Вы тут

У абодвух конкурсах «Славянскага базару» перамаглі беларусы!


Першы раз гэта здарылася 15 гадоў таму, калі гледачы ў фестывальным Віцебску апладзіравалі дзвюм галасістым беларускам — Паліне Смолавай і Ксюшы Сітнік. А сёлета двайны трыумф паўтарыўся зноў: абедзе галоўныя ўзнагароды конкурсаў Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» засталіся ў Беларусі. І калі ў дзіцячым конкурсе, як зазначалі члены прафесійнага журы, фаварыты вызначыліся ўжо з першага тура, то ў дарослым ацэнкі былі вельмі блізкія, а ў лідараў наогул аднолькавыя: беларус Раман Волазнеў і ўкраінка Эліна Івашчанка набралі аднолькавую суму балаў — 134, таму лёс Гран-пры вызначалі суддзі абмеркаваннем у закрытым фармаце. У выніку Раман Волазнеў стаў найлепшым з 14 маладых выканаўцаў, Ангеліна Ламака ў творчым спаборніцтве абышла 16 канкурэнтаў.


Як тут не павіншаваць ад усяго сэрца нашых артыстаў — і Рамана, якога ніколькі не збянтэжыў вызначаны лёсаваннем «чортавы» 13-ы нумар і які ў кожным туры наспяваў на чатыры «дзясяткі», і Ангеліну, якая ўпершыню ў гісторыі конкурсу выканала песню на фарэрскай (!) мове — думаецца, многія менавіта пасля гэтага спыталі ў «Гугла», дзе знаходзяцца Фарэрскія астравы, на якіх нароўні з дацкай гучыць гэтая рэдкая мова. Безумоўна, планка на юбілейны трыццаты конкурс, які мае адбыцца налета, пастаўлена высокая — але тым цікавей будзе чакаць «Славянскага базару ў Віцебску — 2021»... А пакуль падвядзём вынікі сёлетняга культурнага форуму, які ўжо стаў часткай найноўшай гісторыі.

У нядзелю, 19 ліпеня, адбылося феерычнае закрыццё XXІX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», у якім бралі ўдзел прадстаўнікі 23 краін свету. Сёлета ў афіцыйнай праграме было ўсяго толькі чатыры фестывальныя дні. Але, напэўна, нездарма кажуць, што сцісласць — сястра таленту. Галоўнае, што непаўторныя «базарныя» атмасфера, настрой, разнастайнасць падзей — усё гэта засталося. Як і ў мінулыя гады, было весела і цікава. Сёлета, з улікам нюансаў арганізацыі маштабнай культурнай акцыі падчас пандэміі, фэст стаў грандыёзным святам на адкрытым паветры.

Парк сямейнага адпачынку, дзе калісьці праводзілі лёсаванне ўдзельнікаў дзіцячага конкурсу, стаў новым месцам правядзення канцэртаў, конкурсаў, забаўляльных мерапрыемстваў. Упершыню на фестывалі ўвялі ў практыку начныя кінапаказы беларускіх кінастужак. А ратавальнікі, чаго раней у рамках «Славянскага базару» таксама не было, прадэманстравалі сваё майстэрства ў гарадскім парку на берагах ракі Віцьба.

Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі былі конкурсы артыстаў.

Журы на XVІІІ Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск-2020» узначальваў Аляксандр Саладуха. Гран-пры і 5000 долараў атрымала 14-гадовая мінчанка Ангеліна Ламака — і як пераможніца выступала на канцэрце закрыцця «Базару». 1-я прэмія і 3000 долараў — у Крыступаса Кэруліса з Літвы. 2-я прэмія была падзелена: па 1000 долараў і ўручылі яе Жасмін Тлеўмбетавай з Казахстана і Уладзіміру Сяркову з Расіі. 3-я прэмія ператварылася ў дзве па 500 долараў: грошы гэтыя атрымалі Багдана-Б'янка Вістэрнічану (Малдова) і Настасся Мартынюк (Украіна).

Ангеліна Ламака і Уладзімір Сяркоў сталі таксама ўладальнікамі спецыяльных прызоў Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі як найлепшыя выканаўцы брацкіх дзяржаў.

Журы XXІX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2020» узначальваў Алег Газманаў. Карэспандэнт «Звязды» пацікавіўся ў галоўнага суддзі: ці не трэба ўвесці, як на «Еўрабачанні», паралельнае галасаванне прафесіяналаў і гледачоў? Тым больш што аднойчы на «Славянскім базары» падобнае ўжо было — падлічвалі і званкі тэлегледачоў. Народны артыст Расіі адказаў: асабіста ён не лічыць, што так трэба рабіць, бо ўзровень прафесіяналізму лепш можа ацаніць прафесіянал: спявак, кампазітар, акцёр.

А заслужаная артыстка Беларусі, член журы Іна Афанасьева пагадзілася з думкай, што, напэўна, прыз сімпатый гледачоў можна было б вызначыць і ўручаць «пераможцам па версіі народнага журы»...

На жаль, сярод суддзяў не было Вахтанга Кікабідзэ. Як растлумачылі яго калегі, адсутнічаў ён таму, што з Грузіі немагчыма было даляцець у Беларусь, — «дзякуй» за гэта пандэміі.

Паўторымся: прадстаўнік Беларусі, 23-гадовы Раман Волазнеў, заваяваў Гран-пры (20 тысяч долараў), а ў дадатак і спецыяльную ўзнагароду імя Уладзіміра Мулявіна «За найлепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства».

1-ю прэмію (15 тысяч долараў) атрымала ўкраінская спявачка Эліна Івашчанка. Лаўрэат 2-й прэміі (10 тысяч долараў) — Караліна Лындо з Літвы. 3-ю прэмію (5 тысяч долараў) падзялілі спявачка з Босніі і Герцагавіны Івона Адзіцкі і Хансултан з Казахстана. Спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «Славянская надзея» — у Эліны Івашчанкі. А канкурсантцы з Расіі Алене Фрэйман уручылі спецыяльныя прызы Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір».

У Віцебску і сёння яшчэ можна адчуць фестывальную атмасферу, зазірнуць у гандлёвыя пункты і кавярні пад адкрытым небам. Дарэчы, скептыкі прагназавалі, што ў горадзе будзе малалюдна. Але натоўп па-ранейшаму быў, асабліва ў пятніцу і суботу пад вечар. Фестывальная сталіца, нібы магніт, прыцягвае артыстаў і публіку, нягледзячы ні на якія абставіны...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Фанфары Віцебска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».