Вы тут

Згадкі пра Аркадзя Куляшова


Па радыё прагучала самотна-кранальная куляшоўская «Алеся» ў цудоўным выкананні «Песняроў». І мне надзвычай выразна, з нейкай шчымлівай тугою прыгадаўся сам паэт.


...Было гэта пад кастрычніцкія святы. Якраз збіраліся адзначыць шасцідзясятую гадавіну рэвалюцыі. Тады яшчэ — Вялікай, сацыялістычнай. Словам, мелася быць надзвычайная ўрачыстасць.

У галоўным партыйным штабе вырашылі, каб на гэтай урачыстасці ад імя творчай інтэлігенцыі выступіў Аркадзь Куляшоў. Народны паэт, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР. Перагаварыць з паэтам было даручана мне, інструктару аддзела культуры ЦК КПБ.

Добра памятаю свой першы тэлефонны званок на кватэру Куляшова. Дрыготкім ад хвалявання пальцам набіраю неабходны нумар, прыкладваю трубку да вуха і чую чамусьці толькі, як гулка тахкае маё сэрца. Гудок, яшчэ гудок, і вось нарэшце азываецца незнаёмы (я ніколі раней з паэтам не сустракаўся і не размаўляў), спакойны, з лёгкай хрыпатцой голас: «Алё! Слухаю вас...»

Даволі блытана (зноў-такі ад хвалявання) тлумачу Аркадзю Аляксандравічу мэту свайго званка і запрашаю ў зручны для яго час зайсці да нас у аддзел перагаварыць. І як жа мне было радасна, што паэт — жывы класік! — не стаў цырымоніцца, набіваць сабе цану, а вельмі проста, добразычліва сказаў:

— А вось заўтра і зайду.

Незабыўным засталося маё ўражанне ад першай сустрэчы з паэтам. Канешне, аблічча Аркадзя Куляшова мне было знаёмае даўно, са школьных падручнікаў, са шматлікіх фатаграфій у сродках масавай інфармацыі. І я адразу пазнаў паэта, як толькі ён пераступіў парог нашага пакоя. Пазнаў і не пазнаў. Чытаючы яго па-волатаўску магутную паэзію з яе філасофскімі глыбінямі і рамантычнымі парывамі, уяўляў яго высокім, незвычайным, нечым адметным з выгляду. А тут увайшоў чалавек ніжэй сярэдняга росту, каржакаваты, крыху ссутулены, сціпла, нават беднавата апрануты, з нясмелай, ніякаватай усмешкай. Нішто ў яго абліччы не выдавала знакамітага паэта, усё было проста, па-сялянску будзённа. Сустрэнь такога дзе-небудзь на людзях — прымеш за звычайнага вяскоўца і нават не звернеш увагі.

У першую хвіліну мне нават крыўдна стала, я адчуў як бы лёгкае расчараванне. Няўжо гэта той самы хрэстаматыйна-недасяжны Аркадзь Куляшоў, на творах якога выхоўвалася не адно пакаленне?

Усё стала на месца, як толькі паэт загаварыў. Ён не сыпаў афарызмамі, не фарсіў вучонымі слоўцамі, і разам з тым у яго размове не было нічога пустога, нязначнага, выпадковага. Усё, што ён гаварыў, было такое ж, як і сам паэт, простае, яснае, разумнае, грунтоўнае.

Мы даволі хутка абгаварылі з Куляшовым асноўныя тэзісы ягонага выступлення. Аркадзь Аляксандравіч з задавальненнем прыняў тое, што яму не трэба будзе прытрымлівацца нейкіх канонаў, афіцыйнага стылю, — наадварот, вельмі важна, каб ён выказаў свае асабістыя адносіны да таго, што адбылося ў далёкім сямнаццатым годзе, падзяліўся сваімі ўласнымі пачуццямі. Паэта асабліва ўсцешыла, што слова павінна быць кароткае — хвілін на дзесяць-пятнаццаць, не болей.

На тым мы і развіталіся.

Пасля былі сустрэчы яшчэ. Мы разам чыталі напісаную прамову. Нешта скарачалі, нешта дапісвалі. Але гэта былі дробязі. Аркадзь Аляксандравіч выдатна справіўся з няпростаю задачаю — ягонае слова атрымалася ёмкім, эмацыянальным, узнёслым. Сапраўднае слова паэта!

А за тры дні да ўрачыстасці здарылася нечаканае: у Куляшова памёр бацька. Канешне, у нашым аддзеле быў немалы перапалох. Ці зможа Аркадзь Аляксандравіч выступіць? Ці не падвядзе яго здароўе — у паэта ж хворае сэрца? Між тым яго прамова ўжо была пазначана ва ўсіх афіцыйных дакументах...

— Не хвалюйцеся, — супакоіў нас Куляшоў. — Усё будзе добра.

Мы далі яму службовую машыну і доктара на дарогу. І сталі не без хвалявання чакаць. Больш за ўсіх, канешне, хваляваўся я, адказны за выступленне паэта.

На ўрачыстасць у Палац спорту ён прыехаў строга ў дамоўлены час. Стомлены, змарнелы, засмучаны.

— Аркадзь Аляксандравіч, як ваша самаадчуванне? — з пэўнай трывогаю папытаўся я.

— Арытмія мучыць, праклятая... —паскардзіўся ён. — Але нічога. Я ўзяў з сабою таблеткі, прыму перад самым выступленнем, і ўсё будзе нармальна...

На трыбуну Куляшоў выйшаў бадзёра, вельмі добра пачаў, яго перапынялі некалькі разоў дружнымі апладысментамі. А пасля... пасля ён раптам спыніўся, спатыкнуўся на паўслове і змоўк. У зале ўсталявалася трывожная цішыня.

У мяне абарвалася сэрца. Ну што ж ён так доўга маўчыць? Ну калі ласка... Калі ласка!

Нарэшце паэт уздыхнуў на поўныя грудзі і, адчувалася, немалым намаганнем волі закончыў фразу. Праўда, голас яго прыкметна асеў, як бы звяў. І ўсё ж такі, хай сабе і з цяжкасцю, Куляшоў скончыў выступленне і заслужыў гарачыя апладысменты не толькі залы, але і прэзідыума. Асабліва цёпла вітаў паэта Пётр Міронавіч Машэраў.

Такая вось гісторыя аднаго выступлення Аркадзя Куляшова. Вядома ж, пры сустрэчах у нас з ім былі размовы не толькі пра будучую прамову, а і шмат чаго пра жыццё. Вось некаторыя штрыхі з таго, што запомнілася.

Напярэдадні смерці бацькі Аркадзь Аляксандравіч чамусьці завёў размову аб тым, што родныя людзі заўсёды вельмі чуйна і дакладна адчуваюць, нават прадчуваюць блізкую бяду. І расказаў, як аднойчы яго маці прачнулася і да самай раніцы не магла знайсці сабе месца. А ў абед высветлілася, што гэтай ноччу памерла яе блізкая сваячка.

Гаварылі аб тым, што ў жыцці немалую, а часам вызначальную ролю іграе нацэленасць чалавека на нейкую мэту, на нейкі рубеж. Паэтава маці ў маладо-
сці была вельмі хваравітая жанчына. І таму калі цыганка наваражыла ёй, што будзе жыць да сямідзесяці васьмі гадоў, яна толькі засмяялася. Засмяяцца то засмяялася, а ў памяці лічба — семдзесят восем — засталася, замацавалася як нейкі рубеж, як звышзадача. І вось выпадковае прадказанне, чыста знешняе ўнушэнне паступова перайшло ў стойкае самаўнушэнне (я павінна абавязкова дажыць да гэтых гадоў!), і адбыўся цуд. Маці Куляшова не толькі дажыла, але і перажыла прадказаны цыганкаю ўзрост.

Больш за ўсё мяне ўразіў такі аповед паэта. Ён чуў ад людзей дасведчаных і кампетэнтных, што ў нашым медыцынскім інстытуце праводзяць неардынарныя даследаванні. Да нябожчыка падключаюць спецыяльныя датчыкі, і прысутны патолагаанатам уголас заяўляе, што будзе зараз рабіць ускрыццё. Пры гэтых словах стрэлкі ўсіх датчыкаў пачынаюць мітусіцца як у ліхаманцы. Як толькі патолагаанатам выходзіць, стрэлкі паступова супакойваюцца.

Рабілі па-іншаму. У морг запускалі сваякоў, якія, зразумела, адразу пачыналі галасіць, плакаць. Датчыкі зноў ажывалі.

— Пра што гэта сведчыць? — таямніча пытаўся Аркадзь Аляксандравіч і сам жа адказваў: — Толькі пра адно. Чалавек, які памірае, на працягу пэўнага часу (вучоныя ўстанавілі, што на працягу сарака дзён) яшчэ рэагуе на тое, што адбываецца вакол яго, успрымае галасы, разумее сэнс таго, што гаворыцца пры ім.

Гэта было б нечым містычна-неверагодным, калі б не з'яўлялася фактам навуковага даследавання. Вось так, даводзіў мне з поўнай перакананасцю Куляшоў, у нашыя дні знайшло сваё пацверджанне даўняе народнае павер'е аб тым, што душа не памірае разам з чалавекам, а яшчэ сорак дзён знаходзіцца дома, праходзіць шмат выпрабаванняў, перш чым адправіцца ў паднябессе.

Выпадковай была гэтая тэма ў нашых размовах ці ў паэта ўжо было нейкае трывожнае прадчуванне, цяжка сказаць. Але вось факты: літаральна праз дзень Аркадзь Куляшоў атрымаў горкую вестку аб смерці бацькі, а праз няпоўныя чатыры месяцы не стала і самога паэта.

У «Звяздзе» ад 11 верасня гэтага года было надрукавана маё эсэ «Нельга забыць» — пра чатыры сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам. Там я апавядаў пра экскурсію, якую ў 1968 годзе Уладзімір Сямёнавіч правёў для ўдзельнікаў рэспубліканскага творчага семінара па ваколіцах Свіцязі, у тым ліку ў вёску Валеўка, да ўнікальнай царквы схаванага тыпу. Выказвалася шкадаванне, што храм да нашага часу не захаваўся.

На другі ж дзень пасля публікацыі ў рэдакцыю пазваніў айцец Аляксандр, настаяцель гэтага храма, і ўдакладніў, што, на шчасце, царква ацалела і ў ёй праводзяцца рэгулярныя богаслужэнні.

Мы шчыра ўдзячныя айцу Аляксандру за гэтае ўдакладненне. Прыемна, што нас чытаюць такія ўважлівыя, неабыякавыя чытачы. Дзякуй ім за гэта!

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Загаловак у газеце: Гісторыя аднаго выступлення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.