Вы тут

Раім схадзіць


Тыдзень беларускай кухні «Масленіца», Сустрэча «Лайфхакі пра Ізраіль», Мерапрыемства да 85-годдзя з дня нараджэння Барадуліна і іншае — афіша Звязды з 24 лютага па 1 сакавіка.


«Асаблівы» паказ мод «Каляровыя сны»

Дзе: г. Мінск

Калі: 1 сакавіка

Ён адбудзецца ў першы дзець вясны з удзелам дзяцей з рэгіянальных дзіцячых дамоў. Малышы прыедуць у сталіцу з Бягомлю, Бабруйску, Вілейкі, Івянца, вёскі Слабодка, Маладзечна і Рудзенску.

Дзяўчаты і хлопцы пакажуць калекцыі ад Анастасіі Фальковіч (брэнд Falkovich), Юліі Куцепавай (брэнд «Тэатр моды „Касцюмер“ ), Лідзіі Барынавай (брэнд „JennyLis“), Ільі Аксёнава (брэнд » LSTR Adzieńnie «), Лідзіі Сямёнавай (брэнд «AVA мода» ), Кацярыны Безрукавай (брэнд «TIKOTA UNIQUE») і кампаніі «ФлагБай». Мадэльеры пры стварэнні строяў стараліся ўлічваць густавыя перавагі і фізіялагічныя асаблівасці юных мадэляў, паколькі многія з іх маюць інваліднасць. Пасля паказу адзенне будзе падоранае дзецям.

«Каляровыя сны» — гэта інклюзіўны дабрачынны праект, які адбудзецца ўжо ў трэці раз. Удзел партнёраў у ім — добраахвотная ініцыятыва кожнага і не мае камерцыйнай асновы. У 2018-м годзе мерапрыемства падтрымалі беларускія артысты, у мінулым годзе да іх далучыліся блогеры і фіналісткі «Міс Беларусь». Суправаджаць мадэляў на подыуме ў гэты раз будуць беларускія спартсмены з гімнастыкі, бокса, хакея, футбола, плавання, фехтавання, мотаспорту, кулявой стральбы. Яны, як ніхто іншы, ведаюць, як не здавацца і не адступаць перад цяжкасцямі. Такія праекты як «Каляровыя сны» не толькі ўсяляюць у дзяцей з дзіцячых дамоў веру ў сабе, але і вучаць іх прымаць свае асаблівасці.

Фота Нацыянальнай школы прыгажосці

Гастрафестываль «Seafood Масленіца»

Дзе: г. Мінск

Калі: 24 лютага — 1 сакавіка

Колькі каштуе: 7 BYN на кожны сэт

Шэсць устаноў прапануюць сэты з бліноў з начыннем з ікры, філе стронгі і з пастай з антарктычнага крыля (крыль — гэта маленькая крэветка-рачок).

— Мы аб’ядналі шэсць рэстаранаў і прапанавалі ім разнастаіць меню новымі спалучэннямі бліноў з разнастайным начыннем з рыбы і морапрадуктаў, — каментуе Кацярына Амяльковіч, начальніца аддзела маркетынгу «Рыба і морапрадукты» кампаніі «Санта Брэмар». — Адна з задач нашай кампаніі — развіваць культуру спажывання рыбы і морапрадуктаў у Беларусі.

  • Cafe Netto, вул. Чырвоная, 13

Крэп-ролы з ікрой з вэнджаным ласосем і тварожным мусам з ікрой; тартар са слабасалёнай стронгі.

  • «Камуналка», вул. Карла Маркса, 21

Блінцы з ікрой з вэнджаным ласосем, ікрой мінтая, крылем і чырвонай рыбай.

  • Faust, вул. Інтэрнацыянальная, 21

Панкейкі, змазаныя крылем; тонкія бліны з ікрой; тартар са стронгі, упрыгожаны зелянінай і лімонам.

  • «Аліўе», вул. Інтэрнацыянальная, 27

Бліннае асарці з тварожным сырам, стронгай, крылем і долькамі цытрыны.

  • Feelini, вул. Інтэрнацыянальная, 36

Дражджавыя аладушкі з крылем; грэчкавыя бліны з ікрой, аздобленыя рукулай і тонкімі лустачкамі агурка.

  • Middle Ground, вул. Кастрычніцкая, 23

Французскія аладушкі са слабасалёнай стронгай, ікрой з вэнджаным ласосем, сметанковым сырам, зелянінай і марынаванымі пікулямі.


Сустрэча «Лайфхакі пра Ізраіль»

Дзе: Грай, г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33

Калі: 26 лютага, 19:00

Колькі каштуе: бясплатна, неабходна рэгістрацыя

Аліна і Ігар раскажуць:

  • Дзе шукаць танныя квіткі?
  • Як без праблем трапіць у Ізраіль?
  • Дзе можна бясплатна паставіць намёт?
  • Што варта паглядзець у першую чаргу?
  • Як працуе мясцовы аўтаспын?

Валянцін Тарас і Рыгор Барадулін. На выспе ўспамінаў

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: па 14 сакавіка

Колькі каштуе: уваходны квіток музея

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае ўсіх жадаючых на часовую літаратурна-дакументальную экспазіцыю «Валянцін Тарас і Рыгор Барадулін. На выспе ўспамінаў....», прымеркаваную да 90-годдзя Валянціна Тараса і 85-годдзя Рыгора Барадуліна.

Пакаленне пісьменнікаў-шасцідзясятнікаў. Вядомы беларускі даследчык, літаратуразнавец Міхась Тычына пісаў: «Пакаленні ідуць у літаратуру хваля за хваляй, але гоніць іх вецер вялікіх гістарычных падзей, часцей за ўсё пераломных, драматычных. Нездарма шасцідзясятнікаў нейкі час называлі «пакаленнем ХХ з’езду». Часам іх атаясамліваюць з «філалагічным» пакаленнем пісьменнікаў, што атрымалі ўніверсітэцкую адукацыю. Беларускімі стваральнікамі «духоўнага рэнесансу» 1950–60-х гг. сталі У. Караткевіч, Н. Гілевіч, Р. Барадулін, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, В. Зуёнак, А. Грачанікаў, К. Цвірка, Д. Бічэль, Б. Сачанка, М. Стральцоў, Я. Сіпакоў, І. Чыгрынаў, А. Адамовіч, В. Вярба і многія іншыя.

Прадстаўнік таго пакалення Валянцін Тарас пісаў: «Мы ўсе, каго сёння называюць шасцідзясятнікамі, а гэта і я, і Саша Адамовіч, і Навум Кіслік, і Мікола Крукоўскі, і ў пэўнай ступені Васіль Быкаў, хаця ён у многім пайшоў далей за нас яшчэ тады, — мы эвалюцыянавалі».

Экспазіцыя складаецца з комплексаў, прысвечаных канкрэтным перыядам у жыцці пісьменнікаў або важным падзеям у гісторыі нашай краіны, на якія адгукнуліся творцы. Прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і архіва сям’і Тарасаў: арыгінальныя фотаздымкі, рукапісы, асабістыя рэчы, творы пісьменнікаў, часопісы, кнігі з дароўнымі надпісамі, якія ілюструюць час творчасці Валянціна Тараса і Рыгора Барадуліна.

Кантактны тэлефон: (017) 335-44-47


Корпус. Пяціхвілінка

Дзе: Корпус, г. Мінск, пр-т Машэрава, 9/8

Калі: 28 лютага

Колькі каштуе: бясплатна

«Пяціхвілінкі» у «Корпусе» — гэта вар’етэ-шоўкейс, дзе на працягу пяці хвілін усе жадаючыя могуць праспяваць / станцаваць / выступіць / выказацца / паказаць свае любыя працы.

На апошняй пяціхвілінцы нябачнай зімы можна разыгрываць сцэны, адкрываць душу, спяваць, музіцыраваць, распавядаць аб праектах і планах, не гаварыць, не спяваць, стаяць і нічога не рабіць — самапрезентуйцеся як можаце ці прэзентуйце што хочаце!

Успамінаючы, якой бывае зіма, белай, прасторнай, марознай і ружовашчокай, падрыхтуйце белае адзенне! Гэтая пяціхвілінка будзе белай, уяўна снежнай, лёгкай, без трагедый і драм, поўнай паветра і мар! Гэта будзе пяціхвілінка без брыдкаслоўя, але не без сарказму і тонкага гумару. Вітаецца любы і кожны, хто здольны начыста на што заўгодна!

І яшчэ... Прыходзьце ў белым!


Выстава «Сэрца назіральніка за птушкамі»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 8 сакавіка

Колькі каштуе: 5/2 BYN

Інспірацыяй для выставы стала кніга «Мроі пра паветра. Вопыт пра ўяўленне руху» французскага філосафа і мастацтвазнаўцы Гастона Башляра.

Мара пра чалавечы палёт настолькі простая і недвухсэнсоўная, што часта ўспрымаецца на мяжы банальнасці. Аднак у гэтай выставе, як і ў кнізе Гастона Башляра, гаворка ідзе пра больш агульнае і ўніверсальнае — пра нязменную ментальную накіраванасць чалавека ўверх («чалавек, паколькі ён чалавек, не можа жыць гарызантальна»), выключна пазітыўную трактоўку ўзвышэння чалавека: ад простага «вышэй нос» да ўяўленняў пра паветраную лёгкасць душы. Узяўшы за аснову сімвалізм палёту, выстава паказвае нязменнае імкненне чалавека да ўзнёслага, яго адчайнае жаданне пераадолець штодзённасць, сцвярджае каштоўнасць летуценнасці і фантазіі і ў той жа час нагадвае пра крохкасць чалавечага.

Асобнай лініяй праходзіць на выставе тэма палёту Ікара. Ва ўмовах сучаснасці гэты міф прадстаўляе выключна шырокую прастору для інтэрпрэтацый: ад боязі тэхналогій, якія могуць, як крылы Ікара, выйсці з-пад кантролю, да прагі ўсё больш пашыраць магчымасці чалавечага цела. З іншага боку, міф пра Ікара — гэта балючая для сучаснага «грамадства поспеху» гісторыя пра тое, чаго дасягнуць ніколі не атрымаецца.

Большасць твораў на выставе — са збору Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў: гэта творы Канстанціна Селіханава, Паўла Вайніцкага, Ганны Ціханавай-Ёрданавай і іншых. Запрошаныя мастакі — Алена Гіль, Маша Мароз, Рыгор Несцераў і Юрый Тарэеў.

Назву выставе даў афорт мастачкі Марыны Тэраўдс (Латвія/ЗША) з калекцыі НЦСМ, які таксама прадстаўлены ў экспазіцыі.

Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00

Работа з арганізаванымі школьнымі групамі — з 11:00

Выхадныя: панядзелак, аўторак

Каса: +375 (17) 281-74-79

Інфармацыя, запіс на экскурсіі: +375 (17) 235-03-32


Тыдзень беларускай кухні. Масленіца

Дзе: г. Мінск

Калі: 24 лютага — 1 сакавіка

Колькі каштуе: 20 BYN

Сэт з нацыянальных страў. Падрабязней па спасылцы.


Фільм у планетарыі «Далёка ад Сонца»

spitzcreativemedia.com

Дзе: Планетарый, г. Мінск, вул. Фрунзе, 2

Калі: 23 лютага, 13:00

Колькі каштуе: дзіцячы (ад 4 да 18 гадоў) — 4 BYN, дарослы — 4,80 BYN

Паказ паўнакупальнага фільма «Далёка ад Сонца». Гэта падарунак іспанскіх сяброў, студыі Render Area, да Дня роднай мовы. Фільм застанецца ў афішы Планетарыя на працягу двух гадоў і будзе дэманстравацца толькі на беларускай мове.

Дубляж зроблены мінскім Планетарыем з удзелам вядомых беларускіх акцёраў — Іны Ганчар і Ігара Сідорчыка.

Яскравы і пазнавальны мультфільм будзе цікавы дзецям ад шасці гадоў і іх бацькам. У цэнтры гэтай фантастычнай гісторыі маленькая дзяўчынка Сялеста, якая хоча даследаваць Сусвет. Пакуль яна змагаецца са сном у сваім пакоі і чытае кнігу па астраноміі, яе нечакана наведвае сам Месяц.

Разам яны падарожнічаюць па Сусвеце і даведваюцца, што такое экзапланеты і як іх можна знайсці. Яны назіраюць планеты-ізгоі, акіянічныя светы і суперземлі. Месяц распавядае пра паляўнічых на экзапланеты, якія назіраюць за небам у пошуках такіх планет, як Зямля.


Мерапрыемства да 85-годдзя з дня нараджэння Барадуліна. «Святам свянцонае маміна слова»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. Багдановіча, 13

Калі: 24 лютага, 16:00

Колькі каштуе: школьнікі і студэнты — 1,50 BYN, дарослыя — 3 BYN

Рыгор Барадулін (Рыгор Іванавіч Барадулін; 1935–2014) — паэт, эсэіст, перакладчык. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976). Кавалер ордэнаў Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскага ордэна Трох Зорак (1997), узнагароджаны медалем Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

Тэма роднай мовы, яе гісторыя, багацце, велізарныя выяўленчыя магчымасці, стасункі з мовамі народаў свету ў творчасці Рыгора Барадуліна займаюць асаблівае месца.

«Толькі родная мова можа даць крылы для творчага ўзлёту. Дзякуй роднаму беларускаму слову. Яно дало мне адчуць радасць сказаць нешта сваё. Нельга тымі словамі, якія пачуў ты ўпершыню ад маці, хлусіць Айчыне, Народу», — сцвярджаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Мерапрыемства, якое ладзіцца сумесна з Клубам «Класікі і сучаснікі» Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя М.С. Высоцкага, адбудзецца ў межах дзеючай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Валянцін Тарас і Рыгор Барадулін. На выспе ўспамінаў...».

У мерапрыемстве прымуць удзел: Ігар Засімовіч, скульптар, аўтар помніка Рыгору Барадуліну ва Ушачах і мемарыяльнай дошкі на доме ў Мінску, дзе жыў паэт, паэт і сябра Рыгора Барадуліна Ганад Чарказян, мастак і паэт Рыгор Сітніца.

Падчас мерапрыемства Зміцер Бартосік выканае песні на вершы Рыгора Барадуліна.


Ян Камар. Фатограф з Нянькава

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: па 1 сакавіка

Колькі каштуе: 7 BYN — для дарослых, 5 BYN — для студэнтаў, 4 BYN — для школьнікаў.

У год Малой радзімы і з нагоды 100-гадовага юбілею aўтара Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прадстаўляе выставу «Ян Камар. Фатограф з Нянькава».

Іван Ігнатавіч Камар — адзін з найстарэйшых фатографаў-аматараў Беларусі. Яго бацькі — простыя сяляне — Ігнат Парфенавіч і Алімпіяда Кліменцеўна з вёскі Нянькава, што на Наваградчыне. У гэтай невялікай і ўтульнай вёсачцы, якую ў свой час уславіў знакаміты беларускі палеантолаг і фалькларыст Уладзіслаў Дыбоўскі, Іван Ігнатавіч пражыў практычна ўсё сваё жыццё.

На першы погляд сюжэты простыя — фота на дакументы, партрэты на памяць сваіх аднавяскоўцаў — дарослых і дзяцей, у іх простым штодзённым жыцці, у святы і будні. Звяртаўся і да даволі рэдкіх для вясковага фатографа сюжэтаў — нацюрморта і аўтапартрэтаў-сэлфі.

Дасканалая кампазіцыя, пачуццё кадра, уменне выбраць той самы, неабходны момант здымкі робяць фатаграфіі Івана Камара яркімі і запамінальнымі, дазваляюць адчуць своеасаблівы каларыт беларускай вёскі канца 1950-х — сярэдзіны 1970-х гадоў.

Сёння больш двух тысяч яго фотанегатываў алічбаваны мінскім фотамастаком, куратарам выставы Альбертам Цэхановічам. Для юбілейнай экспазіцыі адабраны найбольш яркія і цікавыя кадры, якія Альберт Цэхановіч надрукаваў уручную з аўтарскіх фотанегатываў на старой фотапаперы 1980-х гг.

Таксама на выставе будуць прадстаўлены найкаштоўнейшыя дакументы сваёй эпохі: школьныя пасведчанні 1930-х гадоў, сшыткі вучня польскай, а затым беларускай савецкай школы Яна Камара, лісты і фатаграфіі з фронту ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Камара і шэраг іншых найцікавых матэрыялаў, перададзеных у дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею гэтым дзіўным чалавекам у 2017 годзе.

У рэжыме нон-стоп будзе дэманстравацца прысвечаны фатографу аднайменны кароткаметражны фільм, зняты ў 2019 г. Андрэем Васкрасенскім па сцэнары Альберта Цэхановіча.

Асобным акордам урачыстага адкрыцця выставы стане міні-прэзентацыя альбома- каталога Надзеі Саўчанка «Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага края», выдадзенага музеем у 2019 годзе пры падтрымцы генеральнага партнёра — кампаніі JTI ў Беларусі.

Музей працуе: з 11:00 да 19:00 Без выхадных.


Адзначаем Масленіцу. Гукаем вясну

 

Вандроўка «Масленіца на вузкай каляіне»

Дзе: г. Мінск (адпраўленне)

Калі: 29 лютага, 08:00

Колькі каштуе: 65 BYN

МІНСК ⇒ ІЎЕ ⇒ ЛІДА ⇒ ААТ «ТБЗ ДЗІТВА» (ГАРАДЗЕНСКАЯ ВОБЛ. ЛІДСКІ Р-Н) ⇒ МІНСК 

«Масленіца на вузкай каляіне» — супольны праект ад 750mm.by этнаграфічнага клуба «Кола», капэлы «Жыдовачка» а таксама Дзітвянскага калектыву народнай творчасці.

ПЛАН ЭКСКУРСІІ:

  • 8.00 — выбыццё з Мінску;
  • трансфер Мінск — Дзітва (Лідскі раён) з наведваннем Іўя і Ліды ў суправаджэнні гіда;
  • прыбыццё на торфапрадпрыемства Дзітва — «гаспадара» вузкакалейнай чыгункі; знаёмства с тэхнікай бяспекі на вузкакалейнай чыгунцы; наведванне прыбіральні;
  • пераезд у пасажырскім вагоне ад галоўнай станцыі чыгункі да «масленічнай» паляны за 8 км ад прадпрыемства;
  • святочная масленічная праграмма ад этнаграфічнага клуба «Кола»; традыцыйныя Беларускія спевы ад Дзітвянскага калектыву народнай творчасці; майстар-клас па народным танцам ад капэлы «Жыдовачка»; знаёмства с экспазіцыяй вузкакалейнай чыгуначнай тэхнікі; смчныя пачастункі (блінцы, каша, глінтвейн); прагляд відэа ў вагоне-відэасалоне;
  • вяртанне цягніком на цэнтральную станцыю чыгункі;
  • 18.00 — вяртанне ў Мінск.

Падрабязней па спасылцы.


Масленіца ў Станькава

Дзе: в. Станькава

Калі: 29 лютага, 12:00

Колькі каштуе: дарослы — 6 BYN, дзіцячы — 4 BYN, дзеці да 5-ці гадоў — бясплатна

Праграма:

  • 12.00-13.00 масленічныя абрады, гульні, конкурсы з прызамі;
  • 13.00-13.20 выступ фольк-медыя групы «Беларускі гасцінец»;
  • 13.20-14.00 масленічныя забавы, варажбы;
  • 14.00-14.20 выступ фольк-медыя групы «Беларускі гасцінец»;
  • 14.20-15.00 масленічныя гульні і конкурсы з прызамі;
  • 15.00-15.20 выступ фольк-медыя групы «Беларускі гасцінец»;
  • 15.20-15.45 прызавы слуп, гульні, забавы;
  • 15.45-16.00 фаер-шоу, спальванне пудзіла Зімы, карагоды.

Даведкі: +375 44 599 43 88; 8 01716 2 66 90.


Фестываль ежы і вясны «Масленіца» на Камароўскім рынку

Дзе: Камароўскі рынак, г. Мінск, вул. В. Харужай, 8

Калі: 28 лютага — 1 сакавіка

Колькі каштуе: бясплатна

Рыхтуйцеся развітвацца з дакучлівай, сырой і «несапраўднай» зімой і вітаць ласкавае вясновае сонейка шырока і з размахам. Бо так «Масленіцу» вы яшчэ не святкавалі!

У самым канцы лютага плошча перад Мінскім Камароўскім рынкам пераўвасобіцца ў сапраўдны кірмаш і напоўніцца водарам бліноў па ўнікальных рэцэптах, мелодыямі нацыянальных музычных інструментаў, блазнамі і рыцарамі, а таксама народнымі забавамі і масай цікавых актыўнасцей.

На фестывалі «Масленіца» вас чакаюць 16 яркіх хатак, кожная з якіх адкрые для вас новыя густы і традыцыі сустрэчы вясны! Акрамя «класічных» бліноў са смятанай, ікрой або мёдам, госці фестывалю змогуць паспрабаваць рознакаляровыя бліны і з экзатычнымі начынкамі: вострыя, з крэветкамі, бурачныя, з варэннем з хваёвых шышак і дзьмухаўцоў.

Але перад тым як шчыльна падсілкавацца, рыхтуйцеся размінацца ў традыцыйных забавах. На «Масленіцы» кожны зможа акунуцца ў дзяцінства і традыцыйныя забавы і выйграць бясплатны блін па спецыяльным рэцэпце! Халодна не будзе!

Вас чакаюць розныя актыўнасці: скачкі ў мяшках, адгадванні загадак у блазна, танцы і народная музыка, тэатральныя перформансы! Праграма прыйдзецца даспадобы і дарослым, і дзецям! Бо дзеці змогуць акунуцца ў атмасферу рыцарскіх бітваў і паўдзельнічаць у карагодах вакол пудзіла Марэны — вялікай багіні Зімы.

А ў канцы ўсіх гасцей чакае кульмінацыя Масленіцы — спальванне пудзіла. Думаеце, такое немагчыма ў цэнтры сталіцы? А вось прыходзьце і ўбачыце ўсё на свае вочы!


Каралеўская масленіца ў Суле

Дзе: Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула, в. Сула

Калі: 29 лютага — 1 сакавіка

Колькі каштуе: дашкольнікам — бясплатна, школьнікам — 5 BYN, дарослым — 10 BYN

Вас чакаюць:

  • cтаражытныя гульні і абрады;
  • майстар-класы для дзяцей і дарослых;
  • танцы, песні, жывы гук;
  • масленічная батлейка;
  • пачастунак блінамі з гіганцкай патэльні;
  • фуд-корты.

Масленіца «Кола-Сонца 2020»

Дзе: Фестывальны, х. Арлоўшчына

Калі: 29 лютага, 12:00

Колькі каштуе: ад 7 BYN

29 лютага госці змогуць пабываць у атмасферы беларускай міфалогіі. Кожны зможа пазнаёміцца ​​з героямі міфаў і легенд Беларусі, але ці кожны адважыцца прайсці новыя выпрабаванні, якія прыдумалі персанажы?

Новая цікавая місія, тэатральнае прадстаўленне, супрацоўніцтва і супрацьстаянне з героямі!

У праграме:

  • Для ўсіх дарослых гасцей бясплатны пачастунак ад клуба «Фестывальны»: чарка і скварка!
  • Смачнае меню і фірмовыя напоі: бліны, вуха, шашлык, глінтвейн, настойкі і іншыя смачнасці;
  • Выступленне фальклорных калектываў;
  • Песні, скокі, карагоды, гульні, майстар-класы, заваяванне масленічнага слупа, паглынанне бліноў на хуткасць!
  • Спецыяльныя выпрабаванні ад міфічных герояў;
  • Шмат прызоў, конкурсаў і танцаў;
  • Сямейная эстафета;
  • Цёплы дзіцячы пакой з гульнямі і гарачай гарбатай, аква-грым, спектакль «Батлейка»;
  • Фаер-шоу і нечаканы герой для маленькіх і вялікіх гасцей;
  • Спаленне Марэны на гіганцкім святочным вогнішчы!

Падрабязнасці па спасылцы.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.