Вы тут

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум


За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей — маштабных і лакальных, афіцыйных і нефармальных, музычных і мастацкіх. Пабываць паўсюль і пабачыць іх усе, безумоўна, задача з шэрагу навуковай фантастыкі. Але некаторыя самыя цікавыя імпрэзы і тыя, што адбыліся сёлета ўпершыню, карэспандэнты «Звязды» пастараліся наведаць, занатаваць і скласці для чытачоў фрагменты фестывальнай мазаікі.


«Песнярам» — 50. Музычны «віртуальны музей», прысвечаны юбілею легендарнага ансамбля, стаў, бадай, адзіным канцэртам, дзе ўся зала (а Летні амфітэатр умяшчае больш за шэсць тысяч чалавек) падпявала УСЕ песні, бо мы ведаем іх з дзяцінства, ад «Каляд» да «Александрыны», ад «Волагды» да «Чырвонай ружы». Дырэктар і мастацкі кіраўнік БДА «Песняры» Раман Козыраў адзначыў, што хоць у цяперашнім складзе калектыву няма ніводнага з першых «Песняроў», але ёсць пераемнасць: «Для маладога пакалення артыстаў і музыкантаў «Песняры» — не проста ансамбль, а музычная плынь, кірунак фолк-рокавай музыкі, каля вытокаў якой стаяў Уладзімір Мулявін. І мы стараемся не толькі захоўваць, але працягваць і развіваць гэтыя традыцыі». Невыпадкова ансамбль атрымаў ад Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы спецыяльны дыплом «За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі».

Сэлфі з казкай. Фэст вулічнай культуры «На сямі вятрах», які праходзіць у фестывальнай сталіцы пяць гадоў запар, зноў сабраў больш за 120 удзельнікаў з розных краін: вулічныя тэатры, батлейкі, музыканты, танцоры, паэты, жывыя скульптуры, майстры фаер-шоу збіралі вакол сябе на сямі пляцоўках цэлыя чэргі. Ахвотныя маглі паглядзець перформансы, навучыцца танцаваць бразільскую карнавальную самбу, індыйскія танцы альбо сальсу, завязаць вузельчык на памяць разам з паэтамі-дэкламатарамі, паспяваць з бардамі, сфатаграфавацца з жывымі скульптурамі. І, мяркуючы па водгуках у сацыяльных сетках, фэст «На сямі вятрах» без публікі не застанецца!

Вялікі КВЗ. Ці ведаеце вы, колькі чалавек уваходзіць у Клуб вясёлых і знаходлівых у Беларусі? Вось і мы не ведалі, запыталіся ў дырэктара афіцыйнай лігі «КВЗ.бел» Міжнароднага саюза КВЗ Аляксея Чыстова. Дык вось, без уліку школьных камандаў, колькасць і склад якіх пастаянна абнаўляюцца, у Беларусі каля 250 вясёлых і знаходлівых камандаў і не менш чым 10 тысяч актыўных гульцоў!

На «Славянскім базары» ўпершыню выступілі разам у вялікім канцэрце дзве беларускія зборныя «Belarusы» і «Кролікі-ваяры» і чатыры каманды з Вышэйшай лігі, добра знаёмыя нам па тэлеэфірах: «Руская дарога», «Трыёд і дыёд», «Плюшкі імя Яраслава Мудрага» і «Саюз». Удзельніца цюменскай каманды «Саюз», спявачка і тэлевядучая Алена Гушчына падзялілася: «Я раю ўсім, у каго толькі ёсць магчымасць, гуляць у КВЗ. Нават калі вы не будзеце займацца гэтым далей, гульня раскрывае ў чалавеку схаваныя таленты, і ты зусім па-іншаму глядзіш на свет.У цябе ззяюць вочы і з'яўляюцца свежыя ідэі!»

Танцы на лёдзе. Дзяржаўны балет на лёдзе Санкт-Пецярбурга — адзіны ў свеце, які ставіць класічны балет на каньках. У Віцебску паказалі дзве пастаноўкі: «Папялушка» і «Лебядзінае возера». У Лядовым палацы, а не на тэатральнай сцэне гэта глядзелася нязвыкла, але відовішчна. І калі адзін са спектакляў пра Папялушку з тэхнічных прычын адмянілі, то другі сабраў аншлаг.

Мастацтва цярпення. Яшчэ адзін дэбютант «Славянскага базару» — цыркавое акрабатычнае шоу з Паднябеснай. Але акрамя яго, кітайская дэлегацыя прадставіла на форуме выстаўку традыцыйных рамёстваў. «Гэта шоўк», — паказвае нам майстрыха двухбаковай сычуаньскай вышыўкі нітку таўшчынёй з валасок. Такая работа займае некалькі месяцаў, але затое, напрыклад, у вышытага мядзведзя-панды выразна бачна кожная шарсцінка! Не менш працаёмкія і драўляныя карціны, якія наносяцца іголкай (раней такія знаходзіліся толькі ў дамах чыноўнікаў высокага рангу і самога імператара), альбо драўляныя ўпрыгожанні з эфектам металу — іх доўга паліруюць, а потым наносяць парашковую фарбу... Безумоўна, экзотыка ручной працы каштуе дорага, але затое і выглядае эфектна!

Нашы людзі. На «Задзвінскім кірмашы», куды арганізатары сёлета не пусцілі гандляроў штампаванай драбязой, а пакінулі толькі беларускую прадукцыю, аўтарскія вырабы і сувеніры, мы пазнаёміліся з адметным калектывам — віцебскім народным ансамблем гусляроў «Садко». Вось ужо чатыры гады яны выступаюць на фэсце цалкам бясплатна, прапагандуюць народную песню і музыку, а адна з удзельніц калектыву Тамара Малчанава збірае і сама складае прыпеўкі — акурат як чытачы — заўсёднікі звяздоўскай рубрыкі «Алё, народ на провадзе!».

Натуральна, гэта толькі малая частка цікавінак, пра якія хацелася б расказаць, — заўжды здаецца, што самае цікавае засталося па-за кадрам. Камусьці не хапіла класічнай музыкі, камусьці рока, камусьці кіно (яно наогул знікла з праграмы) альбо паэтычнага слова. Але, мабыць, галоўнае — фестываль не стаіць на месцы, і ўжо заўтра, абяцае яго дырэктар Глеб Лапіцкі, пачнецца падрыхтоўка да наступнага года. Чакаем валошкавага лета-2020?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Віцебск — Мінск

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.