Вы тут

Аўтарскія стылі ў рэжысуры дакументалістаў


У кінематографе заўсёды найбольшую цікавасць выклікаюць работы з ярка выяўленым стылем, у якіх заўважна аўтарская індывідуальнасць з мастацкай канцэпцыяй, поглядам на свет, вобразным мысленнем. Такія работы належаць да твораў аўтарскага кіно. Яны ўзнікаюць, як правіла, на аснове пэўнага культурнага слою, часта з’яўляюцца сінтэзам некалькіх стылявых тэндэнцый. Менавіта фільмы, у якіх праяўляецца аўтарскі почырк, індывідуальны стыль, узбагачаюць мастацтва кінадакументалістыкі.


Сярод кінадакументалістаў выразнікамі аўтарскага стылю з’яўляюцца рэжысёры розных напрамкаў. Для творчасці Міхася Жданоўскага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, характэрна iмкненне да фiласофска-вобразнага асэнсавання рэчаicнасцi і мiнулага (асабліва ў цыкле фільмаў, прысвечаных падзеям найноўшай гісторыі, знятых ім у мінулым дзесяцігоддзі), зварот да арыгiнальнага наватарскага спасціжэння вобраза творцы. Экранныя работы Жданоўскага вылучаюць актуальнасць, інтэлектуальнае асэнсаванне праблематыкі. У фільме «Мір усім» аўтар даследуе тэму існавання на Беларусі розных канфесій з дакладнай мерай тактоўнасці і мастацкага густу праз лёсы канкрэтных асоб. У стужках «Дзеці ветру... дзеці зямлі», «Іншае неба (Генеральны канструктар)», «Цытадэль (Храм на граніцы)» прысутнічае выразны маральны пасыл таленавітага неабыякавага мастака.

Фільм Жданоўскага «Цытадэль (Храм на граніцы)» стаў яшчэ адной знакавай карцінай у сучасным бачанні падзей мінулай вайны праз гуманістычны хрысціянскі ракурс. Драматургія карціны арганічна аб’ядноўвае экранны аповед пра ваенныя падзеі з гісторыяй праваслаўнага храма на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Фільм закрануў таксама тэмы, да якіх беларускія кінематаграфісты пачалі звяртацца напрыканцы 80-х гг. XX ст., — адносіны да непахаваных астанкаў загінулых салдат абедзвюх краін. Нездарма стужка была адзначана на такіх міжнародных кінафестывалях, як МКФ праваслаўнага кіно «Залаты Віцязь» і каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» у Глыбокім (Беларусь) з фармулёўкай «За мастацкасць увасаблення гістарычнай памяці і праблемы прымірэння».

Шматлікія фільмы Жданоўскага, знятыя ў жанры творчага партрэта, сталі трапным мастацкім даследаваннем сродкамі дакументальнага кіно тэмы псіхалогіі творчасці. Яны ўспрымаюцца сёння ў культуралагічным кантэксце, таму што прадставілі нацыянальны генатып беларускай інтэлігенцыі пэўнага гістарычнага часу. Фільм «Асобны чалавек» рэжысёр прысвяціў кінааператару-рэжысёру дакументальнага кіно С. Пятроўскаму. Стужка складаецца ў асноўным з расказаў калег Пятроўскага і фрагментаў знятых ім фільмаў. Незвычайнасць і асаблівую шчырую інтанацыю карціне надаў аўтарскі закадравы каментарый — роздум пра творчасць і чалавечую асобу героя і пра лёс беларускага неігравога кіно наогул. Выкарыстаны ў карціне летапісны матэрыял з жыцця кінастудыі выконвае ў фільме не столькі ілюстрацыйную, колькі сэнсавую нагрузку. Гэты мастацкі і канцэптуальны напрамак выявіўся і ў поўнаметражным відэафільме Жданоўскага «Майстар», прысвечаным асобе Яўгена Глебава. Работа над фільмам адбывалася пасля сыходу кампазітара з жыцця. У некаторым сэнсе стужку можна аднесці да мантажнага кіно. Быў выкарыстаны разнастайны кінаматэрыял: урыўкі з ранейшых фільмаў пра кампазітара і кадры шматгадовай сямейнай кінахронікі. Фільм пазбег інтанацыі рэквіема і застаецца сёння адной з самых глыбокіх карцін, прысвечаных людзям мастацтва.

Прыхільнасцю да глыбокай змястоўнай распрацоўкі ваеннай тэмы вылучаецца Анатоль Алай. Фільмы «Салдаты Італіі», «Чырвоны д’ябал», «Сталін і Гэля», «За два крокі ад гільяціны», «Сустрэчы на Эльбе» аб’ядноўвае не толькі тэма, але і фармальныя драматургічна-стылявыя прыёмы: полістылістыка з мноствам герояў, выкарыстанне шматлікага летапіснага матэрыялу, у тым ліку невядомага кінаархіўнага, праўдзівасць і мастацкая дакладнасць экраннага выяўлення. Фільмы Алая ў мностве аспектаў даследуюць тэмы ўзаемаадносін паміж людзьмі і грамадства з чалавекам.

Творчы досвед беларускіх кінадакументалістаў паказаў, што тэма Вялікай Айчыннай вайны невычэрпная як змястоўна, так і эстэтычна. Асабліва калі аўтары даследуюць яе па вертыкалі: ад гістарычнага факта да індывідуальнага, канкрэтнага чалавечага лёсу. Для беларускага дакументальнага кінематографа характэрная прыхільнасць да рэпартажных метадаў у спалучэнні з уважлівым угляданнем у чалавека на экране.

Рэжысёр-аператар Юрый Гарулёў здымае фільмы нягучныя, без знешніх вытанчанасцяў. Учынкі яго негаласлоўных герояў прадыктаваныя пачуццём унутранага абавязку і разуменнем доўгу перад навакольным светам: стары ляснік («Помнік»), урачы («Філасофскае аддзяленне»), студэнты 1941 года («Выпуск напярэдадні вайны»), ксёндз Ёзас Булька («Беларускі Версаль»).

У стужцы «Маленькі астарбайтар», прысвечанай малалетнім вязням нацызму, гістарычны час узнаўляецца на экране праз успаміны былых маленькіх астарбайтараў, урыўкаў з дзённіка доктара Марата Кузняцова — аўтара кнігі пра нацысцкае рабства, і візуальна — праз гістарычную хроніку падзей. Паралельна ў фільме ёсць лінія асэнсавання трагічнага мінулага маладымі немцамі, якія сёння нясуць адказнасць за трагічную гісторыю сваёй краіны. Сярод іх — настаўніца гімназіі, якая знаходзіцца на тэрыторыі былога лагера, і ўдзельнікі Берлінскага маладзёжнага тэатра «Астарбайтар». Стужка закранае такія балючыя пытанні, як помста і дараванне.

Пошукі глыбокага асэнсавання быцця чалавека ў розных аспектах — адна з галоўных тэндэнцый кінематографа В. Аслюка і Г. Адамовіч, М. Князева, М. Якжэна, С. Лук’янчыкава, Н. Гаркуновай, А. Карпава-мал., Д. Міхлеева, С. Гайдука, І. Волах, С. Агеенкі, Я. Сяцько, В. і Д. Скварцовых.

Рэжысёра Віктара Аслюка вылучае маштаб вобразнага філасофскага асэнсавання рэчаіснасці. Канцэнтраваны выраз змястоўных і эстэтычных тэндэнцый свайго аўтарскага кінематографа рэжысёр выказаў у фільмах «Мы жывём на краі», «Кола» і «Марыя». Яны сталі знакавымі работамі айчыннага неігравога кіно, паколькі вызначылі новыя тэндэнцыі ў дасягненні цэласнага эстэтычнага і змястоўнага спалучэння хранікальнай выявы і мастацкай вобразнасці. У абедзвюх стужках галоўную ролю адыгрывае як матэрыял фільмаў, так і іх вобразны падтэкст. Да фільма «Кола» інтанацыйна і канцэптуальна набліжана стужка «Марыя». Гераіня ленты — славутая ў савецкі час трактарыстка Марыя Жарко, знятая ў будзённых клопатах сённяшняга жыцця, паўстае як жанчына з мудрым і іранічным успрыманнем мімалётнасці славы.

Галіна Адамовіч у сваёй творчасці суадносіць сацыяльна-псіхалагічны напрамак з фармальнымі пошукамі ў неігравым кіно. Фільмы «Геній месца», «Працяг», «Жылі-былі» — мастацкае пераасэнсаванне хранікальнага матэрыялу. Тут хроніка выкарыстоўваецца не ў якасці дапаможнага ілюстрацыйнага кампанента, а набывае самастойны вобразны і змястоўны сэнс. Найбольш цэласнага спалучэння пластычнай выявы і аўтарскай думкі Адамовіч дасягнула ў фільмах, прысвечаных вясковым жыхарам: «Божа мой», «Завядзёнка» і «Мужчынская справа». Дзве першыя работы адзначаны мноствам прэстыжных узнагарод на міжнародных і нацыянальных кінафестывалях. Гераіня фільма «Божа мой» — старая жанчына Юліта Кармаза з хутара паміж Літвой і Беларуссю — займаецца ўнікальным відам творчасці — вырабам скульптуры з цэменту. Стужка, цудоўна знятая аператарам Таццянай Логінавай, стала экранным апавяданнем пра штодзённы побыт, які пераходзіць у быццё, пра цуд творчасці, за якім адчуваецца боскае наканаванне. Фільм напоўнены гумарам, смуткам і захапленнем перад унікальнай асобай. Юліту і гераіню фільма «Завядзёнка» — маладую вясковую жанчыну, шматдзетную маці вялікай сям’і, якая жыве на Палессі, — аб’ядноўвае духоўнасць існавання. Фільм прысвечаны галоўным духоўным апорам, на якіх трымаецца чалавек: сям’я, работа і Вера. Асобныя кадры стужкі «Завядзёнка» нагадвалі кадры фільмаў Кустурыцы з іх стыхіяй радасці.

Героі «Мужчынскай справы» — апошнія традыцыйныя музыкі на Палессі, удзельнікі трыа «Варэнькі» з палескай вёскі — носьбiты народнай культуры, якая знікае. У абагульненым сэнсе вясковы цыкл Адамовіч — творчы працяг традыцый беларускай дакументалістыкі, якая імкнецца зафіксаваць традыцыйны культурны слой. Разам з фільмамі-даследаваннямі пра старых людзей — выразнiкаў нацыянальнага архетыпу — гэтыя стужкі сталi часткай экраннага даследавання нацыянальнага этнасу.

Цікава і разнастайна працуюць у культуралагічным напрамку Ірына Волах і Рэната Грыцкова, якія сумяшчаюць здымкі ў мастацкім і неігравым кіно. Для іх творчасці характэрны разнастайны тэматычны і жанравы спектр. Творчы метад абедзвюх рэжысёрак аб’ядноўвае імкненне працаваць над такімі рознымі тэмамі, як дзіцячая і культурная антрапалогія. Грыцкову ў неігравым кіно (яна здымае ў асноўным у фармаце відэа) цікавяць асобы, якія прадстаўляюць народную культуру і арганічна спалучаюць надзённае жыццё і творчасць (відэафільмы «Анатоль і Філіп Шчытавы», «Пра Антона і Крысю, якіх прыдумала Надзея», «Саната Надзеі»). Рэжысёр зняла амаль усе фільмы цыкла «Беларускі народны каляндар» — унікальнае адлюстраванне абраднага жыцця беларусаў, звязанага з сельскагаспадарчай працай. Над фільмам «Вялікдзень» Грыцкова працавала разам з Волах, якую таксама вылучае імкненне адлюстраваць нацыянальную своеасаблівасць. Калі для Грыцковай характэрны больш аналітычны стыль і яе прыцягвае сацыялагічны праблемны аспект («Зона. Асцярожна: дзеці…»), то Волах — рэжысёр больш лірычнага, сузіральнага складу. Мабыць, таму ў яе творчасці акрэслены гендарны акцэнт. Наогул, як рэжысёра Волах цікавіць сучаснае жыццё ў розных праявах: праблемы сучаснай жанчыны («Сярэдзіна лета»), творчасць падлеткаў («У мяне ёсць мара»), імкненні вясковых жыхароў пераўтварыць жыццё («У сярэдзіне Еўропы»).

Міхаіл Якжэн таксама належыць і да рэжысёраў мастацкага кіно. Гэта адбіваецца ў яго дакументальных фільмах высокай выяўленчай культурай, мастацкай дасканаласцю, здольнасцю знайсці візуальны аналаг падзеям, ад якіх засталося мала матэрыяльных артэфактаў. Якжэн, які родам з Расіі, любіць і цікавіцца беларускай культурай. Мабыць, таму асноўны поспех у яго творчасці звязаны са стварэннем творчых партрэтаў дзеячаў беларускага мастацтва.

Кінематаграфічная культура, пошук глыбіні ў экраннай распрацоўцы тэмы вылучаюць работы Яўгена Сяцько. Ён плённа развівае традыцыі стварэння гісторыка-культуралагічнага фільма. Яго работы створаны на мяжы навукова-папулярнага, дакументальнага і мастацкага кіно. Свае складаныя «прыкладныя» стужкі Сяцько здымае з улікам глядацкай псіхалогіі.

Станістаў Гайдук працуе ў розных жанрах (кінапартрэты, кінаэсэ, аглядальныя і гістарычныя фільмы). Для яго творчай манеры характэрна высокая выяўленчая культура, імкненне да паэтычна-вобразнага асэнсавання матэрыялу фільмаў.

Для рэжысёра Мікалая Князева заўсёды былі цікавыя неардынарныя асобы. Сярод герояў стужак рэжысёра — святары, філосаф, прадстаўнікі творчых прафесій. Асаблівае месца ў сучасным кінапрацэсе займаюць яго стужкі, прысвечаныя беларускай правінцыі, знятыя цёпла і з павагай да сваіх герояў («Хойнікскія хронікі», «Вароты»). Князева вылучае таксама ўменне працаваць з людзьмі ў кадры, уцягваць іх у дыскусію. Ён адзін з самых разнастайных рэжысёраў нашага кінематографа, які спалучае класічную кінадакументалістыку і сучасную кінамову.

Аўтарскі кінематограф Сяргея Лук’янчыкава звязаны с распрацоўкай мноства розных тэм і напрамкаў, ён ахвотна эксперыментуе са зместам і формай. Для яго творчай манеры характэрна цяга да экспрэсіі, арыгінальнасці рэжысёрскага бачання.

Уладзімір Цяслюк-мал. — рэжысёр-аператар. Яго аператарскае майстэрства выяўляецца ў бліскучым валоданні жанрам рэпартажу. З імем гэтага рэжысёра ў беларускім кіно звязана станаўленне жанру спартыўнага дакументальнага фільма. Дзякуючы ягонай захопленасці спортам створана своеасаблівая спартыўная дакументальная анталогія. Дзмітрый Міхлееў — кінарэжысёр лірычнага складу. Ён прыйшоў у неігравы кінематограф у 70-х гг. ХХ ст. Для яго характэрна паэтычнае асацыятыўнае бачанне рэальнасці. Спалучэнне гэтых якасцяў з метадам кінаназірання, як у яго найлепшых фільмах мінулага стагоддзя («Птушка Ікс», «Хроніка прабывання на Зямлі»), дае глыбіню і дакладнасць пранікнення ў характары, эмацыянальнасць і лірызм.

Творчы досвед беларускіх кінематаграфістаў паказвае важнасць існавання такога віду кінамастацтва ў нацыянальнай экраннай культуры. Айчыннае неігравое кіно перспектыўнае дзякуючы мноству кампанентаў: ад сацыяльна-культуралагічных да эстэтычных. Гэта выразны дакументальны экранны партрэт Беларусі ХХI стагоддзя.

Галіна ШУР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.