Вы тут

Беларускі фільм, ушанаваны ў Еўропе і ЗША, выйшаў у пракат


Жанчына падышла да мікрафона і сказала, што не разумее, чаму вакол «Возера радасці» столькі шуму. 13 лістапада ў запоўненым кінатэатры «Масква» (а гэта семсот месцаў) публіцы была прэзентавана кароткаметражная карціна Аляксея Палуяна па аднайменным рамане Віктара Марціновіча. З 14-га стужка ў суправаджэнні фільма «Край жанчын» выйшла ў пракат. І мы можам сказаць, што ў ёй такога-растакога.


Для пачатку: «Возера радасці» знята на беларускай мове па матывах сучаснага беларускага літаратурнага твора, і галоўную ролю тут выконвае выхаванка магілёўскай SОS-вёскі. Да таго ж прэм'ера прайшла на, можна сказаць, галоўным кінафестывалі кароткаметражнага кіно ў французскім Клермон-Феране, потым былі ўзнагароды на кінафорумах у Грэцыі, Іспаніі, ЗША, нарэшце, «Возера» ўдзельнічала ў Нацыянальным конкурсе мінскага «Лістапада». Я ўжо не кажу пра тое, што ў сціплым беларускім кінематографе адносна лёгка быць заўважным.

Стужка закранае тэму дзіцячай беспрытульнасці: па сюжэце пасля смерці маці бацька адвозіць маленькую Ясю ў дзіцячы інтэрнат. Дзяўчынка пачынае ўлівацца ў новую тусоўку, але ўсё чакае тату, які абяцаў забраць яе на выхадныя. Калі па яе ніхто не прыязджае, Яся сама адпраўляецца дадому і выяўляе там тое, чаго зусім не чакала.

Фільм маўклівы і карцінны, але шмат расказвае менавіта вачыма Анастасіі Пляц, якая выканала галоўную ролю, — па словах рэжысёра, калі яны шукалі будучую акцёрку, адна дзяўчынка ў SОS-вёсцы паглядзела на іх дарослым позіркам і дапамагла вызначыцца з выбарам. Праз сваю работу, прысвечаную тату, які ў свой час быў пакінуты бацькамі, Аляксей Палуян хацеў знайсці адказ на пытанне, чаму ад дзяцей могуць адмовіцца, але, як прызнаўся сам, не знайшоў.

«Возера радасці», калі і не дае адказаў на маштабныя пытанні, уяўляе сабой цэльна выбудаваны свет дажджлівай правінцыі 1980—1990-х, расказвае гісторыю амаль без слоў, затое карціннымі дэталямі, пакідае дзіўнае спалучэнне суму і гонару.

Тое, што кароткаметражная работа выходзіць у мінскі пракат, нават дапоўненая другім фільмам, — само па сабе прэцэдэнт, але ўся суправаджальная інфармацыя сапраўды стварае вакол «Возера» шум. Тут і асоба рэжысёра — беларуса, які жыве і працуе ў Германіі, і задзейнічанне ў здымках Ігара Сігова, Святланы Анікей, Алеся Малчанава, Таццяны Мархель, і якая-ніякая фестывальная гісторыя.

Разам з папярэдняй работай Аляксея Палуяна «Край жанчын» пра апошніх жыхарак вёскі Любейкі Ляхавіцкага раёна «Возера радасці» будзе паказвацца ў кінатэатрах да 28 лістапада.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Слоў не трэба

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску

Конкурс прафесiйнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 прайшоў у Мiнску ў Індустрыяльным парка «Вялiкi камень» з грандыёзным размахам. 

Культура

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кнiга Аляксандра Радзькова «Мой фiзмат»

Пра калег — настаўнiкаў, старэйшых таварышаў, паплечнiкаў распавядае доктар педагагiчных навук, прафесар матэматыкi, заслужаны дзеяч навукi Рэспублiкi Беларусь.

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.