Вы тут

Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная барацьбе з тэрарызмам пройдзе ў Мінску 3-4 верасня


Міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню, прысвечаная барацьбе з тэрарызмам, пройдзе ў Мінску 3-4 верасня. У форуме «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій» будуць удзельнічаць прадстаўнікі больш чым 50 краін, расказаў падчас брыфінгу прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.


Арганізатары мерапрыемства — МЗС і Контртэрарыстычнае ўпраўленне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Яно лагічна працягвае міжнародную сустрэчу высокага ўзроўню, якая адбылася ў Мінску пад эгідай АБСЕ ў кастрычніку мінулага года.

Амаль 60 дэлегацый на канферэнцыі будуць прадстаўляць звыш 50 краін і міжнародныя, няўрадавыя арганізацыі, акадэмічныя колы.

У ліку спікераў і гасцей мерапрыемства плануецца ўдзел кіраўнікоў міжнародных структур, якія адказваюць за бяспеку, — паведаміў Анатоль Глаз.

На форуме паспрабуюць выпрацаваць рашэнні на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях па барацьбе з тэрарыстамі і тэрарыстычнымі групамі ва ўмовах большай даступнасці і росту складанасці тэхналогій.

Анансаваў Анатоль Глаз палітычныя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Чылі, якія адбудуцца ў Мінску 3 верасня, і 27-е пасяджэнне ў Кіеве міжурадавай беларуска-ўкраінскай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Украіна — важны для нас гандлёва-эканамічны партнёр. У 2018 годзе яна была на другім месцы сярод усіх гандлёвых партнёраў нашай краіны па аб'ёмах тавараабароту і экспарту», — падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.

Плануецца, што на сустрэчы абмяркуюць сумесныя мерапрыемствы, у тым ліку Другі форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, запланаваны на 3-4 кастрычніка.

Чарговы раўнд беларуска-мангольскіх палітычных кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў адбудзецца 5 верасня ў Мінску. Бакі абмяркуюць актуальныя пытанні супрацоўніцтва, каардынацыю ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый, праблематыку міжнароднага парадку дня.

Адказваючы на пытанне аб чарговым пераносе даты падпісання пагадненняў аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, Анатоль Глаз адзначыў: «Як неаднаразова ўжо заяўлялася, мы з еўрапейскімі партнёрамі сумесна рухаемся да заключэння пагаднення аб спрашчэнні візавых фармальнасцяў і рэадмісіі. У цяперашні час неабходныя для падпісання працэдуры бакамі яшчэ не завершаны. Разам з тым мы па-ранейшаму зыходзім з таго, што нашы планы ў агляднай перспектыве ажыццявяцца».

Ён таксама паведаміў, што Беларусь не атрымлівала афіцыйнае запрашэнне літоўскага боку для ўрадавай дэлегацыі на цырымонію перапахавання астанкаў Кастуся Каліноўскага ў Вільнюсе.

Прэс-сакратар таксама патлумачыў журналістам, чаму на памятных мерапрыемствах у Варшаве да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны Беларусь будзе прадстаўлена на ўзроўні пасла: «Яшчэ раз падкрэслю: менавіта ўсе, без выключэння, народы Савецкага Саюза зрабілі вызначальны ўнёсак у агульную перамогу над нацызмам. Вызваленне Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, канчатковы разгром нацызму на тэрыторыі Германіі сталі магчымыя дзякуючы гераічным намаганням усёй шматнацыянальнай Чырвонай Арміі. Гэта не памяншае ролі саюзных армій, але трактаваць інакш, падзяляць унёсак саюзных рэспублік у агульную перамогу, на нашу думку, мякка кажучы, як мінімум гістарычна няправільна. Пры гэтым у Варшаву не былі запрошаныя краіны Цэнтральнай Азіі, Казахстан, Расія». Разам з тым, улічваючы, што вайна з самага пачатку закранула тэрыторыю Беларусі, наша краіна прыняла рашэнне аб удзеле ў памятных мерапрыемствах.

Анатоль Глаз адзначыў, што тэма ваенных падзей свяшчэнная для беларусаў, і падзякаваў польскаму боку за запрашэнне.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Зноў пра візы і міжнародную бяспеку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…