Вы тут

Як працуе Указ № 357 аб пустуючых і старых дамах на прыкладзе Краснапольскага раёна


Як вядома, гэты ўказ пашырае сваё дзеянне на ўсю тэрыторыю Беларусі, а не толькі на сяло, як гэта прадугледжваў Указ № 100 (летась ён страціў сілу). У новы ўказ перайшлі яго базавыя падыходы, якія даказалі сваю эфектыўнасць, пашырыліся магчымасці ўцягнення пустуючай і старой нерухомасці ў абарот, а заадно ўзмацніліся правы ўласнікаў на тое, каб яе захаваць. І гэта якраз і перашкаджае эфектыўнай рабоце, сведчаць спецыялісты.


Першы намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па абследаванні стану жылых дамоў Валерый Наско знаёміцца з дакументацыяй на пустуючыя дамы.

Напрацоўваем базу

Спецыяльная камісія па абследаванні стану жылых дамоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Краснапольскага раёна, працуе з 19 снежня мінулага года. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі землеўпарадкавальнай службы, агенцтва па нерухомасці, міліцыі і гэтак далей — усе тыя, хто могуць выступаць экспертамі пры ацэнцы занядбанай нерухомасці.

— Рэестр па пустуючых дамах у раёне ўжо складзены, цяпер напрацоўваем рэестр старых дамоў, — кажа начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і архітэктуры Краснапольскага райвыканкама Таццяна Смолка. — У гарадскім пасёлку іх не вельмі шмат, але вызначыць іх складаней, чым на вёсцы. Калі ў сельвыканкамах ёсць гаспадарчыя кнігі, ды і мясцовыя жыхары ведаюць, хто жыў у закінутых хатах і як знайсці іх нашчадкаў, то інфармацыю па дамах у самім райцэнтры трэба шукаць.

Каб выйсці на спадчыннікаў, робім запыты ў розныя службы і не заўсёды знаходзім патрэбную інфармацыю. Па кожным доме збіраем вялікія пакеты дакументаў. Плануем сёлета прыняць рашэнне прыкладна па васьмі краснапольскіх дамах такой катэгорыі. Спадзяёмся, што налета мы іх знясём.

Сёлета асноўная нагрузка па выкананні 357-га ўказа лягла на сельвыканкамы. І, як сведчаць спецыялісты, новыя правілы адбіліся на тэрмінах.

— Работа ідзе, але вельмі марудна, — канстатуе Таццяна Міхайлаўна. — Па 100-м указе са старымі дамамі сельвыканкаму прасцей працавалася, бо не трэба было звяртацца ў суд. Дамаўляліся на ўзроўні ўласніка і па рашэнні сельвыканкама зносілі. Цяпер працэдура ўскладнілася. Трэба абавязкова прайсці праз суд, прыняць безгаспадарчую нерухомасць ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і далей дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам.

З судоў не вылазім

На сайце райвыканкама ёсць рэестр пустуючых дамоў. Усе яны знаходзяцца ў Яноўскім сельсавеце. Едзем на месца знаёміцца з сітуацыяй.

На 1 студзеня на тэрыторыі гэтага сельсавета налічвалася 13 старых дамоў і 21 пустуючы. У лютым раённая камісія абследавала восем з іх і зрабіла пяць заключэнняў. Тры дамы выпалі са спіска, бо не прайшло трох гадоў з таго моманту, як яны засталіся без гаспадара. У рэестр пустуючых трапілі чатыры дамы, па трох з іх справы разглядаюцца ў судзе.

Старшыня сельсавета Наталля Лагуціна дэманструе адну з пустуючых хат у вёсцы Палуж-1.

— Гэта дом, з якім мы працавалі яшчэ па сотым указе, — кажа яна. — Тут ніхто не зарэгістраваны і не пражывае працяглы 
час. Уласнік знаходзіцца ў Навагрудку. У адпаведнасці з 357-м указам мы правялі ўсю неабходную работу, каб прызнаць яго пустуючым. Дом быў агледжаны раённай камісіяй, яму далі ацэнку і ўнеслі ў рэестр. Усё гэта заняло шмат часу па працягласці, але без гэтага справу не сталі б і разглядаць у судзе. Мы спадзяваліся, што суд на падставе гэтых дакументаў перадасць яго ў нашу ўласнасць для далейшага прыняцця рашэння аб зносе. Але ўласнік напісаў у суд ліст, што будзе рамантаваць сваю закінутую хату і жыць у ёй. Чакаем рашэння суда, але вельмі вялікая імавернасць, што яно будзе не на нашу карысць.

Дэпутат кажа, што дом доўгі час стаяў без нагляду і ўласніку да яго не было ніякай справы. Яна ўпэўнена, што ён не прымецца яго акультурваць і цяпер, проста цягне час. Але прыватная ўласнасць ахоўваецца законам і тут нічога не зробіш.

Наталля Лагуціна каля дома, які суд не пажадаў прызнаць пустуючым.

— Падыходы змяніліся, і нам стала цяжэй працаваць, — кажа суразмоўца. — Па новым указе пад пустуючыя дамы трапляе дом, дзе ўчастак не апрацоўваецца, тэрыторыя зарастае, і факт непражывання відавочны. І не мае розніцы, зарэгістраваны тут нехта або не. А ў сотым указе пад пустуючыя дамы траплялі толькі тыя, дзе не былі зарэгістраваныя людзі. Калі ўласнік нам даваў пісьмовы дазвол на знос дома, мы на яго падставе прымалі рашэнне і зносілі. Цяпер мы вырашаем такія справы толькі праз суд. Мы правялі вялікую работу — абследавалі, зрабілі заключэнне, але суд нам адмовіў, таму што на апошнім этапе грамадзянін сказаў: я перадумаў, буду там жыць. І ўсё застаецца па-ранейшаму. Дадалося больш пісаніны, шмат часу адымае хаджэнне па судах. Бо адным слуханнем справа не заканчваецца. Па трох дамах, якія цяпер разглядаюцца, іх адбылося ўжо шэсць. Вось нядаўна было пасяджэнне па яшчэ адным доме ў Палужы. Уласнік даслаў ліст у суд з дазволам разглядаць справу без яго ўдзелу і зносіць дом. Суддзя ж сказаў, што справу накіруюць па месцы знаходжання ўласніка, там яго дапытаюць у судзе і высветляць, ці ёсць у яго родныя, а раптам яны пажадаюць уступіць у спадчыннасць. І ўся работа, якую мы зрабілі, становіцца бессэнсоўнай. Адзінае, што мы атрымліваем, гэта магчымасць выпісаць прадпісанне або скласці пратакол. Калі грамадзянін праігнаруе, да яго будуць прымацца адміністрацыйныя меры.

Анжаліка Гоман, старшыня Краснапольскага райсавета:

— Цяпер мы актыўна працуем па занядбаным жыллі. Праводзіцца складаная, карпатлівая работа, робіцца шмат тэхнічнай дакументацыі. Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і архітэктуры райвыканкама рассылае паведамленні спадчыннікам, чакае інфармацыю ад іх. Без гэтага нельга ўключыць гэтыя дамы ў рэестр пустуючых. Пакуль у рэестры ніводнага дома па Краснаполлі няма.

Што датычыцца сяла, то там новы ўказ дадаў цяжкасцяў. Раней мы працавалі на ўзроўні ўласнікаў — яны адмаўляліся ад дома, і мы яго зносілі. Цяпер усё робіцца толькі праз суд. У Яноўскім сельсавеце ёсць дом, які стаіць ужо без даху, але па рашэнні суда іск адхілены. Спадчыннікі паабяцалі, што яго адновяць. Атрымалася замкнёнае кола. Мы ж ведаем, што агенцтва па нерухомасці не стане рэгістраваць гэтае незразумелае збудаванне, пакуль яно не будзе адпавядаць статусу жылога дома. І я падазраю, што хутка мы зноў вернемся да яго. Між тым усе разумеюць, што знос старых дамоў па-ранейшаму звязаны з навядзеннем парадку на зямлі. Райаддзел па НС піша прадпісанні, каб працавалі з кінутымі дамамі, маўляў, не пакошана, пабудова аварыйная, а гэта небяспечна для людзей. Суседзі скардзяцца, што дом псуе пейзаж. А ў нас рукі як звязаныя.

Нэлі ЗІГУЛЯ, г. п. Краснаполле

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Дом, які хоча пад знос

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.