Вы тут

Як па-беларуску правільна сказаць: «спахапіцца» ці «схамянуцца»?


Як па-беларуску правільна сказаць: «спахапіцца» ці «схамянуцца», «у мінулы раз», «мінулы раз» ці «мінулым разам»? — цікавіцца спадарыня Алена Войцік. З яе ж ліста пытанне, як перакласці на нашу мову «оттуда был виден город»?

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактар «Звязды» Алесь Саламевіч, а таксама рэдактар і перакладчык Леў Глушыцкі.


1. Сучасныя слоўнікі даюць абодва варыянты: і спахапіцца, і схамянуцца, але сваім значэннем яны амаль не адрозніваюцца. Гэта ў свой час заўважаў прафесар Фёдар Янкоўскі. У кнізе «Беларуская мова» (1978) ён піша: «Аддаём перавагу слову схамянуцца — беларускаму слову. Калі ў мове ёсць сваё слова, якое бытуе ў народнай мове... то створанае слова-калька не можа спаборнічаць з першым». Ён прыводзіць прыклады з мовы народа: «Схамяніся, хлопча, адумайся, пакуль не позна. Набушаваў, а тады схамянуўся: «І нашто ж я нарабіў так?» Пасля іх пададзены прыклады з твораў Я. Коласа, М. Чарота, В. Віткі, І. Новікава.

Слова «спахапіцца» — як вынікае з напісанага Фёдарам Міхайлавічам — скалькаванае з рускай мовы: спо-хват-и-ться  спа-хап-і-цца. Яго ўжыванне таксама дапушчальнае.


2. Знаўцы мовы даўно лічаць, што звароты са словам раз ужываюцца ў нашай мове без прыназоўніка «у/ў». Такім чынам, правільна будзе мінулы раз (або мінулым разам). Няправільна пісаць у наступны раз: «у» тут трэба ўпэўнена адкідаць: наступны раз я так і зраблю.

Пацвярджаецца гэта і звесткамі акадэмічнага «Русско-белорусского словаря» (артыкул «Раз»):

в первый раз — першы раз;

в тот раз — той раз, таго разу, тады.


3. Пытанне наконт перакладу толькі здаецца простым... Каб знайсці адказ, звернемся яшчэ раз да згаданай кнігі Фёдара Янкоўскага: «У беларускай мове ёсць своеасаблівая канструкцыя, у якой дзейнік мае форму назоўнага склону, а выказнік выражаецца недапасаванай дзеяслоўнай формай, якая знешне супадае з інфінітывам: відаць, чуваць. Некалькі прыкладаў: Адсюль відаць уся наша сталіца. 3 гары відаць уся вёска. Добра відаць школа і клуб на ўзгорку. На вадзе заўсёды лепш чуваць, чым на беразе. Чуваць салаўіная песня. Будзе недарэчнай памылкай, калі сказаць або напісаць: «відаць усю дарогу», «чуваць прыгожую песню».

Такім чынам, правільна — «адтуль быў відаць горад», няправільна — «адтуль было відаць горад».

У абарону слоў

Як называць гумку, якой сціраюць напісанае на паперы?

Сёння бытуюць розныя варыянты: сцірка, гумка, сцёрка, рызінка, ласцік. Якое з іх найбольш адпаведнае нашай мове? Думаецца, назоўнік «сцірка» — ад дзеяслова «сціраць», як піша ў згаданай кнізе Фёдар Янкоўскі, яно «вельмі трапна выражае прызначэнне прадмета, назву якога абазначае». Ёсць яно і ў акадэмічных слоўніках, а наймацнейшы аргумент, відаць, тое, што менавіта яго выкарыстоўваў Якуб Колас. Таму замяняць сцірку нейкімі іншымі словамі, напрыклад сцёркай (якая зафіксавана ў слоўніках рускай мовы (як стёрка) з паметай «размоўнае»), зусім не варта.

Загаловак у газеце: З двух слоў лепшае — сваё...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.