Вы тут

Аб'ёмы вырошчвання клубніц дазваляюць гаварыць пра мэтазгоднасць перапрацоўкі


Нягледзячы на велізарную спёку пачатку гэтага лета, ураджай клубніц у Лунінецкім раёне вырас добры. І, як часта бывае, людзі сутыкнуліся з праблемай своечасовай рэалізацыі ягады. У разгар сезона, у сярэдзіне чэрвеня, сацсеткі абляцеў рэзанансны здымак цэлай капы свежых ягад, выкінутых у траву. Некаторыя пакрыўджаныя цэнамі перакупшчыкаў гаспадары выкідвалі свой тавар нават ім пад ногі...


На праблему тады звярнуў увагу Прэзідэнт краіны. Ён паставіў задачу перад Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю ды Белкаапсаюзам разабрацца з сітуацыяй, якая ўзнікла, і не дапусціць, каб вырашчанае людзьмі прапала. Былі прынятыя пэўныя меры. У Дварэц на аптовы рынак акрамя прыватных нарыхтоўшчыкаў і перакупшчыкаў прыехалі нарыхтоўшчыкі з Камянецкага, Петрыкаўскага, Рагачоўскага, Вілейскага спажывецкіх таварыстваў, з прадпрыемстваў Слуцка, Пружан, іншых гарадоў. Варта сказаць, што большасць нарыхтоўшчыкаў бралі клубніцы па 30 капеек за кілаграм для патрэб вінзаводаў. Напрыклад, пружанскае прадпрыемства «Белавежскія віны» замест запланаваных 100 тон ягады закупіла ў лунінчан 135 тон. У сувязі з гэтым там на два тыдні перайшлі на работу без выхадных, падоўжылі рабочыя змены, але перапрацавалі ўсю ягаду, стварылі сабе запас на год , частку атрыманага соку прадалі іншым перапрацоўшчыкам.

Вядома, ніхто з гаспадароў ягадных плантацый не быў у захапленні ад магчымасці прадаваць вырашчанае па 30 капеек. Але што зробіш? На пачатку сезона, расказвалі, самая першая ягада ішла па 10 рублёў за літровы слоік. А праз дзень-два, калі спрэс пацягнуліся машыны са скупшчыкамі, цана крыху патрымалася на ўзроўні 2—2,5 рублёў, потым упала аж да 70 капеек, а некаторыя хацелі браць таварную ягаду нават па палове рубля. Вось тады людзі і пачалі выкідваць клубніцы ім пад ногі — бо зразумела, што здаць за гэткі кошт азначала працаваць ва ўбытак: некаторыя ж наймаюць людзей для збору ягад, плацяць ім. Праўда, пазней, калі ў Дварэц прыйшлі нарыхтоўшчыкі спажыўкааперацыі, скупшчыкі таксама апамяталіся і сталі даваць за кіло па 1,2—1,5 рубля. І спажыўкааперацыя не ўсю ягаду брала па 30 капеек — для джэмаў, напрыклад, закуплялі асобныя партыі па 50 капеек за кіло. Але і гэта не цана для таго, хто ад цямна да цямна ў сезон карпее на градах.

У Лунінецкім раёне клубніцы вырошчваюць даўно. Асноўным вытворцам ягады з'яўляецца насельніцтва. У асобных вёсках ледзь не ў кожнага на прысядзібным участку да 30 сотак ягады, а разам выходзіць звыш тысячы гектараў. Валавы збор у асобныя гады дасягае 10 тысяч тон. Паводле папярэдніх ацэнак, сёлета таксама быў такі ўраджай. Чатыры фермеры, якія спецыялізуюцца на клубніцах, самастойна рэалізуюць прадукцыю, у іх адладжаныя каналы. Ды невялікія плошчы — усяго крыху больш за сем гектараў. Увесь астатні аб'ём выдаюць падсобныя гаспадаркі вяскоўцаў, якія кожны год спадзяюцца на ўраджай і на ўдачу. Раней лунінецкія ягаднікі сапраўды вельмі добра зараблялі за сезон, будавалі дамы ў вёсцы сабе, дзецям у горадзе, куплялі машыны, уладкоўвалі побыт. Але сітуацыя змянілася. Прапанова часта перавышае попыт.

— Сезон збору скончаны, застаецца зусім няшмат позняй ягады, — кажа старшыня Вулькаўскага сельскага Савета (суседні з Дварэцкім. — Аўт.) Аляксандр КУШНЯРЭВІЧ. — Цяпер нашы гаспадары выбіраюць з градак па вядры ці два, з рэалізацыяй такога аб'ёму праблемы няма. Вядома, усе ў адзін голас кажуць, што ў нашай мясцовасці неабходна мець перапрацоўчае прадпрыемства, каб людзі ведалі, што гарантавана здадуць хоць бы па 60—80 капеек.

У раёне з такімі плошчамі пад ягаду, вядома, патрэбен свой завод альбо, напрыклад, цэх па замарозцы. Значыць, патрэбен інвестар. Толькі дзе яго ўзяць? Калі б знайшоўся зямляк-бізнесмен, які разумее праблему, і пабудаваў бы завод па перапрацоўцы, усе былі б шчаслівыя. А так даводзіцца зноў разлічваць на шанцаванне: у каго, напрыклад, паспее першая ягада, той у выйгрышы, не прагадае і гаспадар апошняй, калі цана пад фінал сезону ўзнімаецца зноў. Як паведаміў начальнік аддзела Брэсцкага аблспажыўсаюза Валерый КАПІТАНЧЫК, на самым пачатку нарыхтоўкі прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі бралі ягаду для рознічнага гандлю па тры рублі за кіло і больш. Ну а ў разгар сезону, як ужо гаварылася, па 30 капеек для вінзаводаў.

Не так даўно аўтару гэтых радкоў давялося пабываць у фермерскай гаспадарцы «Фартуна» Баранавіцкага раёна. Яе кіраўнік Галіна Матус прывяла цікавы факт са свайго гаспадарання. Яна расказала, што сёлета яны атрымалі добрую выручку на ранняй капусце. А ўсё таму, што два папярэднія гады цаны на гэтую агародніну не было. Не было настолькі, што асобныя прыватнікі нават убіраць капусту не сталі, танней аказалася заараць поле. І на гэтым фоне многія адмовіліся ад пасадкі гэтай культуры. А тыя, хто пралічылі і спрагназавалі, аказаліся ў выйгрышы. Так што любы бізнес, нават самы маленькі, справа рызыковая: можна выйграць, а можна і прайграць. І ў пачатку любой справы варта ўлічваць рызыкі.

Не без поспеху асвойваюць гэтую навуку столінскія агурочнікі. Усе ведаюць Альшаны як агурочную сталіцу краіны. Толькі сёння гэтае вызначэнне ўжо не вельмі дакладнае, бо тамтэйшыя гаспадары актыўна пераключаюцца на вырошчванне іншай прадукцыі. Агуркі, вядома, не пакідаюць, але ствараюць пэўную падушку бяспекі ў выглядзе ўчасткаў з памідорамі, клубніцамі, парэчкамі, асвойваюць маліны, буякі, садзяць яблыневыя сады. І гэта правільна. Галоўнае, што людзі забяспечваюць свае сем'і, ствараюць свой дабрабыт уласнай працай. Цікава, што на Століншчыне ва ўмовах хранічнага недахопу зямлі для прыватнага гаспадарання многім прапаноўвалі браць даволі вялікія надзелы ў іншых раёнах, пераязджаць. Людзі адмаўляюцца. Выходзіць, яны вельмі прывязаныя да малой радзімы. Ды і на Лунінеччыне не ўся пагалоўна моладзь збягае ў гарады. Значыць, можна спадзявацца, што з цяперашніх гаспадароў плантацый вырастуць патэнцыйныя інвестары, якія створаць перапрацоўчыя прадпрыемствы, каб не завозіць тыя ж напаўняльнікі для ёгуртаў альбо сокі з-за мяжы, а вырабляць іх у сябе са свежай, толькі што сабранай з поля ягады. Харчовыя эксперты не раз адзначалі, што самая лепшая якасць прадукцыі атрымліваецца з той ягады, якая не перавозіцца на вялікія адлегласці, а перапрацоўваецца на месцы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Каб раслі інвестары і ягады

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.