавек. Хтосьці выязджае ў рэгіёны па сваіх справах і можа даставіць дапамогу медыкам. Ёсць і валанцёры, гатовыя выправіцца па розных маршрутах. Адзін з нашых вадзіцеляў такім чынам накатаў з дзясятак тысяч кіламетраў. У дадатак у нас ёсць дамоўленасці з транспартна-лагістычнымі кампаніямі, якія часам дапамагаюць перавозіць буйныя партыі грузаў. Адна кампанія выдзеліла нам Land Rover Discovery, на ім мы выпраўляемся ў «кругасветкі» — гэта калі трэба ў пэўнай вобласці развезці дапамогу па розных кропках. Пры неабходнасці нам выдзяляюць і другую машыну. Гэта сёння больш-менш спакойна, а літаральна пару дзён таму ў нас было 67 адгрузак, — дзеліцца Даніла, якога свае тут часам у жарт завуць «архангелам склада».

Без гумару тут ніяк, бо нагрузкі на валанцёраў бываюць вельмі вялікія, стомленасць накопліваецца, часам ім нават уначы можа сніцца, напрыклад, як яны лічаць камбінезоны для медыкаў. Уласна жыццё валанцёраў сёння ідзе выключна на работу пры штабе і на тое, каб дабрацца дадому і паспаць. Добраахвотнікі штодзень занятыя з ранку і да 21 вечара, а то і больш. І варта заўважыць, што ўсю работу яны робяць бясплатна.

Супрацоўнікі сталічнага штаба дзякуюць за падтрымку сваім суседзям — грыль-рэстарану «WOOGLY», — якія з самага пачатку ўзяліся карміць валанцёраў і аднымі з першых сталі гатаваць абеды для ўрачоў. Дырэктара Аляксандра Сямашку і яго памочніка Сяргея Хадановіча мы заспелі падчас адгрузкі абедаў для З-й бальніцы, і даведаліся, якім будзе абедзеннае меню ў медыкаў: суп пярловы, капуста правансаль і жаркое па-хатняму. «Натуральна, каранавірус ударыў па нам, наведвальнікаў стала мала. Але мы вырашылі працягваць працаваць, каб захаваць кадры, тым больш, што прадукты ўсё роўна былі закуплены, не прападаць жа ім, а тут можна добрую справу зрабіць, падтрымаць медыкаў», — сціпла дзеляцца хлопцы. Між іншым, толькі гэтая кропка харчавання перадала ўрачам каля 10 тысяч порцый...

Сёння да ініцыятывы ByCovid19 падключыліся неабыякавыя людзі з самых розных сфер: айцішнікі, спартсмены, юрысты, журналісты, швачкі, бізнесмены, рэстаратары. Актывісты мінскага хаба кансультуюць, падказваюць, падтрымліваюць валанцёрскія каманды, якія дзейнічаюць у розных рэгіёнах Беларусі. У каардынатараў цэлы дзень не змаўкаюць тэлефоны — ідуць бясконцыя перамовы, прымаюцца заяўкі, абзвоньваюцца медыцынскія ўстановы. Штовечар абмяркоўваюцца бягучыя пытанні, ставяцца новыя задачы.

За тым, якая дапамога кожны дзень аказваецца валанцёрскай ініцыятывай, і колькі наогул сродкаў індывідуальнай аховы і разнастайнага абсталявання дастаўлена ў медыцынскія ўстановы, можна сачыць праз сайт ініцыятывы і старонкі ў сацыяльных сетках. Натуральна, ажыццявіць такую справу валанцёры б не змаглі без падтрымкі бізнесу і простых людзей, якія ахвяруюць сродкі на закупку неабходных медыкам сродкаў. Ужо паступілі запыты ад соцень медыцынскіх устаноў Беларусі! Яшчэ так многа трэба зрабіць... Калі хочаце далучыцца да ініцыятывы, пераходзьце па хэштэгу #ByCovid19.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Таццяна ТКАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.