Вы тут

Маладзёжны тэатр эстрады шукае новыя імёны


Днямі тут прайшоў кастынг артыстаў-вакалістаў, прафесійных танцораў, кампазітараў і аранжыроўшчыкаў. Мы таксама завіталі на прагляд, каб даведацца, каго прывабіла перспектыва адкрыць для сябе новыя гарызонты. Усяго ў адборы прынялі ўдзел 27 чалавек і 15 харэографаў, якіх прагладалі асобна.


У фае тэатра нешматлюдна. Прысутныя, дзяўчаты і юнакі, запоўнілі анкеты ўдзельніка і настройваюцца на праслухоўванне. Сярод прэтэндэнтаў не толькі студэнты профільных адукацыйных устаноў Мінска, але і ўдзельнікі з Гомеля, Магілёва — нават з Латвіі даслалі заяўку і прэзентацыю ў відэафармаце.

Само праслухоўванне прайшло ў закрытым фармаце. Кожны ўдзельнік прэзентаваў сябе аўтарытэтнаму журы сам-насам. У складзе экспертнага савета прысутнічалі вядомыя беларускія артысты і дырэкцыя Маладзёжнага тэатра эстрады. Варта адзначыць, у сценах установы культуры ўжо даўно працуюць, напрыклад, Іна Афанасьева, Вольга Плотнікава, Гюнеш, Аляксей Хлястоў і многія іншыя артысты, добра знаёмыя беларускай публіцы.

Першым з кандыдатаў на сцэне апынуўся Алег Шуцкі, вядомы паклоннікам пад сцэнічным псеўданімам Аlеn Hіt. Праслухаўшы песню на англійскай мове, журы цікавіцца ў артыста, як даўно ён займаецца вакалам, ці піша свае песні і аранжыроўкі.

— Пішу песні для сябе і для іншых артыстаў, не толькі на англійскай, але і на рускай мове. Сёння ў мяне добры настрой, таму для кастынгу абраў англамоўную танцавальную кампазіцыю, — тлумачыць Алег, а потым прапаноўвае праслухаць у яго выкананні яшчэ адну песню.

Удзельнікі змяняюць адзін аднаго на сцэне. У асноўным прэтэндуюць на «вакансію» артыста-вакаліста. Хтосьці ўпэўнена, а нехта з хваляваннем прадстаўляюць на суд журы сваю ўласную творчасць, народныя песні альбо выконваюць каверы на сусветна вядомыя хіты Агілеры, Лепса, Манаціка, Земфіры і многіх іншых. Суддзі цікавяцца ў большасці, ці гатовыя тыя праспяваць тут і цяпер а капэла, альбо можа спевы не адзіны іх талент. Выйсці за межы запланаванай прэзентацыі адважваюцца не ўсе. А гэта між іншым важнае ўменне для артыста — быць гатовым дзейнічаць па сітуацыі. Кірыл Громаў дакладна з тых, хто не бянтэжыцца перад публікай, бо спявае, разняволена трымаецца на сцэне і нават дэманструе майстэрства пародні Філіпа Кіркорава. А за кулісамі Кірыл прызнаўся:

— Пра кастынг я даведаўся з інтэрнэту. І вырашыў, чаму б не паспрабаваць? Бо для мяне гэта магчымасць набыць новы вопыт, а я ўвесь час шукаю для сябе праекты, у якіх магу рэалізоўвацца. Выступаў на розных конкурсах і як вакаліст, і як вядучы мерапрыемстваў. Хацеў бы стаць адным з артыстаў Тэатра эстрады, бо для творчага чалавека гэта вельмі добрая магчымасць папрацаваць у такім калектыве. І я гатовы сумяшчаць вучобу і работу тут, калі ўсё складзецца і здабуду шчаслівы квіток.

Сярод ахвотных адкрыць для сябе новыя магчымасці бачым і знаёмага ўжо беларускай публіцы спевака Аляксея Гроса, які ў 2016 годзе прадстаўляў Беларусь на «Славянскім базары ў Віцебску» і заваяваў Гран-пры. Журы ён прадставіў некалькі кампазіцый і на пытанне, у якім кірунку працуе зараз, праспяваў песню ўласнага аўтарства ў поп стылістыцы, атрымаўшы адабрэнне публікі і апладысменты. У кулуарах спявак падзяліўся:

— Вельмі радасна бачыць тут знаёмых людзей, з якімі перасякаемся час ад часу на розных музычных спаборніцтвах. Аднак у нас у краіне не так шмат конкурсаў, дзе артысты-вакалісты могуць паказаць сябе. А цяпер час самародкаў, калі людзі пішуць, спяваюць і аранжыруюць самі. І тут якраз той выпадак, калі ты можаш паказаць, што сабой уяўляеш, і прэтэндаваць на магчымасць разнапланава рэалізоўваць сябе ў перспектыве.

...Праслухоўванне ўсіх, хто ў той вечар жадаў прадэманстраваць свой голас, талент пісаць музыку ці аранжыроўкі, расцягнулася больш чым на дзве гадзіны. Па выніках кастынгу адабралі пяць кандыдатаў, у якіх цяпер будзе магчымасць пераймаць вопыт прафесіяналаў, удзельнічаць у праектах Маладзёжнага тэатра эстрады.

— Уражанні ад пачутага і пабачанага ва ўсіх нас станоўчыя. Нават нягледзячы на тое, што кастынг мы праводзілі паралельна з адкрыццём сезона і іншымі мерапрыемствамі, якія ладзіць тэатр, і ён не меў гучнай рэкламнай кампаніі. Тым не менш, улічваючы колькасць людзей і ўзровень іх падрыхтоўкі, радасна, што фінал атрымаўся такі, — адзначыў дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Сяргей Мядзведзеў. — Мы пакуль што не раскрываем імёнаў адабраных прэтэндэнтаў, але скажу, што гэта тыя людзі, з якімі мы ўжо сёння ведаем, куды можам рухацца, каб атрымаць вынік.

У тэатры гавораць, што такія кастынгі будуць праходзіць яшчэ неаднаразова. І калі нехта мае жаданне заявіць пра сябе, то варта адсочваць навіны на сайце тэатра і рыхтавацца прадэманстраваць таленты перад аўтарытэтным журы. Мастацкі кіраўнік Тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская раіць, падыходзіць да гэтага з усёй адказнасцю, каб і знешні выгляд адпавядаў нагодзе, і абраныя кампазіцыі дазвалялі адчуць вашы вакальныя магчымасці. І хто ведае, чые імёны з’явяцца неўзабаве на афішах у кампаніі «зорных» калег?

Алена ДРАПКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.

Эканоміка

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Сучасны аўтамабіль — гэта добрая крыніца агню.