Вы тут

Як працуе з асаблівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі цэнтр навучання ў Бярозе


Перад самым новым годам давялося пабываць на адным з мерапрыемстваў акцыі «Нашы дзеці» ў Бярозаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Падобныя мерапрыемствы заўсёды нясуць у сабе зарад энергіі, россып станоўчых эмоцый. А як жа інакш? Самае чаканае дзецьмі свята: сюрпрызы, падарункі, спраўджаныя мары і жаданні. На ранішніку дзеці шырока ўсміхаліся, шчыра радаваліся, кружылі ў карагодзе. Усё так, але...


Было прыкметна, як усё ж няпроста іх педагогам і выхавальнікам трымаць у полі зроку ўсіх выхаванцаў адразу. Дзеці асаблівыя, нехта з іх ад павышанай увагі, ад эмоцый у любую хвіліну можа, напрыклад, заплакаць,тады трэба хуценька вывесці яго з залы і за дзвярыма пастарацца супакоіць. Потым зноў можна будзе вярнуцца, калі хлопчык ці дзяўчынка ўсё ж пажадаюць пабыць на спектаклі з Дзедам Марозам і Снягуркай. Але хутка справіцца са стрэсам атрымліваецца далёка не заўсёды.

Паводле слоў дырэктара цэнтра Таццяны Ігнацюк, зараз у іх установе спецыяльнай адукацыі атрымліваюць дапамогу 143 дзіцяці. З іх 93 хлопчыкі і дзяўчынкі ахоплены карэкцыйна-педагагічнай падтрымкай і сацыяльнай рэабілітацыяй, раннюю комплексную дапамогу атрымліваюць 12 дзяцей, 38 дзяцей з інваліднасцю з цяжкімі і множнымі парушэннямі набываюць спецыяльную адукацыю ў пяці класах і адной дашкольнай групе.

— У цэнтры разам з сумяшчальнікамі працуе 50 чалавек, — расказвае Таццяна Станіславаўна. — З іх 28 педагогі, ёсць яшчэ выхавальнікі, медыкі, псіхолагі, іншыя спецыялісты. Установа фарміруе і вядзе банк даных пра дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ўсяго Бярозаўскага раёна. Зараз на ўліку знаходзіцца 1183 дзіцяці. Большасць з іх займаецца ў інтэгрыраваных класах і такіх жа групах дзіцячых садкоў. А наша ўстанова з'яўляецца каардынатарам сістэмы спецыяльнага навучання. Да нас жа трапляюць самыя складаныя дзеці, бо ў цэнтры створаны ўсе ўмовы.

Дарэчы, заняткі наведваюць не толькі юныя жыхары Бярозы, нават з самых аддаленых вёсак хлопчыкаў і дзяўчынак прывозяць спецыяльныя аўтобусы. У 7 гадзін 30 мінут пачынаюцца заняткі, а заканчваюцца ў 17.30. Усе навучэнцы атрымліваюць бясплатнае трохразовае харчаванне. Паводле слоў спецыялістаў, кормяць вельмі добра, каларыйна, збалансавана, з акцэнтам на вітаміны. Для некаторых дзяцей, у адпаведнасці з прызначэннем урача, гатуецца асобны дыетычны стол. Праграма навучання і выхавання нечым нагадвае праграму ў дзіцячым садку і школе, напрыклад, урокі працягваюцца 45 мінут. І разам з тым, усё тут накіравана на камфорт асаблівых дзяцей.

На навагоднім ранішніку.

Двухпавярховы будынак абсталяваны двума пандусамі з поручнямі. Для перамяшчэння дзяцей з парушэннямі функцыі апорна-рухальнага апарату маецца гусенічны пад'ёмнік. У памяшканнях прадугледжаны кнопкі выкліку, тактыльныя індыкатары падлогі, маўленчыя інфарматары. Ёсць самыя розныя кабінеты. Кабінет лячэбнай фізкультуры дазваляе праводзіць рэабілітацыйныя мерапрыемствы дзецям з паталогіяй як нервовай, так і косна-мышачнай сістэмы. Названы кабінет працуе даволі даўно, а пяць гадоў таму паявіўся сэнсарны пакой. Ён уяўляе сабой асаблівым чынам арганізаванае асяроддзе, у якім дзіця ў бяспечнай і камфортнай абстаноўцы даследуе наваколле. Рабіць гэта выхаванец можа альбо самастойна, альбо пры неназойлівым суправаджэнні дарослага. Абсталяванне сэнсарнага пакоя дазваляе актыўна выкарыстоўваць элементы святло- і колератэрапіі, гука- і музыкатэрапіі, а яшчэ пясочнай тэрапіі, казкатэрапіі, цялесна-арыентаванай тэрапіі. Праграма «Свет чароўных ілюзій», у якой спалучаюцца элементы зорнага неба, падводнага царства, казачных сюжэтаў, асабліва падабаецца дзецям. Яны любяць гэты пакой, сюды прыходзяць не толькі на індывідуальныя сеансы, але і невялікімі групамі, часам разам бацькамі.

Бацькам асаблівых дзяцей таксама патрэбная дапамога. «Усвядоміць і прыняць, што ў цябе асаблівае дзіця, бывае вельмі няпроста, — разважае Таццяна Ігнацюк. — Мы заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу мамам і татам. Трэнінгі, заняткі тыпу «Упэўненая мама» пастаянна праводзяцца ў цэнтры. Калі бацькі правільна настрояцца на выхаванне асаблівага дзіцяці, тады і нам лягчэй будзе працаваць па адаптацыі, сацыялізацыі вучня, разам атрымліваць маленькія перамогі, з якіх і складаецца наша работа».

Сэнсарны пакой.

Таццяна Станіславаўна працуе ў цэнтры з часу яго адкрыцця — з 2004 года, з верасня мінулага года — дырэктарам. Згадала выпадак са сваёй практыкі — гісторыю хлопчыка Ромы. Ён прыйшоў у цэнтр у восем гадоў і зусім не ўмеў гаварыць. На адным з першых заняткаў падышоў да беларускага кутка, дзе размяшчаўся стэнд з сімволікай, і стаў напяваць нейкую мелодыю. Яе пазналі — гэта быў гімн нашай краіны. Аказалася, у хлопчыка добры слых, ён мог запамінаць музыку. Ад гэтага адштурхоўваліся, і паступова крок за крокам, паволі, настойліва і ўпарта рухаліся далей з малым вучнем. І вось ён пакрысе стаў гаварыць, потым навучыўся чытаць, асвоіў многія жыццёвыя навыкі. Раман ужо выпускнік, ходзіць у цэнтр рэабілітацыі для дарослых, ходзіць самастойна.

«Мне вельмі прыемна сустракаць яго на вуліцы, радуюся яго невялічкім поспехам. У розных аўдыторыях я не раз гаварыла: «Лёгка палюбіць паспяховае дзіця. Палюбіце нашых дзяцей! — кажа Таццяна Ігнацюк. — Яны таксама адгукаюцца на любоў. Нашы маленькія перамогі часам каштуюць значна больш, чым перамогі і дасягненні звычайных дзяцей».

Паводле слоў дырэктара, іх педагогі і супрацоўнікі заслугоўваюць асаблівай падзякі грамадства. Не ўсе могуць працаваць ў падобнай установе. Некаторыя прыходзяць уладкоўвацца і сыходзяць літаральна праз некалькі дзён. Застаюцца тыя, хто можа палюбіць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.