Жанчына падышла да мікрафона і сказала, што не разумее, чаму вакол «Возера радасці» столькі шуму. 13 лістапада ў запоўненым кінатэатры «Масква» (а гэта семсот месцаў) публіцы была прэзентавана кароткаметражная карціна Аляксея Палуяна па аднайменным рамане Віктара Марціновіча. З 14-га стужка ў суправаджэнні фільма «Край жанчын» выйшла ў пракат. І мы можам сказаць, што ў ёй такога-растакога.
Для пачатку: «Возера радасці» знята на беларускай мове па матывах сучаснага беларускага літаратурнага твора, і галоўную ролю тут выконвае выхаванка магілёўскай SОS-вёскі. Да таго ж прэм'ера прайшла на, можна сказаць, галоўным кінафестывалі кароткаметражнага кіно ў французскім Клермон-Феране, потым былі ўзнагароды на кінафорумах у Грэцыі, Іспаніі, ЗША, нарэшце, «Возера» ўдзельнічала ў Нацыянальным конкурсе мінскага «Лістапада». Я ўжо не кажу пра тое, што ў сціплым беларускім кінематографе адносна лёгка быць заўважным.
Стужка закранае тэму дзіцячай беспрытульнасці: па сюжэце пасля смерці маці бацька адвозіць маленькую Ясю ў дзіцячы інтэрнат. Дзяўчынка пачынае ўлівацца ў новую тусоўку, але ўсё чакае тату, які абяцаў забраць яе на выхадныя. Калі па яе ніхто не прыязджае, Яся сама адпраўляецца дадому і выяўляе там тое, чаго зусім не чакала.
Фільм маўклівы і карцінны, але шмат расказвае менавіта вачыма Анастасіі Пляц, якая выканала галоўную ролю, — па словах рэжысёра, калі яны шукалі будучую акцёрку, адна дзяўчынка ў SОS-вёсцы паглядзела на іх дарослым позіркам і дапамагла вызначыцца з выбарам. Праз сваю работу, прысвечаную тату, які ў свой час быў пакінуты бацькамі, Аляксей Палуян хацеў знайсці адказ на пытанне, чаму ад дзяцей могуць адмовіцца, але, як прызнаўся сам, не знайшоў.
«Возера радасці», калі і не дае адказаў на маштабныя пытанні, уяўляе сабой цэльна выбудаваны свет дажджлівай правінцыі 1980—1990-х, расказвае гісторыю амаль без слоў, затое карціннымі дэталямі, пакідае дзіўнае спалучэнне суму і гонару.
Тое, што кароткаметражная работа выходзіць у мінскі пракат, нават дапоўненая другім фільмам, — само па сабе прэцэдэнт, але ўся суправаджальная інфармацыя сапраўды стварае вакол «Возера» шум. Тут і асоба рэжысёра — беларуса, які жыве і працуе ў Германіі, і задзейнічанне ў здымках Ігара Сігова, Святланы Анікей, Алеся Малчанава, Таццяны Мархель, і якая-ніякая фестывальная гісторыя.
Разам з папярэдняй работай Аляксея Палуяна «Край жанчын» пра апошніх жыхарак вёскі Любейкі Ляхавіцкага раёна «Возера радасці» будзе паказвацца ў кінатэатрах да 28 лістапада.
Вольга МІЦКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-mickevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/kino
[5] https://zviazda.by/be/tags/film
[6] https://zviazda.by/be/tags/kinateatr
[7] https://zviazda.by/be/tags/rezhysyor