Вы тут

Як Канскі фестываль змяняе ўяўленне аб сучаснай кінаіндустрыі


Штогод напрыканцы траўня ў Канах выбіраюць найлепшыя стужкі планеты. Сёлетні кінафестываль прынёс шмат сюрпрызаў не толькі ў плане выбару фільмаў, але і ў плане свецкага жыцця, якое таксама з’яўляецца неад’емнай часткай гэтай прэстыжнай падзеі. Чым жа парадавалі сёлета Каны і на якія стужкі кінааматарам трэба паляваць у найбліжэйшы час?


Кадр з фільма "Паразіты"

Насуперак Галівуду

Канскі кінафестываль — самы прэстыжны з фестываляў класа «А». І гэтае сцвярджэнне ў арганізатараў атрымліваецца пацвярджаць штогод: конкурс трымае баланс паміж масавай культурай ды высокім мастацтвам, ён не такі блізкі да кан’юнктуры (у параўнанні з тым жа «Оскарам»), таму ўжо з 1946 года (менавіта тады правялі першы фестываль) давер кінааматараў да выбару канскага журы застаецца непахісны: «пальмавыя галінкі» даюць толькі за справу.

Цікава, што заснавалі фестываль у Канах як апазіцыю Венецыянскаму конкурсу: свабодныя французы вырашылі даць бой конкурсу Мусаліні і глядзець кіно, якое будзе выбірацца па сваіх правілах. Дагэтуль Каны — фестываль які ўступае ў супрацьстаянне: сёння ў першую чаргу з Галівудам, але крытыкі адзначаюць, што яшчэ і з сабой мінулагоднім — трэба вельмі сумленна і без прыўкрас паказваць, куды рухаецца сусветны кінематограф сёння. І Каны са сваімі задачамі спраўляюцца паспяхова.

Канскі кінафестываль заўжды выклікае асацыяцыі з чымсьці элітарным. А як інакш? Чырвоную дывановую дарожку падчас фестывалю мяняюць па некалькі разоў у дзень: ходзіць шмат селебрыці, прадстаўнікі кінаіндустрыі змагаюцца паміж сабой у шыкоўнасці ўбораў, знакамітая «Залатая пальмавая галінка» каштуе больш чым 20 тысяч еўра, а бюджэт уласна фестывалю — каля 20 мільёнаў еўра. І гэты размах каштуе выдаткаваных сродкаў: у выніку Каны — не проста вечарына «для сваіх», а падзея, якая аб’ектыўна паказвае рэальнасць сённяшняга становішча кінаіндустрыі: нікога не цікавіць, ці зможа кіно, прадстаўленае ў Канах, «адбіць» свае бюджэты і колькі людзей яго паглядзіць. Галоўнае для Канскага конкурсу — арыгінальнасць, моц рэжысёраў, смелыя рашэнні, жаданне эксперыментаваць ды змяняць свет у лепшы бок. У той час калі «Оскар» дае стваральнікам фільма касавыя зборы ды імідж, Канскі кінафестываль дае нашмат больш — перспектыву ды павагу кінасупольнасці, якая пасля трансфармуецца ў ганарары.

Сёлетні фестываль — сумесь выдатных стужак, кулуарных інтрыг ды пошук новых імёнаў. Што да інтрыг, то супольнасць усхваляваў выбар Эмілі Бічам як выканаўцы найлепшай жаночай ролі ды ганаровая «галінка» для Алена Дэлона, з’явіліся пытанні да рэжысёра Абдэлаціфа Кешыша, які непаважліва ставіўся да акцёраў падчас здымак другой часткі стужкі «Мектуб, мая любоў». Але нам больш цікавыя стужкі ды ўзнагароды.

На сёлетнім фестывалі (які, дарэчы, быў прысвечаны французскай рэжысёрцы Аньес Варда) можна было пазнаёміцца з новымі стужкамі Таранціна, Альмадовара, Джармуша — эліты сусветнага кінематографа. Але для гледачоў не менш цікавымі былі і фільмы маладых ды не вельмі знакамітых рэжысёраў, што яшчэ раз даказвае экспертнасць канскага журы і добры густ кінематаграфістаў. Канскі кінафестываль адзначае фільмы ў чатырох катэгорыях: асноўны конкурс, «Асаблівы погляд» (пераможцы гэтага конкурсу падтрымліваюцца ў французскім пракаце), «Залатая камера» (прэмія за найлепшы дэбют) ды «Сінефандасьён» (праграма са студэнцкімі і кароткаметражнымі стужкамі). Дарэчы, журы асноўнага конкурсу сёлета ўзначаліў Алехандра Гансалес Ін’ярыту — мексіканскі рэжысёр, які неаднойчы быў адзначаны «Оскарам», «Залатым глобусам» і, канечне, знакамітай «Пальмавай галінкай».

Гучныя выказванні

Адкрывала сёлетні Канскі кінафестываль стужка Джыма Джармуша «Мёртвыя не паміраюць» — зомбікамедыя з Білам Мюрэем, Адамам Драйверам, Ігі Попам і яшчэ дзясяткам знакамітых акцёраў. Здаецца, што Джармуш вырашыў паўтарыць сам сябе ды вярнуцца да тэмы, якую пачаў яшчэ ў «Выжывуць толькі каханкі», але гучалі думкі, што новае кіно мэтра — няўдалая спроба «ўскочыць» у вагон зомбі-апакаліпсіса. Тым не менш акцёрскі склад, уменне выбудаваць у кадры неверагодна прывабную карцінку ды невялікае падабенства да «Твін Піксу» Лінча — вось як мінімум некалькі прычын (акрамя асобы самога Джармуша), якія робяць «Мёртвых...» вартымі прагляду. Пройдземся па спісе вялікіх імёнаў, фільмы якіх можна было ўбачыць на сёлетнім Канскім фестывалі: Тэрэнс Малік (які ўжо атрымліваў «Залатую галінку» за стужку «Дрэва жыцця») сёлета прадставіў гледачам «Схаванае жыццё». Гэтая стужка (у аснове сюжэта — біяграфія аўстрыйца, які не пагадзіўся служыць у вермахце і быў пакараны) лічылася адным з асноўных прэтэндэнтаў на галоўны прыз Кан у 2019, але не атрымала ні адной узнагароды. Яшчэ адно гучнае імя — Квенцін Таранціна, які вярнуўся ў Каны пасля 10-гадовага перапынку і праз 25 гадоў пасля атрымання «Залатой галінкі» за «Крымінальнае чытво». Яго новая стужка «Андойчы ў Галівудзе» — гісторыя пра... кіно, а дакладна — пра тое, што схавана ад гледача, пра тое, як сапраўды працуе кінаіндустрыя ды што там адбываецца з усімі вечарынамі, селебрыці і прыгодамі. Чаму варта паглядзець? Таму што гэта Таранціна, які ніколі не пакідае абыякавым, і таму, што тут сышліся найлепшыя акцёры (Леа Ды Капрыа, Брэд Піт, Марго Робі). Напэўна, варта ацаніць, за што ж «Аднойчы...» атрымала прэмію «Залатая пальмавая сабака».

Адзін з найлепшых фільмаў фестывалю — «Боль ды слава» іспанца Пэдра Альмадовара — яшчэ да Канскага фестывалю атрымаў станоўчыя водгукі крытыкі ды гледачоў. Чаму? Магчыма, таму, што кіно досыць біяграфічнае: стужка пра рэжысёра (з прычоскай як у Альмадовара!) у выкананні Антоніа Бандэраса, які трапіў у сітуацыю крызісу на ўсіх франтах: сям’і, творчасці, адносінаў. За гэтую ролю Бандэрас атрымаў «Залатую пальмавую галінку». Тэму адносінаў у сваім кіно ўздымае і канадзец Ксаўе Далан, які зняў фільм «Маціяс і Максім», дзе асноўнай тэмай становяцца пошукі асабістай ідэнтычнасці, арыентацыі: сябры Маціяс ды Максім праходзяць шлях ад сяброўства да чагосьці большага, але не абодвум з іх гэта падабаецца.

Варта адзначыць яшчэ двух рэжысёраў: Кена Коўча ды Карнэліу Парумбою. Што да першага, то яго фільм «Прабач, мы сумавалі» ўздымае балючыя тэмы простых людзей (як і ў мінулай яго стужцы «Я, Дэніэл Блэйк», якая артымала «Залатую пальмавую галінку» 4 гады таму) — гісторыя пра тое, як звычайная сям’я спрабуе вызваліцца ад фінансавага, а разам з ім і маральнага, крызісу. А выдатны румынскі рэжысёр Карнэліу Парумбою звярнуўся да крымінальнага свету ў пошуках сюжэта: яго героі — паліцэйскія ды мафіёзі — праводзяць сваё авантурнае жыццё на Канарах ды размаўляюць на мове свісту «сільба-гамэра». Дарэчы, у галоўнай ролі тут — Улад Іваноў, які здымаўся ў стужцы «У тумане» Сяргея Лазніцы.

Іншы бок сітуацыі

У сэрцы членаў журы стрэлілі «Паразіты» паўднёвакарэйскага рэжысёра Пан Чжун-Хо. Гэтая стужка не толькі атрымала галоўны прыз Канскага фестывалю, але і выклікала шэраг дыскусій. Сюжэт фільма досыць просты і адначасова вельмі складаны: бедная сям’я (Кітхэк, яго жонка ды двое дзяцей) мусіць выжываць дзякуючы таму, што клеіць папяровыя каробкі для піцы. Аднойчы ўсё зменіцца па волі выпадку: сябра, які працаваў рэпетытарам па англійскай мове ў адной багатай сям’і, прапаноўвае сыну Кітхэка замяніць яго, зразумела, нелегальна. Вочы ў беднякоў загараюцца, і хутка ўжо ўся сям’я працуе на багатага спадара Пака. Пасля прэм’еры фільма ў Канах гледачы апладзіравалі на працягу 15 хвілін — гэта першая стужка з Паўднёвай Карэі, якая атрымала тут найвышэйшую ўзнагароду. Сімвалічна, што гэта адбылося, калі карэйскі кінематограф адзначае 100-годдзе. Кіно пра класавую няроўнасць, якое прадэманстравала, што робіць з чалавекам беднасць, на што яна часам штурхае, як беднякі становяцца паразітамі. Беднасць — лейтматыў стужкі, але рэжысёр не на баку таго, хто ацэньвае, — ён паказвае ды разважае пра сітуацыю думкамі ды словамі сваіх герояў. Усё ж вельмі проста меркаваць аб беднасці з іншага боку, а калі ты аказваешся ў ёй, то жыццё становіцца адразу і драмай, і камедыяй, і нават хорарам.

Гран-пры Канскага фестывалю сёлета атрымала кіно «Атлантык» французскай рэжысёркі з сенегальскімі каранямі Маці Дзьёп. Стужка нарадзілася з кароткаметражкі, якую Дзьёп зняла яшчэ ў 2009 годзе, а зараз невялікая замалёўка стала паўнавартасным фільмам пра жанчыну з Сенегала, якой даводзіцца праводзіць свайго каханага на пошукі найлепшага жыцця — хлопец спрабуе пераплыць Атлантыку на чоўне для мігрантаў, якія едуць на пошукі працы ў Еўропу. Такая кранальная і актуальная гісторыя, якая прымушае суперажываць. Жанчыны становяцца цэнтрам сюжэта стужкі «Партрэт маладой жанчыны ў агні» Селіны Ск’ямы, якая атрымала прыз за найлепшы сцэнарый. Рэжысёр адпраўляе гледачоў у 1760 год: маладой мастачцы замаўляюць напісаць партрэт дачкі багатага арыстакрата Элаізы, каб выдаць яе замуж. Але Элаіза не жадае замуж, а як вынік — і партрэт. Таму мастачцы давядзецца стаць сяброўкай бунтаркі, каб напісаць партрэт патаемна. І справа насамрэч не ў партрэце, не ў сяброўстве, а ў тым, што разам дзяўчыны пачынаюць даследаваць адна адну ды сябе саміх…

Узнагародзілі ў Канах і найлепшых рэжысёраў — сёлета імі сталі браты Дардэны, якія знялі фільм пра школьніка-ісламіста «Малады Ахмед». Узнагарода — за актуальнасць тэмы (ісламскі тэрарызм у Еўропе), за асобу галоўнага героя (хлопчык Ахмед, які думае пра забойства настаўніцы), за дэтальна прамаляваную дзіцячую псіхіку, аб’ектыўна паказаную рэальнасць ды шмат за што яшчэ.

Канскі кінафестываль сёлета зноў парадаваў аматараў творчасці менш знакамітых кінематаграфістаў: конкурс «Асаблівы погляд» быў багаты на добрае кіно. «Нябачнае жыццё» Карым Айнуз атрымала галоўны прыз конкурсу: яскравая бразільская драма пра жанчын кранула гледачоў ды крытыкаў. Гісторыя пра сясцёр Эўрыдыку ды Гвіду хвалюе драматызмам: бацька не слухае іх меркаванняў, не звяртае ўвагі на жаданні дзяўчын, таму ім даводзіцца быць апірышчам адна для адной. Сястрынская падтрымка прыносіць свае плады, і не толькі добрыя: абедзве дзяўчыны апынуцца ў складаных сітуацыях.

Яшчэ адна стужка, якую адзначыла журы, — «Сонца ніколі не заходзіць» Олівера Лакса. Гэта трэцяя ўзнагарода іспанскага рэжысёра, якую ўжо паспелі параўнаць з мінулагоднім удзельнікам Кан — фільмам «Той, які палае». Стужка пра Амадора, які вяртаецца з турмы, дзе адбываў пакаранне за спалены лес. Цяпер Амадору давядзецца будаваць жыццё наноў, жыць з маці, быць у адзіноце. Але жыццё бывае і міласэрным: у жыцці Амадора з’яўляецца Элена, якая не ведае пра мінулае хлопца...

Адразу дзве ўзнагароды конкурсу аддалі «Дылдзе» Канцеміра Балагава: у 2017 годзе ён ужо атрымаў прыз за «Цеснату», а цяпер рэжысёру дасталіся прыз за найлепшую рэжысуру ды ўзнагарода ФІПРЭСІ.

У цэнтры сюжэта — час пасля Другой сусветнай, Ленінград, дзве жанчыны, якія падтрымліваюць адна адну. У «Дылдзе» адноўлены пасляваенны час у СССР — такім нам яго яшчэ не паказвалі. Мы ўбачым дзвюх вельмі моцных фізічна ды маральна жанчын, складаныя адносіны якіх сталі прычынай намінацыі стужкі яшчэ і на «квір-пальму».

Для беларусаў гэтае кіно будзе мець асаблівы сэнс: па-першае, падчас падрыхтоўкі сцэнарыя, стварэння фільма, ды нават на стадыі ідэі рэжысёр натхняўся кнігай Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» — некаторыя дэталі твора Балагаў літаральна перанёс у «Дылду».

Канскі кінафестываль — неверагодная падзея, якая аб’ядноўвае такіх жа неверагодных асоб — рэжысёраў, акцёраў, кінааматараў. Падчас фестывалю кінасупольнасць не дзеліцца на часткі — усе яе складнікі становяцца адным цэлым, каб атрымліваць асалоду ад найлепшага ў свеце кіно.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Уцёкі ад паўсядзённасці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.