Вы тут

Адна спроба ЭКА бясплатна. Якія меры падтрымкі абмяркоўвалі сёння ў Прэзідэнта?


Як паведаміла журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч пасля нарады з удзелам Александра Лукашэнкі, праект Указа прадугледжвае падтрымку шматдзетных сем’яў, людзей з інваліднасцю. У прыватнасці, абмяркоўвалася сацыяльная абарона, пенсіённае забеспячэнне і праблемы сем’яў з бясплоднасцю.


«Што да шматдзетных сем’яў, пытанне сацыяльнай абароны — гэта ўдасканаленне падыходаў па дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе. Гэта ўнікальны механізм, які ёсць сёння ў краіне. Сапраўды, сёння аказваецца адрасная дапамога тым людзям, у якіх узровень даходаў ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму», — расказала міністр.

Шэсцьдзесят працэнтаў атрымальнікаў гэтай дапамогі — шматдзетныя сем’і. Па словах Ірыны Касцевіч, аналіз паказаў, што патрабуецца ўдасканаленне гэтага механізму. Прэзідэнт падтрымаў прапанаваныя падыходы.

«Што да пенсіённага забеспячэння, мы закранаем катэгорію шматдзетных сем’яў і катэгорыю інвалідаў. Перш за ўсё, гэта зніжэнне патрабаванняў да стажу — агульнага і страхавога. Тычыцца інвалідаў 1 і 2 груп і шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць чацвёра дзяцей», — удакладніла Ірына Касцевіч.

Таксама для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, прапанаваныя меры па павышэнні пенсіённых гарантый.

Ірына Касцевіч падкрэсліла, што прапановы выносіліся па рэальных сітуацыях з жыцця канкрэтных беларусаў, з якімі грамадзяне звярталіся на асабістыя прыёмы.

«Гэтыя праблемы нельга было ўбачыць пры падрыхтоўцы нарматыўна-прававых актаў раней, але жыццё паказала, што гэтыя адзінкавыя выпадкі — праблемныя, і іх неабходна вырашаць. Менавіта гэты праект Указа дазволіць асобным людзям вырашыць іх канкрэтныя жыццёвыя праблемы», — упэўнена кіраўнік ведамства.

Па словах Ірыны Касцевіч, нарэшце ўключана ў праект Указа мера, якая неаднаразова абмяркоўвалася, — магчымасць правядзення адной спробы ЭКА на бязвыплатнай аснове за кошт дзяржавы.


Попыт на працоўную сілу стаў скарачацца

Міністр працы і сацыяльнай абароны пацвердзіла журналістам, што на рынку працы назіраюцца асобныя негатыўныя моманты.

«Перш за ўсё, ідзе скарачэнне колькасці вакансій. За апошні месяц (на восьмага мая) колькасць вакансій скарацілася больш чым на трынаццаць тысяч. Мы бачым, што тут попыт на працоўную сілу з боку работадаўцаў стаў скарачацца. Павялічваецца і колькасць грамадзян, якія звяртаюцца ў службу занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні», — удакладніла Ірына Касцевіч.

Але вакансіі ёсць, і іх 72 тысячы. Таму людзі, якія жадаюць знайсці працу, могуць гэта права рэалізаваць, падкрэсліла міністр.

«Канешне, стаіць задача захаваць працоўныя калектывы, і мы, бясспрэчна, будзем падтрымліваць перш за ўсё тых работадаўцаў, якія захоўваюць калектывы. Механізмы ёсць — няпоўная занятасць, прастой ці скарачэнне працоўнага часу. Самае галоўнае, што чалавек усё роўна застаецца на гэтым прадпрыемстве з гарантаваным працоўным месцам», — адзначыла Ірына Касцевіч.

Варвара Марозава

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.