Вы тут

Як вучаць бяспецы выхаванцаў дзіцячага садка?


Дзіцячы садок у аграгарадку Белавежскі запатрабаваны і запоўнены. Зараз тут выхоўваецца 108 дзяцей, працуе шэсць груп. Ёсць ясельная група і група дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Працоўны калектыў налічвае крыху больш за 30 чалавек. Садок — амаль равеснік пасёлка, гэтай восенню будзе адзначаць сваё 35-годдзе. Некаторыя супрацоўнікі, у тым ліку загадчыца Таццяна Акеліна, былі ў свой час выхаванцамі садка.


Выхавальніца Анастасія Саўчук з дзецьмі.

Таццяна Уладзіміраўна, стаўшы загадчыцай, змагла рэалізаваць свае дзіцячыя ідэі. Прызналася, што тады яна хацела, каб пры ўваходзе на тэрыторыю было больш загадкавасці і рамантызму, дзяцей сустракалі казачныя героі. Цяпер яны «пасяліліся» побач з дарожкамі і на клумбах і перыядычна становяцца ўдзельнікамі розных тэматычных гульняў. Але пра гэта крыху пазней. Варта сказаць, што супрацоўнікі і выхавальнікі любяць сваю ўстанову, садок патанае ў кветках, нават далікатныя і патрабавальныя гладыёлусы тут ўратаваліся ад спёкі. Але ж адным з галоўных кірункаў выхаваўчай работы ў садку лічыць неабходнасць навучыць дзяцей правілам бяспекі. Таму на раённым конкурсе сярод дашкольных устаноў па гэтым пытанні сёлета занялі першае месца ў адной з намінацый. Указаная намінацыя датычылася супрацоўніцтва дашкольнай установы з раённым аддзелам МНС. Такая сумесная работа праводзіцца на рэгулярнай аснове.

На конкурс прадстаўлялі тэматычныя куткі, арганізаваныя і аформленыя ў кожнай з груп.

— Да афармлення такіх куткоў падышлі творча, — расказвае і паказвае Таццяна Акеліна. — Але ж галоўнае, каб яны працавалі, прыносілі карысць, пакідалі нейкі след у свядомасці дзяцей. Бо што закладзеш у гэтым узросце, тое і застанецца з чалавекам на ўсё жыццё. Нашы выхавальнікі самі распрацавалі настольную гульню для замацавання правілаў бяспекі. Менавіта па гэтай гульні з удзелам казачных герояў дзеці вучацца паводзіць сябе ў надзвычайнай сітуацыі, трымацца ў грамадскіх месцах, на дарозе, каля вады, у лесе. Яшчэ мы ўдзяляем увагу вырабу нагляднасці для бацькоў. Прыйшоў па сына ці дачку ў садок, пакуль дзіця збірае свае рэчы, апранаецца, міжволі кінеш погляд на плакат, і вока абавязкова зачэпіцца за адзін з напамінаў аб правілах бяспекі. Напомніць відавочнае бывае не лішні, калі гэта датычыцца бяспекі, — разважае загадчыца садка.

Гутарка інспектара МНС.

Таму ў дзіцячай установе на бацькоўскіх сходах, на розных мерапрыемствах гасцямі бываюць прадстаўнікі аддзелаў МНС, унутраных спраў, медыкі, кіраўнік мясцовай улады. Калі ў краіне назіраўся ўсплёск няшчасных выпадкаў, звязаных з выпадзеннем дзяцей з адчыненых вокнаў, засяроджвалі ўвагу на гэтай тэме. Пачынаецца купальны сезон — спецыялісты праводзяць гутарку пра бяспеку на вадзе. Ну а дзіцячае свавольства з агнём — вечная тэма, якая патрабуе пастаяннай увагі. Гэта работа з бацькамі.

— З выхаванцамі таксама праводзяць гутаркі спецыялісты. У іх распрацаваны методыкі работы з усімі ўзроставымі катэгорыямі, яны прыходзяць да дзіцячай аўдыторыі падрыхтаваныя, і дашкольнікі звычайна ўважліва слухаюць людзей у пагонах, — гаворыць Таццяна Акеліна.

Выхавальніца Анастасія Саўчук у сваёй групе падчас гульні на свежым паветры не праміне лішні раз напомніць правілы бяспекі. І хоць у летні перыяд няма спецыяльных заняткаў, але дзеці любяць гуляць на пляцоўцы дарожнага руху. Педагог лічыць не лішнім паўтарыць пройдзенае ў гульнявой форме. «Як трэба пераходзіць дарогу ў гэтым месцы? На які сігнал святлафора можна ісці, а на які трэба стаяць? Ці правільна зробіць гэты гном, калі сядзе адпачыць на паласатым пераходзе?» І самыя маленькія выхаванцы групы адказваюць упэўнена і без памылак.

Калі ж гаворка заходзіць пра штодзённую бяспеку ўстановы адукацыі, загадчыца разважае, што нядрэнна было б мець камеру відэаназірання. У школе нядаўна камеры былі ўстаноўленыя. «Наш садок знаходзіцца ў самым цэнтры пасёлка, па крузе размешчаны ўсе асноўныя сацыяльныя аб'екты: ФАП, Дом культуры, прадпрыемствы грамадскага харчавання і гандлю. Тэарэтычна ў памяшканне можа ўвайсці кожны ахвотны. Адзін час актыўнасць праяўлялі гандляры рознай дробнай прадукцыяй, давялося іх стрымліваць. Але цяпер мы склалі між сабой графік, і ўсе супрацоўнікі ясляў-садка па гадзіне дзяжураць на першым паверсе, сочаць за парадкам, сустракаюць наведвальнікаў. У ідэале, вядома, добра было б займець вахцёра, але ж мы разумеем, што гэта дадатковыя фінансавыя выдаткі, таму пакуль абыходзімся сваімі сіламі».

Святлана ЯСКЕВІЧ, Камянецкі раён

Загаловак у газеце: Паўтарэнне пройдзенага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.