Вы тут

Усмешка ў падарунак


«Мама, што ты хочаш, каб я табе падарыла на 8 Сакавіка?» — пайшла днямі ў разведку старэйшая дачка. І я раптоўна «завісла» нібы стары камп'ютар: чаго варта чакаць ад дзяўчынкі, якой няма яшчэ і 10 гадоў? Міжволі прыгадала беларускіх КВЗшнікаў: «Доўга думаў, што падарыць. Грошы — банальна, касету з якімі-небудзь запісамі харошымі — дорага, рэч, зробленую сваімі рукамі, — дык вам ужо іншыя падарылі. Таму падару гэту паштоўку...» Не, па праўдзе я ведаю, што дачка ў творчым пазашкольным гуртку робіць тэматычную вышыўку стужкамі, і абавязкова парадуюся і ўхвалю вынік, нягледзячы на роўнасць швоў і спалучальнасць колераў, бо падарунак каштоўны ўжо тым, колькі часу і высілкаў малая ў яго ўклала, і ўсё гэта — спецыяльна для мяне. Але гэта пакуль сакрэт і сюрпрыз, а адказваць штосьці трэба ўжо цяпер. Таму шчыра прызналася, што найлепшым падарункам для мяне стане давер, калі мы будзем чуць і не падманваць адна адну. Дачка азадачылася і абяцала пастарацца — ужо няблага, я лічу.


Фота: visasam.ru

Увечары прыгадвалі ўжо з маёй мамай, як праходзіла 8 Сакавіка «-наццаць» гадоў таму. У бібліятэцы, дзе мама працавала, дакладна помню, як няўрымслівыя дзяўчаты з абанемента і чытальнай залы абавязкова рыхтавалі музычна-гумарыстычны капуснік, дзе жанчыны віншавалі жанчын з жаночым святам, а потым гэтак жа з душой ладзілі салодкі стол.

У садку і школе прыкладна па той жа схеме праходзілі тэматычныя ранішнікі — і мне часам здаецца, што нават праз пакаленне іхнія сцэнарыі амаль не змяніліся. А потым мы ўручалі мамам тыя самыя рэчы, зробленыя сваімі рукамі. Улічваючы, што ў сям'і было трое дзяўчат, чым мы толькі не задарылі маму за гэтыя гады: спачатку яна складзіравала ў асобную папку малюнкі, дзеючыя героі якіх аддалена нагадвалі прынцаў і прынцэс і былі падпісаныя крывымі літарамі, каб ніхто не пераблытаў; потым паштоўкі — майстэрства ачумелых ручак, клею, фарбаў і алоўкаў; потым — складаныя выразаныя канструкцыі, якія сёння назвалі б 3D, яшчэ пазней — складзеныя з кавалкаў фатаграфій, была нават вельмі рэдкая — з музыкай. Натуральна, былі і абгорнутыя лістамі са сшыткаў кволыя галінкі мімозы, якая на постсавецкай прасторы стала ці не першым сімвалам жаночага дня. Асобна варта згадаць плеценыя з бісеру ўпрыгажэнні — бранзалеты, каралі, пярсцёнкі (каб зразумець усю глыбіню і паўнату мамінай радасці ад гэтых падарункаў, трэба ведаць, што для пляцення біжутэрыі мы распусцілі на ніткі маміна ж, прывезеная з Балгарыі, шыкоўнае бісернае калье чатырох ці пяці колераў, і потым яшчэ некалькі гадоў знаходзілі пацеркі за плінтусам). У гэтым доўгім спісе былі дошкі для нарэзкі агародніны (як цяпер помню, колькі часу мне на даваўся жоўты бок намаляванага на дошцы яблычка — мама мела ўсе шанцы застацца без такой неабходнай у гаспадарцы рэчы); вышыўкі і ігольніцы, вязаныя сурвэткі, насоўкі, нейкія хустачкі; у нетрах шафаў у бацькоўскай кватэры дагэтуль захоўваюцца дошчачкі з выпаленымі на іх кветкамі і мультыплікацыйнымі героямі (нават не пытайцеся, я не патлумачу, чаму мы лічылі іх добрым падарункам); былі печыва і торты, згатаваныя нібыта таемна ад бацькоў з вялізнай кніжкі яшчэ бабуліных рэцэптаў. І, вядома, у дадатак да ўсіх сюрпрызаў была чыста прыбраная кватэра — магчыма, найлепшы падарунак, які нам асабліва ўдаваўся.

...У адрозненне ад малых дарослыя дзеці могуць падарыць сваім матулям і прыгожыя букеты, і ювелірныя вырабы, і нятанныя білеты ў тэатр ці на канцэрт любімых выканаўцаў. Але, як паказвае практыка, запамінаецца не кошт падарунка, а тое, што ён быў зроблены з душой, і выклікаў цёплыя пачуцці і эмоцыі. Вось іх перадусім і варта дарыць на любое свята. Прынамсі, я так думаю.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.