Вы тут

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе


Змяненні ў Жыллёвы кодэкс і шэраг іншых нарматыўных прававых актаў у сферы жыллёвага заканадаўства набудуць сілу літаральна праз паўтара месяца. Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.


«Праект Жыллёвага кодэкса замацоўвае тое новае і перспектыўнае, што напрацавана ў жыллёвай палітыцы дзяржавы за апошнія гады. Падрыхтаваны комплексны дакумент, які рэгулюе ўсе найбольш важныя кірункі жыллёвай сферы», — растлумачыў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.

Усё залежыць ад плошчы

Па інфармацыі Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала Беларусі, у будучым Жыллёвым кодэксе замацавана новая структура платы за жыллёва-камунальныя паслугі.

Ужо цяпер вызначана структура паведамлення аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг і плаце за карыстанне жылымі памяшканнямі з расшыфроўкай фактычных выдаткаў па жылым доме. У пералік асноўных увайшлі паслугі па тэхнічным абслугоўванні ліфта, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома, пакрыццё выдаткаў на электраэнергію, спажытую на асвятленне дапаможных памяшканняў шматкватэрнага жылога дома і работу абсталявання, удакладнены парадак іх аплаты.

З першых дзён студзеня такія паслугі нашы жыхары стануць аплачваць зыходзячы з агульнай плошчы кватэры. Гэта значыць, што ўладальнік трохпакаёвай кватэры будзе плаціць апрыёры больш, чым уладальнік аднапакаёвай. Раней плата разлічвалася ў залежнасці ад колькасці зарэгістраваных жыхароў, што не ўлічвала памер долі ў праве ўласнасці домаўладання.

Хто стаіць, дзе, за кім і чаму?

Новая рэдакцыя кодэкса прадугледжвае ўдасканаленне парадку ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Заканадаўча ўрэгулявана пашырэнне нормаў па іх уліку на грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, тых, хто пастаянна жыве на тэрыторыі краіны (не пашыраецца на замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, якія часова жывуць на тэрыторыі нашай краіны).

У праекце кодэкса змяніліся падыходы да пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, жыхароў Мінскага раёна. Цяпер сем'і змогуць прэтэндаваць на паляпшэнне жыллёвых умоў, калі не маюць ва ўласнасці і валоданні жылых памяшканняў, размешчаных не толькі ў іх населеным пункце, але і ў сталіцы.

Новым кодэксам устаноўлена права першачарговага атрымання жылых памяшканняў у інтэрнатах былымі выхаванцамі дзіцячых інтэрнатаў, а таксама паўналетнімі дзецьмі людзей, якія жывуць у спецыяльных дамах для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў.

Вырашана пытанне з нормай плошчы для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, — удакладнены склад плошчаў памяшканняў, якія ўключаюцца ў агульную жылплошчу. Цяпер гэта сума жылой плошчы і плошчы падсобных памяшканняў, акрамя балконаў і лоджый. У новай версіі кодэкса выключэнне складуць таксама тэрасы і памяшканні, якія не ацяпляюцца. Наяўнасць вялікіх лоджый, тэрас, халодных камор або верандаў не будзе разглядацца як падстава для адмовы ў прыняцці на ўлік.

Для былых вайскоўцаў у поўнай меры ўключылі сацыяльны аспект. Па прапанове Міністэрства абароны ў лік тых, хто можа прэтэндаваць на месца ў інтэрнаце ў прыярытэтным парадку, уключаны людзі, якія маюць станоўчыя рэкамендацыі пасля праходжання тэрміновай ваеннай службы.

Цяпер правам на пазачарговае ўключэнне ў арганізацыі забудоўшчыкаў запланавана надзяліць ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Акрамя таго, за сельскагаспадарчымі арганізацыямі замацавана права паўторна прадастаўляць вызваленыя жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду, якія былі пабудаваны з выкарыстаннем сродкаў мясцовых бюджэтаў, мясцовых мэтавых бюджэтных жыллёва-інвестыцыйных фондаў, інавацыйных фондаў, а таксама льготных крэдытаў Белаграпрамбанка і перададзены імі ў камунальную ўласнасць (альбо ў яе межах) у рамках фінансавага аздараўлення арганізацый.

Перавесці з арэнднага ў сацыяльнае можна, але толькі аднойчы

Гэты дакумент цалкам захоўвае сацыяльныя і прававыя гарантыі для грамадзян у жыллёвай сферы. Такім чынам, застаецца магчымасць атрымання жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання шматдзетнымі сем'ямі, інвалідамі І і ІІ групы, адзінокімі непрацуючымі пенсіянерамі, сем'ямі з дзецьмі-інвалідамі і іншымі катэгорыямі.

Новы кодэкс замацаваў адпаведны парадак давання арэнднага жылля. Для першачарговага давання на перыяд працоўных адносін — не больш за 30 % ад агульнай колькасці незаселенага арэнднага жылля камунальнага жылфонду. Для вайскоўцаў —10 %. Астатнія 60 працэнтаў размяркоўваюцца ў агульным парадку грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па заяўным прынцыпе, зыходзячы з даты пастаноўкі на ўлік. Пры адсутнасці такіх грамадзян арэнднае жыллё мае права атрымаць кожны ахвотны.

Замацаваны механізм вызначэння памеру платы за карыстанне такім жыллём. Паніжальныя каэфіцыенты выкарыстоўваюцца ў дачыненні да жылых памяшканняў, уключаных у склад арэнднага жылля з ліку службовых, спецыяльных службовых і асобных відаў спецыяльных жылых памяшканняў. А таксама займаных грамадзянамі па дагаворах найму і тых, якія даюцца ў першачарговым парадку на перыяд працоўных адносін.

Удасканалены механізм унясення платы за карыстанне арэндным жыллём з выкарыстаннем паніжальных каэфіцыентаў асобамі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Акрамя таго, сацыяльна неабароненыя катэгорыі асоб, якія пражываюць у арэндным жыллі і маюць права на сацыяльныя метры, могуць перавесці сваё жыллё ў сацыяльнае, за пражыванне ў якім плата не спаганяецца. Зрабіць гэта можна будзе толькі адзін раз. Дарэчы, пры даванні жылога памяшкання сацыяльнага карыстання ўстаноўлена, што яно не можа быць меншым за аднапакаёвую кватэру.

Выканкамы абавязаны даваць жылыя «квадраты» з безбар'ерным асяроддзем людзям, якія атрымалі інваліднасць у перыяд валодання дзяржаўным жыллёвым фондам. Прадугледжана выключная адказнасць уласнікаў жылля за іх утрыманне, у тым ліку ў дачыненні да такіх метраў з катэгорыі дзяржаўнага жылфонду. Утрыманне ўсяго фонду ляжа не на наймальніка жылога памяшкання — часовага «карыстальніка», а на яго ўласніка.

Не буянь у інтэрнаце

Абноўлены кодэкс прапісвае механізм уздзеяння на тых, хто перашкаджае пражыванню іншых жыхароў у інтэрнаце або псуе агульную маёмасць. Цяпер такіх хуліганаў можна будзе выселіць з інтэрнатаў па патрабаванні наймадаўца ў выпадку сістэматычнага разбурэння і псавання жылых ці іншых памяшканняў. Высяляць будуць і пры парушэннях правілаў карыстання такімі памяшканнямі, якія робяць немагчымым для іншых пражыванне ў адным інтэрнаце, — калі чалавек тры разы прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці за такія ўчынкі.

Устаноўлена права першачарговага атрымання жылля ў інтэрнатах былымі выхаванцамі дзіцячых інтэрнатных устаноў (за выключэннем інтэрнатаў, што знаходзяцца ў падпарадкаванні спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, якія даюцца на перыяд спартыўнай падрыхтоўкі), а таксама паўналетнімі дзецьмі грамадзян, якія жывуць у спецыяльных дамах для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў.

Дзейнасць таварыстваў уласнікаў

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у таварыствах уласнікаў і іншых сумесных домаўладаннях. Захоўваюцца два спосабы кіравання — з дапамогай самаарганізацыі і стварэння таварыства ўласнікаў або ЖБВК і праз упаўнаважаную асобу.

Магчымасць аб'яднацца ў таварыства ўласнікаў з'явіцца ў жыхароў групы блакіраваных жылых дамоў, размешчаных на агульнай тэрыторыі. Зменены механізм прыняцця рашэнняў: зніжаны парог яўкі на агульны сход — рашэнні будуць прымацца большасцю галасоў прысутных на агульным сходзе, на які прыйшло не менш за палову жыхароў дома. Пасля ўваходжання ў сілу новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса для рашэння аб ліквідацыі таварыства ўласнікаў або арганізацыі забудоўшчыка спатрэбіцца згода толькі дзвюх трацін жыхароў. Кворум па прыняцці рашэнняў аб адчужэнні часткі агульнай маёмасці пры рэканструкцыі таксама зніжаны да дзвюх трацін удзельнікаў.

Недатыкальныя «спецрахункі»

У новым законе ўрэгуляваны асаблівасці функцыянавання рахункаў, на якіх акумулюецца плата за капітальны рамонт. У іх з'явіцца статус «спецрахунку», які не дазволіць спісваць з іх назапашаныя плацельшчыкамі жыллёва-камунальных паслуг сродкі ў бясспрэчным парадку па выканаўчых і іншых дакументах.

Аперацыі па спецыяльных рахунках прыпыняцца не будуць, арышт на іх не будзе накладацца, акрамя выпадкаў, звязаных з прадухіленнем легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам. Вызваляцца ад платы за капітальны рамонт будуць уласнікі часткі блакіраваных жылых дамоў. Яны ўносяць такую плату разам з наймальнікамі памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.