Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы можам пакласці канец тэрарызму


Форум па супрацьдзеянні тэрарызму, які праходзіць у Мінску, адкрыла старшыня Міжпарламенцкага саюзу Габрыэла Куэвас Баран.


Яна адзначыла, што тэрарызм не толькі нясе ахвяры – ён нішчыць сэрцы любой краіны, а гісторыя сведчыць аб важнасці дыялогу.

«Мы павінны помніць, што ў цэнтры ўсіх нашых рашэнняў знаходзяцца людзі. Свет становіцца ўсё меншым, хутчэйшым, і ён не будзе нас чакаць», – сказала Габрыэла Баран.


Аляксандр Лукашэнка сёння вітаў удзельнікаў міжнароднага форуму, прысвечанага інавацыйным метадам барацьбы з тэрарызмам

«Так, мы можам пакласці канец тэрарызму. Не сёння, не заўтра, не адразу. Але толькі пры адной умове – калі мы гэтага захочам. Вы, вярнуўшыся дамоў з Беларусі, і мы, застаўшыся ў Беларусі, павінны прыкласці максімум намаганняў, каб пакласці канец гэтаму самаму тэрарызму і будаваць новую планету», – сказаў ён у працяг слоў Габрыэлы Баран.

Але для гэтага перш за ўсё прафесіяналам давядзецца пераканаць улады. Такія канферэнцыі, мазгавыя атакі, жаданне іх удзельнікаў так ці інакш прымусяць кіраўнікоў дзяржаў прыслухацца.

Ён адзначыў, што парадак дня надзвычайна важны для забеспячэння бяспекі кожнай дзяржавы, на якім кантыненце яна бы не знаходзілася. Кіраўнік краіны нагадаў: тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз глабальнай бяспецы, якая не ведае ні дзяржаўных, ні маральных межаў. Яго ахвярамі становяцца звычайныя людзі, у тым ліку старыя, жанчыны, дзеці. А тэхналогіі, што тэрарысты выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы атак, развіваюцца з хуткасцю сусветнага інфармацыйнага і тэхнічнага прагрэсу.

І гэта, упэўнены Прэзідэнт, – беспрэцэндэнтны выклік сучаснаму грамадству. Выклік, што не адолеюць у адзіноцтве нават самыя магутныя дзяржавы, якім бы сілавым патэнцыялам і перадавымі распрацоўкамі яны бы не валодалі.

«Надышоў час усім краінам свету аб’яднаць намаганні ў сістэмнай барацьбе з тэрарыстамі і іх памагатымі, пачаць шырокі міжнародны дыялог. Неабходнасць у сумеснай каардынацыі высілак, думаю, відавочна для ўсіх, перш за ўсё, прафесіяналаў, прысутных у гэтай зале», – звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі беларускі лідар. Галоўная роля ў гэтай місіі належыць Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дадаў ён. А Беларусь удзельнічае ва ўсіх асноўных універсальных дамовах, распрацаваных пад эгідай ААН.

У 2006 годзе рэспубліка выступіла за прыняцце Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі – першага дакумента, які вызначыў сусветны падыход да барацьбы з тэрарызмам. Беларусь працягвае падтрымліваць усе ініцыятывы ў рамках ААН: умацоўвае партнёрскія сувязі ў сферы антытэрору, удзельнічае ў абмене спецыялізаванай інфармацыяй і перадавым досведам, фарміраванні сеткі каардынатараў па барацьбе з тэрарызмам.

Але паколькі маштаб тэрарыстычнай актыўнасці сёння патрабуе выхаду за рамкі адной арганізацыі, Аляксандр Лукашэнка перакананы: адзіны верны спосаб магутна і эфектыўна процістаяць пагрозе – стварэнне згуртаванага антытэрарыстычнага фронту сіламі ААН, АБСЕ, Еўрасаюза, АДКБ, СНД, ШАС і іншых міжнародных арганізацый.

Беларускі лідар лічыць таксама, што ідэя аб’яднаць два рэгіёны (АБСЕ і АСЕАН) пад эгідай контртэрарыстычнай канферэнцыі ў Мінску актуальная і сучасная.

«У Беларусі, на шчасце, няма сістэмных прычын для экстрэмісцкай дзейнасці, заснаванай на рэлігіёзнай, этнічнай ці сацыяльнай нецярпімасці. Скажу больш: ва ўсёй Беларусі і ў мяне асабіста няма зацікаўленасці параджаць тэрарыстычныя групіроўкі, фінансаваць іх і узбройваць. Я думаю, намёк вы зразумелі, ў чарговы раз», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь дзякуючы знаходжанню ў цэнтры Еўропы служыць надзейным фарпостам у выяўленні замежных тэрарыстаў-баевікоў у пасажырскіх і міграцыйных плынях. Гэтаму садзейнічае развітая пагранічная інфраструктура, шматузроўневая сістэма забеспячэння бяспекі, паспяховы досвед супрацоўніцтва з кампетэнтнымі органамі іншых дзяржаў і профільнымі міжнароднымі арганізацыямі.

Для ўмацавання нацыянальнай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі рэзідэнты беларускага Парку высокіх тэхналогій стварылі і прасоўваюць на рынку перадавыя праграмныя прадукты, у тым ліку з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.


Вялікай зонай рызыкі сёння з’яўляецца глабальная сетка

Беларускі лідар звярнуў увагу і на тое, што вялікай зонай рызыкі сёння з’яўляецца глабальная сетка. Пагрозы, якія фарміруюцца ў кіберпрасторы, маюць транснацыянальны і схаваны характар. Уцяканне злачынцаў у «цёмную сетку» робіць цяжкім кантроль з боку і дзяржаў, і прыватнага сектару. Тэрарысты актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для прапаганды і вярбоўкі новых прыхільнікаў, лічбавыя тэхналогіі – для фінансавага падсілкавання. І гэта яшчэ адзін выклік для глабальнага контртэрарыстычнага фронту.

«Вось мы ўсе пакутуем: глабальная сетка, інтэрнет, усе карыстаюцца гэтым. Стварылі гэту добрую цацку, вялікую і зараз не ведаем, што з ёй рабіць. Дакладней, ведаем, нават вельмі добра ведаем, але не жадаем рабіць тое, што мы разумеем і што трэба рабіць. І яшчэ. Ствараючы такую «цацку», мы павінны разумець, што калі яна з аднага боку нясе дабро для чалавецтва (а інтэрнет – гэта сапраўды дабро), значыць, трэба падумаць і аб тым, а што можа быць дрэннага?», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што пры стварэнні інтэрнета хтосьці разлічваў на вялікую выгаду, напрыклад, дзякуючы шпіянажу. У стварэнні першых тэрарыстычных арганізацый у шырокім маштабе пасля Другой сусветнай вайны. У прыклад прывёў Афганістан: нехта ж сабраў, узброіў людзей і выкарыстаў.


Побач з нашымі межамі

«Усе пакутуем з нагоды канфлікта на Украіне. Вялікая праблема для мяне ў асабістым плане як кіраўніка дзяржавы — суседа Украіны. Калі пачаўся гэты канфлікт, адзін высокапастаўлены чыноўнік пацікавіўся меркаваннем Беларусі», — узгадаў беларускі лідар.

Тады Беларусь прапанавала план канкрэтных дзеянняў з гарантыямі і з асноўнай нагрузка на Беларусь. Прэзідэнт сумленна папярэдзіў: у выпадку непрыняцця плана будзе вымушаны лічыць, што Еўропа не хоча, каб канфлікт вырашыўся. 

«Чаму не спынілі канфлікт дагэтуль — пяць гадоў амаль прайшло? Таму што гэта камусьці трэба», — канстатаваў Прэзідэнт.

Ён заклікаў шчыра пагаварыць на гэтую тэму, памятаючы пра адкрытую, шчырую, сумленную палітыку Мінска.

Пазней Прэзідэнт Беларусі зноў вярнуўся да тэмы пагрозы, якую для Беларусі мае канфлікт на Украіне. 

Ён нагадаў, што напачатку ўнутры Беларусі яго многія папракалі: навошта ўлазіць у чужы канфлікт.

«Я адказаў: па-першае, гэта родныя людзі, нас сутыкнулі там адзін з адным, а па-другое, гэта побач з намі. І што мы атрымалі? Чаго я баяўся: вялізны прыток мігрантаў... Першы год 150 тысяч прыбыла да нас, — паведаміў Прэзідэнт. — Еўрапейцы дзве тысячы мігрантаў не могуць падзяліць, у дэмакратычнай Еўропе, у моры боўтаюцца дзеці, людзі, старыя, якія бягуць ад праблем, якія мы стварылі ў іх на радзіме. Мы іх не прымаем. Дзве тысячы. А да нас 150 тысяч хлынула. Не чужых для нас людзей. І літаральна праз некалькі дзён я падпісаў указ аб даванні роўных магчымасцяў у Беларусі: па жыллі, па адукацыі, па ўладкаванні дзяцей у садкі, школы, па працаўладкаванні дарослых. Нам страшна было прымаць гэтыя 150 тысяч, для нашай Беларусі з нашымі праблемамі. Вы думаеце, нам нехта дапамог? Не. Мы і не прасілі гэтай дапамогі».

Але самае страшнае, што адбылося потым, і зараз працягваецца, дадаў кіраўінк дзяржавы. «Мы вымушаныя былі са сваімі братамі, блізкімі людзьмі цалкам закрыць межы. Закрыць мяжу наглуха, яшчэ больш, чым з Паўночна-атлантычным блокам, які для нас заўсёды, з даўніх часоў быццам бы здаваўся ворагам нумар адзін. А сёння са сваім сябрам закрылі мяжу наглуха. Чаму? Хлынула плынь зброі. А там, дзе зброя ў руках у звычайных людзей, у людзей, як кажуць, нацыяналістычна настроеных, чакай тэрарызму. І спакойная Беларусь, не дай Бог, можа пажынаць гэтыя плады і атрымаць тое, для чаго ў нас няма быццам бы падстаў», — з горыччу сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Адзіная радзіма — планета

У сваёй прамове Прэзідэнт зноў і зноў вяртаўся да галоўнай тэмы парадку дня.

«Тэрарызм быў, ёсць і, думаю, што доўга будзе, пакуль мы не возьмемся за галовы і не зразумеем, што наша планета такая малая і жыць нам няма дзе! І тыя казкі, што хутка мы асвоім Марс і высадзімся на Месяцы... Ну, хто хоча, хай высаджваецца. Думаю, што большасць тут прысутных хацелі бы жыць на сваёй зялёнай, чыстай, акуратнай планеце».

Аляксандр Лукашэнка заклікаў задумацца, што чакае жыхароў Зямлі, і нароўні з тэрарызмам падумаць аб іншых страшных пагрозах, якія мы сёння спараджаем. А заўтра будзем гераічна пераадольваць.

«У цяперашні час асобныя краіны свету азадачаны праблемай забеспячэння „свабоды Інтэрнету“. Свабоды... Але што маецца на ўвазе пад гэтым тэрмінам? Дзе мяжа паміж свабодай зносін ці самавыяўлення і бескантрольнымі ці бяскарнымі паводзінамі ў сусветнай лічбавай прасторы?», — задаў пытанне беларускі лідар.


Прэзідэнт прапануе стварыць «пояс лічбавага добрасуседства»​

Аляксандр Лукашэнка паведаміў высокім гасцям, што рыхтуючыся да сустрэчы, абмеркаваў з сынам Мікалаем, якому 15 гадоў, магчымасці інтэрнету. У прыватнасці, пацікавіўся, што такое «Даркнет» – «цёмная сетка».

«Слухайце, ён мяне ўразіў: ён мне па палічках расклаў тое, што ўвогуле не чуў. А я падумаў: калі нехта жадае зброю ці наркотыкі набыць, каб ніхто не адшукаў, – гэта вось сетка. Хлопец, які, мне здавалася, далёкі ад гэтага, ведае больш за мяне. Напэўна, ёсць аб чым падумаць. Але мы не збіраемся аб гэтым думаць. Нам гэта – не трэба», – не стаў разбаўляць фарбы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі, як сувярэннай краіны, ёсць уласнае меркаванне  на тэмы маральных, этычных і прававых межаў свабоды інтэрнета. «Я так свабодна кажу пра пытанні Інтэрнету, таму што ніхто з вас мяне не папракне ў тым,  што мы хаця б у нечым абмяжоўваем Інтэрнет у Беларусі,– заўважыў ён. – Хоць трэба было б, але мы яшчэ не ведаем, як гэта зрабіць так, каб цывілізаванае грамадства зноў не падвергла нас санкцыям. Таму мы пакуль не кранаем Інтэрнет. Час церпіць. Паглядзіце на іншыя краіны: як яны разбяраюцца з Інтэрнетам. Гэта яшчэ адна праблема правоў чалавека». 

Што датычыцца інтэрнета, то пазіцыя Беларусі выкладзена ў прынятай нядаўна нацыянальнай Канцэпцыі інфармацыйнай бяспецы.

Але і ў гэтай тэме, падкрэсліў ён, без распрацоўкі агульных правіл, якія прызнаюць усе ўдзельнікі міжнароднай суполкі, немагчыма дасягнуць жаданых вынікаў па ахове грамадзян.

Беларусь ужо больш за 20 год умацоўвае сяброўскія стасункі з краінамі-суседкамі ў рамках «пояса добрасуседства». Гэта ініцыятыва, на думку Аляксандра Лукашэнкі, апраўдала сябе цалкам. Магчыма, надышоў час узяць гэту мадэль за ўзор для фарміравання новай ініцыятывы – “пояса лічбавага добрасуседства”.

«Зрабіць гэта можна шляхам заключэння міждзяржаўных і іншых пагадненняў аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. З нашай кропкі гледжання, ключавымі элементамі такіх дамоўленасцяў маглі б стаць ідэі лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, якія, у першую чаргу, будуць гарантаваць неўмяшанне краін у інфармацыйныя рэсурсы адна адной», – прапанаваў беларускі лідар.

Ён упэўнены, што ў сістэму эфектыўнага забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі павінна быць уключана як мага больш дзяржаў.

«Я быў бы рады, калі сёння з Мінску мы запусцілі бы «хвалю лічбавай бяспекі», прызваную ўмацаваць сувязі паміж краінамі, павысіць эфектыўнасць сумеснага процідзеяння тэрарыстычным і іншым пагрозам у кіберпрасторы», – адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што не ўсе тэрарыстычныя арганізацыі і групы ствараюцца тымі або іншымі дзяржавамі або структурамі ў  тых або іншых дзяржавах. Аднак зараз працэс, які  раней насіў кіруемы характар, стаў хаатычным і бескантрольным. «Дык давайце хаця б  гэтыя бескантрольныя групоўкі, якія хаатычна ўзнікаюць і навучыліся вельмі хутка зарабялць, давайце хаця б іх, калі не ліквідуем, то хоць возьмем пад кантроль», – заклікаў удзельнікаў канферэнцыі Прэзідэнт.


Лукашэнка: Процідзеянне тэрарызму – выключна важнае, але не адзінае звяно ў ланцугу ўсеагульных намаганняў па забеспячэнні міжнароднай бяспекі

Сёння мы з’яўляемся сведкамі дэградацыі сістэмных асноў гэтай міжнароднай бяспекі, якія ствараліся з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адной з прычын і вынікам гэтага працэсу стала разбурэнне даверу паміж краінамі. 

Апошні сумны прыклад – спынненне дзеяння Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці.

 «І вы, напэўна, разумееце, што праз некалькі гадоў мы пачнем змагацца супраць гэтага страшнага зла, траціць грошы, праводзіць канферэнцыі. І тыя, хто сёння вінаваты ў парушэнні гэтых дагавораў, яны, магчыма, будуць ініцыятарамі», –  з горыччу заўважыў кіраўінк дзяржавы.

Дык ці не лепш зараз спыніцца, задаў ён рытарычнае пытанне. Праблема, якую нараджае спыненне названага дагавора, ужо праз пару гадоў засланіць праблему тэрарызму, пра які ідзе размова на гэтай сустрэчы, папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. «Калі мы не спынімся, лічыце, што мы зрабілі першы крок да новай вайны. І дай Бог, каб гэта вайна хоць бы абышлася без ядзернай зброі», – папярэдзіў ён.

Рэальная магчымасць з’яўлення гэтых узбраенняў  у Еўропе – прамы шлях да  росту напружання  на кантыненце і новаму вітку гонкі ўзбраенняў, дадаў Прэзідэнт. «Яна ўжо пачалася і ідзе вельмі хутка, – сказаў ён. – У некаторых краінах настолькі фарсіруюць гэты працэс, што падчас іспытаў  новай зброі дзесяткамі і сотнямі гінуць людзі». 

Для аднаўлення даверу Беларусь паслядоўна і настойліва прасоўвае ідэю аб неабходнасці аднаўлення шырокага міжнароднага дыялогу – як на рэгіянальным, так і на глабальным узроўні, акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы: «Без усеагульнай гатоўнасці да новага перагаворнага працэсу, які б стабілізаваў  міжнародныя адносіны, мы не можам гарантаваць  бяспеку ўсім  сваім  краінам і народам».

Неабходны пошук аб’ядноўвальнага парадку дня, новых ідэй, якія падзяляюцца шырокім колам дзяржаў і міжнародных  арганізацый. Адной з іх, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі,  павінна стаць супрацьдзеянне размяшчэнню ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўрапейскім рэгіёне.

«Мы неяк прапанавалі, толькі, напэўна, не нам гэта трэба было рабіць, – уздыхнуў выступоўца. – У нас жа прывыклі: калі гігант скажа «Трэба!», тады ўсе пачынаюць таптацца вакол гэтай праблемы і хоць бы рабіць выгляд, што нешта робяць».

Беларусь прапаноўвала абмеркаваць праблему ў фармаце працэсу Хельсінкі ІІ. «Мы прапанавалі не толькі публічна. Я асабіста  прапаноўваў у закрытым рэжыме стварэнне перамоўнага працэсу Хельсінкі ІІ. Казаў: мы не прэтэндуем на тое, каб быць ініцыятарам.  Няхай Дональд Трамп, Ангела Меркель, Уладзімір Пуцін, Сі Цзіньпін і іншыя выступяць ініцыятарамі. Можа, іх пачуюць.  Потым сказалі пра гэта адкрыта. І ведаеце, прасунутыя палітыкі Еўропы (не называю прозвішчы) мне сказалі: «Спадар Прэзідэнт, трэба зняць гэту праблему».

Аляксандр Лукашэнка катэгарычна не згодны з такой пазіцыяй замоўчвання вострых праблем.  Значыць, нікаму вырашэнне іх не патрэбна, а нехта не ведае, што на гэта адказаць, выказаў ён здагадку. «Але не толькі  яны вырашаюць лёс на нашай  планеце – гэтыя вялікія, – справядліва заўважыў Прэзідэнт. – Сярэдніх і малых дзяржаў  больш, і яны маюць свой голас.  Калі яны (вялікія) не хочуць, давайце мы будзем  збірацца і казаць  пра гэта, абмяркоўваць гэтыя праблемы. Давайце выпрацоўваць нейкія меры і  рухацца ў патрэбным кірунку. Інакш не толькі нашы дзеці  – мы не дажывём да спакойнага сыходу ў іншы свет».     

Аляксандр Лукашэнка заявіў: «З гэтай трыбуны зноў паўтару, што Беларусь з’яўляецца паўнапраўнай удзельінцай Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Мы не выходзілі з яго, і не намераны вырабляць або размяшчаць такія ракеты, калі яны не будуць пагражаць нашай бяспецы.  Пакуль такой сітуацыі няма, спадзяюся, што не будзе».

Спікер падкрэсліў, што зрабіў гэту заяву  як кіраўнік дзяржавы,  якая размешчана ў самым сэрцы Еўрапейскага кантынента, дзе ў генах кожнага жыхара жыве памяць аб самых страшных  у гісторыі чалавецтва войнах.

«Упэўнены, што дэкларацыя адпаведных краін пра неразмяшчэнне  ракет сярэняй і меншай далёкасці ў Еўропе магла бы стаць сапраўдным укладам ва ўмацаванне бяспекі, – рэзюмаваў ён. – Мы не ідэалісты і бачым усе складанасці, з якімі можа сутыкнуцца  гэта ініцыятыва  ва ўмовах наяўных супярэчнасцяў. Але ж і Дагавор  аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, і глабальныя забароны іншых відаў  зброі масавага знішчэння  таксама некалі здаваліся немагчымымі».

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што сумесныя дзеянні па захаванні дасягненняў Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці на нашым кантыненце сталі б важным крокам ў глабальным дыялогу  па аднаўленню даверу. Ён пажадаў, каб сённяшні форум стаў пляцоўкай  для самага шчырага і канструктыўнага дыялогу.

«Вельмі багатыя краіны кажуць: у нас шмат грошай, таму  ў гонцы ўзбраенняў мы выйграем. Павярхоўныя, неразумныя заявы. Сёння тэхналогіі настолькі развітыя, што не абавязкова ў гонцы ўзбраенняў быць першым, не абавязкова некага дагнаць, перагнаць. Сёння  нават краіна з сярэднім дастаткам можа вырабіць такую зброю, што тым, хто жадае быць лідарам, мала не падасца. Многія працэсы  патрабуюць пераасэнсавання перш за ўсё з нашага боку», – сказаў напрыканцы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі дадаў, што усё сказанае ім – вынік вялізнага палітычнага вопыту, які ён назапасіў за 25 гадоў прэзідэнцтва. «Я як чалавек і як кіраўнік дзяржавы заклікаю вас задумацца над прынцыповымі  пытаннямі, якія  прагучалі ў маім выступе», – падсумаваў ён.


На сесіі адкрыцця Міжнароднай канферэнцыі намеснік Генеральнага сакратара ААН, кіраўнік Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімір Варанкоў перадаў удзельнікам пажаданні Генеральнага сакратара Антоніа Гутэрыша плённай працы і поспехаў. Намеснік генсека паведаміў, што рашэнні чацвёртай, мінскай канферэнцыі будуць выкарыстаныя пры падрыхтоўцы другой канферэнцыі высокага ўзроўню кіраўнікоў контртэрарыстычных устаноў дзяржаў – членаў ААН, якая адбудзецца ў Нью-Ёрку ў чэрвені наступнага года.

Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер адзначыў, што нельга абмяжоўваць увагу толькі тэмай зламыснага карыстання сучасных тэхналогій тэрарыстычнымі арганізацыямі, – трэба навучыцца самім выкарыстоўваць іх больш актыўна. 

Старшыня Выканаўчага камітэту – Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў у сваю чаргу падкрэсліў асобую ролю Беларусі як дзяржавы, якая выступае за мірнае рашэнне міжнародных канфліктаў і прадстаўляе зручную пляцоўку для перамоў і міжнародных форумаў.

У мінскай канферэнцыі ўдзельнічаюць дзяржавы АБСЕ і іх партнёры, АСЕАН, Кітай, Індыя, Пакістан, міжнародныя і рэгіянальныя арганізацыя – Інтэрпал, ІКАА, ШАС, НАТА, АДКБ, Антытэрарыстычны цэнтр СНД. Сёння і заўтра эксперты абмяркоўваюць выкарыстанне новых тэхналогій для барацьбы з тэрарызмам, распрацоўваюць нацыянальныя, рэгіянальныя і міжнародныя падыходы і стратэгіі.

Варвара МАРОЗАВА, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.