Вы тут

Хто замінае нармальна расці клубніцам?


Асноўныя шкоднікі клубніц — сунічны клешч, малінава-сунічны даўганосік, сунічны лістаед, сунічны пільшчык, смаўжы. Акрамя гэтых можна вылучыць хрушча, дакладней яго лічынкі, і мядзведку.


Сунічны клешч

Вельмі маленькае насякомае, убачыць якое можна толькі ў лупу, з'яўляецца найбольш небяспечным шкоднікам клубніц. Пасяляецца на маладых лістах, якія яшчэ не разгарнуліся і высмоктвае з іх усе сокі. Радзей гэты шкоднік пасяляецца на бутонах, кветках і ягадах. Лісты становяцца зморшчанымі, недаразвітымі, з ненармальна жаўтлявым адценнем. Ягады з кустоў, пашкоджаных кляшчом, робяцца кіслымі. Ён размнажаецца ў другой палове лета. Перапаўзае з заражаных кустоў на вусы тым самым заражаючы расаду.

Як распазнаць ворага?

1. Варта звярнуць увагу на лісты, якія становяцца недаразвітымі, зморшчанымі і жоўкнуць.

2. Кусты, пашкоджаныя кляшчом, становяцца карлікавымі, зніжаюць плоданашэнне. Агульная карціна выразна вымалёўваецца ў канцы плоданашэння.

3. З дапамогай лупы варта агледзець маладыя лісты. На заражаных можна разгледзець шкоднікаў, якія збіраюцца ў вялікіх колькасцях у складках лістоў.

Шкоднік мае цела даўжынёй каля 0,2 мм шклопадобнага жаўтлявага колеру. Лічынкі белага колеру. Актыўна размнажаецца пры вільготным, цёплым надвор'і. На працягу лета развіваюцца чатыры пакаленні, і са з'яўленнем маладых вусоў клешч перабіраецца на іх.

Меры барацьбы

1. Каб не распаўсюджваць кляшча, трэба вылучыць заражаныя ўчасткі і не браць з іх расаду.

2. Пасля збору ўраджаю варта скасіць лісце клубніц і неадкладна яго спаліць. Скошаныя кусты багата паліць і падкарміць угнаеннямі.

3. Старыя, заражаныя плантацыі знішчыць, і не закладаць новыя плантацыі побач са старымі на працягу 4—5 гадоў.

4. Варта строга выконваць агратэхніку, ранняй вясной збіраць і спальваць старое лісце, не дапускаць загушчанасці, выполваць пустазелле, рыхліць глебу і праводзіць падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі.

5. Ранняй вясной і пасля збору ўраджаю, скошвання і знішчэння старога лісця правесці апырскванне інсектыцыдамі.

6. Высаджваць толькі здаровую расаду. Калі ёсць падазрэнні, што расада заражаная, — правесці тэрмічную апрацоўку.

Абеззаражанне расады шляхам прагравання ў гарачай вадзе: карані расады трэба адмыць ад зямлі і патрымаць у гарачай вадзе (46º) на працягу 12—13 хвілін, а затым спаласнуць прахалоднай вадой. Затым расаду густа распікіраваць на адведзеным участку і добра даглядаць: прыцяніць, падкарміць, паліваць. Калі яна прыжывецца і ўтворыць новыя лісты, яе можна высаджваць на пастаяннае месца. Калі ёсць падазрэнне на заражэнне, то лепш наогул не высаджваць.


Малінава-сунічны даўганосік

Маленькі чорны жучок, які пашкоджвае кветкі суніц. Увесну самка адкладвае яйкі ў бутоны суквеццяў, падгрызае кветаножкі ў бутонаў, якія падсыхаюць і не развіваюцца. Чарвячок па выхадзе з яечка, сілкуецца бутонам.

Маладыя жучкі сілкуюцца няспелымі ягадамі, што выклікае іх недаразвітасць. У сярэдзіне лета жучкі перасяляюцца на маліну.

Меры барацьбы

1. Не саджайце маліну побач з клубніцамі!

2. Увесну праводзіць апрацоўку прэпаратамі-інсектыцыдамі.


Сунічны лістаед

Часам на лісці клубніц з'яўляюцца пашкоджанні ў выглядзе хадоў і скразных адтулін, выедзеных у мякаці ліста так, што застаецца толькі ніжняя скурка. Гэтыя пашкоджанні наносіць сунічны лістаед, жоўта-буры жук даўжынёй 3—4 мм.

Жукі зімуюць пад расліннымі рэшткамі. Рана вясной, выйшаўшы з зімоўкі, яны пачынаюць есці лісце клубніц. А перад цвіценнем адкладваюць яйкі ў ніжняй частцы лісцяў, а таксама на хвосціках і сцёблах. Праз 10—15 дзён з яек вылупляюцца лічынкі і пачынаюць есці мякаць ліста. Праз 20—25 дзён лічынкі сыходзяць неглыбока пад зямлю і там акукліваюцца. Маладыя жукі з'яўляюцца пасля плоданашэння.

Меры барацьбы

1. Увесну правесці апрацоўку прэпаратамі-інсектыцыдамі.

2. Вялікае значэнне мае рыхленне глебы пад кустамі, якое праводзіцца ў канцы плоданашэння, што выклікае частковую гібель кукалак.


Смаўжы

Смаўжы пашкоджваюць расліны па начах, а часам і днём, у сырое, пахмурнае надвор'е. Асабліва церпяць моцна загушчаныя пасадкі, а таксама расліны, якія растуць у нізкіх месцах і зарослыя пустазеллем.

Меры барацьбы

Для знішчэння смаўжоў лепш за ўсё праводзіць апыленне пашкоджаных імі раслін і глебы вакол іх свежагашанай вапнай, размеленым суперфасфатам або попелам.

Ад запаўзання смаўжоў градку можна абараніць палоскай 15—20 см з вапны, суперфасфату або тоўчанага жалезнага купарвасу. Але часта гэтыя меры не прыносяць ніякай карысці, асабліва ў дажджлівае халоднае лета.

Загаловак у газеце: Шкоднікі клубніц

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.