Вы тут

Мікола Маляўка: Мінуў час клічнікаў, шукаем адказы на галоўныя пытанні


Мікола Маляўка — пісьменнік шматжанравы. Яму падуладныя і цудоўная дзіцячая проза, і ўдумлівая паэзія, у многіх выпадках настолькі лірычная, светлая і пазітыўная, што пры знаёмстве з творцам узнікае сур’ёзны дысананс. Гэта чалавек з даволі крытычным поглядам на рэчаіснасць і асаблівым паэтычным адчуваннем свету, схільны да рэфлексіі і філасофскіх роздумаў. Да вашай увагі — аповеды, развагі і надзеі пераможцы сёлетняй Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор (зборнік) паэзіі» Міколы Маляўкі.


Фота з асабістага архіва Міколы Маляўкі.

Роднае карэнне

— Зямля над Нёманам, вёска Мікалаеўшчына  — той куточак у вялікім свеце, дзе для мяне ўсё самае блізкае, самае запаветнае. Кожны год вяртаюся сюды з гарадскога выраю — сустрэцца з землякамі і на вясковай вуліцы, і на могілках, дзе адпачываюць яны ад клопатаў і трывог зямнога жыцця, якое скрозь складаецца з дарог. А дарогі — самыя розныя: малыя і вялікія, прамыя і звілістыя. У рэальным свеце і ў думках, успамінах. Самая лёгкая дарога  — у памяць, да бацькоўскага парога. Там першы крок. Там першы ўрок. Там першае каханне. Бацькі, настаўнікі, сябры  — усе маладыя, поўныя сіл і надзей на лепшую долю. Там да цябе, наіўна-бесклапотнага, не дайшоў яшчэ глыбінны сэнс народнай мудрасці: «Каб маладосць — ведала, каб старасць — магла».

Не бачыў я ў дзяцінстве, калі адпачывала маці. Засынаў — яна нешта шыла ці вязала, прала кудзелю, садзілася за кросны. Прачынаўся  — яна завіхалася каля печы, даіла карову, горбілася на градах. Памёр бацька, і мы яе, старэнькую, забіралі на зіму ў горад. Яна і там не сядзела без работы: вязала шкарпэткі для нас, кофтачку для ўнучкі. А калі не магла ўжо трымаць пруткі ў руках, «палола» дыван на падлозе: тузала-вырывала з яго варсінкі, як пустазелле на градцы. Дзякуючы маме за зямныя ўрокі, можна і ўсміхнуцца  — падзякаваць і за крапіву. Суседка аднойчы сказала, што я, малы, не ўмеючы плаваць, лезу з большымі хлопцамі на глыбокае месца. Мама прыбегла на бераг Нёмана і гнала мяне, голенькага, да самай хаты пучком крапівы. Ах, як жа цяпер прыемна стрыкаецца тая крапіва!..

Такімі ж працавітымі, клапатлівымі, светлымі, як маці, былі і астатнія жанчыны. Паварушу памяць  — і бачу іх на вясковай вуліцы, на лавачцы, чую іх галасы, смех. «Я кульгавая, ты сляпая, яна глухая. Каб сабраў з нас адну, добрая баба яшчэ была б!..» Дзве смяюцца, трэцяя не чуе, але і яна ўсміхаецца, гледзячы на суседак… Землякі не сышлі ў вечнасць бясследна: радуюцца, плачуць, жартуюць у маіх кнігах.

Школа сталення

— Вайны я не памятаю: нарадзіўся ў 1941 годзе. Святочныя салюты ў Дзень Перамогі высвечваюць тое, што адклалася ў памяці пазней. Можна сказаць, вайну я перажыў пасля вайны — у цяжкія, галодныя і халодныя дзіцячыя гады. Да мяне нарадзілася сястрычка. Маці з ёй, маленькай, хавалася дзе папала, яна захварэла і памерла. Нават не ведаю, дзе яе магілка, каб кветкі прынесці. Ад вайны мы і цяпер не адышлі: водгулле тых далёкіх падзей — у многіх маіх творах. Пра іх многа сказана, але варта адкрываць новыя старонкі, якім раней не надавалася належнай увагі.

 Яшчэ ў школе я пачаў друкавацца ў піянерскіх газетах. Стаў адным з пераможцаў паэтычнага конкурсу, які аб’явіла газета «Калгасная праўда». За прэміяльныя грошы паехаў у Карэлію — услед за рамантыкаю. Там, на лесапавале, іншымі вачыма глянуў на свет і на людзей вакол сябе, скупых на ўсмешку, строгіх. Нялёгкая праца, суровая проза будняў на нейкі час прызямлілі думкі і пачуцці, прымарозілі сцюжаю, зацьмілі бытам. Пазней на радзіме душа адтала — і мінулае ажыло ў першым паэтычным зборніку «Едуць маразы». Ажыло яскрава, у канкрэтных вобразах і карцінах, з рамантычнай падсветкаю. Карэлія стала для мяне школай сталення і гартавання, навучыла трымаць удар у складаных абставінах, гаварыць праўду ў вочы. У студэнцкую аўдыторыю я прыйшоў з атэстатам сталасці — і адметным стажам у працоўнай кніжцы.

З удзячнасцю прыгадваю сваіх настаўнікаў. Так, Юлія Сяргееўна Тупяневіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры, «друкавала» мае вершы ў насценнай газеце, падтрымлівала пісьмамі і пасля школы, калі я нудзіўся ў Карэліі, прысылала беларускія часопісы…

Якуб Колас таксама наш настаўнік. Я вучыўся ў школе, якая носіць яго імя, вырас на яго кнігах. Ёсць, дарэчы, смяшынка. У вёсцы я жыву на вуліцы Якуба Коласа. На рагу лецішча — невялікі, без аніводнай хаты, завулачак. Дык сябры-паэты назвалі яго маім імем. І пацешна, і ўcцешна хоць так прытуліцца бокам да славутага земляка.

Каб кніга не маркоцілася на паліцы

— Цяпер у мяне багатая хатняя бібліятэка. Ды ніколі не забуду, як набыў сваю першую кніжку. У пасляваеннай вёсцы кожная капейка была на ўліку. Я дапамагаў маці збіраць грыбы і ягады: яна сушыла іх і пасля прадавала на рынку. Сабраў жменьку капеек, адшкадаваных мне на кіно, і пайшоў у Стоўбцы, дзе была кнігарня. Па дарозе баяўся згубіць грошы. І калі нарэшце раскрыў кулачок у кнігарні, прадаўшчыца ўсміхнулася: капейкі былі мокрыя — спацелі ў жменьцы. Выбралі разам аповесць-казку Аляксея Талстога «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна». У кнігарню ішоў я раніцаю — гадзіны дзве, а вярнуўся ў вёску толькі вечарам. Звярну з лясной дарогі, сяду пад хвойку — і чытаю, чытаю… Кніжка не маркоцілася дома, пайшла па руках, згубілася недзе ў занёманскай вёсцы.

Вось як шанавалася кніга! А ў наш час бібліятэкі і кнігарні закрываюцца: няма чытачоў — няма і пакупнікоў. Свае кнігі я дару сябрам, землякам, тым людзям, якія прыходзяць на творчыя сустрэчы. Час ад часу перабіраю і хатнія кнігі, шукаю тое, што ўжо чытана-перачытана, каб аддаць у бібліятэку. Здараецца, адмаўляюцца: не можам узяць  — маленькі пакойчык. На жаль, многія цяпер думаюць не галавою, а жыватом. А дзеці ўжо не дабрэюць душою сам-насам з кнігаю, а жывуць у віртуальным свеце. І я паўтараю як замову: родная кніга, Божай малітваю і мастацкім словам вярніся ў рэальны свет бацькоў і дзяцей. Сітуацыя жахлівая: многія не ведаюць значэння самых простых беларускіх слоў. «Жывём вось так, нібыта за мяжою: у Беларусі — з моваю чужою».

Працуючы ў часопісе «Вясёлка», часта выступаў у школах, бібліятэках, музеях. Здзіўляўся на першым часе, калі незнаёмыя дзеці віталіся са мной на вуліцы. Спыніў неяк дзяўчынку, спытаў, адкуль яна мяне ведае. Дзяўчынка адказала: «А вы былі ў нашай школе, чыталі казку “Як зайцы з тушканчыкамі ў футбол гулялі”». І адарыла ўсмешкаю, як падзякавала.

Пры яркім святле бліскавіцы

— Жыццё мяняецца, як надвор’е: то радуе, то засмучае. Калі бывае цяжка, задыхаюся ад гарадскога смогу, шуму і тлуму, выязджаю на ўлонне прыроды. Яна і лекар, і мастак, і музыка — у адной асобе. Поры года зачароўваюць вясёлкаю і начнымі зарніцамі, красою жытнёвых палёў і грыбных баравін, галасамі птушак, музыкаю ветру, дажджу і снегападу. Згадваеш, скажам, у музейнай Альбуці радкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа  — і вось яны, перад вачыма, не кніжныя, а жывыя ілюстрацыі да паэмы. Не заўважаеш, як сам заходзіш у той далёкі свет, сустракаешся з любімымі героямі: яны цябе не ведаюць, а ты называеш іх па імені, як родных. Душа настройваецца на адну пачуццёвую хвалю з душою прыроды — і на нейкі час забываецца ўсё благое ў жыцці. Пэўна, ад прыроды ў мяне, паэта, і любоў да зямлі, і ціхі роздум, і лірычная спавядальнасць.

Я люблю навальніцы, не палохаюся грому. Кожны раз, калі ўспыхвае бліскавіца, здаецца, што нехта ў небе шчоўкае бліцам: фатаграфуе зямлю і нас, людзей. І там, на споведзі перад Богам, не прыкінешся святым, нічога не ўтоіш: здымкі  — сведкі твайго зямнога лёсу. Кнігу сатырычных і гумарыстычных твораў я так і назваў — «Нябесны фатограф». Рэальны свет з мірнай цішынёю і грымотамі жыццёвых навальніц робіць болей разнастайнымі, адметнымі тэмы і вобразы з фальклорных крыніц.

Чалавека, які не памятае свайго мінулага, называюць манкуртам. Яму ўсё адно, дзе жыць, на якой зямлі і пад якім небам, на якой мове размаўляць — матчынай ці чужой. Ён не жыве, а існуе, як робат, як скульптура, выразаная з дрэва. Тыя ж птушкі кожны год вяртаюцца з выраю на радзіму. Яшчэ болей шаную я крылатых землячкоў, якія і зімою, у люты мароз, застаюцца з намі.

Пры яркім святле бліскавіцы відаць усё навокал. А пры святле ўспамінаў, пры святле малітвы ў душы бачна і тое, што засталося ў мінулым, і ясніцца шлях у будучыню. У кнізе «Спадчына, або Каб не стаць манкуртам» я расказываю пра лёс нашых продкаў, пра тое, якую спадчыну пакінулі яны нам, сваім нашчадкам. Што страцілі мы з гэтай спадчыны? Што прыдбалі за свой век? Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ладу жыцця не варта. Але ведаць, як жылі нашы бацькі, нашы дзяды-прадзеды трэба. Каб не рвалася па-жывому крэўная сувязь пакаленняў, каб каранілася, галінілася, вечна зелянела радаводнае дрэва кожнай сям’і.

Жыццё як споведзь

— Памятаю, калі выйшла мая кніга санетаў «Старая зямля», я паставіў яе на покуць і памаліўся  — за сябе і за тых людзей, якія жывуць на яе старонках. Яе, кнігу лёсу роднай вёскі, я выдаў за свае грошы, невялікім тыражом. Яна хутка разышлася. І я ўдзячны «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі»: мой паэтычны зборнік, дапоўнены новымі санетамі, перавыдалі ў серыі «Кніжная паліца школьніка». Друкуюцца санеты і ў калектыўных зборніках. Адгукнуцца б прыязнай рэцэнзіяй, а нейкі карэспандэнт папракнуў у адной з газет: не тым аўтарам спрыяюць. І пералічыў сваіх кандыдатаў на прапіску ў выдавецкіх планах. Бог яму суддзя!

Не забываецца, з якой увагаю ставіліся некалі да нас, маладых, старэйшыя творцы. У маіх кнігах шмат прысвячэнняў: нашым класікам, маім сябрам — паэтам і празаікам, родным і блізкім, проста добрым людзям. У пэўным сэнсе яны дакументальна-мастацкія, мае паэтычныя кнігі.

Падзеі ў кнізе «Сланечнік», адзначанай сёлета Нацыянальнай літаратурнай прэміяй, так ці іначай звязаны з лёсам лірычнага героя. Роздум над пражытым і перажытым хвалюе, радуе і засмучае: не ўсе задумы і мары, акрыленыя небам, збыліся на зямлі. Жыццё выпрабоўвала на трываласць і ў дзяцінстве, і ў юнацтве, і ў сталыя гады. Трывожныя думкі і цяпер, у новым веку, захмарваюць блакіт у сонечны дзень, адпрэчваюць сон.

Кожны год саджу я на сваім агародзе сланечнікі. Гэта  — мой творчы абярэг. Паэтычны вобраз сланечніка, узнятага над бытам, асвятляе і асвячае, як зямное сонца, старонкі кнігі, на якіх апеты дар жыцця, дар міру, дар працы, дар сяброўства і кахання. Лёс чалавека  — у лёсе краіны. Вялікая Айчынная вайна, апошнія сталінскія гады, хрушчоўская адліга, брэжнеўскі застой, гарбачоўская перабудова. Прарыў у космас і чарнобыльская трагедыя. Развал Савецкага Саюза… Мінуў час клічнікаў. Шукаем адказы на галоўныя пытанні. Куды ідзём? Што будуем замест камунізму? Які лёс чакае нашых нашчадкаў?.. Пытанні, пытанні… А час бяжыць, і трэба ім даражыць, пакуль жывём.

Чалавечы век падобны на квадры месяца: маладзік — маладосць, поўня — сталасць, ветах — старасць. Пра гэта думаю цяпер, працуючы над кнігаю «Слухаю дождж». У назве можна адчуць пэўную пераклічку са зборнікам «Едуць маразы»: там быў маладзік, тут — веташок у маім лёсе, у жыцці лірычнага героя. Болей адказнасці за кожную справу і слова: кніга твая, можа, апошняя споведзь перад сучаснікамі тут, на зямлі. «Намольваю думкі і словы, / У Бога прашу, каб і новы мой дзень, / Сыходзячы ў цень вечаровы, / Нашчадкам пакінуў світальны прамень».

Запісала Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.