Вы тут

Як спыніць жудасную хвалю тэрарызму?


На поўначы Еўропы адзін за адным адбыліся два буйныя тэракты. Услед за Пецярбургам тэрор прыйшоў у Швецыю. 7 красавіка стала яшчэ адным чорным днём найноўшай еўрапейскай гісторыі. У мінулую пятніцу ў 14.53 па мясцовым часе ў цэнтры Стакгольма адбыўся напад на людзей. Загінулі чатыры чалавекі (у тым ліку адзінаццацігадовая дзяўчынка), яшчэ 15 атрымалі раненні. Шведскі прэм'ер-міністр назваў тое, што адбылося, тэрарыстычнай атакай. Што супрацьпаставіць чарговаму выкліку Стары Свет?


Жах на Дротнінгатане

Для нападу выкарыстоўваўся грузавік, украдзены ў мясцовай піваварнай кампаніі. Яе прадстаўнікі паведамілі, што машына знікла, пакуль вадзіцель заносіў тавар у рэстаран. Згоншчык прамчаўся шэсць кварталаў, выехаў на ажыўленую пешаходную вуліцу Стакгольма — Дротнінгатан (адну з галоўных славутасцяў сталіцы Швецыі, размешчаную за 700 метраў ад урадавага квартала). Тут ён знёс невялікія агароджы перад пешаходнай часткай і пачаў душыць людзей на тратуары. Пасля чаго, як мяркуецца, каб павялічыць колькасць ахвяр, урэзаўся ў вітрыну гандлёвага цэнтра Аhlеns.

Цэнтр Стакгольма адразу натапырыўся барыкадамі, узведзенымі вартавымі парадку. Улады спынілі грамадскі транспарт, уключаючы наземныя і падземныя цягнікі. Паліцыя эвакуіравала цэнтральны чыгуначны вакзал, размешчаны непадалёку ад месца тэракта. На шматлікіх відэакадрах было бачна, як сотні людзей разбягаюцца ў розныя бакі ў страху за сваё жыццё. Некаторыя відавочцы таксама казалі аб гуках стрэлаў, але гэтая інфармацыя не пацвердзілася.

Пасля на прэс-канферэнцыі кіраўнік паліцыі Швецыі Дан Эліясан заявіў, што ведамства шукае падазраванага ў здзяйсненні тэракта ў Стакгольме, апублікавана яго фатаграфія з камер назірання. Па гэтай арыенціроўцы затрымалі 39-гадовага грамадзяніна Узбекістана. SVT (Svеrіgеs Tеlеvіsіоn — шведскае тэлебачанне) са спасылкай на прэс-сакратара паліцыі Ларса Байстрама пацвердзіла, што, хутчэй за ўсё, затрымалі вадзіцеля грузавіка, у машыне знайшлі ўзрыўчатку.

Газета Аftоnblаdеt паведаміла, што на яго старонцы ў Fасеbооk былі апублікаваны прапагандысцкія фільмы «Ісламскай дзяржавы», а таксама фота акрываўленых людзей, якія пацярпелі пасля выбуху на Бостанскім марафоне ў ЗША. SVT звязалася з сяброўкай падазраванага, якая расказала, што ў затрыманага чацвёра дзяцей, ён працуе будаўніком. Ён ніколі не абмяркоўваў палітыку альбо рэлігію, а толькі дадатковыя падпрацоўкі, якія дазволілі б адпраўляць больш грошай на радзіму сям'і.

Аўто-забойцы

Тэракты на аўтамабілях у Старым Свеце цяпер не рэдкасць. Здарэнне ў Стакгольме — пятае менш чым за год. Летась 14 ліпеня на набярэжнай у Ніцы, дзе на салют з нагоды святкавання Дня ўзяцця Бастыліі сабралася мноства людзей, грузавік на хуткасці ўрэзаўся ў натоўп і праехаў каля двух кіламетраў па зігзагападобнай траекторыі. Вадзіцеля ў рэшце рэшт застрэлілі супрацоўнікі паліцыі. У выніку тэракта загінулі 86 чалавек, больш за 300 атрымалі раненні. Адказнасць за злачынства ўзяла групоўка «Ісламская дзяржава».

19 снежня 2016 года грузавік з прычэпам урэзаўся ў натоўп наведвальнікаў каляднага кірмашу ў Берліне. Ён праехаў па тэрыторыі каля 80 метраў, у выніку чаго загінулі 12 чалавек, яшчэ 48 пацярпелі. У кабіне знаходзіўся пасажыр, які загінуў. Аб'яўлены ў вышук падазраваны, 24-гадовы грамадзянін Туніса, які кіраваў аўтамабілем, пазней быў забіты ў Мілане ў перастрэлцы з паліцыяй. Тэрарыст быў звязаны з групоўкай «Ісламская дзяржава».

Сёлета 22 сакавіка мужчына на пазадарожніку збіў некалькі чалавек на Вестмінстэрскім мосце ў Лондане. Пасля гэтага ён заехаў у агароджу брытанскага парламента і паспрабаваў патрапіць на яго тэрыторыю. Адзін з паліцэйскіх імкнуўся спыніць злачынцу, аднак у ходзе барацьбы атрымаў смяротнае нажавое раненне. Нападнік быў застрэлены іншым паліцэйскім. За рулём машыны знаходзіўся 52-гадовы брытанец Халід Масуд. У выніку здарэння загінулі пяць чалавек, яшчэ больш за 50 — атрымалі раненні. Адказнасць за напад узяла на сябе зноў-такі ІД. Ужо на наступны дзень — 23 сакавіка — у бельгійскім Антверпене мужчына заехаў у натоўп і быў затрыманы паліцыяй. У яго машыне знайшлі траўматычную зброю.

Дарэчы, за першыя месяцы 2017 года ў Ізраілі адбылося шэсць тэрактаў з выкарыстаннем транспартных сродкаў. Часцей за ўсё ў такіх выпадках работнікі праваахоўных органаў адразу ж адкрываюць агонь на паражэнне, што дазваляе пазбегнуць вялікай колькасці ахвяр.

Прадухіліць немагчыма?

На думку многіх жыхароў Швецыі, рана ці позна нешта падобнае магло адбыцца. Апошнім часам сотні маладых шведаў ездзілі ў Сірыю і ваявалі на баку «Ісламскай дзяржавы». Паўночнае каралеўства лічыцца адным з галоўных еўрапейскіх пастаўшчыкоў наймітаў для джыхадзістаў. Па звестках паліцыі бяспекі, 292 грамадзяніны краіны пакінулі Швецыю з 2013 года з тым, каб далучыцца да тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». 133 з іх ужо вярнуліся назад у каралеўства.

Летась парламент Швецыі прыняў закон «Аб барацьбе з тэрарызмам», які ўзмацніў жорсткасць нормаў, што дзейнічаюць у краіне. Новыя меры прадугледжваюць два гады пазбаўлення волі за паездкі за мяжу з мэтай далучыцца да тэрарыстычнай групоўкі і шэсць гадоў турмы за навучанне ў трэніровачных лагерах тэрарыстаў. Фінансаванне тэрарыстычных груповак караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў. Новыя правілы дзейнічаюць з 1 красавіка 2016 года. У той жа час рыксдаг адхіліў вынесеную партыяй «Шведскія дэмакраты» прапанову аб пазбаўленні грамадзянства асоб, асуджаных за тэрарызм. Магчыма, цяпер нормы зноў будуць скарэктаваны.

«Па прыкладзе Ізраіля, еўрапейцам трэба навучыцца жыць ва ўмовах пастаяннай тэрарыстычнай пагрозы, прычым гэтыя ўрокі нельга адкладаць на аддаленую будучыню», — лічыць экс-міністр па справах спецслужбаў урада Чэхіі Яраслаў Башта. Прадухіліць тэракты немагчыма, але да гэтага трэба імкнуцца. «Як вядома, генералы заўсёды рыхтуюцца да мінулай вайны, а ўлады імкнуцца падкласці дошчачку прыкладна ў такім месцы, дзе спатыкнуўся сусед», — кажа Башта, маючы на ўвазе, у прыватнасці, тэрміновае збудаванне ў шэрагу сталіц бетонных перашкод пры ўездах на цэнтральныя плошчы, а таксама з'яўленне на вуліцах дадатковых нарадаў паліцэйскіх.

На думку Башты, падобныя меры разлічаны хутчэй на заспакаенне ўласнага насельніцтва, чым на прадухіленне тэрактаў з выкарыстаннем цяжкіх грузавікоў. «Галоўную ролю ў барацьбе з міжнародным тэрорам наканавана адыгрываць спецслужбам, прычым у цесным узаемадзеянні з калегамі ў іншых краінах і рэгіёнах свету. Па той інфармацыі, якая час ад часу прасочваецца ў СМІ розных краін, можна зрабіць выснову, што і на гэтым узроўні дапускаецца нямала памылак», — адзначае чэшскі эксперт. Чаго варты, па яго словах, хоць бы той факт, што «берлінскі тэрарыст» Аніс Амры ў 2015 годзе быў на кручку ў нямецкай контрразведкі і кваліфікаваны ёю як «патэнцыйная пагроза». Аднак спецслужбы ў выніку палічылі яго «ўсяго толькі» шараговым распаўсюджвальнікам наркотыкаў і выпусцілі са свайго поля зроку. Прычым гаворка ў гэтым выпадку ідзе пра памылку контрразведчыкаў Германіі, якія лічацца знаўцамі ў сваёй справе.

«Тэрарысты, нават якія здзяйсняюць свае акцыі ў адзіночку, на самай справе цесна звязаны з пэўным колам саўдзельнікаў. У іх заўсёды ёсць свая база, свой тыл. У гэтым асяроддзі фарміруюцца іх светапогляд, характар, адбываецца падрыхтоўка да баявых акцый», — кажа Башта. Як мяркуе эксперт, падобнай базай часта з'яўляюцца так званыя шэрыя зоны, якія ёсць у многіх буйных гарадах Заходняй Еўропы і ЗША. Гаворка ідзе пра раёны пражывання мігрантаў, у якія мясцовыя паліцэйскія наведваюцца без вялікай ахвоты, аддаючы гэтыя прасторы на водкуп злачынным элементам, удакладняе эксперт.

З мэтай падтрымання неабходнага грамадскага парадку ў рамках барацьбы з міжнародным тэрарызмам органам ЕС у цэлым і кожнай з асобных еўрапейскіх краін, на думку эксперта, мабыць, ужо ў агляднай будучыні трэба будзе пайсці на змены ў заканадаўстве, на ўмацаванне рэпрэсіўных кампанентаў улады, такіх, як паліцыя і спецслужбы, а таксама армія, уключаючы павелічэнне іх колькасці і паляпшэнне матэрыяльнай базы. Дзяржавы дзеля абароны сваіх грамадзян павінны быць «эгаістамі».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў спачуванні каралю Швецыі Карлу ХVІ Густаву, родным і блізкім загінулых падчас тэракта ў Стакгольме. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. «З болем і смуткам у Рэспубліцы Беларусь успрынялі паведамленне пра чалавечыя ахвяры ў выніку наўмыснага наезду грузавіка на людзей у цэнтры Стакгольма», — гаворыцца ў спачуванні. Кіраўнік дзяржавы выказаў шчырыя словы падтрымкі ўсяму народу Швецыі, а таксама пажадаў хуткага выздараўлення пацярпелым.

Як паведамілі ў прэс-службе МЗС, грамадзяне Беларусі падчас тэракта ў Стакгольме не пацярпелі.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Крывавая пятніца Стакгольма

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.