Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» даведалася, як у сельскай мясцовасці рыхтуюцца да ацяпляльнага сезону


У сельскіх населеных пунктах пажылым людзям, адзінокім пенсіянерам, інвалідам асабліва цяжка самастойна справіцца з нарыхтоўкай паліва для ацяпляльнага сезона. Як чалавек падыходзіць да нарыхтоўкі дроў — такая яго гаспадарская самавітасць, перакананы вяскоўцы ў глыбінцы Гомельшчыны — Ельскім раёне. Мясцовыя жыхары падзяліліся з карэспандэнтам «Звязды», як рыхтуюцца да халадоў.


Старшыня Рамязоўскага сельвыканкама Ельскага раёна Аляксандр Лявонаў  разам з прадстаўнікамі назіральнай камісіі

Цеплыня — у асартыменце

На вёсцы ў гаспадароў з пячным ці паравым ацяпленнем у дамах нарыхтоўка паліва — традыцыя. Для пажылога чалавека — у гэтым і свая псіхалогія: клопат перад зімой матывуе састарэлага рухацца, старацца, клапаціцца. «Паміраць збіраешся, а дровы рыхтуй», — перайначваюць вядомую прымаўку.

— Для пажылых, хто зусім адзінокі ці жыве адзін, зручна цяпер, што можна заказаць гатовае паліва. Вельмі добрыя ўжо парэзаныя і паколатыя дровы мне прывезлі і непасрэдна ў двары згрузілі. Аддала за шэсць «кубоў» 380 рублёў. Заказвала дровы змешаныя: сасна, бяроза, вольха і нават дуб трапляўся. Дзецям застаецца толькі прыехаць і памагчы скласці. Лічу, што гэта проста цудоўна, — дзеліцца сваім спосабам вырашэння паліўнага пытання Зінаіда Грыневіч — старэйшына вёскі Багуцічы Рамязоўскага сельсавета.

У іх населеным пункце ва ўсіх дамах ацяпленне ці пячное, ці паравое. Увогуле ж, у Багуцічах жыве крыху больш за сто чалавек. Большасць мясцовых — пенсіянеры. У залежнасці ад дастатку і патрэб для дома і гаспадаркі людзі па-рознаму падыходзяць да працэсу падрыхтоўкі дроў на зіму. Ёсць і такія гаспадары, хто і бярэцца за саманарыхоўку ў лясніцтве.

— Для паравога ацяплення некаторыя любяць купляць дубовыя дровы. Гэта ўжо і грошы іншыя, але ў каго ёсць магчымасць, — тлумачыць старэйшына. — Ёсць адзінокія пенсіянеры, для якіх цяжка самім заказваць дровы, то просяць мяне ці звязваюцца са старшынёй сельсавета. Да таго ж у нас у вёсцы працуе з пенсіянерамі пяць сацыяльных работнікаў. Яны таксама старым дапамагаюць у гэтым плане.

Спагада да чужога клопату

Для кіраўніка сельскага Савета, старэйшын, памочніка па тым ці іншым населеным пункце дапамагчы пажылым жыхарам на вёсцы падрыхтавацца да халоднага сезона — сацыяльна важнае пытанне. 

У гэтым перакананы старшыня Рамязоўскага сельвыканкама Аляксандр Лявонаў.

Аляксандр Віктаравіч падзяліўся, што тут, на Ельшчыне, у лясным краі многія вяскоўцы з цеплынёй згадваюць, як у дзяцінстве з бацькамі ці дзядамі выязджалі на конях па дровы. Гэты паліўны клопат пачыналі зімой. Пілавалі-нарыхтоўвалі дровы «Дружбай», вазілі дадому з дзялянкі, потым калолі, складалі, каб за лета ўсё прасохла і ўжо ўвосень было гатова да ацяпляльнага сезона. Дроў традыцыйна нарыхтоўвалі вельмі шмат. Зімой палілі вялікую печ: гатавалі ежу не толькі для сям’і, але і для вялікай гаспадаркі.

На тэрыторыі Рамязоўскага сельсавета — дзевяць населеных пунктаў. Усе яны не газіфікаваныя. У людзей у дамах ацяпленне пячное і паравое.

— Наш сельсавет цягнецца амаль на пяцьдзясят кіламетраў ад мяжы з Мазырскім раёнам да прыгранічча з Украінай. У нас на тэрыторыі — Рамязоўскае лясніцтва, акрамя таго, частку населеных пунктаў абслугоўвае ДЛГУ «Ельскі лясгас». Як правіла, людзі пішуць заяву на атрыманне дроў, і адразу пасля аплаты трактар з лесу даставіць дровы па адрасе ў вёсцы, — тлумачыць Аляксандр Лявонаў.
Самы танны варыянт — заказ чурбакоў-метровак са змешанага лесу.

Вяскоўцы імкнуцца напрамую распавесці аб сваіх праблемах падчас сельскіх сходаў

Калі хтосьці жадае дровы вызначанага віду — любяць вяскоўцы альховыя, бярозавыя дровы — тады з тыдзень — максімум два даводзіцца пачакаць.

— У Ельскім лясгасе ёсць новае абсталяванне, і людзям прапануюць гатовыя колатыя дровы розных ліставых парод. Гэта вельмі папулярная паслуга, бо пажылым у вёсках не трэба ўжо нікога будзе наймаць, каб дровы пакалоць. Такія заяўкі таксама выконваюцца хутка, чэргаў няма, — дадае Аляксандр Віктаравіч.

На тэрыторыі сельсавета тры гады таму адкрылася прыватнае прадпрыемства, якое займаецца лесапілаваннем. Тут нядорага можна купляць абрэзкі дошкі. Сваім працаўнікам-вяскоўцам прадпрыемства выдзяляе такую сыравіну для ацяплення ўвогуле за сімвалічную плату.

— У кожным населеным пункце ў нас ёсць надзейны актыў — старэйшыны. Прашу іх трымаць на кантролі не толькі пытанне гатоўнасці адзінокага пажылога чалавека да зімы, але і пытанне наяўнасці патрэб іншых. На асаблівым кантролі — цалкам адзінокія пенсіянеры і тыя пажылыя, хто пражывае адзін, а таксама людзі з інваліднасцю, шматдзетныя сем’і. Наведваем гэтыя катэгорыі людзей рэгулярна разам з назіральнымі камісіямі. Наша задача — не толькі наведаць дамы гэтых людзей, але і комплексна агледзець, у якіх умовах жыве чалавек, у якім стане прысядзібны ўчастак, што нарыхтавана з паліва, — зазначае старшыня Рамязоўскага сельвыканкама.

Спрацаваць на апярэджванне

Увогуле ж, у Ельскім раёне на тэрыторыі сямі сельскіх Саветаў — 53 населеныя пункты. Газіфікавана пакуль што менш чым палова з іх.

— Першая задача сельвыканкама, чырвоная нітачка, якая ўключае ў сябе ўсё, што важна для вяскоўца, — гэта вырашэнні задач жыццезабеспячэння, — падкрэслівае старшыня Ельскага раённага Савета дэпутатаў Аксана Захарчанка. — Пытанне нарыхтоўкі паліва перад пачаткам ацяпляльнага сезона нашы сельскія Саветы заўсёды трымаюць на кантролі. Асноўную частку насельніцтва дровамі для ацяплення жылля забяспечваюць ДЛГУ «Ельскі лясгас» і камунальнае жыллёва-эксплуатацыйнае ўнітарнае прадпрыемства «Ельскае». Дапамагаюць сельскія Саветы і ў папярэдняй рабоце з людзьмі на вёсцы, каб усе загадзя прадумвалі, колькі каму дроў на зіму неабходна, каб не ствараць ажыятажу перад пачаткам ацяпляльнага сезона, — дадае лідар дэпутацкага корпуса раёна.

У сельскай мясцовасці на Ельшчыне пражывае больш за 3400 пенсіянераў. Сельскія Саветы па просьбах пажылых могуць самі звязвацца з арганізацыяй і перадаваць заяўкі на дровы.

— Яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезона ў сельскіх Саветах загадзя складаем спісы найбольш уразлівых катэгорый грамадзян. Гэта адзінокія пенсіянеры, пажылыя людзі, якія пражываюць самастойна, інваліды, шматдзетныя сем’і. Інфармацыю перадаём у адпаведныя арганізацыі, каб ужо яны разлічвалі загадзя, якія аб’ёмы паліва варта будзе рыхтаваць для спажыўцоў на вёсцы.

Але многім, асабліва пажылым, на вёсцы неабходная дапамога і ў нарыхтоўцы садавіны і гародніны на зіму. Нягледзячы на тое што значная колькасць гаспадароў апрацоўвае і трымае вялікія сельгасучасткі, рэалізацыя садавіны і гародніны сёння таксама запатрабаваная. Вельмі папулярныя кірмашы сельгаспрадукцыі. Між тым старыя, адзінокія людзі, інваліды, якія не маюць сіл апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі, саджаць гародніну і садавіну, могуць заўсёды заказаць усё неабходнае праз аўтакраму, сацыяльнага работніка ці напрамую распавесці аб сваёй праблеме кіраўніку сельсавета, старэйшыне ў іх населеным пункце.

Старшыня Ельскага раённага Савета дэпутатаў Аксана Захарчанка  на сустрэчы з вяскоўцамі

Састарэлыя, людзі з інваліднасцю карыстаюцца і паслугай сацыяльнага ложка ва ўстановах аховы здароўя.

— Дакладна адпрацаваны алгарытм узаемадзеяння ў гэтым плане паміж сельсаветамі, Ельскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і цэнтральнай райбальніцай, — тлумачыць старшыня Ельскага раённага Савета дэпутатаў Аксана Захарчанка. — Мы рэгулярна праводзім сумесныя нарады. Загадзя ўлетку рыхтуем звесткі аб тых адзінокіх ці адзінока пражываючых пажылых людзях, якім неабходна такая паслуга, каб аздаравіцца. Акрамя таго, у прыгранічным Ельскім раёне ёсць пажылыя людзі, дзеці і блізкія сваякі якіх засталіся на тэрыторыі Украіны і цяпер не могуць прыязджаць і дапамагаць сваім родным. Таму мы гэтую катэгорыю людзей, безумоўна, таксама не пакідаем без увагі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.