Вы тут

Новая рэальнасць: правіла гігіены сталі клопатам аб блізкіх


Рэстаран хуткага харчавання забіты людзьмі, наколькі гэта мажліва. Маладая пара вачыма шукае свабодны столік. Знаходзіць і ў імгненне займае месца. Сцягваюць маскі на падбародак, усміхаюцца адно аднаму. Дзяўчына скідае далонню крошкі са стала, а мужчына накіроўваецца рабіць заказ. Я села за столік каля выхаду, таму што месцаў больш не было. Назіраю, як кур'ер без маскі і пальчатак забірае заказ і стомленай хадой накіроўваецца да выхаду. Здаецца, што ў дзевяць вечара работнікам гэтага кафэ проста не да бяспекі наведвальнікаў, як, зрэшты, і самім наведвальнікам. За сорак хвілін, што я там знаходзілася, так ніхто і не выйшаў працерці мой столік, ні адзін наведвальнік так і не падышоў да дазатара з антысептыкам, ніхто не вытрымліваў дыстанцыю ў паўтара метра, хаця супрацоўнікі і наляпілі пазнакі на падлогу, якія нагадваюць пра гэта...


Яшчэ сёмага красавіка Мінгарвыканкамам быў зацверджаны план дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVІD-19. У плане 25 рэкамендацый для розных арганізацый усіх формаў уласнасці, па сутнасці, яны нагадваюць элементарныя правілы гігіены, якія павінны выконвацца не толькі падчас пандэміі. Так, ёсць сярод іх і парады, якія могуць знізіць колькасць наведвальнікаў, але менавіта цяпер іх проста трэба выконваць. Напрыклад, неабходнасць трымаць дыстанцыю. Хоць кіраўніцтва рэстарана, які я наведала, і прыбрала з залы некаторыя столікі, але з-за вялікай колькасці людзей я не адчула дыстанцыі.

Інакш ставяцца да бяспекі сваіх наведвальнікаў іх калегі іншай сеткі рэстаранаў. Там загараджальнай стужкай зачынілі столікі так, што наведвальнікі проста вымушаны выконваць дыстанцыю не ў 1,5 метра, а ў цэлыя 2-3 метры. Наведвальнікаў з-за гэтага, здаецца, зусім няшмат. На заўважным месцы вісіць дазатар з антысептыкам. Работнікі ў масках і пальчатках. На зале стаіць чалавек, які амаль пасля кожнага, хто ўваходзіць у рэстаран, працірае дзвярныя ручкі. Пасля таго як наведвальнік сыходзіць, літаральна адразу столік апрацоўваюць. Нягледзячы на тое што я была там прыкладна ў той жа час вечара, што і ў першым кафэ, здавалася, нават паветра тут больш свежае. Але я думаю, што справа ўсё-такі ў тым, што ў гэтай сетцы рэстаранаў прынята часцей чысціць кандыцыянеры.

У правілах, рэкамендаваных уладамі, адзначаецца, што неабходна «забяспечыць выкарыстанне работнікамі аб'ектаў, якія маюць непасрэдны кантакт з наведвальнікамі, сродкаў абароны органаў дыхання (маскі), пальчатак, антысептыкаў для рук». Заходжу ў найбліжэйшы да дома папулярны гандлёвы цэнтр па прадукты і тут жа трапляю на жанчыну каля ўвахода, якая апрацоўвае ручкі кошыкаў нейкім сродкам. На заўважным месцы вісіць дазатар з антысептыкам і там жа побач на стойцы — сурвэткі. Жанчына, якая скарысталася дызсродкам, незадаволена і запэўнівае мяне, што ў ім проста вада, аргументуючы адсутнасцю паху. Рашаюся наліць на свае далоні антысептык і паднесці да носа. І сапраўды, без паху! Бяру тут жа сурвэтку і выціраю рукі. Для спакою дастаю з сумкі свой, які мае спецыфічны «водар». У хлебным аддзеле кухары ў масках і пальчатках выкладваюць упакаваную выпечку на стэлажы. Каля касы вісяць напамінкі аб захаванні дыстанцыі. Магчыма, з-за таго, што аб'ява на ўзроўні вачэй, людзі трымалі дыстанцыю ў 1,5 метра больш ахвотна, праўда, з-за гэтага чарга расцягнулася на шмат метраў. А вось у іншым гандлёвым пункце, не менш папулярным у Мінску, дыстанцыю ніхто не трымаў, хоць людзей было поўна. Здавалася, быццам увесь раён разам вырашыў наведаць краму і пры гэтым пляваў на ўсе меры засцярогі. Але ж я там не сустрэла ні аднаго работніка без маскі. Праўда, некаторыя супрацоўнікі сцягвалі маску так, каб нос быў адкрыты... З уласнага досведу ведаю, як цяжка дыхаць пад маскай некалькі гадзін запар у памяшканні. Яшчэ мяне ўразіла, што ўсе касіры крамы былі забяспечаны пластыкавымі шчыткамі, якія закрывалі твар работніка. Гэтая маска не герметычная, але цалкам абараняе супрацоўнікаў ад пырскаў пры чханні пакупніка, які не патурбаваўся прыкрыць рот. Дзяўчына, якая абслугоўвала мяне на касе, была ў пальчатках.

У крамах нехарчовых тавараў людзей было менш, але, напрыклад, у адным з буйных універмагаў Мінска я ўбачыла толькі адну жанчыну-касіра ў пальчатках і з маскай на твары. Астатнія як быццам бы згаварыліся пры мне сцягнуць маскі на падбародак, а ў некаторых аддзелах супрацоўнікі ўнівермага наогул былі без іх. Пальчатак на прадаўцах я таксама не ўбачыла. Але крама адкрываецца не ў дзевяць раніцы, як раней, а ў дзесяць. Відаць, гэтую гадзіну там выкарыстоўваюць на апрацоўку не толькі самога памяшкання, але і магазіна звонку. Да такой высновы я прыйшла, калі ўбачыла, што асфальт каля вонкавых вітрын і лесвіцы па раніцах пакрыты белым налётам. А вось у адным з сэканд-хэндаў мяне чакаў прыемны сюрпрыз. Пакупнікі выконвалі дыстанцыю, а касір была ў масцы і пальчатках, да таго ж перыядычна апрацоўвала чымсьці паверхню стала з касай, за якім стаяла.

У правілах, рэкамендаваных Мінгарвыканкамам, ёсць пункт, які прадугледжвае вытворчы кантроль за санітарным утрыманнем грамадскага транспарту. Праўда, гэтая мера часам палохае пасажыраў, якія любяць паспаць у транспарце. Аляксандр, кіроўца аўтобуса аўтапарка № 6, расказаў, як смяяўся, калі зайшоў на дыспетчарскай станцыі ў салон з работнікамі парка, якія апрацоўваюць аўтобусы дэзсродкамі кожныя 3-4 гадзіны.

«Яны ж у ахоўных касцюмах і з распыляльным апаратам, — расказвае кіроўца. — Я буджу «соню», а ён, расплюшчыўшы вочы, як падскочыць! Небарака амаль бег ад аўтобуса!»

Сам кіроўца прызнаўся, што ў парку амаль усе яго калегі старанна выконваюць правілы асабістай гігіены. Нягледзячы на тое што ў кіроўцаў асобная кабіна, многія носяць маскі і выкарыстоўваюць пальчаткі. Гэта звязана з тым, што ім даводзіцца прадаваць талончыкі пасажырам. У маршрутках кіроўцы таксама выкарыстоўваюць антысептыкі для рук, і многія вядуць аўтамабіль у масцы, але пальчаткі носяць не ўсе.

— На самай справе вельмі важна выконваць гэтыя рэкамендацыі, — гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна ЕМЯЛЬЯНАВА. — Мы прапанавалі адмяніць у Мінску правядзенне кірмашоў, прэзентацый і выстаў. Раім прыбіраць жылыя шматкватэрныя дамы з выкарыстаннем дэзынфіцыруючых сродкаў і натуральна. Работнікам сферы абслугоўвання трэба не толькі быць забяспечанымі маскамі, але і ўмець іх правільна насіць. Недапушчальна прадаўцу апускаць маску на падбародак або не закрываць нос. Гэта проста ілюзія стрымлівання распаўсюджвання інфекцыі, і плёну не дае. Важна сур'ёзна ставіцца да рэкамендаваных правілаў. Але нашы пакупнікі часам да сваёй бяспекі ставяцца безадказна. Нават калі крама будзе рабіць кожныя пяць хвілін аб'явы пра тое, што трэба захоўваць дыстанцыю, на кожнай касе вывесяць аб'явы і нанясуць на падлогу разметку «Трымай дыстанцыю», людзі ўсё роўна «не чуюць» і «не бачаць». Сёння ў кожнага беларуса ёсць магчымасць стаць крыху лепшым! Для гэтага трэба проста выконваць правілы, якія дапамогуць нам папярэдзіць распаўсюджванне інфекцыі і тым самым зберагчы людзей, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Маска, пальчаткі і дыстанцыя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.