Вы тут

Вера Карэлава: Цяперашнія 50-гадовыя могуць быць залатым фондам працоўнага калектыву


Чаму пенсіянеры хочуць працаваць і як пазбегнуць канфліктаў «бацькоў і дзяцей» у працоўным калектыве


Вялікую частку працоўнай біяграфіі Вера Карэлава працавала ў сферы сацыяльнай дапамогі насельніцтву, а калі выйшла на пенсію, апынулася ў сферы гасцінічнага бізнесу. Мы пагаварылі пра тое, ці лёгка знайсці працу чалавеку старэйшага ўзросту, як наладзіць канструктыўныя адносіны з маладымі калегамі і калі наступае ідэальны час для выхаду на пенсію.

–– Вера, амаль дваццаць гадоў вы кожны дзень сутыкаліся з чалавечым горам…

–– Так, па сацыяльную дапамогу людзі ідуць у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Ведаеце, у мяне неяк зусім не атрымлівалася абстрагавацца ад чалавека і проста выконваць свае абавязкі. Былі людзі, якімі я захапляюся, бо выкарыстоўваючы ўсе магчымасці, прымаючы любую дапамогу, не баючыся ніякай працы, яны паправілі сваё становішча. Хачу сказаць, што дзяржава рэальна дапамагае людзям ў складанай сітуацыі, але не ўсе самі гатовыя змяняць нешта ў жыцці.

Можна было працягваць службу ў Мінскім аблвыканкаме, але я вырашыла выйсці на пенсію пры першай жа магчымасці. Прызнаюся, стамілася ад стрэсаў, эмацыйных перагрузак. У той жа час разумела, што цяжка будзе шукаць новую працу. Ведаеце, не ўяўляю сябе той, якая сядзіць дома, акрамя таго, ёсць жаданне павысіць узровень жыцця. Людзям майго пакалення хочацца хаця б зараз атрымаць тое, што ў маладосці не было даступна. Для некага гэта падарожжы, для іншых –– лепшая якасць жыцця.

–- Свядома выбіралі гасцінічны бізнэс ці быў у гэтым элемент выпадковасці?

–– У адстаўку я выйшла ў 2014 годзе, як раз краіна рыхтавалася да правядзення Чэмпіянату свету па хакеі, адкрывалася шмат гатэляў. Мне гэта здалося цікавай сферай дзейнасці. Размясціла рэзюмэ, прайшлася па многіх гасцініцах, нешта мне нават прапаноўвалі. Але калі наведла «Гарні», адразу падумала: хачу тут працаваць. Была вакансія загадчыка нумарным фондам, і я адважылася. Многаму давялося вучыцца, але мне гэта было цікава, я не саромелася звяртацца з пытаннямі да калег. Быў момант, калі мне здалося, што вельмі цяжка. Але цяпер магу сказаць, чым больш працую, чым больш ведаю, тым мне цікавей.

–– Інтэр'еры гатэля, аформленыя ў стылістыцы ХІХ стагоддзя, мяркую, прывабліваюць гасцей старэйшага пакалення. А што можна сказаць аб сярэднім узросце калектыву?

–– Прызнаюся, не рабіла такіх разлікаў, але калектыў у нас рознаўзроставы. На мой погляд, гэта аптымальны, я б сказала, здаровы варыянт, таму што кожнае пакаленне можа вучыцца ў іншага. Вы вельмі дакладна прымецілі ўзаемасувязь інтэр'ераў і кантынгенту гасцей. Бывае, вядома, што і моладзь у нас спыняецца, але ў асноўным госці ва ўзросце 45+. Атрымліваецца, што госці і персанал старэйшага пакалення, што называецца, гавораць на адной мове. Банальная жыццёвая гісторыя: госця з былой савецкай рэспублікі кажа, што хоча прайсціся па беларускай класіцы: крамах вядомых марак адзення, абутку і парфумерыі і пытаецца ў мяне, дзе яны знаходзяцца. Усё расказала ёй, рэкамендавала іншыя цікавыя айчынныя брэнды. Калі б яна спытала ў дзяўчат на рэсэпшэне, яны б таксама падказалі, пагугліўшы. Маладое пакаленне заказвае вопратку ў інтэрнэт-крамах, наведвае сучасныя гандлёвыя цэнтры. Разумееце, адказ бы госця атрымала, але адна справа –– назваць адрас, расказаць, як дабрацца, іншае –– калі чалавек сам там бывае. Госця дні два ездзіла па крамах, потым запрасіла мяне, каб паказаць абноўкі.

–– Мне здалося, што ў вас такі традыцыйны падзел: на рэсэпшэне –– моладзь, пакаёўкі –– жанчыны старэйшага ўзросту.

–– Аб'ектыўна: моладзь ведае замежныя мовы, без іх на рэсэпшэне ніяк. Старэйшае пакаленне ў гэтым часта прайграе. Але я сёння хачу сказаць дзякуй былому і цяперашняму кіраўніцтву «Мінатэля», да якога належыць «Гарні», за тое, што ў свой час пачалі прымаць на працу пакаёвак перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Дырэкцыя паверыла ў гэтых жанчын, дала ім шанец, хоць многія гасцініцы, хай гэта і не афішуецца, шукалі пакаёвак ва ўзросце да 40 гадоў.

–– Як вам працуецца з маладзейшым па ўзросце кіраўніком?

–– Маю звычку ацэньваць калег па дзелавых якасцях, а не ўзросту або гендэрных прыкметах. Добра працавалася з ранейшым упраўляючым –– вельмі талковым кіраўнік, інтэлігентны чалавек. Калі яна сыходзіла на павышэнне, мы радаваліся за яе, але і журыліся, што развітваемся. Цяпер у нас новая ўпраўляючая, нягледзячы на маладосць, ужо вопытны кіраўнік. Упэўненая, што яна прыўнясе нешта новае, цікавае ў нашу працу. Мне лёгка з імі працаваць яшчэ і таму, што я не баюся вучыцца ў маладых, і ў мае планы не ўваходзіць быць першай скрыпкай у калектыве.

–– А вось як раз вельмі часта работнікаў пенсійнага ўзросту абвінавачваюць у тым, што яны «трымаюцца за пасаду». У той жа час, не сакрэт, што не толькі на пенсіі, але ўжо і пасля 45 гадоў прапануюць пасады заведама ніжэйшыя за патэнцыял работніка.

–– Як бы чалавек не трымаўся за пасаду, у яго ёсць наймальнік. І калі падаўжаюць кантракт з 70-гадовым кіраўніком, значыць, не бачаць альтэрнатывы. І прычын можа быць шмат, апошняя з якіх: свядома не фарміруюць рэзерв на кіруючую пасаду. А тое, што спецыяліст старэйшы за 45 гадоў не можа атрымаць працу, якая адпавядае яго кваліфікацыі, гэта проста знішчае чалавека. У нас павышаецца пенсійны ўзрост, але свядомасць наймальнікаў яшчэ адстае. Цяперашнія 50-гадовыя па пашпарце значна маладзейшыя псіхалагічна і фізічна за іх бацькоў у гэтым узросце. Гэтыя людзі могуць быць залатым фондам працоўнага калектыву: у іх ёсць вопыт, адукацыя, выраслі дзеці, вырашаны бытавыя пытанні, ім цікава жыць.

–– А яшчэ кажуць, што гэта стабільныя і адданыя камандзе работнікі, а не «летуны», як частка цяперашняй моладзі.

–– Такі фактар таксама ёсць. З моладдзю, якая часта мяняе месцы працы, на мой погляд, таксама не ўсё адназначна. Калі сталы спецыяліст гатовы цярпець на працы нейкія нязручнасці, таму што ён памятае: у яго маладыя гады было значна горш, то моладзь не будзе. І хай яны ў 20 гадоў мяняюць сферы дзейнасці, але знойдуць сваю, чым будуць мучыцца на нялюбай працы.

–– З-за чаго, на ваш погляд, у працоўных калектывах бываюць канфлікты «бацькоў і дзяцей»?

–– Вылучыла б дзве асноўныя памылкі старэйшага пакалення. Першая: некаторыя ўзрост разглядаюць як нейкую заслугу: мне ўсе павінны, таму што мне шмат гадоў. Але ўзрост –– гэта не заслуга. Другая: калі маеш намер працаваць, трэба адпавядаць – сёння толькі на вопыце не ўтрымаешся, неабходна ўмець успрымаць навацыі. Малодшае пакаленне часта не хоча нічога ведаць пра чалавека, акрамя ўзросту. І менавіта па гэтаму крытэрыю «бракуе» і калег, і проста людзей на вуліцы.

–– Як вы лічыце, гэта нармальна, калі бацькі-пенсіянеры фінансава дапамагаюць дарослым дзецям?

–– У мяне няма адназначнага адказу, усё залежыць ад традыцый, сітуацый у сям'і. Не заўсёды дзеці, якім дапамагаюць, лайдакі. Але глядзіце, цяпер усё часцей нараджаюць не толькі другога-трэцяга, але часам і першае дзіця ў 38-40 гадоў. Гэта дзіця у 20 гадоў яшчэ студэнт, а бацькам 58–60 гадоў. Маё пакаленне расло ва ўмовах, калі бацькі дзяліліся апошнім з дзецьмі, таму і мне хочацца часам сваім дапамагчы.

–– Але ўнукаў, напэўна, песціце?

–– Гэта таксама не простае пытанне. Адказнасць за выхаванне дзяцей павінны несці бацькі, а не бабуля. Часам мне здавалася, што сын вельмі нагружае старэйшага ўнука – увесь дзень па хвілінах распісаны. Але з часам я пагадзілася з падыходамі сына і нявесткі да выхавання. З таго, што было добра, калі раслі мае сыны, цяпер шмат што не працуе. Гаджэты ўнеслі неверагодныя карэктывы ў жыццё. Сын рэгламентуе ўнуку час карыстання камп’ютарам. Да таго ж у інтэрнэце разам з карыснай і пазнавальнай інфармацыяй шмат шкоднай і небяспечнай –– за гэтым таксама трэба сачыць бацькам. Песціць унукаў можна па-рознаму –– абняць, схадзіць у цырк, напячы піражкоў. Вядома, і падарункі хочацца зрабіць, але ў нас правіла ––абмяркоўваю з бацькамі патэнцыйныя прэзенты.

–– Усё часцей у СМІ з'яўляецца інфармацыя аб тым, што будзе яшчэ адно павышэнне пенсійнага ўзросту. А які, на ваш погляд, ідэальны час для выхаду на заслужаны адпачынак?

–– Калі чалавек сам вырашае: больш не хачу ці не магу працаваць. Але пакуль гэта з вобласці фантастыкі. Так ці інакш, узрост будзе прывязаны да страхавога стажу. Маё прыватнае меркаванне: трэба некалькі знізіць нагрузку з наймальніка па адлічэннях у ФСАН, і каб сам работнік накіроўваў больш значную суму, чым 1 % у пенсійны фонд. Гэта дазволіла б зрабіць пенсію двухкампанентнай: гарантаваная дзяржавай частка, то бок ад наймальніка і назапашвальная –– тое, што работнік сам адлічваў. Справядліва, калі рэшткі назапашанай пенсіі можна будзе завяшчаць.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.