Вы тут

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы


Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў, якія едуць здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, можна без праблем па прадметах, якія яны трымаюць у руках: гэта пропуск пашпарт і ручка. Сёння ў краіне прайшло ЦТ па матэматыцы, якое збіраліся здаваць больш як 42 тысячы абітурыентаў. Гэта адна з самых масавых дысцыплін на ЦТ, бо матэматычныя веды патрабуюцца пры паступленні не толькі на інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце тэст па матэматыцы здавалі 2757 абітурыентаў. Для іх былі падрыхтаваны 45 аўдыторый ў розных універсітэцкіх карпусах.


Пасля здачы на ЦТ трох дысцыплін было выяўлена пяць парушальнікаў. Экзамены па беларускай мове і грамадазнаўству прайшлі без парушэнняў, а вось з тэсціравання па рускай мове пяць абітурыентаў былі выдалены. Яны пазбавіліся магчымасці здаваць экзамен з-за таго, што прайшлі ў экзаменацыйную аўдыторыю з мабільнымі тэлефонамі, а выяўленне мабільніка заўсёды азначае толькі адно — адхіленне ад далейшага ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Прычым для арганізатараў не мае значэння: званіў тэлефон ці не, карыстаўся абітурыент сваім мабільнікам падчас экзамену ці проста трымаў яго ў сваёй кішэні. Тыя, хто парушыў правілы ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, у рэзервовы дзень здаць прапушчаны экзамен ужо не змогуць.

Матэматыка і фізіка — традыцыйна самыя складаныя для абітурыентаў дысцыпліны і самыя працяглыя па часе: на выкананне тэстаў адводзіцца 180 хвілін. Праўда, як сведчыць маніторынг, ужо праз 30 хвілін завяршае работу з экзаменацыйнымі матэрыяламі прыкладна чвэрць удзельнікаў тэсціравання па фізіцы (многія на экзамене «гуляюць у марскі бой», расстаўляючы крыжыкі). Яшчэ праз паўгадзіны аўдыторыі пакідаюць 30 працэнтаў абітурыентаў. А, так бы мовіць, да канца з тэстам працуюць толькі 10% абітурыентаў.

Фізіку беларускія абітурыенты будуць здаваць праз тыдзень — 25 чэрвеня, таму ў іх будзе час, каб адпачыць ад сённяшняга выпрабавання і настроіцца на самы важны і адказны экзамен. Тэарэтычная падрыхтоўка па прадмеце вельмі важная, але яна эфектыўная толькі пры сістэматызацыі ведаў. Правільная самаарганізацыя — залог поспеху на ЦТ.

Педагагічныя тэсты — не школьная кантрольная работа, і дэфіцыт часу — адна з умоў выканання тэста, які дазваляе дыферэнцаваць абітурыентаў па ўзроўні іх падрыхтоўкі. Трэба вучыцца пераразмяркоўваць час: выкананне заданняў 1-2 узроўняў складанасці трэба даводзіць да аўтаматызму, каб больш часу засталося для рашэння разліковых задач і ланцужкоў пераўтварэнняў.

На тэсціраванні па фізіцы экзаменатары заўважаюць нярэдка пралікі ў матэматычнай падрыхтоўцы абітурыентаў, гэта значыць, што правільна рашыўшы задачу «фізічна», абітурыенты дапускаюць памылкі ў рашэнні сістэмы ўраўненняў, у матэматычных пераўтварэннях формулаў, пры выкананні дзеянняў з вектарамі, трыганаметрычнымі функцыямі і гэтак далей. Некаторыя абітурыенты памыляюцца пры аналізе графікаў, не могуць прымяніць правілы прыблізных вылічэнняў, правільна акругліць канчатковы адказ. Для таго, каб справіцца з тэстам па фізіцы, неабходна выдатна валодаць усімі матэматычнымі аперацыямі. Многія абітурыенты няправільна рашаюць задачы з-за фармальнага ведання фармулёвак асноўных фізічных законаў, іх матэматычных выражэнняў, няўважлівага прачытвання ўмоў задач і малюнкаў, што іх суправаджаюць. Замест уважлівага аналізу умоў задачы ўдзельнікі тэсціравання спрабуюць проста «падабраць» формулу, што, на іх погляд, падыходзіць, і «падставіць» значэнні зададзеных велічынь (адна з найбольш распаўсюджаных памылак).

Апошнія 10–15 хвілін трэба прысвяціць праверцы правільнасці запаўнення бланка адказаў, бо кожная памылка ў адказе, у тым ліку апіска, дапушчаная ў момант запаўнення бланка, прыводзіць да таго, што задача лічыцца нярэшанай, таму не спяшайцеся запаўняць бланк адказаў. Памятайце, што выправіць можна толькі шэсць памылковых адказаў у частцы «А». Рэкамендуецца ўсе атрыманыя адказы пазначаць спачатку не ў бланку, а ў чарнавіку, і толькі пад канец экзамену, калі ўсё адно наўрад ці вы зможаце рашыць яшчэ хоць адно заданне, запаўняць бланк адказаў.

Што яшчэ трэба ведаць усім удзельнікам ЦТ?

Абітурыенты павінны прыбыць у пункт правядзення ЦТ не пазней, чым за 30 хвілін да пачатку цэнтралізаванага тэсціравання. Пасля ўскрыцця пакета з педагагічнымі тэстамі абітурыенты, якія спазніліся, у аўдыторыю не дапускаюцца.

Датэрміновая здача экзаменацыйных матэрыялаў спыняецца за 15 хвілін да завяршэння часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэста. Адказны арганізатар інфармуе абітурыентаў за 15 і 5 хвілін аб заканчэнні часу, адведзенага на выкананне педагагічнага тэста. У кожнай экзаменацыйнай аўдыторыі на сцяне вісіць вялікі гадзіннік. Гэта агульнае патрабаванне для ўсіх аўдыторый, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне. Таму ва ўсіх ёсць магчымасць сачыць за часам.

Калькулятарам на ЦТ дазваляецца карыстацца толькі на ЦТ па фізіцы і хіміі. Пад калькулятарам арганізатары разумеюць электронную вылічальную прыладу для выканання аперацый над лічбамі, якая не з’яўляецца сродкам захоўвання, прыёму і перадачы інфармацыі. Калькулятар не павінен мець літар любога алфавіту на клавішах, раз’ёмаў, слотаў і правадоў.

Папера для рабочых запісаў выдаецца абітурыентам на ўсіх экзаменах ў неабходнай колькасці.

Пытанні абітурыентаў па змесце педагагічных тэстаў у экзаменацыйнай аўдыторыі не разглядаюцца. Заўвагі уносяцца ў пратакол правядзення цэнтралізаванага тэсціравання з указаннем нумара варыянта педагагічнага тэста, нумара задання і зместу заўвагі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?