Вы тут

Ці не нашкодзіць анамальна цёплы студзень раслінам і жывёлам?


Надвор'е ў апошнія месяцы нельга назваць зімнім: дажджы замест снегу, плюсавая тэмпература замест маразоў, туманы замест сонечных дзён. Як на такія змены рэагуюць расліны і жывёлы?


Анамалія ці тэндэнцыя?

— Сёлета зіма, сапраўды, вельмі цёплая, — кажа начальнік аддзела вывучэння змянення клімату Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыяцыйнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Наталля КЛЯВЕЦ. — У снежні сярэдняя тэмпература складала +1,9 °С, што вышэй за кліматычную норму на 5,2 градуса. Падобная сітуацыя была зімой 2006-2007 гадоў. Той снежань з сярэдняй тэмпературай +2,6 °С і цяпер самы цёплы за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Незімовае надвор'е фіксавалі і ў студзені 2007-га, але ўжо ў 20-25 лічбах месяца надышло пахаладанне, якое захапіла і люты.

Пакуль сіноптыкі дакладна не могуць сказаць, якім будзе люты ў 2020-м, але прагназуюць даволі цёплы яго пачатак. А гэта значыць, што сёлетняя цёплая зіма ўсё ж паб'е рэкорды па працягласці. Дарэчы, з метэаралагічнага пункту
гледжання зімой гэты перыяд паўнавартасна назваць нельга, бо не было ўстойлівага пераходу сярэднясутачных тэмператур паветра праз 0 °С у бок паніжэння. А значыць, на сёння кліматычная зіма ў Беларусі так і не надышла. Надвор'е цяпер больш нагадвае познюю восень...

Па словах Наталлі Клявец, за апошнія гады кліматычныя змены ў Беларусі характэрныя як для лета, так і для зімы. У будучыні ў краіне чакаюцца значны рост тэмператур, змяншэнне колькасці ападкаў у цёплы перыяд і павелічэнне — у халодны.

А сёлета па тэмпературы паветра ў студзені найбольшыя адхіленні кліматолагі фіксуюць у Віцебскай вобласці — больш за 6 градусаў вышэй за норму.

Што ж датычыцца ўмоў увільгатнення, то мінулы снежань быў блізкі да нормы — у краіне выпала 107 % ападкаў. Студзень жа выдаўся не такі «мокры» — на большай частцы тэрыторыі краіны выпала 60—80 % нормы, а ў Брэсцкай вобласці — каля 40 %.

Спецыяліст лічыць, што недахоп зімовых ападкаў моцна ўплывае на стан экасістэм, як і іх адсутнасць у чэрвені і высокія тэмпературы паветра ў канцы вясны — пачатку лета. Тады ствараюцца спрыяльныя ўмовы для ўзнікнення засух.

Калі пасля адліг тэмпература паніжаецца паступова, культуры загартоўваюцца, і іх перазімоўка завяршаецца без істотных страт. Калі ж халаднее рэзка і адсутнічае шчыльнае снежнае покрыва, расліны могуць пашкоджвацца і гінуць, у тым ліку садовыя культуры. Так было ў студзені 2007 года, калі пасля цёплага надвор'я ў другой палове месяца рэзка пахаладала. Вельмі моцна пацярпелі ад маразоў пасевы азімых збожжавых культур і рапсу.

Паводле звестак Белгідрамета, у 1989 і 2007 гадах у студзені таксама было цёпла, і ў раслін назіралася слабая вегетацыя, на кустах набухалі пупышкі, на градках пачынала расці пятрушка, а на кветніках зацвіталі мнагалетнікі.

 

Не спаць!

Цёплае надвор'е стала спускавым кручком да змен у жывёльным свеце. У студзені ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях фіксавалі невялікія чародкі шэрых журавоў і гусей, а на Віцебшчыне — цецерукоў на такавішчах.

Загадчык лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Ірына САМУСЕНКА ўпэўнена: з пацяпленнем клімату такіх фактаў будзе больш. Пры гэтым яна заўважае, што ў апошнія мяккія зімы некаторыя віды птушак застаюцца ў нас зімаваць ва ўсё большай колькасці: да некалькіх дзясяткаў ці соцень асобін, радзей — некалькіх тысяч. З найбольш прыкметных такіх зімоўшчыкаў можна згадаць качак-крыжанак, лебедзяў і нават чаек. Пакуль не ідзе гаворка пра масавыя з'явы, якія сведчылі б пра сталыя змены міграцыйных паводзін для цэлых папуляцый або відаў. Таму і выпадкі вяртання птушак зімой у нас пакуль адзінкавыя — большасць пералётных птушак усё ж прытрымліваецца свайго «графіка» і па-ранейшаму зімуе па-за межамі краіны.

Калі казаць пра далёкіх мігрантаў, якія, напрыклад, праводзяць зіму ў Афрыцы, то на іх змены клімату адбіваюцца не так значна. У большай ступені яны датычацца тых птушак, што зімуюць у Заходняй Еўропе. Так, пры надыходзе працяглага цёплага надвор'я да нас могуць залятаць адзінкі ці невялікія чародкі «разведчыкаў», якія спрабуюць застацца на радзіме. Але каб такія выпадкі сталі нормай для ўсёй папуляцыі, павінны прайсці гады.

— Птушкі, што спрабуюць вярнуцца раней, павінны мець ад гэтага пэўныя бонусы, каб такія паводзіны замацаваліся і надалей, — адзначае Ірына Эдуардаўна. — Так, калі жураўлі, якія засталіся, пачнуць рана гнездавацца і паспяхова выводзіць патомства, яны могуць «запомніць» гэты станоўчы вопыт, каб налета яго паўтарыць.

Што ж пагражае птушкам, калі зіма ўсё ж настане? Ірына Самусенка лічыць, што для птушак, якія рана вярнуліся, асабліва буйных, магчымы надыход маразоў не страшны. За дзень яны могуць мігрыраваць на вялікія адлегласці — пераадольваць 300—400 кіламетраў. Так, былі выпадкі, калі лебедзі, якія з-за замёрзлай праталіны паляцелі з месца, праз некалькі дзён з'яўляліся ўжо ў Польшчы.

* * *

Многім млекакормячым, напрыклад, капытным, грызунам і драпежнікам, цёплая зіма дапамагае лепш здабываць ежу, упэўнены навуковы супрацоўнік лабараторыі папуляцыйнай экалогіі наземных пазваночных і кіравання біярэсурсамі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Павел ВЕЛІГУРАЎ. Але ёсць і тыя звяры, на якіх адсутнасць снегу адбіваецца негатыўна. Так, жывёлы, што ліняюць на зіму, напрыклад, заяц-бяляк, гарнастай, ласка, на цёмным фоне становяцца больш заўважнымі як для патэнцыйных ахвяр, так і для драпежнікаў.

Не вельмі спрыяльныя ўмовы і для тых млекакормячых, якія звычайна залягаюць у спячку.

— Ад цёплага надвор'я мядзведзі і барсукі не могуць гэта зрабіць паўнавартасна — для зімняга сну ім патрэбны тэмпература паветра, ніжэйшая за нуль, і наяўнасць снегавога покрыва, чаго цяпер бракуе, — адзначае Павел Велігураў. — Пакуль не было зафіксавана сустрэч з мядзведзямі-шатунамі, але мы лічым, што яны ўсё ж не спяць. А вось для рукакрылых тэмпература ад +1 да +10 °С, наадварот, лепш падыходзіць для спячкі.

* * *

Анатоль КУЛАК, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі наземных беспазваночных жывёл НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, упэўнены, што цёплая зіма адназначна адаб'ецца на многіх насякомых.

— Калі да канца зімы не збярэцца значных снежных запасаў і адпаведна на вясну будзе мала талай вады, то прырода адчуе недахоп часовых вадаёмаў, дзе развіваюцца розныя беспазваночныя жывёлы, у тым ліку і лічынкі камароў, — кажа навуковец. — Пры такіх умовах вельмі імаверна, што вясной і ў першай палове лета гэтых крывасмокаў будзе менш, чым у звычайныя гады. Безумоўна, гэта камфортна для чалавека, але зусім наадварот — для малькоў рыб ды іншых істот, якія імі харчуюцца.

Пры недахопе вады дрэвы дрэнна падрыхтуюцца да вегетацыйнага перыяду і за вясну і лета могуць аслабець ад нападу насякомых. У такіх умовах можна чакаць павелічэння шкоды ад так званых насякомых-шкоднікаў — караедаў, зімняга пядзеніка, няпарнага шаўкапрада і іншых.

Цёплая зіма стала сапраўдным падарункам і для інвазійных жывёл. Так, у 2019 годзе па поўдні Гомельскай вобласці распаўсюдзіўся амерыканскі белы матылёк — чужародны і надзвычай шкодны від. У вялікія халады іх кукалкі вымярзаюць, а цёплае надвор'е, наадварот, спрыяе далейшаму прасоўванню пражэрлівага віду, які паспяхова развіваецца на многіх раслінах, асабліва на пладовых дрэвах.

Па словах Анатоля Кулака, у такое надвор'е трэба ўважліва назіраць за пчальнікамі. Цёплай зімой пчолы менш растрачваюць энергіі на абагрэў вулляў. Але ўсё ж у цёплым і вільготным асяроддзі яны больш актыўныя, і ім патрэбна большая колькасць падкормкі. Магчыма, з-за высокай навакольнай тэмпературы вуллі, падрыхтаваныя да суровай зімы, трэба «пераапрануць» у лягчэйшую «вопратку». А ўцяпленне з гіграскапічных матэрыялаў, насычанае вільгаццю занадта мяккай зімы, наогул траціць свае ўласцівасці, што трэба памятаць пры магчымым надыходзе сапраўды зімовых халадоў.

Цвітуць заўчасна? Іншаземцы!

Рэагуюць на незвычайную зіму і прадстаўнікі расліннага свету. У стужкі навінаў прарываюцца кветкі падснежнікаў і прымулы, набухлыя пупышкі кустовых раслін і нават грыбы.

— Абарыгенныя расліны адаптаваныя да нашага клімату са зменамі пораў года і ў сваім цыкле развіцця маюць перыяды як інтэнсіўнага росту, так і вымушанага спакою, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі інтрадукцыі драўняных раслін Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі Ігар ГАРАНОВІЧ. — Плюсавыя дзённыя і начныя тэмпературы дрэвы і кусты ўспрымаюць як надыход вясны, таму і ідуць у рост іх пупышкі.

На зіму трэба ўкрываць ружы, маладыя пасадкі рададэндранаў, клемацісы і абараняць ад зайцоў пладовыя дрэвы.

Сярод раслін ёсць тыя, у якіх пупышкі моцна дыферэнцыруюцца, напрыклад, пладовыя дрэвы ці цеплалюбныя расліны. Яны пераносяць зіму ў даволі развітым стане і вясной хутка пачынаюць расці, але з'яўляюцца і найбольш уразлівымі да замаразкаў. Да больш зімаўстойлівых раслін, у якіх пупышкі мала дыферэнцыраваныя, адносіцца, напрыклад, абляпіха.

Сярод драўняных раслін у батанічным садзе па-вясноваму праяўляюць сябе кусты бэзу, бружмель ядомы, магноліі Лёбнера і зорчатыя, рабіннік рабіналісты, а таксама абарыгенная вярба і рададэндран жоўты. У адных набухаюць пупышкі, у іншых, напрыклад рададэндрана даурскага, назіраліся і кветкі.

Па словах Ігара Гарановіча, нават калі зімой у расліны і з'явіліся адна-дзве кветкі, нічога страшнага з ёй не будзе. Але ў цэлым такія анамаліі аслабляюць расліны, і вясной цвіценне бывае менш выяўленым. І калі для дэкаратыўных парод гэта не так страшна, то для пладовых гэта сур'ёзная праблема, якая ў будучыні можа прывесці да іх прыгнечання.

— З кветкавых раслін цяпер цвітуць тыя, што не баяцца маразоў, — тлумачыць Вольга СВІТКОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік лабараторыі інтрадукцыі і селекцыі арнаментальных раслін ЦБС НАН Беларусі. — Адна з іх — расліна гор эранціс, ці зімнік. Летась ён пачаў квітнець у лютым адразу пасля сходу снегу. Эранціс зусім не баіцца халадоў і выжывае нават у замаразкі.

Расцвіў у батанічным садзе і галантус, ці падснежнік Элвіса. Для такіх раслін дастаткова некалькі дзён мінімальных плюсавых тэмператур, каб яны пайшлі ў рост. Пры надыходзе халадоў сцябло галантуса прыпадае да зямлі і чакае добрых умоў. Зразумела, пасля маразоў цвіценне ў кветак не такое прыгожае, яны губляюць свае дэкаратыўныя якасці, але не гінуць.

Цвітуць у Мінску і верас, і эрыка, а таксама віёла, прыгожа выглядаюць яркія кветкі цыкламену і прымул — інтрадуцэнтаў, што добра прыжыліся ў Беларусі.

А вось прадстаўнікі беларускай флоры больш асцярожныя, таму пакуль маўчаць. І хоць некаторыя цыбульныя расліны ўжо паказаліся з-пад зямлі, яны зацвітуць у свой час. Для пралесак, напрыклад, патрэбна, каб сярэднясутачныя тэмпературы складалі не +2 °С, як цяпер, а каля 10.

Час для рэкордаў

— 2019 год стаў у Беларусі самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў, як і ў цэлым у Еўропе. У пачатку рэйтынгу ён і ў іншых частках свету, акрамя Паўночнай Амерыкі.

— Самая высокая тэмпература паветра ў Беларусі ў першы месяц зімы адзначана 5 снежня 1961 года ў Брэсце — +14,5 °С.

— Абсалютны студзеньскі максімум тэмпературы паветра — +11,9 °С — зафіксаваны 22 студзеня 1993 года ў Высокім (Брэсцкая вобласць).

Вераніка КОЛАСАВА, фота аўтара


«Любыя кліматычныя змены ў першую чаргу адбіваюцца на глебах», — заўважае дырэктар Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі Віталь ЛАПА. — Вы бачыце, якая зараз зіма. Прагнозы метэаролагаў паказваюць, што плюсавыя тэмпературы будуць і ў лютым. Калі няма снегу, запасаў вільгаці мала. Вясной, калі павялічваецца тэмпература, вада вельмі хутка сыходзіць. І гэта трэба ўлічыць пры вызначэнні тэрмінаў сяўбы. Магчыма, павінен быць перанесены і графік падкормак азотнымі ўгнаеннямі на ранейшы час. Так, азотныя ўгнаенні працуюць, толькі калі ў зямлі ёсць вільгаць».

Цяпер інстытут праводзіць маніторынгавыя даследаванні па ацэнцы запасаў вільгаці. Вучоным неабходна ведаць дынаміку, колькі вільгаці ў ворным гарызонце, на глыбіні ў паўметра, якая тэндэнцыя яе страты і куды яна дзяецца — выпараецца ці прасочваецца ў ніжэй ляжачыя гарызонты.

Сёння вучоныя Акадэміі навук працуюць над стратэгіяй мер, якія закліканы нівеліраваць неспрыяльныя ўмовы надвор'я ў сельскай гаспадарцы. Натуральна, толькі вырошчваннем засухаўстойлівых культур не абысціся — усё ж краіне патрэбны збожжа, кукуруза як корм, цукровыя буракі, каб працавалі заводы, якія іх перарабляюць, бульба. Іншы варыянт — змяніць селекцыю асноўных культур у бок атрымання больш устойлівых сартоў. Але гэта «доўгая песня», бо на іх вывядзенне патрабуюцца гады. Важна акумуляваць веды, якія можна ўжыць на практыцы, улічваць розныя нюансы. Напрыклад, хелатныя ўгнаенні (новае пакаленне вадкіх угнаенняў) у вільготны год могуць даваць прыбаўку ўраджаю, меншую, чым калі б яны выкарыстоўваліся ў сухі год. Адным з дзейсных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да змен клімату могуць быць работы з зямлёй. Шматгадовыя назіранні вучоных паказваюць, што ўрадлівасць глебы — адзін з важных фактараў барацьбы з неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я. Так, на землях, узбагачаных фосфарам і каліем, раслінам не такія страшныя замаразкі і засухі.

Калі расліна атрымлівае нармальнае сілкаванне з макра- і мікраэлементаў на такіх глебах, расход вільгаці на стварэнне адзінкі сухога рэчыва прыкладна на 40-50 працэнтаў меншы, чым на бедных глебах. Важна, каб «харчаванне» сельскагаспадарчых культур было збалансаванае. Недахоп аднаго элемента не заменіш лішкам іншага.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Пераблыталі зіму з вясной

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.