Вы тут

Урокі анлайн і афлайн. Як навучанне дзяцей на адлегласці стала зонай адказнасці педагогаў


«Дыстанцыйнае навучанне: якія ўрокі мы вынеслі і што возьмем з сабой у новы навучальны год?» — менавіта так сфармулявалі тэму чарговага адукацыйнага бранча яго арганізатары — заснавальнікі прыватнай школы LuCh Яўген ЛУФЕРЧЫК і Валянціна ЧЭКАН.

Чацвёртая вучэбная чвэрць набліжаецца да свайго завяршэння, але напаўняльнасць школьных класаў у гарадах не перавышае 30—40 працэнтаў. Прапановы абвясціць для ўсіх, акрамя навучэнцаў выпускных класаў, заўчаснае заканчэнне навучальнага года пачутыя не былі. І хоць матываваныя вучні былі гатовыя навучацца анлайн, але далёка не ўсе настаўнікі змаглі стварыць для гэтага ўмовы.

Хто і што робіць цяпер і што насамрэч павінен быў рабіць? Чаму тое, чым мы займаліся ў школах, — гэта не дыстанцыйнае навучанне? Чым анлайн-заняткі адрозніваюцца ад афлайн-урока? Навошта зваротная сувязь на анлайн-занятках і як яе арганізаваць? Гэтыя пытанні было прапанавана абмеркаваць удзельнікам адукацыйнага бранча, які прайшоў таксама анлайн.


Кожны ў сваім «акопе»

Напярэдадні чацвёртай вучэбнай чвэрці, калі ніхто не ўяўляў сабе, як працаваць далей, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова паведаміла, што разглядаецца магчымасць даплаты настаўнікам, якія будуць задзейнічаны ў інфармацыйным суправаджэнні школьнікаў, што навучаюцца на адлегласці. «Ужо ёсць папярэдняя дамоўленасць з Міністэрствам фінансаў. Пра тое, якія гэта будуць даплаты і як яны будуць уводзіцца, зможам канкрэтна казаць, калі будзе прыняты адпаведны нарматыўна-прававы дакумент», — сказала яна. Але гэты дакумент так і не пабачыў свет. А дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук праінфармавала, што настаўнікі і адміністрацыя ўстановы адукацыі будуць самі вызначаць механізмы ўзаемадзеяння са школьнікамі і платформу, на якой усё будзе арганізавана. Крыху пазней на Нацыянальным адукацыйным партале з'явіўся спіс рэсурсаў, якімі можна карыстацца пры арганізацыі дыстанцыйнага суправаджэння...

— Мы з вамі сядзелі ў сваіх «акопах» і чакалі, што вось зараз з’явіцца нейкая інструкцыя, якая дасць адказ на тое, што і як нам рабіць, — усміхаецца Яўген Луферчык. — Рыхтуючыся да бранча, мы з Валянцінай вывучылі шэраг нарматыўных дакументаў, каб разабрацца, хто і за што ў сістэме адукацыі адказвае. Хто, напрыклад, павінен быў нарміраваць работу настаўніка ў новых умовах, пераразмеркаваць яго час і нагрузку? Асаблівасці рэгулявання працы педагагічных работнікаў, як высветлілася, — гэта сфера адказнасці Міністэрства адукацыі. А распрацоўка рэкамендацый, палажэнняў аб змесце, метадах і формах арганізацыі адукацыйнай дзейнасці, павышэння яе эфектыўнасці — задача метадычных прадметных аб’яднанняў. Яны існуюць у нас на самых розных узроўнях, у тым ліку і ва ўстановах адукацыі, у тым ліку метадычныя аб’яднанні па інфарматызацыі, і менавіта яны павінны былі сказаць, на якую платформу ідуць педагогі школы, як ім пабудаваць сваю работу так, каб арганізаваць узаемадзенне з навучэнцамі і зваротную сувязь. Гэта насамрэч узровень канкрэтнай установы адукацыі, дзе ведаюць сваю спецыфіку: тэхнічныя магчымасці, кваліфікацыю педагогаў, гатоўнасць дзяцей навучацца анлайн і іншыя абставіны.

Праз сістэму павышэння кваліфікацыі ў сферы інфармацыйных тэхналогій праходзілі штогод сотні ці нават тысячы настаўнікаў (сертыфікаваных карыстальнікаў ІКТ у нас хапае), але ў форсмажорнай сітуацыі, якая склалася, многія сядзелі на месцах і чакалі, калі хто-небудзь прыме за іх рашэнне.

Раптоўнае пагружэнне

Выратавальнай саломінкай для многіх стаў бясплатны дыстанцыйны экспрэс-курс «Падрыхтаваны да дыстанцыйнага навучання». Яго арганізатары — ІT-кампанія Vіzor Games, Асацыяцыя «Адукацыя для будучыні» і Фонд «Новая школа» — аб’ядналі свае намаганні, каб падтрымаць беларускія школы ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруса. Курс уяўляў сабой сем дзён актыўнай работы, чатыры анлайн-сесіі, шмат факультатываў і майстар-класаў ад запрошаных спікераў і калег па курсе, вывучэнне інструментаў для арганізацыі навучальнага працэсу для дзяцей, якія засталіся дома (Zoom, Google Drіve, дакументы і формы Google, Telegram, Kahoot, Google Classroom і іншых). Гэта была свайго роду «хуткая дапамога» для тых настаўнікаў, хто быў гатовы развівацца і гнутка рэагаваць на новыя патрэбы. Ужо былі чатыры наборы на курс. Ён карыстаецца ў педагогаў вялікім попытам. Напрыклад, падчас другога набору, калі навучанне настаўнікаў прыпадала на школьныя ка-
нікулы, заяўкі падалі 2,5 тысячы (!) чалавек. Як прызнаюцца самі педагогі, для іх было вельмі важна зразумець, што яны не адзінокія, агучыць свае праблемы і даведацца, як з імі спраўляюцца калегі.

У Расіі, Украіне, Польшчы, Чэхіі, Германіі і іншых краінах, дзе быў абвешчаны каранцін, зрабілі стаўку на дыстанцыйныя формы навучання, каб не спыняўся адукацыйны працэс. Але нідзе, як высветлілася, не былі выпрацаваны крытэрыі аплаты працы педагогаў, нарматывы і інструкцыі, як правільна арганізаваць дыстанцыйнае навучанне, якімі можна было б кіравацца. Гэта быў новы досвед абсалютна для ўсіх, які цяпер спрабуюць асэнсаваць.

Цікавымі назіраннямі падзяліліся польскія педагогі. Даследчыкі з фонду «Лічбавы цэнтр» зафіксавалі феномен раптоўнага пагружэння школы ў дыстанцыйнае навучанне і параўналі яго з плаваннем у вадзе без выратавальнага круга. Высветлілася, што 85 працэнтаў настаўнікаў не мелі да эпідэміі вопыту дыстанцыйнага навучання. Да таго ж нават з тых 15 працэнтаў педагогаў, якія заявілі пра наяўнасць у іх досведу, большасць не працавала сістэматычна ў інтэрнэце. Яны толькі бралі ўдзел у вэбінарах або анлайн-курсах, адпраўлялі навучэнцам спасылкі і матэрыялы або кантактавалі з імі па электроннай пошце, праз Skype ці месенджары.

«Кожны дзень я адчуваю, што я на фронце. Я не быў гатовы да гэтага. Я сам усё вывучаю, стараюся з усіх сіл для дзяцей і бацькоў, таму што ведаю — яны на нас разлічваюць», — прызнаваліся настаўнікі. Яны вучыліся плаваць у глыбокай вадзе таму, што не хацелі расчароўваць сваіх вучняў, а не таму, што хтосьці іх прымушаў і кантраляваў.

І ўсё ж такі: чаму тое, што адбывалася ў нас і ў школах суседніх краін, нельга назваць дыстанцыйным навучаннем?

— Дыстанцыйнае навучанне — гэта ўзаемадзеянне настаўнікаў і навучэнцаў паміж сабой на адлегласці з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогій, — тлумачыць Валянціна Чэкан. — Навучанне павінна адбывацца ў зручны для вучня час з захаваннем камфортнага для яго тэмпу. Удзельнік можа самастойна планаваць месца для сваёй вучобы, працягласць заняткаў і вырашаць, колькі часу яму спатрэбіцца для засваення вучэбнага матэрыялу. Дыстанцыйнае навучанне выкарыстоўваецца з адной мэтай — павысіць якасць навучання за кошт прымянення сучасных сродкаў. Але пра якасць навучання ў чацвёртай чвэрці лепш увогуле не казаць...Таксама дыстанцыйнае навучанне прадугледжвае стварэнне адзінага адукацыйнага асяроддзя (не варта блытаць з адзінай платформай для навучання), модульнасць курсаў і спецыялізаваны кантроль за навучаннем. Зваротная сувязь са студэнтамі ці навучэнцамі пры дыстанцыйным навучанні мае не колькасную, а якасную характарыстыку.

— Пры дыстанцыйным навучанні я магу вучыцца хоць у метро: адкрываю свой смартфон і выконваю пэўныя заданні, — дапаўняе Яўген. — А мы ўсе прымянялі толькі элементы дыстанцыйнага навучання, пэўныя інструменты, і гэта быў вялікі гераізм кожнага педагога на яго рабочым месцы. Таму можна зразумець разгубленасць настаўнікаў, якім даводзілася спачатку праводзіць для дзяцей урок афлайн у класе, а потым ісці ў анлайн, каб ахапіць і тых вучняў, што засталіся дома. Акрамя таго, што яны трацілі свой асабісты час, каб падрыхтаваць і правесці заняткі анлайн, сабраць і праверыць работы, якія паступалі да іх па самых розных каналах сувязі, ім давялося самастойна шукаць адказы на важныя пытанні. Чым анлайн-урок адрозніваецца ад афлайн-урока? Як можна паўплываць на матывацыю навучэнцаў пры правядзенні заняткаў анлайн? Як пры гэтым захаваць канцэнтрацыю ўвагі ў дзіцяці? І, у рэшце рэшт, як захаваць баланс уласных рэсурсаў: адкуль для сябе чэрпаць матывацыю і эмоцыі?

Натуральна, што анлайн-урокі павінны быць карацейшыя, больш яркія і дынамічныя, з выкарыстаннем яркай візуальнай дэманстрацыі: відэа-, аўдыяматэрыялаў, гугл-картаў і г. д.; са зменай відаў дзейнасці, зваротам да дзяцей па імёнах, каб хтосьці па той бок экрана раптам не засумаваў і не выпаў з працэсу. Вучняў нельга перагружаць, каб не адбіць у іх ахвоту навучацца. Аказалася, што для таго, каб правесці заняткі ў анлайн-фармаце, недастаткова быць проста добрым педагогам — для гэтага патрабуюцца дадатковыя кампетэнцыі. І авалодаць інструментамі — не тое ж самае, што авалодаць методыкай: інструменты можна асвоіць, яны ёсць, але не хапае методыкі па правядзенні анлайн-заняткаў. І незразумела, як знайсці баланс, калі трэба фактычна весці дзве падрыхтоўкі: да ўрока ў класе і ўрока анлайн.

Расслабляцца рана

— Злавіць баланс менш чым за два месяцы, што былі ў нашых настаўнікаў, немагчыма, — упэўнена намеснік начальніка каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ, эксперт асацыяцыі «Адукацыя для ўстойлівага развіцця» Сафія САВЕЛАВА. — Але я рада, што сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса ўсё ж такі прымусіла нас асвойваць дыстанцыйнае навучанне і задумацца пра розніцу ў паняццях «вучэнне» і «навучанне»: што значыць проста атрымліваць прадметныя веды, а што значыць — разумець, навошта ты іх атрымліваеш. Задача педагога — не проста перадаваць веды, а дапамагчы дзіцяці зразумець, навошта яны яму патрэбныя. Таксама яго задача — стварыць прастору, у якой збяруцца тыя, каму гэта насамрэч патрэбна і хто хоча навучацца, а спробы арганізаваць дыстанцыйнае навучанне паказалі, што пры гэтай форме разрыў паміж матываванымі і нематываванымі вучнямі расце. Калі б у нашай краіне быў аб’яўлены каранцін, то рашэнне, як арганізоўваць далей навучальны працэс, давялося б прымаць на самым высокім узроўні. Але фактычна гэта стала зонай адказнасці кожнага канкрэтнага педагога, і не кожны захацеў і здолеў несці такую адказнасць. Многія казалі: а навошта нам гэта, у верасні ўсё будзе па-ранейшаму. Хапала і бацькоў вучняў, якія разважалі прыкладна гэтак жа. «Няхай мяне навучаць» — менавіта такі запыт сёння прад’яўляюць да дзейнасці школы. І гэта праяўленне той пасіўнай пазіцыі ў працэсе, які бацькі і некаторыя педагогі называюць сёння навучаннем.

— Я займаюся з дзесяцікласнікамі фізіка-матэматычнага профілю. Ёсць дзеці, якія ходзяць на ўрокі, але хапае і тых, якія не наведваюць заняткі, але спрабуюць не адстаць ад сваіх аднакласнікаў. Канешне, асабістыя стасункі для вучняў вельмі важныя. Не толькі з настаўнікам, але і паміж сабой, але іх можна арганізаваць і анлайн, — падзялілася сваімі прафесійнымі сакрэтамі настаўнік матэматыкі з барысаўскай сярэдняй школы № 20 Ірына АДАМОВІЧ. — Я разбіваю дзяцей на групы (не больш за тры чалавекі ў кожнай). Яны раяцца адно з адным анлайн, і так засваенне матэрыялу праходзіць прасцей. Да таго ж, падштурхоўваючы адно аднаго, вучні выходзяць на вышэйшы ўзровень засваення. А каб больш рацыянальна размеркаваць свой час, я падчас тлумачэння новай тэмы ў класе падключаю ZOOM, і вучні, якія жадаюць, могуць да нас далучыцца.

Насамрэч ніхто не ведае, што нас усіх чакае восенню, але прагнозы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя наконт другой хвалі COVІD-19 насцярожваюць. Каранавірусны тэст на дзеяздольнасць і трываласць праходзяць цяпер усе структуры, не толькі сістэма аховы здароўя. Відавочна, што праблема са зместам дыстанцыйнага навучання і методыкамі выкладання анлайн ёсць. І далёка не кожны відэаўрок можа прынесці карысць, асабліва калі ён уяўляе сабой толькі тлумачэнне настаўнікам тэарэтычнага матэрыялу, няхай і суправаджаецца прэзентацыяй і ілюстрацыйнымі слайдамі. Тлумачальна-ілюстрацыйны метад даўно не працуе. Слухаючы, мы запамінаем только 20 працэнтаў інфармацыі. Тым больш навошта пераказваць дзецям тое, што напісана ў падручніку? Чытаць яны самі ўмеюць. Дыстанцыйнае навучанне прадугледжвае інтэрактыўныя метады, шмат самастойнай работы, як у перакуленым класе: да ўрока школьнікі самастойна вывучаюць новы вучэбны матэрыял, а падчас відэатрансляцыі настаўнік адказвае на пытанні, абагульняе вучэбны матэрыял і арганізуе выкананне вучнямі адпаведных заданняў.

А вось у пытанні, ці зможа дыстанцыйнае навучанне цалкам замяніць традыцыйны ўрок, усе педагогі аднадушна кажуць — ніколі! Настаўнікам не хапае вачэй дзяцей, па якіх можна зразумець, ці разумеюць яны цябе, адчуць іх рэакцыю. Знаходжанне ў калектыве — гэта яшчэ і сацыялізацыя асобы. Больш эфектыўным, чым вочныя заняткі, дыстанцыйнае навучанне не можа быць, але калі варыянтаў няма, то гэта выйсце, у тым ліку выйсце для дзяцей, якія знаходзяцца на індывідуальным навучанні, доўга хварэюць, праходзяць спартыўныя зборы або рыхтуюцца да міжнароднай алімпіяды і не могуць наведваць школьныя заняткі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.