Вы тут

Аляксандр Лукашэнка наведаў Мінскі завод колавых цягачоў


І пагутарыў з працоўнымі.


Кіраўніку дзяржавы далажылі, што завод працуе ў штатным рэжыме. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што працуюць усе прадпрыемствы, нягледзячы на тое, што некаторыя «бадзяюцца» — іх каля сотні на кожным буйным заводзе.

«„Дрэнны“ Прэзідэнт трымаў лішак людзей, каб на вуліцу не выкідваць. Не хочуць працаваць, мы іх не прымусім», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Праца ў людзей на МЗКТ ёсць, калектыўны дагавор выконваецца. Прадпрыемства ўтрымлівае першае месца ў галіне машынабудавання. Ёсць пэўныя незадаволеныя — тлумачыць ім няма чаго, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Перспектывы, зарплата павінны казаць самі за сябе.

«Іх проста трэба адзін раз папярэдзіць: хто выйдзе за вароты, назад не вернецца. Гэта ж абароннае прадпрыемства. Што тут тлумачыць?», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У цэху завода Прэзідэнт спярша падышоў да карэспандэнтаў, каб яшчэ раз запэўніць у тым, што журналістам і іх сем'ям будзе забяспечана ўсеагульная дапамога і абарона. 

«Яны атруцілі людзей сацсеткамі, і ў некаторых склалася меркаванне: усё, улады няма, улада пала… Улада ніколі не падзе. А з імі мы разбярэмся. Недзе трэба пацярпець, а недзе проста трэба час», — звярнуўся да журналістаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што сёння немагчыма гарантаваць, што сілы, якія падцягваюцца звонку, не пагражаюць краіне. З Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным пагадзіліся, што «заварушка нездарма».

«Мы правялі выбары»

На тэрыторыі завода Прэзідэнта чакалі негатыўна настроеныя працоўныя. 

«Самае страшнае ў жыцці — гэта здрада. Я не хачу вас папракнуць, што вы камусьці здрадзілі, таму што я добра ведаю, што адбываецца», — сказаў Прэзідэнт і прапанаваў рабочым азнаёміцца з аператыўнай інфармацыяй — запісам тэлефоннай размовы аб падрыхтоўцы акцыі пратэсту.

«Ніколі вы ад мяне не дачакаецеся, каб я пад ціскам нешта зрабіў», — адказаў людзям, якія перарвалі яго словамі «Сыходзь!», Аляксандр Лукашэнка.

Што да пытання наконт несправядлівых выбараў і перавыбараў, Прэзідэнт адзначыў: «Мы правялі выбары. Пакуль вы мяне не заб’еце, іншых выбараў не будзе».

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся і да тэмы гвалту на вуліцах: «Патрэбна была нагода, каб вы крычалі „Сыходзь!“ — добрая нагода. Вы ведаеце, што я даручыў разабрацца з кожным фактам». Па яго словах, пацярпелі тыя, хто нападаў на праваахоўнікаў, правакаваў іх.

Прэзідэнт падкрэсліў, што МЗКЦ — суб’ект эканамічнай дзейнасці, але частка супрацоўнікаў перайшла ў палітычную плоскасць.

«Запомніце: там, у палітыцы, куды вы рынуліся, не разумеючы, іншыя законы. Каб потым не было балюча ні мне, ні вам, ні народу, калі мы страцім дзяржаву», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Хаця выкрыкі з натоўпу ў адрас кіраўніка дзяржавы былі агрэсіўнымі, пасля прамовы ён адзін выйшаў у гушчу народу, перасцярогшы ад правакацый.

«Калі вы хочаце задаць кіраўніку дзяржавы пытанне, задавайце яго. Але любы ваш крок у мой бок абернецца вам… Я не пагляджу, што вас тут групка гэта стаіць, — вы не на таго нарваліся», — сказаў Прэзідэнт, пасля чаго натоўп крыху сцішыўся.

Працоўны Андрэй звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб сумленных выбарах. Прэзідэнт прапанаваў праверыць дакументы на любым выбарчым участку. Але, усведамляе кіраўнік дзяржавы, сёння гэта нікому не патрэбна, бо патрэбны новыя выбары.

«Іх не будзе, таму што не будзе ні МЗКЦ, ні МАЗа, ні БелАЗа, — за паўгода мы знішчым усё», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба ўсё захаваць», — пагадзіўся Андрэй.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што становішча спросціцца пасля прыняцця на рэферэндуме новай Канстытуцыі і правядзення выбараў у адпаведнасці з ёй.
«Я згодны», — адказаў працоўны.

Галасы «Ганьба!», улюлюканне і да таго падобнае змяніліся больш-менш канструктывам. Працоўныя самі пачалі абрываць адно аднаго: «Цішэй, не чутно! Дайце ўсім запытацца!».

Працоўная Наталля са слязьмі расказала, як яе дачка вярнулася з крамы з перабітымі рэбрамі. Жанчына сама прызнала, што бацькоўскія пачуцці аднолькавыя ў маці АМАПаўца, і ў маці пацярпелага. Потым пагадзілася з Прэзідэнтам, што масавыя акцыі павінны праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам.

«Сітуацыю не я стварыў. Яе стварылі. Чаму АМАПаўцы апынуліся на вуліцах, што, ім так захацелася? Не. Іх вывелі туды — навесці парадак. Галоўнае было не даць разрастацца гэтым ачагам», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мяне вы на калені не паставіце»

«Мяне вы на калені не паставіце. І не рабіце, каб было горш — перш за ўсё вам і вашым сем’ям. Вы гэта адчуеце праз тыдзень, калі зробіце бязладдзе на прадпрыемстве», — заклікаў Прэзідэнт.

Ён адказваў на ўсе пытанні, у тым ліку і такія, якія пыталіся справакаваць на такі ж негатыў. Потым людзі звярнуліся да надзённага: шматдзетны бацька пашкадаваў, што жыве ў кватэры цешчы, але вельмі хоча ўласную.

«Да канца году чарга для шматдзетных не перавысіць год», — удакладніўшы тэрмін у старшыні Мінскага гарвыканкама Анатоля Сівака, праінфармаваў мужчыну Прэзідэнт.

«Мы хочам, каб улада належала народу, а народ учора выйшаў і паказаў свае меркаванне», — звярнуўся да кіраўніка дзяржавы другі рабочы.

«Вынікі гэтых выбараў мы пераглядаць не будзем, таму што гэта патрабаванне не вас нават, не гэтых працоўных. Гэты патрабавання адтуль ужо скінулі. Заўтра ж вас паставяць яшчэ ў ланцуг з Вільнюса да Кіева, каб прадэманстраваць, што трэба стварыць «санітарны кардон» паміж Расіяй і Захадам — лічы, супраць Расіі. Вы хочаце, каб Расія адрэагавала яшчэ? А я не хачу», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Трансляцыя прамовы Прэзідэнта была наладжана на МТЗ, МАЗ, «Інтэграл», завод імя Казлова ў Мінску і пяці буйных прадпрыемствах па краіне: Белкалій, Белшына, БелАЗ, БМЗ, «Нафтан» і «Палімір».

Пасля размовы Прэзідэнт нечакана нават для суправаджаючых асоб змяніў маршрут і наведаў некалькіх цэхаў МЗКЦ і цэх аўтобуснага заводу ААТ «МАЗ».

Прыватызацыя пагражае масавымі звальненнямі

На галоўным канвееры Мінскага завода колавых цягачоў Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з супрацоўніцай Тамарай, паклікаў падысці бліжэй хлопцаў-рабочых. Адзін з іх, Юрый, пацікавіўся падтрымкай шматдзетных сем’яў, аб чым Прэзідэнт расказаў крыху раней. 

«Бастуюць — ідзіце бастуйце. Але не цкуйце людзей, якія хочуць працаваць. Я не думаю, што бацьку трох дзяцей трэба нешта іншае», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў аб небяспецы прыватызацыі буйных прадпрыемстваў кшталту МЗКЦ: з 4500 рабочых па прапанаваным бізнес-плане засталася б 2500.

«А дзве тысячы – на вуліцы? Вось што будзе з інвестарамі. Яны з задавальненнем возьмуць, Расія возьме, таму што вы робіце тое, што ім вельмі патрэбна для стрымлівання ядзерных сіл», — перасцярог Прэзідэнт.

З кіраўніцтвам завода абмеркавалі перспектывы развіцця прадпрыемства, новыя рынкі збыту прадукцыі. 

Пагутарыў Прэзідэнт і з працоўнымі МАЗа, якіх выпадкова сустрэў. З Валерам Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў якасць беларускіх аўтобусаў, узгадаў службу ў арміі, пытанні бяспекі ў краіне.

«За прадпрыемства мы ўсе ўдзячныя вам, прадпрыемства вельмі добрае, мы ўсе ганарымся, што працуем, і плануем працаваць далей», — запэўнілі кіраўніка дзяржавы хлопцы.


МЗКЦ серыйна вырабляе спецыяльную аўтатэхніку для паставак у Расію, у тым ліку розныя камплектацыі шасі пад мантаж зенітна-ракетных комплексаў і іншай аўтатэхнікі.

На заводзе пашыраны засвоеная наменклатура і пастаўка аўтатэхнікі і аўтобусаў для патрэб народнай гаспадаркі і на экспарт. Прадпрыемства гатова да вытворчасці сямейства лёгкабраніраваных аўтамабіляў, у тым ліку для Міністэрства абароны Беларусі, развівае вытворчасць аўтакампанентаў: гідрамеханічных перадач, модуляў мастоў; праводзіць вопытна-канструктарскія работы па пашырэнні лінейкі лёгкабраніраваных аўтамабіляў і іншых узораў спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку на экспарт, па стварэнні цягача сядзельнага 6х6 з рухавіком Еўра-5, па распрацоўцы запатрабаванага ўдасканаленага прадукта (шасі тыпу пад комплекс “БУК-МБ”, шасі павышанай грузапад’ёмнасці для нафтавай галіны, шасі для ўстаноўкі пажарнага абсталявання, шасі пад буравую ўстаноўку, эвакуатар на базе шасі 8х8, лінейка аўтобусаў “Нёман”, работы па стварэнні гібрыднага аўтамабіля і па самазвале з колавай формулай 8х4 і 8х8).

За першае паўгоддзе МЗКТ вырабіў прамысловай прадукцыі (работ, паслуг) на134 109 рублёў (114,8 працэнтаў да аналагічнага перыяда 2019 года). Экспарт тавараў і паслуг за паўгоддзе склаў 56 398,6 тысячы долараў. За шэсць месяцаў МЗКТ атрымаў станоўчыя фінансавыя вынікі — чыстая прыбыль склала 4673 тысячы рублёў, рэнтабельнасць продажаў — 7,6 працэнта.

За шэсць месяцаў аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 6894 тысячы рублёў.

На прадпрыемстве працуе 4268 чалавек, сярэднемесячная зарплата дасягнула ўзроўню 1487 рублёў.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?