Вы тут

Святочны звон у Жыровіцах


Адзін з галоўных цэнтраў беларускага праваслаўя адзначае гэтымі днямі два вялікія юбілеі — 550-годдзе з'яўлення цудатворнага абраза Божай Маці Жыровіцкай і 500-годдзе заснавання Жыровіцкага Свята-Успенскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Акурат напярэдадні святочных дат у манастыр былі дастаўлены новыя званы.


Званы адлівалі на заводзе «Вера» ў Варонежы, прычым гэтым пытаннем апекаваліся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і намеснік манастыра — архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый, а асноўныя выдаткі ўзяў на сабе айчынны банк ВТБ. У перспектыве, кажуць у абіцелі, плануецца і ўзвядзенне новай манастырскай званіцы, а пакуль каштоўны падарунак усталявалі ў часовай, драўлянай званіцы на тэрыторыі манастырскага комплексу, адкуль галасы званоў пачуюць насельнікі манастыра, мясцовыя жыхары і госці аграгарадка Жыровіцы.

Наогул, зазначае намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэса Юшкевіч, да юбілею аграгарадок разам з манастыром пераўтварыліся: скончаны капітальны рамонт і рэстаўрацыя манастырскага брацкага корпуса, добраўпарадкавана цэнтральная плошча Жыровіцаў і іншыя аб'екты першай чаргі, днямі прывезены і ўсталяваны помнік вядомаму падзвіжніку веры Серафіму Жыровіцкаму.

Аўтарам помніка архімандрыту Серафіму стаў скульптар Дзмітрый Урублеўскі — менавіта яго праект летась перамог у конкурсе сярод шэрагу іншых творчых прапаноў. Стрымана-строгую бронзавую постаць вышынёй 3,5 метра паставілі на гранітным пастаменце каля ўваходу ў манастыр.

Як адзначаецца на сайце манастыра, афіцыйнае адкрыццё помніка — ён, дарэчы, выраблены таксама на сродкі мецэнатаў і дабрачынныя ахвяраванні — плануецца да дня памяці святога (гэты дзень адзначаецца 6 верасня. — «Зв.»), а ў падмурак скульптуры будзе закладзена капсула з зямлёй з лагера, у якім загінуў архімандрыт Серафім Жыровіцкі.

Выхадзец з простай сялянскай сям'і, ураджэнец вёскі Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Брэстчыны, айцец Серафім (у мірскім асяроддзі — Раман Шахмуць) стаў вядомы праз сваю місіянерскую дзейнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленне раней зачыненых цэркваў і прыходаў, а таксама пастырскае апекаванне ў Мінску бальніцамі, інваліднымі дамамі і дзіцячымі прытулкамі. У 1944 годзе святар быў арыштаваны, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з немцамі і высланы ў лагер у Горкаўскай вобласці (цяпер — Ніжагародская), адкуль ужо не вярнуўся — па афіцыйных звестках, памёр ад сардэчнай хваробы, а па ўспамінах аднадумцаў, прыняў пакутніцкую смерць... У 1999 годзе Свяшчэнны Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы далучыў архімандрыта Серафіма да ліку 23 святых новапакутнікаў зямлі беларускай, а праз год ён быў праслаўлены ў саборы новапакутнікаў і вызнаўцаў расійскіх ХХ стагоддзя.

...Нагадаем, Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр — не толькі адзін з галоўных цэнтраў беларускага праваслаўя, але і буйны архітэктурны ансамбль XVІІ—XVІІІ стагоддзяў. У манастырскі комплекс уваходзяць Успенскі сабор, Яўленская царква, Крыжаўздзвіжанская царква, зімовы Нікольскі храм, Георгіеўская царква, будынак Мінскай духоўнай семінарыі, званіца, брацкі корпус, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, трапезная, царкоўныя крамы і манастырскі падворак у так званых Старых Жыровіцах — «Эдэмскі сад». А яшчэ Жыровіцкая абіцель — гэта ўнікальная бібліятэка і царкоўна-археалагічны музей Мінскай духоўнай семінарыі, які апавядае наведвальнікам гісторыю станаўлення найстарэйшай у нашай краіне багаслоўскай навучальнай установы, адлюстроўвае развіццё царкоўнага мастацтва, паказвае матэрыялы археалагічных раскопак, якія праводзіліся на тэрыторыі манастыра ў 2007 годзе, утрымлівае калекцыю рэдкіх рукапісных кніг і старадрукаў, сярод якіх «Апостал» Івана Фёдарава, рукапісная «Кніга аб веры» XVІІ стагоддзя, факсімільная копія Жыровіцкага Евангелля з аўтографам канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі і многія іншыя каштоўныя дакументы.

Менавіта сёння, 20 мая, вернікі ўшаноўваюць абраз Божай Маці Жыровіцкай, які прызналі цудадзейным і праваслаўная, і каталіцкая канфесія. Паводле звестак з розных крыніц ад XVІ да ХХІ стагоддзя, якія насельнікі манастыра карпатліва збіраюць, людзі згадваюць звыш паўсотні выпадкаў цудоўнай дапамогі Маці Божай праз ікону. Тут і выздараўленне цяжкахворых, і дараванне магчымасці бясплодным парам стаць бацькамі, і вяртанне страчанай мовы або зроку, і захаванне іконы пры пажары, і выратаванне самой Жыровіцкай абіцелі падчас Вялікай Айчыннай вайны — падчас вызвалення гарадка ў ліпені 1944 года: як успамінаюць сведкі тых падзей, ніводная авіябомба і ніводны выпушчаны з танкаў снарад не трапілі ў манастырскія будынкі...

Звычайна на свята ў Жыровіцах збіраецца мноства паломнікаў з розных краін свету, таксама ў гэтыя дні праходзіць пад адкрытым небам традыцыйны музычна-літаратурны «Жыровіцкі фэст», аднак сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі было прынятае рашэнне перанесці юбілейныя ўрачыстасці на пазнейшы тэрмін. Таму сёння ў манастыры пройдзе толькі закрытая святочная служба з удзелам намесніка, архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя — ён ужо выпісаны са шпіталя і запісаў відэазварот з падзякай усім, асабліва ўрачам, якія знаходзяцца на перадавой барацьбы з пандэміяй, за падтрымку насельнікаў і навучэнцаў семінарыі, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі ці на лячэнні ў шпіталях, за ўсе тыя добрыя справы, якія людзі з адкрытым сэрцам робяць у гэты няпросты час.

І тым не менш, няхай пакуль што ў дыстанцыйным фармаце, Беларусь адзначае вялікі юбілей — новымі кнігамі і фільмамі пра гісторыю манастыра, прысвечанымі знакавай даце навуковымі даследаваннямі і канферэнцыямі, мастацкімі і музейнымі праектамі.

Фота Ганны Занкавіч.

Дасье «Звязды»

Жыровіцкі абраз Божай Маці – не толькі цудатворная святыня, якая ўваходзіць у спіс 100 самых значных праваслаўных ікон свету, але і мастацкі рарытэт, гісторыка-культурная каштоўнасць. Гэта самая маленькая сярод аналагічных ікон, памер пласціны яшмы з рэльефнай выявай Дзевы Марыі і маленькага Ісуса складае ўсяго 5,6 на 4,4 сантыметра.

Паводле падання, абраз Божай Маці ў Жыровіцах цудоўным чынам з'явіўся перад людзьмі вясной 1470 года. У лесе ва ўладаннях казначэя ВКЛ Аляксандра Солтана пастухі заўважылі святло, якое зыходзіла з галін дзікай грушы – ад маленькай выявы Багародзіцы з немаўлём. Ікону аднеслі гаспадару, а той зачыніў у куфэрак. Але ўвечары, калі Солтан хацеў паказаць знаходку гасцям, яе ў куфэрку не аказалася. Яна аб'явілася на тым жа самым месцы ў галінках грушы, і Сапега паабяцаў заснаваць тут храм. Каля 1520 года ў мястэчку здарыўся пажар, падчас якога драўляная царква згарэла, а ікона знікла. Знайшлі яе дзеці, якія пасля заняткаў убачылі на вялікім камні Божую маці, а ў руках у яе страчаную рэліквію – гэту падзею лічаць другім з'яўленнем іконы.

Урачыстая каранацыя і стварэнне дарагога акладу для іконы датуюцца 1730-м годам.

Сёння абраз практычна не пакідае сцен манастыра, а на мерапрыемствах звычайна выкарыстоўваецца яго дакладная копія, вырабленая ў 1996 годзе.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Мінскай духоўнай семінарыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?