Вы тут

Як павысіць дзелавую актыўнасць у сельскім раёне


Сесія Маларыцкага раённага Савета разгледзела пытанне аб развіцці прадпрымальніцтва, яго ролі ў фарміраванні даходнай часткі бюджэту, вырашэнні пытанняў занятасці насельніцтва. Падчас сесіі дэпутаты прааналізавалі стан рэчаў у малым і сярэднім прадпрымальніцтве, меры, якія прымаюцца для стымулявання дзелавой актыўнасці грамадзян, раіліся, як актывізаваць работу.


Ігар Шумілін.

Адзначалася, што на тэрыторыі раёна дзейнічаюць 129 мікра-, малых і сярэдніх арганізацый, у тым ліку 29 фермерскіх гаспадарак, зарэгістравана больш за 350 індывідуальных прадпрымальнікаў. Ужо сёлета пачалі работу 11 новых прадпрыемстваў. Усяго ў сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва раёна занятыя каля 2,5 тысячы чалавек.

Штогод растуць паступленні ў бюджэт ад гэтага сектара эканомікі. Калі скажам, у 2017-м іх удзельная вага складала 13,9 працэнта, у 2018 годзе гэты паказчык дасягнуў — 14,8, то за першае паўгоддзе 2019-га
з названага сектара ў бюджэт паступіла 19,1 працэнта яго даходнай часткі. Варта адзначыць таксама, што прыватныя прадпрыемствы Маларытчыны пастаўляюць прадукцыю ў 14 краін свету.

Старшыня раённага Савета Алег ЯКУБЧЫК адзначыў асаблівую важнасць інвестпраектаў, якія ажыццяўляе прыватны бізнес. Напрыклад, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белхмельагра» працуе над рэалізацыяй інвестпраекта па перапрацоўцы і грануляванні хмелю. Работа разлічана на чатыры гады — 2016—2020. Пасля яе завяршэння плануецца павялічыць якасць хмелю за кошт скарачэння тэрміну перапрацоўкі, нарасціць аб'ёмы перапрацоўкі прадукцыі і адпаведна павялічыць выручку амаль на траціну.

Яшчэ адно таварыства з абмежаванай адказнасцю «Палетэн Люкс» будуе навес з устаноўкай сушыльнай камеры для драўніны. Пасля рэалізацыі інвестпраекта якасць яе перапрацоўкі вырасце і з'явяцца новыя магчымасці для рэалізацыі. Нарыхтоўкай і перапрацоўкай драўніны, дарэчы, тут займаецца шэраг прыватных структур, а гэта адзін з важных складнікаў экспартных паставак з раёна.

Апошнім часам на Маларытчыне загаварылі аб прадпрыемстве «РостАграТрэйд». Гэтая прыватная фірма займаецца вырошчваннем клубніц, малін, буякоў і іншых культур. Цяпер прадпрыемства рэалізуе буйны інвестпраект, які дазволіць вывесці вырошчванне і нарыхтоўку ягад на новы ўзровень. Рэалізоўваць прадукцыю плануюць выключна на экспарт у краіны СНД і ЕС. «РостАграТрэйд» мае намер пабудаваць цэх хуткай замарозкі агародніны і ягад для пастаўкі на экспарт. І замарожваць будуць не толькі сваю прадукцыю, але і набытую ў іншых вытворцаў, бо магутнасці цэха будуць нашмат перавышаць аб'ёмы ўласнай вытворчасці.

— Гэта вельмі выгадны для ўсіх праект, — падкрэсліў старшыня раённага Савета Алег Якубчык. — Кожны год у фермераў здараюцца тыя ці іншыя праблемы з рэалізацыяй прадукцыі. Вытворцы не жадаюць прадаваць вырашчанае за капейкі, а вывозіць далёка за межы вобласці альбо нават краіны ў іх не хапае сродкаў і тэхнічнага патэнцыялу. Цэх замарозкі ў сваім раёне для многіх стане спосабам вырашэння праблемы. Тым больш што клубніцы ў ваколіцах Маларыты вырошчваюць здаўна. Наш раён самы паўднёвы ў вобласці, тут для ягады спрыяльныя ўмовы.

Гэтымі праблемамі заклапочаны і Савет па развіцці прадпрымальніцтва раёна. Нядаўна яго ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Эдуард КАНДЗЯРЭШКА. Эдуард Пятровіч лічыць, што прыватную ініцыятыву жыхароў раёна трэба настойліва абуджаць. Асабліва гэта датычыцца маладых людзей. І для гэтага трэба найперш асветніцкая работа, якую цяпер праводзіць Цэнтр занятасці насельніцтва. Калі, скажам, сем беспрацоўных грамадзян за гэты год па накіраванні Цэнтра прайшлі навучанне па новых спецыяльнасцях, то двое маладых людзей навучаліся менавіта азам вядзення бізнесу. А такіх людзей можа стаць значна больш, трэба толькі праяўляць ініцыятыву, магчымасці ж для накіравання на праходжанне такіх курсаў ёсць. Некаторыя баяцца пачынаць уласную справу, бо не маюць нават мінімальных уяўленняў пра парадак вядзення бухгалтэрыі або складанне бізнес-плана. Падобныя курсы якраз закрываюць прабелы ў ведах.

Папярэднік Эдуарда Кандзярэшкі, цяпер яго намеснік па савеце Ігар ШУМІЛІН, маларыцкі прадпрымальнік, лічыць, што дзелавым людзям патрэбна нейкае аб'яднанне альбо кааперацыя. Ён і раней агітаваў калег за гэта. Але многія ставіліся да суполкі асцярожна, нібы баяліся канкурэнцыі адно аднаго. «У нас многа фермераў, — кажа Ігар Генадзевіч, — яны сапраўдныя працаўнікі, шчыруюць на зямлі ад цямна да цямна. Але ўвесь час знаходзяцца ў зоне рызыкі, не заўсёды апраўданай. Скажам, у адзін год кожны фермер пасадзіў памідоры, яны ўрадзілі, а збываць няма каму. Таму што гаспадары з суседніх раёнаў таксама вырасцілі неблагі ўраджай таматаў. Павінна быць структура, якая пралічыць патрэбы той ці іншай прадукцыі хаця б на год наперад. Патрэбна хоць невялікая кааперацыя. Бо нават калі ўдасца знайсці спажыўца, таго ж перакупшчыка з фурай, ён не паедзе да аднаго фермера, бо не загрузіцца ў яго цалкам: для фуры трэба некалькі гаспадароў, каб забяспечыць поўную загрузку машыны. Жыццё запатрабуе нешта накшталт кааперацыі або таварыства», — падсумаваў Ігар Шумілін.

На думку старшыні райсавета Алега Якубчыка, на развіццё прадпрымальніцтва ў Маларыце аказвае ўплыў блізкасць абласнога цэнтра. Такая канкурэнцыя часта не на карысць маларыцкім прадпрымальнікам. Цяжка, напрыклад, адкрываць сваё прадпрыемства па вытворчасці прадукцыі, якая ўжо выпускаецца ў Брэсце. Але апошняе і надае дадатковы стымул, бо развіццё магчыма менавіта ва ўмовах канкурэнцыі. Узяць хоць таго ж Ігара Шуміліна. У яго ёсць дзве невялікія кавярні, але апошнім часам ён палічыў, што грамадскім харчаваннем не надта добра заробіш у малым гарадку, паспрабаваў заняцца продажам камп'ютараў — і мае пэўныя поспехі. Бізнес заўсёды прадугледжвае пэўную рызыку, гэта варта ўлічваць. Але сёння і ў Маларыце ёсць у каго вучыцца. Раённыя дэпутаты спадзяюцца, што Савет па развіцці прадпрымальніцтва ў новым складзе зробіць больш для актывізацыі дзелавой ініцыятывы, — адзначалася на сесіі.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: Дзелавая актыўнасць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.