Вы тут

«Wargamіng Fest: Дзень танкіста» наведала да 250 000 чалавек з 28 краін


Леташні рэкорд па святкаванні Дня танкіста ўсё ж быў пабіты. Арганізатары "Wargamіng Fest: Дзень танкіста" — кампанія Wargamіng, Мінскі гарвыканкам і Мінабароны Рэспублікі Беларусь — заявілі, што ў нядзелю ў парку Перамогі пабывала каля 250 000 чалавек з 28 краін.


Аднак колькасць людзей, якія далучыліся да вялікага свята, была значна большая — у анлайне за тым, што адбывалася, сачыла больш за 2,6 мільёна чалавек.

«Мы пачалі падрыхтоўку да гэтага свята роўна год таму і стараліся ўлічыць увесь напрацаваны вопыт, каб зрабіць знаходжанне гасцей на гэтым фестывалі максімальна камфортным, — адзначыў галоўны арганізатар «Wargamіng Fest: Дзень танкіста» Максім Грачоў. — І, мяркуючы па атрыманых водгуках, а таксама па колькасці ўдзельнікаў, якія наведалі мерапрыемства, у нас усё атрымалася: мы падарылі людзям сапраўднае свята і пацвердзілі статус найбуйнейшага фестывалю інтэрактыўных забаў у Еўропе».

Сёлета фестываль прыбавіў у маштабах і размясціўся на тэрыторыі каля 100 гектараў. Гасцям была прадстаўлена значна пашыраная ў параўнанні з мінулым годам праграма забаў для ўсёй сям'і: звыш 120 зон, пачынаючы ад гіганцкага танкатвістара, гульнявых аўтаматаў і мудрагелістых лабірынтаў і заканчваючы майстар-класамі па брэйк-дансе і стварэннем слаймаў. Акрамя таго, на тэрыторыі «Wargamіng Fest: Дзень танкіста» размясціліся звыш 30 фотазон, 130 фуд-кортаў, а таксама яркія інтэрактыўныя пляцоўкі ад партнёраў свята.

Гарачыя баі праходзілі на самай вялікай пляцоўцы відэагульняў пад адкрытым небам у Беларусі — тут было размешчана больш за 200 камп'ютараў, на якіх гульцы змагаліся ў World of Tanks. На пляцоўцы мабільнай весріі World of Tanks Blіtz тры гульцы-пераможцы атрымалі ад арганізатараў смартфоны Honor 10. У дэманстрацыйнай зоне госці маглі пазнаёміцца з новым экшэнам пра спецназ «Калібр».

Акрамя таго, у «Прэміум-ангары» была абсталяваная дадатковая гульнявая зона на больш чым 100 камп'ютараў. Менавіта тут прайшоў міжнародны турнір «Сталёвы паляўнічы: бітва блогераў», у якім 20 блогераў змагаліся за буйны суперпрыз. Трэцяе месца і 150 000 расійскіх рублёў заслужыў удзельнік пад нікам Cresp1ks, другое месца і 250 000 зноў дасталіся блогеру __NІDІN__, і нарэшце першае месца і прыз у 500 000 заваяваў знакаміты ў свеце «танкаў» LeBwa.

На галоўнай сцэне адбыўся матч кланавага суперкубка па World of Tanks, у якім прынялі ўдзел найлепшыя каманды RU- і EU-рэгіёнаў. У выніку каманда [MERCY] Моніка з RU-рэгіёна перамагла каманду [DE—VІ] Delіcіous Vіcіous з EU-рэгіёна і выйграла прыз у $ 25 000, а таксама брэндаваныя прызы ад партнёра свята.

На галоўнай сцэне артысты, запрошаныя на фестываль, сваімі песнямі разварушылі і сагрэлі гасцей свята, падняўшы ім настрой і дадаўшы ў свята запалу і агню. Айчынная група «Крамбамбуля» дала добры старт сваімі знакамітымі песнямі, якія ў Беларусі мала хто не ведае. Працягнулі запальваць ўкраінскія «Воплі Відаплясава» і як след завялі публіку ўжо з першых песень. Пасля перапынку расійская група «Звяры» выканала і свае самыя завадныя песні. І нарэшце, госці з Каліфорніі The Offsprіng завяршылі гэты вечар «выбухным» сэтам сваіх забойных хітоў.

Завяршыўся «Wargamіng Fest: Дзень танкіста» грандыёзным феерверкам.

Іван КУПАРВАС

Фота аўтара і арганізатараў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.