Вы тут

#Яжмаці. Зубачыстка натхнення


На ранішніках я не вытрымліваю і плачу. Крадком. Бывае, спрабую дамовіцца з сабой, каб не плакаць, — не магу. Я назіраю, як растуць мае дзеці, кожны дзень, але чамусьці менавіта тут усведамляю, наколькі яны выраслі. Выяўляецца ў іх гэта не столькі фізічна, колькі ва ўменні сабрацца ў адказны момант. Вось малодшая дачка Малання ў яслях: заходзіць разам з іншымі малымі ў музычную залу. Яна нават не вельмі разумее, што адбываецца. Вачыма знаходзіць мяне, і... вуаля — на сцэне на аднаго маленькага акцёра менш. А маленькі анёлак ужо сядзіць у мяне на руках, моцна абхапіўшы за шыю... Цяпер малой чатыры, і яна спрытна танцуе вясновы танец для мамы, але вершык расказвае пакуль ціха і нясмела... Я з усіх сіл стараюся не заплакаць. Як жа яна вырасла!..


Уля зусім іншая, гэта — дзяўчынка-прыгода. Ёй часта давалі галоўныя ролі. Яна смелая, гучная і любіць усеагульную ўвагу. У яслях малая адзіная з дзяцей у сваёй групе не адчула жаху ад выгляду Дзеда Мароза, яна ледзь не сама адабрала ў яго падарунак. Пасталеўшы, спрабавала кантраляваць іншых. Напрыклад, яе партнёр у танцы рабіў няправільны рух, яна яго выпраўляла, але калі раптам сустракала супраціўленне, то сядала на крэселка для акцёраў, і ніхто ўжо не мог яе падняць. Пастаноўка заставалася без галоўнага героя... Вопыт выхавальнікі атрымалі, і таму ва Ульяны часта ёсць дублёр, а часам ёй увогуле не даюць галоўную ролю. Дома мы прывыклі не выпускаць яе з-пад увагі, бо энергія б'е фантанам, сама яна любіць эксперыменты, а пра вынікі ўвогуле не думае.

Сёлета Ульяна паступала ў гімназію-каледж мастацтваў. Гэта вельмі добрая школа, праўда, там пры паступленні трэба здаваць экзамен. Адбіраюць дзяцей ва ўстанову, ацэньваючы іх творчы малюнак. Уля малюе выдатна. У гэтым плане яна заўседы апярэджвала аднагодкаў, але ў плане самадысцыпліны пакуль застаецца на ўзроўні дзіцячага садка, а ніяк не другакласніцы. Уля не малюе па замове — толькі з натхнення. Маёй задачай было стварыць ёй у дзень экзамену добры настрой. Але здарылася сапраўдная катастрофа. Менавіта тады мы адпраўлялі старэйшага сына ў лагер. Уля таксама хацела, але ж у яе іспыты. І ўсё, яна насупілася і не захацела ісці маляваць. З вялікай цяжкасцю мы ўгаварылі яе хоць проста пайсці на экзамен. Я выдыхлася на стадыі перамоў. Муж узяўся давезці малую да будынка гімназіі. У яго быў план: не падкупляць яе, а проста «выпадкова» зайсці ў кавярню папіць кавы — магчыма, сэрца дзяўчынкі памякчэе, яна папросіць што-небудзь смачнае і, лёгка займеўшы «хацелку», натхніцца. Муж замовіў кавы, але малую нічога не зацікавіла.

Яна села за столік хмурная. Муж піў каву, спрабуючы прыдумаць «план Б», а Уля дэманстратыўна сумавала, перыядычна ёрзаючы ў крэсле. І раптам малая ўскрыкнула і ўскочыла! Аказалася, што на крэсле... ляжала зубачыстка, якая пракалола спаднічку і, за адным разам, мяккае месца. Тут жа каля іх апынулася афіцыянтка, якая дастала зубачыстку, што захрасла ў спадніцы, у якасці выбачэння прапанавала мужу не плаціць за каву, а Улі прынеслі марожанае. Дачка з татам смяяліся ўсю дарогу да гімназіі. У выніку экзамен быў здадзены паспяхова. Работа Ульяны была адна з найлепшых, і яна паступіла. Засталося адолець самую дробязь: вучыцца так, каб не адлічылі. Вось так цудоўнай зубачыстцы ўдалося зрабіць тое, што не змаглі два дарослыя чалавекі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.