Вы тут

Таісія Павалій: 55 — самы смак!


Пераможца конкурсу маладых выканаўцаў на «Славянскім базары ў Віцебску», народная артыстка Украіны і Інгушэціі, уладальніца ордэнаў Святой Ганны і Святога Мікалая Цудатворца, спявачка, у гонар якой сёлета запалілася новая імянная зорка ў Віцебску, — Таісія Павалій расказала пра ўзрост, калекцыю капялюшыкаў і дуэт з Прэзідэнтам.


— У 1993-м пасля конкурсу я моцна прастудзілася, у мяне не паварочвалася шыя, было вельмі дрэнна, памятаю, што мне калолі анальгін, каб хоць неяк рухалася. І тут Ігар, мой будучы муж, які ўваходзіў у склад украінскай дэлегацыі, грукае ў дзверы: «Тая, уставай, цябе тэрмінова чакаюць у прэс-цэнтры!» У прэзідыуме сядзела Надзея Бабкіна, якая і абвясціла: «Гран-пры — Таісія Павалій!» Захавалася нават відэа, дзе я, забыўшыся на боль, скачу ад радасці. Гэты шчаслівы дзень, першы Гран-пры ў гісторыі конкурсу, мы з украінскай дэлегацыяй адзначалі спачатку ў гасцініцы «Дзвіна», а потым — у зваротным цягніку «Віцебск—Кіеў». Але я ўсё яшчэ не верыла, што гэта адбываецца са мной, у маім жыцці. І толькі калі на пероне ў Кіеве нас сустракалі, здаецца, усе тэлекамеры, уся прэса Украіны, прыйшло разуменне: я — пераможца! Літаральна ў адзін дзень я стала зоркай. Напэўна, гэта тое, аб чым мараць усе артысты: каб вокладкі ўсіх часопісаў выходзілі з тваім фота, а на радыёстанцыях гучала твая песня... Гэта быў узлёт, за які дагэтуль удзячная «Славянскаму базару».

Праз 26 гадоў пасля перамогі Таісія Павалій не толькі помніць кожную нотку сваёй конкурснай песні, але і захоўвае адмысловы капялюшык, у якім скарыла журы і публіку ў Віцебску. У яе наогул сабралася цэлая калекцыя галаўных убораў — самых дарагіх сэрцу каля 20, астатнія артыстка без шкадавання раздорвае. Але гэтак жа часта і набывае новыя капелюшы: «Дзе мяне можна заўжды знайсці, гэта ў аддзеле галаўных убораў».

А яшчэ спявачка беражліва захоўвае дома мноства ручнікоў, найстарэйшы з якіх датуецца 1913-м — і вышыты яе бабуляю. «У прыгожай вышыўцы на гэтым ручніку — дрэвы, карані, птушкі, арнамент — дакладна схаваны нейкі код, і я спрабую разгадаць, які знак падае мой род».

Дарэчы, творчыя гены перадаліся ў спадчыну яе сыну Дзянісу Павалію: ён музыкант-мультыінструменталіст і кампазітар, які піша свой першы альбом.

Цяпер Таісія Павалій не так шмат выступае, бо рыхтуе вялікую сольную праграму, якой хоча адзначыць у Кіеве прыгожы юбілей — у снежні спявачцы будзе 55 гадоў. «60 — гэта ўжо неяк многа, а 55 — самы смак! — смяецца артыстка. — Так што праграма будзе драйвовая, з самымі лепшымі хітамі. Я наогул вельмі люблю спяваць на сцэне, бо ў студыі ўсё здаецца неяк блякла, хочацца перарабіць, а на сцэне тая энергетыка, якая зараджае як след. І не трэба ніякага шоу, хочацца, каб нішто не перашкаджала стасункам са слухачамі. Ведаеце, часта хочацца падысці да кожнага ў зале, узяць за руку і праспяваць толькі для яго, каб перадаць пачуцці».

Многія памятаюць, як Таісія Павалій падчас Купалля ў Александрыі нечакана праспявала разам з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. «З якімі яшчэ вядомымі палітыкамі вы хацелі б выступіць дуэтам?» — пацікавіліся журналісты. «Амбіцыйная частка мяне ўжо задаволеная, бо дуэт з Аляксандрам Лукашэнкам атрымаўся цудоўны, — мяркуе спявачка. — Ён настолькі абаяльны і чысты чалавек, што спяваць разам было адно задавальненне. Але можам паўтарыць, тым больш тая песня «Вярба» ўкраінскага паэта напісана на музыку беларускага кампазітара, а яе першым выканаўцам быў расійскі калектыў «Самацветы», так што гэта прадукт дружбы народаў. І калі што, я зноў падыду да Аляксандра Рыгоравіча, і мы спяём яе разам!»

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.