Вы тут

Партрэты: бібліёграф і даследчык літаратуры Дзмітрый Давідоўскі


Партрэты: бібліёграф і даследчык літаратуры Дзмітрый Давідоўскі

Нацыянальная бібліятэка – гэта месца, дзе цікавасць прадстаўляюць не толькі часопісы і газеты, кнігі і гравюры, вінілавыя кружэлкі і відэа-/аўдыядыскі, не толькі выстаўкі, экскурсіі, прэзентацыі кніг і іншыя мерапрыемствы, але і ўнікальныя асобы, якія тут працуюць.

Пра нашых бібліятэкараў і бібліёграфаў ведаюць зусім не шмат, але настаў час выправіць гэта. У новым цыкле партрэтных замалёвак мы будзем знаёміць вас з нашымі супрацоўнікамі, з якімі вы сустракаецеся ў сценах бібліятэкі.

Вось ужо каля 40 год наведвальнікаў залы беларускай літаратуры вітае Дзмітрый Мікалаевіч Давідоўскі. Акрамя бібліятэчнай працы, ён займаецца даследаваннямі беларускай літаратуры і культуры. На яго рахунку – не толькі навуковыя публікацыі, але і (сумесна з Рыгорам Барадуліным) праца над выданнем збораў твораў Уладзіміра Дубоўкі.

Бібліятэка ўчора і сёння

Я прыйшоў працаваць у Нацыянальную бібліятэку, тады яшчэ “Ленінку”, у 1980 годзе па размеркаванні. Адразу трапіў у сховішча беларускага аддзела. У параўнанні з цяперашнім будынкам умовы ў будынку на Чырвонаармейскай былі не такімі камфортнымі. Фонд у нас быў на два мільёны адзінак: часопісы, газеты, кнігі з дарэвалюцыйных да сучасных дзён.

З таго часу змянілася, канешне, шмат. У сховішчы святло раней… Што яно было, што не было – усё аднолькава. Зрок псавалі. Тым не менш чытачоў пастаянна было багата. Зараз праблем са святлом нават у сховішчы няма. Аб такіх умовах, якія ёсць цяпер, мы нават не марылі. Людзі прыходзяць і могуць зайсці ў любую базу даных, паглядзець дысертацыі з усяго свету. У даведачным аддзеле раней была толькі расійская база. А сёння чалавек прыходзіць і адкрывае Кембрыдж, Оксфард, усё што заўгодна – калі ласка. Зараз для даследчыкаў магчымасцей вельмі многа. Раней гэтага не было.

Да нас прыходзяць такія мэтры!

Многія пісьменнікі – Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Іван Навуменка, Арсень Ліс і Міхась Мушынскі – не пакідалі нашай беларускай залы, было вельмі цікава працаваць. Гісторыкі Віталь Скалабан і Уладзімір Міхнюк таксама былі нашымі чытачамі. І зараз большая частка супрацоўнікаў Нацыянальнага архіва – таксама наша кліентура.

Сюды дагэтуль прыходзяць пісьменнікі Кастусь Цвірка, Уладзімір Ліпскі, гісторыкі Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч і іншыя. Яны засталіся вернымі нашай зале. Некаторыя з іх у гэтым будынку былі прыпісаны да навуковай залы, але ўсё роўна працуюць у нашай, беларускай.

Пра Барадуліна і маладых пісьменнікаў

У 1994 годзе я зусім выпадкова пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным, калі прыйшоў на дзень нараджэння сябра нашай сям’і. Пасля нашай першай сустрэчы Рыгор Іванавіч даручыў мне працу над складаннем Збору твораў Уладзіміра Дубоўкі ў чатырох тамах. Выданне так і не выйшла, і ён карыў сябе за гэта, хоць то была не яго віна.

Барадулін для мяне – хросны бацька ў літаратуразнаўстве. Рыгор Іванавіч быў сапраўдным інтэлігентам. Калі пачалася мая праца над выданнем Дубоўкі, ён адразу сказаў: без архіва вы не абыдзецеся. Паэт размаўляў са мной так, быццам гэта мне належалі ўсе яго званні і ўзнагароды. Нават заўвагу ён рабіў вельмі далікатна, мякка, каб толькі не пакрыўдзіць суразмоўцу. Такі быў стыль яго зносін.

Шмат людзей, якія дзякуючы яму ўвайшлі ў літаратуру ці засталіся ў ёй, пакінуўшы след у гісторыі. Рыгор Іванавіч для многіх стаў хросным бацькам, не толькі для мяне. Я вельмі ўдзячны яму за гэта, бо такіх людзей, як ён, вельмі мала. Пасля яго зыходу з выдавецтва “Мастацкая літаратура” той калектыў амаль распаўся.

Калі б мяне спыталі, ці ёсць у нас зараз аўтары і літаратуразнаўцы такога ўзроўню, яшчэ пару гадоў таму я б сказаў, што няма. Але сёння пачалі з’яўляцца маладыя таленавітыя пісьменнікі, празаікі, іх папулярызуе часопіс “Маладосць”. Там праводзяць конкурсы, тое, што рабілі ў Беларусі ў 1920-я гады. Такім чынам даюць раскрыцца людзям як творчым асобам, няхай сабе прэміяй ёсць толькі падпіска на часопіс. І вось сёння “Маладосць” дэманструе маладых таленавітых перакладчыкаў, паэтаў, пісьменнікаў. Заменяць яны таго ж Быкава ці Барадуліна – пакажа час. Але яны, безумоўна, таленавітыя.

Бібліятэкары павінны знаходзіць інфармацыю нават у той крыніцы, у якой, на першы погляд, нічога няма

Моладзь зараз вяртаецца ў бібліятэкі і да кнігі, паціху павялічваецца колькасць наведвальнікаў. Маладыя людзі больш надаюць увагі інтэрнэту, сацыяльным сеткам, але і яны пачынаюць разумець, што ўсё ў сеціве не знойдзеш. Гэты інтэрнэтаўскі бум паціху сыходзіць. Каб знайсці алічбаваную дарэвалюцыйную кніжку, трэба згубіць вельмі шмат часу. А сюды прыйдзеш, хвілін дваццаць пачакаеш – і ты яе атрымаў.

Калі мяне пусціць у сховішча, я знайду тое, што і не шукаў, бо звычка цікавіцца, саваць усюды нос са мной усё жыццё. Я дваццаць шэсць год працаваў у сховішчы, дагэтуль добра памятаю ўвесь фонд.

Для мяне праца ў бібліятэцы і навуковая дзейнасць вельмі ўзаемазвязаны. Трапіўшы ўпершыню ў кнігасховішча, я пабачыў часопісы “Маладняк” і “Узвышша”. Яны стаяць тут, у нас, у падсобным фондзе ў поўным аб’ёме. Таксама, як і даваенныя, дарэвалюцыйныя газеты з вельмі цікавай інфармацыяй, якую нідзе не знойдзеш, ні ў якім інтэрнэце. Ці тыя ж памятныя кніжкі па губернях. Фонд нашай беларускай залы быў вельмі багаты, насычаны, што падштурхоўвала да доследу, да творчасці. А зараз і зусім добра: прыйшоў у бібліятэку, побач праз пераход – Нацыянальны архіў. Усё пад рукамі.

І даследчыцкія інтарэсы дапамагаюць у прафесіі. Без паглыбленага падыходу мы не зможам абслугоўваць чытача якасна. Калі казаць пра свой навуковы інтарэс, то часта нейкія рэчы знаходзяцца падчас бібліятэчнай працы выпадкова.

Даследую творчы лёс нашага вядомага мастака Юдэля Пэна

Мая маці вучылася ў адным класе з унучатай пляменніцай Юдэля Пэна Ганнай Герштэйн. Тая аднойчы патэлефанавала нам і сказала пра дакументальны фільм з серыі “Обратный отсчет”, прысвечаны Пэну. Фільм у мяне выклікаў больш пытанняў, чым адказаў. І мне захацелася ўсё гэта даследаваць. У Нацыянальным архіве знайшоў такія дакументы, якія я адзін бачыў, ніхто іх да мяне не браў у рукі.

Дзякуючы даследаванням зараз у мяне пра Пэна набрана каля трохсот старонак. Рыхтуецца кніга. З гэтых старонак трохі менш за палову – дакументы з Нацыянальнага архіва. Пачынаючы, лічыў, што пра яго нічога няма… Часам вяртаешся да дакументаў, якія глядзеў ужо разы тры, і бачыш, што нешта прапусціў. Калі веды назапашаны, зусім па-іншаму працуе галава.

Планаў у мяне шмат. Зараз я ўдзельнічаю ў праекце, прысвечаным 100-годдзю “Маладняка”. Трэба працягваць доследы, бо паўтараць ужо напісаную інфармацыю – гэта не сумленна. У пошуках новага ўдакладнілі сапраўдны год нараджэння Дубоўкі: з 1901-га на 1900-ты. Напэўна, год нараджэння бацькі змянілі для таго, каб ён мог пайсці ў школу ў 5 гадоў, а тады прымалі ў 6. Ён быў рослым, развітым, умеў чытаць, і гэта было зроблена, каб яго прынялі ў першы клас.

Дзед таксама працаваў бібліятэкарам, сабраў багатую калекцыю кніг, ратаваў людзей і рукі меў залатыя

Мае бацькі не былі гуманітарыямі. Маці, Ірына Антонаўна Голубева, прысвяціла сябе медыцыне, прайшла ўсю вайну і сустрэла Перамогу старшай аперацыйнай медсястрой. У мірны час стала хірургам-анколагам. Бацька, Мікалай Афанасьевіч Давідоўскі, выкладаў вышэйшую матэматыку ў Політэхнічным інстытуце (цяпер – БНТУ). А вось мой дзед, Антон Людвігавіч Галубовіч, стаў бібліятэкарам у цяжкія пасляваенныя гады. Даведаўся я пра гэта, ужо як прыйшоў на працу ў бібліятэку. Мне хацелася працаваць з кнігай, вывучаць новае дзякуючы ёй. Дзе гэта лягчэй рабіць? Тут, у бібліятэцы.

Бібліятэчнай калекцыі, якую збіраў мой дзед, я ўжо і не бачыў, яна была згублена. Я даведаўся пра яе ад маці. Гэта была калекцыя кніг выдавецтва Бракгаўза і Эфрона, знакаміты энцыклапедычны слоўнік, поўныя зборы твораў Пушкіна, Тургенева, Лермантава і інш. Недзе каля пяцісот выданняў. Акрамя рускамоўных кніг, былі і польскамоўныя. Мая маці яшчэ дзяўчынкай дома размаўляла па-польску, на вуліцы са сваімі сябрамі – па-беларуску.

Дзед працаваў галоўным інжынерам спіртзавода ў Мінску, вайна застала яго ў Беластоку, у службовай камандзіроўцы. Падчас вайны ён дапамагаў зброяй партызанам і падпольшчыкам, а таксама медыкаментамі, бінтамі. Выратоўваў людзей ад аблаў ці то ў цыстэрнах з-пад спірту, ці то ў бульбасховішчы. Цікавы лёс.

Нават па сённяшні дзень у музеі Якуба Коласа ёсць мэбля, якую рабіў мой дзед. Бо ў цяжкія часы ён перабіваўся часовымі заробкамі. Рукі ў яго былі залатыя, ён мог усё зрабіць.

У мяне была вельмі добрая настаўніца

Ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Васілеўскай Сафіі Аляксандраўны мы ведалі ў 1970-я гады, што адбывалася ў літаратуры міжваеннага перыяду. Яна нам раіла прачытаць Уладзіміра Дубоўку, Тодара Кляшторнага, усіх нашых таленавітых маладых літаратараў. Настаўніцу мы слухалі так, што на яе ўроках было чутна, як ляціць камар.

Што яшчэ мяне ўразіла: на выпускным балі яна падышла да маёй маці і сказала: “Вось папомніце маё слова, ён будзе пісаць”. І гэта ў 1976 годзе! Так усё і спраўдзілася.

Запісала Яна ПАЛЯШЧУК

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

КРЫНІЦА: https://www.nlb.by/by/news/partrety-gistoryya-bibliyateki-asobakh/partrety-supratso-nika-natsyyanalnay-bibliyateki-bibliyegraf-i-dasledchyk-litaratury-dzmitryy-davido/

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.