Вы тут

Што паглядзець па тэлевізару


Убачыць кандыдатаў у твар

Фота БелТА.

Кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выходзіць на фінішную прамую. Па завяршэнні рэгістрацыі кандыдатаў пачнецца перыяд перадвыбарчай агітацыі. Усе кандыдаты па Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, а таксама па горадзе Мінску атрымаюць магчымасць звярнуцца да выбаршчыкаў непасрэдна: праз выступленні на тэлеканале «Беларусь 3», а па Мінскай вобласці — на тэлеканале «СТБ».

Выступленні кандыдатаў у дэпутаты пачнуцца 21 кастрычніка і пройдуць у рабочыя дні да 6 лістапада. Працягласць кожнага абмежавана пяццю хвілінамі. Нагадаем, у адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам кандыдатам даецца магчымасць выступіць на тэлебачанні адзін раз. Трансляцыя выступленняў адбудзецца ў вячэрні прайм-тайм з 19.00 да 20.40, за выключэннем
22 і 29 кастрычніка, калі эфірны час даецца з 19.00 да 19.30 з улікам сеткі вяшчання тэлеканала «Беларусь 3». Тэлеэфір усім удзельнікам палітычнай гонкі даецца бясплатна, аднак забараняецца выкарыстанне ў выступленнях аўдыя- і відэаматэрыялаў.

Дарэчы, паводле Палажэння аб арганізацыі і правядзенні выступленняў і тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання запісы выступленняў і тэледэбатаў зберагаюцца ў Белтэлерадыёкампаніі і з'яўляюцца яе ўласнасцю. Экзэмпляры (копіі) запісаў выступленняў грамадзянам і арганізацыям не выдаюцца, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам. Выкарыстанне гэтых запісаў без дазволу Белтэлерадыёкампаніі не дапускаецца.


Медыцынскі дэтэктыў

Тэлеканал «Беларусь 2» працягвае радаваць прыхільнікаў серыялаў. Шматсерыйны дэтэктыў медыцынскай тэматыкі «Ланцэт» (Расія, 2019) ад рэжысёра Алены Нікалаевай («Манекеншчыца», «Камісарша», «Папса» і «Ванечка») цяпер чакае сваіх гледачоў па буднях.

Галоўны герой Ілья Ладынін — хірург ад бога. Яшчэ падчас вучобы ў медыцынскай ВНУ сябры празвалі яго Ланцэтам. Кар'ера і асабістае жыццё Ільі складваюцца пасля інстытута даволі ўдала, аднак усё змяняецца ў адно імгненне. Памірае каханая жонка Ладыніна, а сын Ільі, абвінаваціўшы яго ў смерці маці, сыходзіць з дому. Мужчына ўпадае ў дэпрэсію і знаходзіцца на мяжы адчаю.

Уратаваць хірурга магла б любімая работа, але сур'ёзны стрэс, перанесены Ладыніным, дае свае наступствы: ва ўрача пачынаюць трымцець рукі. І яму застаецца толькі адно: адмовіцца ад урачэбнай практыкі і кінуць работу.

Аднак нечакана Ілью прапаноўваюць узначаліць аддзяленне клінікі, якое займаецца расследаваннем здарэнняў у бальніцы. Пасля доўгіх роздумаў хірург усё ж такі вырашае кардынальна змяніць сваё жыццё. Да таго ж у яго цяпер з'яўляецца магчымасць даведацца, што адбылося з яго жонкай. Як здарылася, што пасля лячэння яна памерла, і хто вінаваты ў гэтай смерці...

За развіццём гісторыі Ільі Ладыніна гледачы «Беларусь 2» могуць назіраць па буднях у 17.55.


На «Беларусь 3» — рэпартажы з культурнай нагоды

Фота БелТА.

У эфіры тэлеканала неўзабаве з'явіцца серыя «Культурных рэпартажаў», у якіх адлюструюцца самыя яркія і значныя падзеі з культурнага жыцця краіны. Адметнасць новага праекта ў тым, што з'яўляцца на экранах ён будзе не цыклічна, а з нагоды фестываляў, конкурсаў, акцый і іншых буйных падзей.

Першы выпуск будзе прысвечаны Міжнароднаму фестывалю Юрыя Башмета ў Мінску. Каманда праекта наведала самыя значныя канцэрты форуму, паразмаўляла з арганізатарамі, удзельнікамі і гасцямі фестывалю, а таксама пазнаёмілася з закуліссем яго арганізацыі і падрыхтоўкі.

Так, напрыклад, тэлевізійнікі пабывалі на канцэрце Каралеўскага філарманічнага аркестра з Лондана, якім адкрываўся фестываль. І, нягледзячы на жорсткія ўмовы кантракта, паводле якіх прэса не дапускалася на рэпетыцыі, карэспандэнтам сацыякультурнага канала «Беларусь 3» усё ж такі ўдалося зазірнуць за кулісы гэтай унікальнай падзеі.

Дарэчы, ужо пачынаючы з 12 кастрычніка ў эфіры тэлеканала будзе паказана пяць канцэртаў з фестывалю Юрыя Башмета ў фармаце HD. На выхадных гледачоў чакаюць выступленні Міжнароднага камернага аркестра East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера, Камернага ансамбля «Салісты Масквы» пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета, а таксама выступленні запрошаных зорак сусветнай акадэмічнай музыкі — Фазыла Сая, Барыса Беразоўскага і Летыцыі Марэна.

Прэм'ера новага праекта «Культурны рэпартаж» адбудзецца якраз напярэдадні тэлеверсіі канцэрта Камернага ансамбля «Салісты Масквы», 26 кастрычніка ў 21.05.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».